Якія сукенкі насілі беларускія жанчыны ў часы паўстання Кастуся Каліноўскага? Як шнуравалі гарсэт, з чаго зроблены крыналін? Хто і калі запачаткаваў традыцыю насіць жалобны строй? Як з гэтым змагаліся ўлады? Пра гэта распавяла рэканструктарка гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў, спявачка і тэлевядучая Кацярына Ваданосава падчас лекцыі «Мужчынскі і жаночы касцюм эпохі паўстання Кастуся Каліноўскага». Лекцыя праходзіла з дэманстрацыяй. Нездарма Кацярына жартуе, што яна — адзіная беларуска, на якую ходзяць глядзець, як яна апранаецца, а не распранаецца.
Схадзілі на лекцыю-паказ ды занатавалі для вас цікавосткі пра жаночы гардэроб.
Кацярына Ваданосава ў строі часоў эпохі паўстання Кастуся Каліноўскага. Фота са старонкі Кацярыны Ваданосавай ў Фэйсбуку
Мода на жалобны строй
Адзенне сапраўднай патрыёткі падчас паўстання 1863-1864 гг. магло быць толькі чорнага колеру, колеру жалобы. Жалобу жанчыны пачалі насіць яшчэ да пачатку паўстання, у 1861 г., пасля расстрэлу ў Варшаве мірнай патрыятычнай маніфестацыі, дзе загінула пяць чалавек. Па ўсёй Рэчы Паспалітай у касцёлах служылі імшу ў памяць пра іх, а жанчыны пачалі апранацца ў чорнае. Адной з першых, хто пачаў насіць жалобу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была Каміла Марцінкевіч, дачка пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Жалоба распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, падуладнай Расійскай імперыі.
Калі сукенка — то чорная, магла быць з белым каўнерыкам. Альбо камплект — чорная спадніца і белая блузка-гарыбальдзійка (свабоднага пакрою, названая ад змагара за свабоду Італіі Джузэпэ Гарыбальдзі, які ўвёў такі фасон і ў мужчынскую, і ў жаночую моду). Гэта больш дэмакратычны строй, які маглі насіць дома. Такім строем шляхцянкі паказвалі сваю сціпласць і вернасць забранаму краю.
Царскія ўлады пачалі хапаць жанчын у чорным на вуліцы і патрабаваць даведку, што кабета сапраўды ў жалобе, нехта з блізкіх сваякоў памёр. Блізкімі сваякамі лічыліся муж і бацькі, дзеці — не. Дзеці ў той час часта паміралі. Калі жанчына не мела даведкі, яе чакалі пастарунак і штраф. Калі патрыётка не здымала жалобу, на яе маёмасць накладаўся арышт і даходзіла нават да высылкі. Але жанчыны ўпарта насілі чорнае альбо пераходзілі на колеры паўжалобы — шэры і фіялетавы.
Панталоны і альтэрнатыва ім
Ніжняя бялізна ў 1860-х гг. — гэта кароткая кашуля, якая запраўляецца ў панталоны. Пад панталоны надзявалі панчохі. Панталоны — гэта даволі скандальная дэталь гардэроба, якая толькі-толькі ўваходзіла ў шырокі ўжытак у тыя часы.
Панталоны не маюць сярэдняга шва. Гэта дзве калашыны, з’яднаныя між сабой толькі поясам. Зашпільваюцца ззаду на гузік ці на гаплік.
Замест ці паверх панталонаў магла быць доўгая кашуля. Для пашыву кашуль выкарыстоўваліся батыст ці лён.
Гарсэт
Гарсэт павінны быў уцягваць жаночую талію. Той пік, калі, лічылася, жаночая талія павінна была быць настолькі тонкай, каб яе можна было абхапіць мужчынскімі рукамі, — гэта канец ХІХ — пачатак ХХ ст. У 1860-х яшчэ ўсё было больш дэмакратычна. Гарсэт часцей за ўсё шнураваўся на спіне, а спераду былі гаплікі, якія варта зашпільваць ад сярэдзіны. Калі ўжо зашпілілі сярэдзіну, то зашпіліце і ўсё астатняе. А калі зашпіліце, напрыклад, ніз, то сярэдзіну ўжо можа і не атрымацца.
Калі мы бачым у фільмах, як прыгажуням зацягваюць гарсэт мамкі ды нянькі, гэта не зусім праўда. Шмат якія жанчыны не мелі пакаёвак, якія шторанку дапамагалі б ім. Жанчына спакойна можа зацягнуць сабе гарсэт сама.
