Ну, давай пагаворым. Бачыш, хмарка вісіць, бачыш, птушка ляціць? Ідуць працэсы. І Беларусь будзе іншай.
Кожны тэкст Сяргея Дубаўца кожная прамова – творчы акт. Канцэптуальнае мастацтва, дзе лірычны герой – сам аўтар. Нават калі Дубавец думае пра Беларусь, ён стварае сваю краіну. І сябе ў ёй. Нават калі апісвае свой першы сэксуальны досвед ці разважае пра творчасць Сартра. Тэксты Дубаўца – адзін вялікі “Дзённік прыватнага чалавека”, падзелены на раздзелы. Зборнік “Як?” – новы дзённік.
Як – з пытальнікам. Сяргей Дубавец задае пытанні і сам на іх адказвае. Калі не ведаць, што аўтар піша літаратуру, мастацкі твор, можна абурыцца, маўляў, што за дырэктывы раздае аўтар? Калі і дырэктывы, то толькі самому сабе. А мы – чытачы – запрашаемся да сумоўя.
Як шчыраваць, як перамагаць на выбарах, перад аўтарам ідзе бясконцае, бязмежнае ў праявах жыццё, яно перажываецца аўтарам, наколькі хапае аднаго чалавека. Нібы разрозненыя тэматычна, невялікія эсэ сплятаюцца ў адзін цэлы раман жыцця аднаго чалавека сярод пакаленняў і стагоддзяў. У кнізе няма прывязак да канкрэтных імёнаў, датаў, падзеяў, але мы – сучаснікі кніжкі “Як?” – пазнаем рэаліі.
Журналісцкая дакладнасць непатрэбная ў рамане. Змяняюцца імёны людзей і краін, але чалавек застаецца тым самым, з тымі самымі пытаннямі: Як?