У вывучэнні ўласнага роду і лёсу герояў дапамогуць старыя здымкі, блакноты, тэхналогіі, расійскія базы. А перашкодзіць можа КДБ і беларускія законы. Як журналісту верыфікаваць гісторыю праз лёсы сваіх герояў, на вэбінары, арганізаваным Беларускай асацыяцыяй журналістаў, расказаў Ігар Станкевіч, журналіст-даследчык і складальнік курсу «Радавод. Аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны», піша baj.media.
Ігар Станкевіч. Фота: «Радыё Рацыя»
Кантэкст — збіраць прыватныя гісторыі будзе важнай справай
У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народу». Дакумент вызначае, што з’яўляецца злачынствам супраць беларускага народу — знішчэнне. Тут жа дакладна акрэслены тэрмін — з 22 чэрвеня 1941 года па 1955 год. Туды не трапляюць ні сталінскія рэпрэсіі, ні голад, які быў датычны не толькі Украіны, але і Беларусі. Эксперты лічаць, што закон у такім выглядзе замацоўвае манаполію аўтарытарных уладаў на тлумачэнне гісторыі. Таксама ён прадугледжвае крымінальную адказнасць за наратывы кшталту «кепскія партызаны — добрыя немцы».
Ігар Станкевіч — журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій, стваральнік грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» і курсу «Радавод. Аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны». Напісаў кнігі па гісторыі продкаў і гісторыі рэпрэсаваных.
Спадар Ігар нагадвае, што зараз таксама ствараецца супольны беларуска-рассійскі падручнік гісторыі, які, па сведчанням экспертаў, будзе хутчэй абапірацца на рускую версію падзей.
— Таму збіраць прыватныя аповеды пра лёсы зараз будзе, магчыма, вельмі важнай справай. Раней некаторыя даследчыкі гэтым займаліся, існаваў Беларускі архіў вуснай гісторыі. Людзі сустракаліся са сведкамі, якія распавядалі, як яны жылі, што яны перажылі, што гэта былі за часы. Часцяком гэта не адпавядала афіцыйнай пазіцыі, — расказаў вядучы вэбінара.
З прэзентацыі Ігара Станкевіча
Зараз назіраецца закрыццё фондаў: у прыватнасці, Нацыянальны архіў закрыў базу рэпрэсаваных. Звальняюць і пераследуюць навукоўцаў. І сама гісторыя Беларусі поўная белых плямаў: даследчыкі мала займаліся XX стагоддзем праз супярэчнасці і складаныя пытанні, бо лягчэй было друкавацца і абараняцца з тэмамі па больш бяспечным для беларускай улады XVII ці XVIII стагоддзям.
Дзе шукаць інфармацыю: чалавек
Ігар падзяліўся крыніцамі, якія акумуляваў больш за чвэрць стагоддзя.
Сваякі, сябры, знаёмыя. У іх можна даведацца пра важныя дробязі, эмоцыі, стаўленне, сувязі. Такое не пішуць у афіцыйных рэсурсах ці ў кнігах, а гэта самае цікавае, заўважае Ігар. Ён дае некалькі парад: перад інтэрв’ю, асабліва з людзьмі сталага ўзросту, іх лепш падрыхтаваць, усталяваць кантакт. У інтэрв’ю можа быць два фокусы — асабісты і грамадскі. То-бок прыватная гісторыя і тое, што ў гэты момант адбывалася ў мясцовасці і краіне.
Варта задаваць як «базавыя» пытанні, так і пашыраная: пра веравызнанне, працу, сваякоў, сяброў. Трэба ўдакладняць падрабязнасці: назвы, даты, мясцовасці. Бо ў перспектыве гэта можа быць «кручкамі», якія пацягнуць за сабой новыя адкрыцці. Не спрачайцеся: у людзей, якія пражылі жыццё, можа быць сваё стаўленне, адрознае ад вашага. Лепш даведацца аргументацыю, чаму чалавек так лічыць, раіць Ігар. Звычайная працягласць такой размовы — 1,5-2 гадзіны. Можна правесці і некалькі сустрэчаў.
Таксама каштоўныя старыя здымкі любога перыяду і часу.
— Людзям заўсёды прыемна паглыбляцца ў свае ўспаміны. Гэта прасцейшы шлях атрымаць давер чалавека, — лічыць Станкевіч.
