Як Альгерд і Кейстут тэўтонскага магістра да вар’яцтва давялі

30.11.2023 Гісторыя

Што адбывалася ў Вялікім княстве Літоўскім у часы безуладдзя? Ці паспелі на гэта зрэагаваць знешнія ворагі княства? Хто з іх выступіў паходам на нашую дзяржаву ў тыя часы? Якую тактычную хітрасць ужыў Альгерд супраць ворагаў? Наколькі была важнай дэзінфармацыя ў гэтай кампаніі? Як Альгерд і Кейстут давялі Вялікага магістра тэўтонаў у гэтай вайне да страты розуму? Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.


гісторык Алесь Краўцэвіч

Для сярэднявечнай дзяржавы вельмі небяспечным было г. зв. безкаралеўе — перыяд змены манарха. Гэта калі сыходзіў адзін манарх: гінуў, паміраў сваёй смерцю ці быў скінуты, як у выпадку Яўнута, а на змену яму прыходзіў наступны. Справа займала кавалак часу — карацейшы ці даўжэйшы. Арганізацыя каранацыі — афіцыйнае асвячэнне, увядзення ў сан вымагала пэўнага часу; прысяга васалаў — таксама. А што калі не ўсе васалы згодныя прысягаць новаму гаспадару? А калі сваяк з манаршага роду: брат ці дзядзька таксама хоча стаць каралём ці вялікім князем? Тады справа змены манарха магла зацягнуцца на гады, пакуль у міжусобнай вайне вызначыцца пераможца і займе трон. У Літве так было ў змаганні стрыечных братоў Ягайлы і Вітаўта, якое цягнулася каля дзесяці гадоў.

У перыяд безкаралеўя небяспека абавязкова прыходзіла звонку — суседнія каралі і князі выкарыстоўвалі момант, каб адарваць якую памежную зямлю, пакуль няма каму арганізаваць адпор.

У выпадку з замахам Кейстута і Альгерда адбылося інакш. Справа была праведзена так імкліва і эфектыўна, што суседзі не паспелі адрэагаваць. Апаненты ўнутры Літвы маўчалі, бо не мелі шансаў супраць дуумвіраў, некаторыя проста ўцяклі за мяжу, вось як родны брат Нарымунт Гедымінавіч. Паўза безуладдзя ў пачатку 1345 г. была такой кароткай, што нават дасканалая ваенная машына Тэўтонскага ордэна не паспела як след адрэагаваць. Браты-дуумвіры імгненна перахапілі стырно дзяржаўнага карабля, і ўтрымалі яго на курсе.

Але варожы напад на Літву ў пачатку 1345 г. усё-такі адбыўся, прычым буйны. Прычына — гэта быў крыжовы паход, які ўжо даўно рыхтаўся Тэўтонскім ордэнам, пачатак яго выпадкова супаў з ліцвінскім пераваротам.

Новыя гаспадары мусілі з ходу ўступіць у бой, цяжкі і палітычна важны бой, бо вораг быў моцны, а новай уладзе трэба было паказаць сваю спраўднасць перад усім светам.

Крыжовая выправа на Літву ў пачатку 1345 г. была сапраўды буйнога маштабу. У ёй акрамя крыжацкага войска на чале з самім магістрам, удзельнічалі: чэшскі кароль Ян Люксембургскі з сынам Карлам (будучым каралём і германскім імператарам Карлам IV), венгерскі кароль, граф Галандыі, герцаг Бурбон.

Але нягледзячы на такую прадстаўнічасць і моц войска паход скончыўся поўным правалам. Магістр, які як гаспадар кіраваў войскамі, не разгадаў тактычную хітрасць Альгерда. Той славіўся ўменнем хаваць ад ворага свае вайсковыя і ўдала правёў імітацыю падрыхтоўкі свайго паходу ў Прусію, менавіта на Самбію.

Зрабіў гэта настолькі пераканаўча, што ў дэзіфармацыю паверыла не толькі ордэнская выведка, але і сам магістра. Крыжаноснае войска атрымала вестку пра намеры Альгерда ўжо на маршы і павярнула назад, на сустрэчу з ліцвінскім войскам — быў добры шанец разам пакончыць з найлепшымі ліцівнскімі дружынамі.

Насамрэч справе мэта выправы ліцвінаў знаходзілася ў іншым баку — ва ўладаннях Інфлянцкага ордэна, збройныя сілы якога ў той час былі занятыя здушэннем паўстання эстаў на востраве Эзэль.

Ліцвінскія аддзелы прайшліся агнём і мечам па ордэнскіх землях да самай Рыгі.

Еўрапейскія манархі-крыжаносцы з вялікімі атрадамі сваіх рыцараў, якіх доўга збіралі і рыхтавалі да сур’ёзнай справы, адчулі сябе ашуканымі і не хавалі расчаравання.

На магістра пасыпаліся папрокі, і ў таго не вытрымала псіхіка, ён «страціў святло розуму» і быў вымушаны сысці з пасады. Ордэнскі храніст Віганд з Марбурга запісаў: «Магістр Лютэр, пачуўшы пра тыя паразы, нанесеныя сваім падданым, ашалеў, заклапочаны. Не дзіўна, бо абодва каралі — чэшскі і венгерскі, прыпісвалі віну магістру, што нібыта з яго волі так сталася, і што яны дарэмна са сваіх каралеўстваў і земляў з іншымі былі прыйшлі, і што ў надзеі сваёй так падмануліся, што мелі ад’ехаць, не ваяваўшы з паганамі, і так чуваць было з іх вуснаў розныя папрокі магістру і з вуснаў іншых са шляхты. Падобна ж чынілі і браты яго крыжакі. З гэтай прычыны змянілася яго мова і аслабеў розумам той, хто раней меў дакладны розум і салідную мову».

Ліцвінскі дуумвірат мог святкаваць буйную перамогу, якая мела два вымярэнні: вайсковае і палітычнае: Альгерд і Кейстут давялі спраўнасць і эфектыўнасць свайго саюзу.