За доўгія гады кіравання адміністрацыя ў Мінску так і не знайшла ўцямнай ідэалогіі. Лукашэнка пра гэта казаў неаднойчы. Адзіным «арыгінальным» эрзацам можна лічыць канструкцыі Аляксея Дзерманта пра еўразійства і адзіную прастору «ад Лісабона да Уладзівастока»... Навошта, і што тут прыцягальнага? Ці мае еўразійства хоць які шанец стаць ідэалогіяй у сённяшняй Беларусі? Разважае пісьменнік і публіцыст Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч
Зусім нядаўна ў Мінску стартавала «еўразійская школа ідэяў». Вядучы курсу — Аляксей Дзермант. Вось яго рэфлексіі пасля аднаго з заняткаў, даруйце, у арыгінале: «...Выясняли причины зловредности Европы, как можно вернуть ее в родную евразийскую гавань и вырвать у европейства ядовитое жало расизма и колониализма».
У школе будуць разбіраць, хто ж вынайшаў Еўропу, чаму гэта толькі заходні выступ Еўразіі ды — дзе месца Беларусі ва ўсім гэтым. Вока чапляецца за тэрмін «еўрапейства», якім карыстаюцца аўтары. Гучыць як калька суркоўскага тэрміна «ўкраінства» — каб прынізіць, звесці панятак да другаснага і нявартага.
Аляксей Дзермант. Фота з тг-канала Дзерманта
Курс, які праходзіць на офісе кампартыі, наведвае з дзясятак чалавек. Падпісчыкаў канала — трохі больш за сотню. Выглядае як маргінальны гурток выходнага дня... Каб не той факт, што гэтая ідэалогія — адзіная саломінка і тлумачэнне рэчаіснасці як для расійскага, так і для беларускага рэжымаў.
Але чаму менавіта еўразійства? Што там такога прывабнага?
Эфект адмены ды ніцшэанскае «бог памёр»
Усё пабудавана на эфекце адмены: «адмяніць Еўропу». Замест яе — Еўразія. Замест цывілізацыі — традыцыя. Замест гарадоў — стэп. Замест часу — вечнасць. Замест логікі — містыка. Выглядае як падлеткавы бунт супраць навакольнага свету ці алюзія на ніцшэанскае «бог памёр».
Канцэпцыя арыгінальная толькі ў дужках. Бо ўсё, што кажа Дзермант — другасны прадукт, перапрацаваны Дугін. А той, у сваю чаргу, перапрацаваны Гумілёў, Генон, Іллін і далей па доўгім спісе. Інтэлектуальнае аліўе. Галоўнае, каб паболей цытатаў, містычнага туману ды — меней канкрэтыкі. Бо гэта гісторыя не пра «разумець», а пра «адчуваць».
Аляксандр Дугін і Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску. Фота: sputnik.by
Парадаксальна, але рацыянальны фундамент тут ёсць: Маскве і Мінску трэба хоць як абаснаваць свае пазіцыі ў канфлікце з Захадам. Маўляў, канфлікт не палітычны, а каштоўнасны, філасофскі, шматтысячагадовы. І не важна, што Дзермант на сваіх лекцыях выступае ў джынсах і пінжаку, хоць меўся б у шараварах на скіфска-іранскі манер ці ў халаце.
Паўстанне супраць ...закона сусветнага цягацення
Справа не толькі ў геаграфіі, геапалітыцы і прозвішчах палітыкаў. Усё глыбей і значна цікавей. Бо еўразійства, у дадзенай трактоўцы, палягае на адмене хоць якіх рацыянальных законаў логікі. Як паўстанне супраць «закону сусветнага цягацення, выгаданага англа-саксам і масонам Ньютанам».
То-бок, спроба патлумачыць, што чорнае — гэта белае. А ў люстэрку мы бачым не адбітак рэальнасці, а іншую рэальнасць: магчыма, мы самі жывем у адбітку, і трэба як хутчэй разбіць гэтае шкло, каб — вызваліцца...
Уся гэтая шызафрэнія абсалютна апраўданая ў выпадку таталітарных рэжымаў. Бо калі няма логікі, то няма прычынаў і вынікаў. Няма рацыянальнага планавання на будучыню. Толькі інтуіцыя. Не трэба задаваць пытанняў — толькі верыць.
Еўрапейская цывілізацыя заснаваная на рацыянальным пачатку. Уся барацьба за свабоды, правы, камфорт для кожнай асобы — рацыянальныя. Еўразійства — гэта вера ў тое, што ўсе рашэнні прымае лідар па сваіх ірацыянальных, вядомых толькі яму прычынах. Бо лідарства — містычная катэгорыя. На такую ролю выбіраюць не грамадзяне, а багі, духі і г. д.
Зручна? Канешне!
«Адмяніць Еўропу» ў цэнтры Еўропы
Ці мае еўразійства шанец стаць масавай ці афіцыйнай ідэалогіяй у сённяшняй Беларусі? Наўрад ці. Рэжым надта завязаны на адну персону. І гэтая персона наўрад ці будзе чытаць Генона, Дугіна або — самога Дзерманта. Нават каб той нешта напісаў: пакуль, здаецца, нічога, апроч пастоў у Тэлеграме.
Таму, імаверна, кіруючы ў Мінску рэжым пройдзе ўсе свае стадыі, ажно да смерці, так і не заручыўшыся нейкай ідэалогіяй. Будзе выязджаць на сантыменце па СССР. Усё астатняе — занадта складана, а тут мае кіраваць простае і зразумелае: пенсіі, кватэры, грэчка, «мірнае неба»...
Сама ж спроба «адмяніць Еўропу» ў геаграфічным цэнтры Еўропы застанецца цікавым гістарычным парадоксам.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Куды ісьці і што рабіць? Святлана Курс пра ратаваньне нашага нацыянальнага праекта