Важна пытацца, што на здымках, калі яны былі зробленыя. Ігар адзначае, што ўласныя архівы — першае, што ён пачаў вывозіць з Беларусі, калі зразумеў, што яшчэ доўга туды не вернецца.
Бывае, што ў сям’і захоўваюцца сямейныя рэліквіі, але невядомы іх узрост. Ігар таксама не ведаў дату аднаго фота сваіх продкаў, а падчас каларызацыі ўбачыў кулон на шыі бабулі, на якім была дата — 1915 год.
З прэзентацыі Ігара Станкевіча
З вызначэннем даты фота можа дапамагчы пазнака, у якой студыі яно было зроблена. Напрыклад, некаторыя фота сям’і Станкевіча рабілі ў фотастудыі ў Бабруйску. Вядома, што на пачатку ХХ стагоддзя студыя атрымала залаты медаль у Парыжы. Майстар адразу змясціў гэта на зваротны бок фотакартак. Ужо па гэтаму можна вызначыць прыкладны час. Яшчэ можна суадносіць вопратку на розных фота.
— На адным здымку ёсць мая бабуля, якая нарадзілася ў Сімбірску. Цікава, што ўся сям’я бабулі жыла ў Воршы да яе нараджэння. І пасля ўсе вярнуліся ў Воршу. А яна чамусьці нарадзілася ў Сімбірску ў 1918 годзе, — распавядае сямейную цікавостку эксперт.
Ігар рэканструяваў гістарычны кантэкст. Аказалася, што ў гэты перыяд адбываўся наступ нямецкіх войскаў падчас Першай сусветнай вайны. Магчыма, была эвакуацыя. А пасля на Паволжы пачаўся голад, і, узяўшы толькі ванначку для маленькай дзяўчынкі, сям’я вярнулася дадому.
Дакументы. Трэба звяртаць увагу на дакументы, якія захоўваюцца дома.
Напрыклад, па «Учетной карточке члена КПСС» можна вызначыць працоўны шлях чалавека.
Таксама можна глядзець пасведчанні аб нараджэннях, шлюбах, зменах прозвішчаў, атэстаты, даведкі, позвы ў суд. Нават звычайны блакнот, у якім вашыя бацькі ці бабулі натуюць выдаткі ў крамах, стане каштоўнай крыніцай інфармацыі пра побыт. Ігар адзначае, што пры візіце да сваякоў пытае, што яшчэ ёсць у архіве. Заўсёды знаходзіцца нешта новае.
Лісты. Праз лісты з пазначаным адрасам можна знайсці сваякоў. Зрэшты, сам Ігар так і зрабіў — паехаў знаёміцца з імі у Польшчу.
Дзе шукаць інфармацыю: тэхналогіі
Для ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. У Расіі тэме вайны прысвяцілі некалькі сайтаў. У першую чаргу гэта «Память народа» і «Подвиг народа». Станкевіч знайшоў у іх звесткі пра дзеда сваёй былой жонкі.Сям’я ведала, што дзед страціў руку, але не ведала, як. На сайце падрабязна апісалі, падчас якога наступу гэта адбылося.
Што варта ўлічваць:
месца нараджэння можа адлюстроўвацца не вельмі дакладна, напрыклад, калі чалавек паходзіў з вёскі;
нізавыя баявыя адзінкі могуць не быць апісаны ў базе. У гэтым выпадку варта прапісаць вышэйшую вайсковую адзінку;
звяртайце ўвагу на месцы прызыву, месцы ранення. Можа аказацца, што прызыў быў за 1000 кіламетраў ад месца наражэння, напрыклад, праз ссылку.
лакуны ў гісторыі героя можна напаўняць гістарычным кантэкстам.
База дадзеных па беларускіх партызанах — «Партизаны Беларуси». Гэта праект Нацыянальнага архіву, куды перыядычна дадаюць новыя імёны.
— З партызанамі ізноў жа няпростая гісторыя ў Беларусі, бо партызаны былі не толькі савецкія, але і Армія Краёва, лясныя браты — шмат чаго, — адзначае Ігар.
База дадзеных па спаленых вёсках. Калі вы ведаеце, што вашыя продкі ці продкі героя паходзілі з гэтых вёсак, то варта пашукаць дакументы.
