Як беларусам нацыяй стаць?

Сёння грамадзяне Беларусі расколатыя на два лагеры. Яны жывуць пад двума сцягамі, маюць два гербы і дзве дзяржаўныя мовы. Грамадства раз’яднанае не толькі палітычна, але і на грунце стаўлення да розных перыядаў мінуўшчыны і гістарычных падзеяў і суб’ектаў. Як яго кансалідаваць? Пяць рэцэптаў ад экспэртаў “Заўтра тваёй краіны”.

Па словах нямецкага дырэктара Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау Астрыд Зам, гісторыя заўжды з’яўляецца і прадметам палітычных дыскусіяў, і нават палітычных канфліктаў. Сёння канкуруючыя палітычныя праекты прапаноўваюць розныя культурна-гістарычныя варыянты інтэрпрэтацыі беларускае гісторыі.

Адны пераважна арыентуюцца на досвед савецкай, партызанскай Беларусі, іншыя больш арыентуюцца на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, – адзначыла Астрыд Зам на “круглым стале” “Памяць і будучыня: прастора і ідэнтычнасць у Беларусі”, які адбыўся ў рамках ХІ Мінскага форума. — У апошнія гады адбылася пэўная пераарыентацыя, і сёння ўжо ёсць афіцыйныя спробы інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі і нацыянальнай ідэнтычнасці, якія імкнуцца інтэграваць два гэтыя прыклады гістарычнае мінуўшчыны.

Што для беларуса гістарычная памяць

З меркавання кандыдата гістарычных навук Ігара Кузняцова, цяпершняе кіраўнгіцтва Беларусі зусім не надае ўвагі такой старонцы беларускай гісторыі, як сталінскія рэпрэсіі. За апошнія дваццаць год у Беларусі не абаронена ніводная дысертацыя па гісторыі палітычных рэпрэсіяў. Па словах навукоўца, на дзяржаўным узроўні не было заўважанае сямідзесяцігоддзе пачатку самай моцнай хвалі сталінскіх рэпрэсіяў, дваццацігоддзе адкрыцця праўды пра Курапаты.

Мала таго, пасля 2003 года прайшла “зачыстка” гістарычнай навукі на тэрыторыі Беларусі, – кажа Ігар Кузняцоў. – З Інстытута гісторыі НАН звольнены вядомыя навукоўцы Стужынская, Сагановіч, Тарасаў, Кіштымаў, спіс можна працягваць. Палітолагі неяк больш выжылі, сацыёлагі пайшлі ў Вільнюс у эміграцыю, а гісторыкаў “дабіваюць” на нашай тэрыторыі.

Што да гістарычнае памяці, без якой увогуле не можа існаваць паўнавартаснае грамадства, то Ігар Кузняцоў прывёў прыклад мястэчка Трасцянец пад Мінскам, дзе ў 30-40-я гады былі расстраляныя каля 30 тысяч вязняў сталінскіх турмаў, а пад час Другой сусветнай вайны былі закатаваныя ўжо фашыстамі больш за 200 тысяч чалавек, сярод іх – велізарная колькасць габрэяў, у тым ліку і прывезеных з Нямеччыны ды іншых еўрапейскіх краінаў.

На мерапрыемствах, звязаных з 65-годдзем знішчэння Мінскага гета, прэзідэнт Беларусі сапраўды павярнуўся тварам да Халакоста – да праблемы, якая доўга замоўчвалася ў Беларусі, і тады было сказана, што найбліжэйшым часам у Трасцянцы будзе створаны мемарыял еўрапейскага ўзроўню ахвярам нацызму. Пра ахвяраў сталінізму – ні слова. Хаця пераважная бальшыня знішчаных у Трасцянцы – гэта адзін народ, а яго штучна спрабуюць падзяліць, што далёка не спрыяе кансалідацыі, — падкрэслівае Ігар Кузняцоў.Тэкст цалкам

Генадзь КОСАРАЎ