Літоўшчына страшней татаршчыны, альбо Як Альгерд на Маскву хадзіў

26.07.2024 Гісторыя

Чаго толькі не пісалі пра тры паходы вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча на Маскву! Пры гэтым беларускія гісторыкі апавядалі пра паходы свайго князя з пазіцыі «маскоўскай крыўды» ці «маскоўскай праўды», бо калісьці пакрыўджаная Альгердам Масква потым узяла верх ды заваявала ўсю Беларусь. Якім насамрэч быў вынік тых паходаў, піша Канстанцін Семяновіч.


Pachody Aĺhierda na Maskvu
 Паходы Альгерда на Маскву

Што пісалі і пішуць пра паходы Альгерда

Нават Уладзімір Караткевіч, ужо наколькі беларускі патрыёт, і той асудзіў Альгерда за тое, што прысланіў сваю дзіду да брамы Крамля, маўляў, няма нічога добрага ў тым, каб разараць вайной суседнюю краіну. У савецкія часы напісаць інакш было немагчыма (можна было адно «маўчаць інакш»), таму і добра абазнаны ў гісторыі (хіба найлепей з усіх літаратараў) Кастусь Тарасаў напісаў: «на сур’ёзную бітву з Масквой Вялікае Княства Літоўскае пайсці не магло...». Гэтаксама, паводле таго ж аўтара, сын Альгерда вялікі князь Ягайла не ўступіў у Кулікоўскую бітву на баку Мамая, бо беларускія палкі не жадалі ваяваць супраць аднаверцаў-маскавітаў.

І ў цяперашнія часы таксама можна сустрэць выказванні, кшталту, слабаваты быў Альгерд — на Маскву хадзіў, але так і не ўзяў. Нават у акадэмічнай «незалежніцкай» шасцітамовай гісторыі Беларусі напісана (са спасылкай на расейскія працы), што паходы ягоныя былі безвыніковымі.

Ці магла Масква цягацца з ВКЛ

Калі ж заглыбіцца ў рэаліі той эпохі, паглядзець крыніцы, у тым ліку маскоўскія летапісы, то вымалёўваецца зусім іншая сітуацыя. Найперш, не было нават мовы пра канкурэнцыю Масквы з Вільняй у справе аб’яднання ўсходнеславянскіх земляў.

Масква ў часы Альгерда была, лагодна кажучы, слабаватая ў хрыбце, каб сур’ёзна цягацца з ВКЛ. Яе сілаў хапала толькі каб змагацца за дамінацыю на сваёй дзялцы ў Паўночна-Усходняй Русі — тагачаснай Расеі, ды і тое пад апекай татарскага хана. А ліцвінскі дуумвірат вёў рэгіянальную імперскую палітыку, уладанні Літвы сягалі пад самую маскоўскую мяжу да Ржэва, васаламі Альгерда быў шэраг драбнейшых князёў Паўночна-Усходняй Русі.

Альгерд вырашае асадзіць нахабнага маскавіта

У 1359 г. хан Наўруз перадаў ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае ніжагародскаму князю, і Масква на некалькі гадоў страціла кантроль і даходы з Паўночна-Усходняй Русі. Само Маскоўскае княства было падзеленае на тры часткі паміж сынамі Івана Іванавіча. Аднак у 1365 г. яно зноў аб’ядналася пад уладай пятнаццацігадовага Дзмітрыя Іванавіча, за якім стаяў яго рэгент і натхніцель мітрапаліт Алексій. Той тытулаваўся мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі» і меў вялікі зуб на Альгерда за стварэнне там асобнай Літоўскай мітраполіі. Падбухтораны Алексіем Дзмітрый Іванавіч пачаў задзірацца з Літвой, захапіў Ржэў і жорстка атакаваў сталых літоўскіх саюзнікаў — цвярскіх князёў.

Aĺhierd
Альгерд. Мастак Артурас Бразюнас

Вось тут Альгерд і вырашыў, што прыйшоў час асадзіць нахабнага маскавіта, што і зрабіў трыма паходамі, якія больш нагадвалі карныя экспедыцыі, асабліва паход 1368 г. Ліцвінскі гаспадар не меў намеру траціць час і сілы на вялікую вайну, не збіраўся цалкам зліквідаваць Маскоўскую дзяржаву. Як той казаў, забіць не забіў, але ў пысу даў добра, прычым тры разы.

Акрамя дуумвіраў Альгерда з Кейстутам ды іх сыноў у паходах ўдзельнічалі смаленскі і цвярскі князі. Выправа вялікай кааліцыі аказалася поўнай нечаканасцю для Дзмітрыя Іванавіча. Той уратаваўся ў свежазбудаваным мураваным Крамлі, папярэдне спаліўшы сваю драўляную сталіцу.

Maskoŭski Kremĺ u XIV st
Маскоўскі Крэмль у XIV ст. Мастак Апалінарый Васняцоў

Вынікі паходаў Альгерда

Наступныя паходы сталі дэманстрацыяй сапраўднай моцы Вялікага Княства Літоўскага, менавіта здольнасці ваяваць адначасова на некалькіх франтах — на захадзе з крыжакамі, палякамі і венграмі, а на ўсходзе — з маскавітамі. У Сярэднявеччы толькі нямногія найбольш моцныя дзяржавы маглі сабе такое дазволіць. І хоць мілітарныя вынікі апошніх паходаў былі сціплейшымі, галоўнай мэты Альгерд дасягнуў — была абароненая незалежнасць Цверскага княства — процівагі Маскве ў Расеі. Масква змагла захапіць Цвер толькі больш чым праз стагоддзе, у 1385 г. у выніку «праколу» альгердавага ўнука вялікага князя і караля Казіміра Ягайлавіча.

Dzmitryj Ivanavič rassylaje hramaty zbirać vojska ŭ 1368 h.
Дзмітрый Іванавіч рассылае граматы збіраць войска ў 1368 г. Мініяцюра XVI ст.

Паходы Альгерда доўга памяталі ў Масковіі, складалі пра іх быліны і паданні. Расейскія летапісцы назвалі іх «літоўшчынай» і параўноўвалі па нанесеных стратах з татарскімі наездамі — «татаршчынай».

Канстанцін Семяновіч, Budzma.org