З прэзентацыі Ігара Станкевіча
Базы, прысвечаныя рэпрэсаваным. З большага, гэта расійскія базы. Напрыклад, «Открытый список» — туды мы можаце і самі дадаваць звесткі і фотаздымкі пра рэпрэсаваных асоб, адлюстроўваць сямейныя сувязі. Таксама можна карыстацца рэсурсамі «Мемориал», «Бессмертный барак».
У Беларусі гэта «Картатэка Сталіна».
— На жаль, яна вельмі маленькая — там 60 000 імёнаў. У базе Нацыянальнага архіва, якую схавалі з 2018 года, 180 000 імёнаў рэпрэсаваных і рэабілітаваных. КДБшнік Ігар Сергіенка, які зараз кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, у 2017 годзе казаў, што ў КДБ 235 000 крымінальных спраў. Шмат спраў маглі быць групавымі, таму імёнаў там можа быць значна болей, — тлумачыць Станкевіч.
Ёсць рэгіянальная база «Кобыляки. Расстреляны в Орше», якую збірае сам Ігар па Аршанскім раёне. Туды трапілі і людзі, якіх прывозілі ў Воршу ў 1937-1938 гадах на растрэлы. Гэта Дзяржынскі, Заслаўскі, Лепельскі, Барысаўскі і іншыя раёны.
Сайт «Хайсы» — яго па кнігах памяці пачалі збіраць актывісты, якія апекаваліся мемарыялам «Хайсы». Гэта вёска пад Віцебскам, дзе расстрэльвалі людзей. Уласна, кнігі памяці па розных раёнах — яшчэ адна крыніца. Там можна пашукаць удзельнікаў Другой сусветнай вайны.
База дадзеных па Першай сусветнай вайне. Тут можна шукаць дакументы, прозвішчы, узнагароды.
— Яна не такая поўная, як па Другой. Шмат пазнішчалі войны, бальшавікі. Мала захоўвалі, бо стаўленне ў Савецкім Саюзе да Першай сусветнай вайны было як да імперыялістычнай, а гэта вайна, якая не тычылася бальшавісцкай ідэалогіі, — тлумачыць Ігар.
Сайт Форум Всероссийского генеалогического древа. На ім ёсць форум, дзе можна задаваць пытанні і атрымліваць адказы.
Яшчэ некалькі карысных сервісаў
familysearch. Cайт, створаны мармонамі (рэлігійны кірунак). Яны ў свой час збіралі метрычныя кнігі, якія знаходзяцца на гэтым сайце. Тут можна знайсці частку метрычных кніг з Нацыянальнага гістарычнага архіва.
jewishgen. Сайт габрэйскай арганізацыі, якая збірае звесткі пра габрэйскую генеалогію.
familytreedna. Гэты сервіс робіць аналіз ДНК і паказвае арэал, адкуль паходзілі вашыя продкі. Дзякуючы яму можна знаходзіць сваякоў.
Дзе шукаць інфармацыю: архівы
Архівы — больш складаны рэсурс, бо туды трэба ісці або ліставацца з імі.
Нацыянальны гістарычны архіў. Там знаходзяцца дакументы да 1917 года: метрычныя кнігі, спавядальныя ведамасці, рэвізскія казкі. Ведаючы дакладнае месца жыхарства продкаў, па прозвішчу можна выцягнуць свой радавод.Так зрабіў Станкевіч.
Нацыяльны архіў Рэспублікі Беларусь. Там ёсць ведамасныя дакументы, звесткі па стажу, пенсійных выплатах. Ёсць базы пра партызанскі падпольны рух, знаходжанне на акупаванай тэрыторыі, раскулачванні, узнагароджаннях, знаходжанні ў нацысцкіх канцлагерах і турмах, на прымусовых працах, пра рэпрэсіі і рэабілітацыі, усесаюзны перапіс насельніцтва (але даверу заслугоўвае толькі перапіс 1926 года). Некаторыя з іх даступныя анлайн, а некаторыя — схаваныя.
З прэзентацыі Ігара Станкевіча
Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Пецягбургу. Там звесткі да 1917 году. У ім знаходзіцца радаслоўныя шляхты.
— Я з ходу знайшоў продкаў маёй знаёмай. Адзінае пытанне, як атрымаць самі справы. Архіў мне не адказаў на запыт электронны. Трэба, каб хтосьці туды пайшоў і заплаціў, — распавядае Ігар. Яшчэ там знаходзяцца справы пазямельнага сялянскага банку — яго стварылі пасля адмены прыгоннага права. Частку з іх выкладаюць у электронным выглядзе.