Вяровачкі пасля сцягвання гарсэта абмотваюцца вакол таліі. У гарсэце абмежаваныя рухі. Лягчэй стаяць, чым сядзець, складана нахіляцца.
Крыналін
Крыналін з металічнымі абручамі па перыметры быў створаны ў сярэдзіне ХІХ ст. французскім куцюр’е Чарльзам Фрыдэрыкам Вортам. Гэта быў крок наперад, бо дагэтуль жанчыны насілі проста шмат спадніц, апранутых адна на адну.
У 1860-х існаваў жарт, што шырыня крыналіну залежыць ад сацыяльнага статусу жанчыны. Мяшчане насілі крыналіны, але не такія шырокія, як шляхта. Калі дама ў крыналіне спускаецца па лесвіцы, то не бачыць уласных ног. Былі выпадкі, калі жанчыны проста ламалі сабе хрыбетнік такім чынам, альбо калі свечкі падалі на крыналіны і дамы гарэлі.
Крыналіны маглі быць цалкам круглымі, а маглі быць спераду меншымі, а ззаду большымі, каб утварыць аб’ём, які ў канцы ХІХ ст. трансфармаваўся ў турнюр.
Ніжняя спадніца
Ніколі сукенку ці спадніцу не апраналі адразу на крыналін, таму што гэтыя металічныя рэбры будуць відочныя. Трэба была ніжняя спадніца. Гэта ўсё разам, кашуля, панталоны, гарсэт, крыналін і ніжняя спадніца — бялізна.
Сукенка
Сукенкі шылі з бавоўны, бо каштоўныя матэрыялы і камяні былі непажаданыя падчас нацыянальнай жалобы. На сукенцы ёсць адсылка да мілітарнай моды — дэкор у выглядзе галуноў. Верх абцягвае цела, а ніз шырокі, прысабраны тэхнікай маршчэння. Верх зашпільваецца спярша на гаплікі, потым — на гузікі.
Сукенка дэкараваная белым каўнерам, які на чорным фоне быў сімвалам надзеі. Белымі маглі быць адмысловыя нарукаўнікі, блузка, што бачная з-пад сукенкі, альбо шэмізетка — накідка, якая імітавала блузку.
Упрыгожанні
Каштоўныя металы і камяні не віталіся. Бо калі краіна ў жалобе, а ты будзеш хадзіць у золаце, то ўзнікнуць пытанні — а ці патрыётка ты ўвогуле? Жанчыны насілі драўляныя ружанцы, так званую «чорную біжутэрыю» з жалеза, чаплялі нават ланцугі да пояса як знак салідарнасці з краінай у кайданах, з павешанымі, з высланымі, з тымі, хто аддаў сваё жыццё за волю Радзімы.
Верхняе адзенне
Каб выйсці на вуліцу, можна было апрануць кунтушык. Кунтуш увогуле быў элементам мужчынскай моды, сармацкага касцюма, росквіт якога прыпаў на XVII ст. А ў эпоху паўстання і жанчыны, і мужчыны адчулі сантымент да сармацкай моды, да сваёй слаўнай мінуўшчыны. І жанчыны, і мужчыны сталі насіць стылізаваныя кунтушы. Make Rzecz Pospolita great again, што называецца.
Гэты кунтуш скроены прыталеным, а яго адметнасцю з’яўляюцца адкідныя рукавы, як у кунтушах XVII ст. Па нізе рукава можна зашпіліць гузік і, калі халодна, схаваць там рукі. Калі зусім-зусім халодна, можна апрануць зверху нешта кшталту накідкі ці кейпа без рукавоў. Можна дадаць таксама муфту. У арыгінале яе шылі з натуральнага футра.
Пальчаткі
Пальчаткі маглі быць скураныя ці ажурныя, дэкаратыўныя. Шляхцянка, калі выходзіла на вуліцу, мусіла абавязкова насіць пальчаткі, і ўлетку, і ўзімку. З’явіцца на людзях без пальчатак лічылася тое ж самае, што без капелюша, — непрымальна для жанчыны несялянскага паходжання.
Галаўны ўбор
Гэты галаўны ўбор завецца банэт. Без галаўнога ўбора хадзілі дома ці ў гасцях, выключна ў памяшканні. Калі жанчына выходзіла на вуліцу, яна надзявала пальчаткі і галаўны ўбор.
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай будзе працаваць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве да 19 студзеня.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фота аўтаркі, зробленыя падчас лекцыі Кацярыны Ваданосавай у варшаўскай прасторы Imaguru і ў Музеі Вольнай Беларусі падчас адкрыцця выставы «Строй».