Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі нашай краіны не адбываюцца ваенныя дзеянні, Беларусь, можна сказаць, апынулася ў самым цэнтры расійска-ўкраінскага канфлікту. І да таго ж відавочны канфлікт з усімі заходнымі суседзямі, піша «Народная Воля».
Што і казаць, надзвычай трывожныя дні наступілі для нас, беларусаў. Рыторыка тых, хто пры ўладзе, наводзіць на думку, што вайна можа вось-вось з’явіцца на парозе краіны. Што трэба неадкладна, тэрмінова зрабіць, каб яна, смяротна небяспечная, ні ў якім разе не распаўзлася чорнай навалай па нашай і без таго шматпакутнай зямлі?
Пытанне, на якое рэдакцыя «Народнай Волі» папрасіла экспромтам адказаць шэраг вядомых людзей, кароткае і ў той жа час лёсавызначальнае:
Як адвесці вайну ад Беларусі?
Сяргей Ваганаў, журналіст:
— Калі б ён у мяне быў, гэты адказ...
Як адвесці?.. Успомніць пра мінулае. І глядзець, што адбываецца цяпер ва Украіне.
Алена Анісім, кіраўніца ліквідаванага паводле рашэння суда ГА «Таварыства беларускай мовы», экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў:
— Пытанне простае, а адказ складаны... Таму што, калі б была іншая сацыяльна-палітычная сітуацыя, усё было б вельмі проста: людзі выйшлі б на вуліцу і сказалі сваё слова ў абарону мірнага жыцця. На жаль, гэты шлях для Беларусі сёння зусім нерэальны. Таму застаецца толькі адно: кожнаму паасобку выказваць сваю пазіцыю ў абарону жыцця, у абарону міру ў нашай краіне. Я асабіста кожны дзень малюся за тое, каб Беларусь засталася незалежнай, мірнай краінай. Гэта адзінае, што я сёння магу рабіць. Больш нічога...
Сяргей Законнікаў, паэт, грамадскі дзеяч:
— Каб адвесці вайну ад Беларусі, трэба лячыць народную памяць. У нас ва ўсіх кароткая памяць. І не толькі ў беларусаў, але і ва ўсіх народаў. Мы ніяк не можам усвядоміць, як прыходзіць сталіншчына, як прыходзяць дыктатары. Гэта усё робім мы, простыя людзі, гэта мы іх прывялі да ўлады. І мы разам з дыктатарамі прывялі вайну. Увесь час усе і паўсюль крычалі: «Абы не было вайны!» А цяпер што? Што цяпер бдуць крычаць тыя цётачкі і дзядзечкі, калі іх унукаў альбо праўнукаў прывязуць у трунах?
Самая вялікая бяда — гэта хлусня. З хлусні пачынаецца ўсё, у тым ліку і вайна. А хлусню прыносяць дыктатары сваёй прапагандай, якой апрацоўваюць цёмных, забітых людзей.
Давайце будзем гаварыць сумленна: колькі сярод беларусаў, сярод дзевяці з паловай мільёнаў тых, хто выдатна памятае, што было раней, тых, хто ведае сваю гісторыю? Тых, хто разумее сённяшнюю сітуацыю, вельмі мала. У большасці нашых людзей такая каша ў галаве... Я заўсёды лічу, што ў нас ёсць, можа, мільён свядомых людзей, якія могуць аналізаваць, крытычна ацэньваць тое, што адбываецца. Астатнія — напічканы прапагандысцкім тэлебачаннем, у тым ліку і расійскім, эфір якога у нас не спыняўся з 1991 года, з моманту распаду СССР.
Страшнейшая бяда — чыноўніцкі клан высокіх паверхаў улады.
Я ў свой час працаваў у апарце ЦК, цудоўна ведаю знутры, што гэта такое. У цэлым гэты клан не прымае нічога, што з’яўляецца асновай нацыі, народнага жыцця. У іх свая мова, свае ўзаемаадносіны. І ўсё гэта яны навязваюць людзям... А народ у нас прызвычаіўся слухаць начальства, любое. Таму можа здарыцца і такое, што паслухмяна пойдуць і будуць рабіць тое, што ім загадаюць. І тыя, хто пад прысягай, пойдуць, калі атрымаюць загад...
У народа сёння няма разумення, што адбываецца, людзі заблытаны, не могуць разабрацца, што да чаго. Таму я і кажу, што кароткая гістарычная памяць — страшна...
Не ведаю, што будзе далей. Я перажываю за Украіну. Перажываю за Беларусь. І мне вельмі страшна...
Алег Трусаў, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:
— Трэба працягваць рабіць штодзённую беларускую справу і не звяртаць увагі на напады ні злева, ні справа.
Наша задача сёння — захаваць нацыю. Войны пачынаюцца і заканчваюцца, але захаванне нацыі — гэта галоўнае.
І, як ні дзіўна, зараз лёс больш спрыяе Беларусі, чым Расіі і Украіне. Гэта я вам кажу як гісторык.
Таму ў паніку нам кідацца не варта. Трэба мацаваць Беларушчыну, і ўсё будзе добра.
Васіль Жуковіч, пісьменнік:
— Што можа сказаць паэт, які ўсё сваё жыццё піша і стварае антываенныя вершы? Я і зараз кажу: небходна неадкладна спыніць вайну ва Украіне!
Як гэта зрабіць? Думаю, гэтае пытанне да кіраўнікоў краін, да дыпламатаў, магчыма, да парламентарыяў. Трывога за мір вісіць над душамі і свядомасцю, думаю, не толькі беларусаў, але і ўсіх сумленных людзей.
Кастусь Цвірка, адзін са старэйшых беларускіх паэтаў:
— Каб у нас не было ніякіх войнаў, трэба, каб улады краіны не дазвалялі Расіі агрэсію ў дачыненні да Украіны з нашай тэрыторыі. Бо такім чынам і мы можам апынуцца ўцягнутымі ў канфлікт.
Не трэба нам улазіць у спрэчку Расіі з Украінай. Нам гэта абсалютна не патрэбна. Я ўпэўнены, што беларускі народ адназначна супраць таго, каб з кімсьці ваяваць.
Апытвалі Даша Паўлоўская і Алесь Сівы, «Народная Воля»