Цэнтральны архіў Міністэрства абароны. Частку дакументаў яны выклалі ў базы «Память народа» і «Подвиг народа». Адзін з яго філіялаў — Архіў ваенна-медычных дакументаў.
Wojskowe Biuro Historyczne. Там захоўваюцца справы афіцэрскага складу, салдат. Часам могуць трапляць фатаграфіі афіцэраў. А іх асабістыя карткі могуць утрымліваць дэталёвую інфармацыю пра бацькоў, сямейнае становішча, адукацыю, паслужны спіс, узнагароды, даты і прысвоеныя званні.
Archiwum Akt Nowych w Warszawie. Тут знаходзіцца каля 1000 спраў рэпрэсаваных. Гэтыя справы былі ў пачатку 90-х скапіраваны з арыгінальных спраў архіву КДБ у Беларусі. У КДБ яны схаваныя.
Дзе шукаць інфармацыю: што яшчэ?
Могілкі. Важнай крыніцай інфармацыі, асабліва пра даты народзінаў, з’яўляюцца могілкі. Станкевіч у 2018 годзе праехаў па мясцінах, дзе жылі яго продкі.
— Калі я шукаў магілу прадзеда, пазнаёміўся са старой амаль сляпой бабуляй, ёй было 95 гадоў. Калі я пачаў пытаць «А дзе могілкі?», яна спытала «А навошта?». Я кажу: «Прадзед». «А якое прозвішча?» «Сяліцкі». І тут яна пачала мне распавядаць пра Сяліцкіх, што яна памятае, нават усіх узгадала па імёнах, — падзяліўся Ігар.
З прэзентацыі Ігара Станкевіча
Старыя мапы
— З 90-х дзяржаўная палітыка палягала ў тым, каб знішчаць вёскі, у якіх ужо не жывуць людзі. Гэтыя вёскі проста бульдозерамі зараўнялі з зямлёй. Сёння на гэтых месцах або бур’ян, або распаханае поле, — тлумачыць журналіст.
На сайце etomesto.com змешчаны розныя карты розных перыядаў. Яны сінхранізуюцца з геалакацыяй. Ведаючы каардынаты вёскі, можна пазначыць кропку на Google Maps і шукаць мапы на гэтую кропку за розныя перыяды. Што на іх можна ўбачыць? Хутары, дзе маглі жыць вашы продкі да раскулачвання.
Сваяк ці цёзка па прозвішчу?
Як зразумець, што чалавек, якога вы знайшлі, — ваш сваяк, а не цёзка па прозвішчу?
— Я рабіў такім чынам: проста назапашваў усю інфармацыю, якую знаходзіў. А далей мне трэба было даказаць, што гэта «мае». Якім чынам гэта можа зрабіць? Па-першае, патрэбныя зачэпкі па колькасці дзяцей, па іх імёнах, па месцу нараджэння. Знайсці больш папераў. Праглядаць, хто каго хрысціў, хто быў сведкам на шлюбах — звычайна імі былі сваякі. Гэта такія ўскосныя лініі, па якіх можна шукаць звескі і знайсці значна болей. Мая парада — збірайце ўсё, што трапляецца. А калі масіў набярэцца, можа стацца так, што яно проста выкладзецца ў адну вельмі лагічную і бясспрэчную паслядоўнасць, — раскрывае свае метады працы эксперт.
Дзе назапашваць інфармацыю?
MyHeritage. Бясплатная версія дазваляе збіраць звесткі на 250 персонаў, ствараць дрэва, дадаваць фотаздымкі. Сервіс укладае факты ў храналагічнай паслядоўнасці. Сайт дазваляе рабіць каларызацыю і анімацыю фотаздымкаў. Калі ёсць складанасці з рэгістрацыяй з Беларусі, то варта змяніць лакалізацыю пры ўваходзе. Даплаціўшы, можна атрымаць дадатковыя магчымасці.
Geni.com. Рэсурс таксама дазваляе збіраць фамільныя дрэвы, рабіць фотаздымкі. Абмежаванняў па колькасці асобаў няма.
— Самае галоўнае, што б я вельмі раіў, калі ў вас ёсць сваякі сталага ўзросту, не губляйце час! Бяжыце да іх і распытвайце ўсё, што вы можаце даведацца ад гэтых людзей, — раіць Ігар.