Як Купала стаў «пенсіянерам»

Сто гадоў таму, у снежні 1925 года, адбылася даволі цікавая для беларускага эмігранцкага жыцця падзея, на якую мала хто з нашых сучаснікаў звярнуў бы цяпер увагу. А дарма! Бо яна сапраўды заслугоўвае ўвагі пільнага чытача. І гучыць прыкладна так: у Празе мясцовыя «маладнякоўцы» адзначалі 20-годдзе творчай працы Янкі Купалы.

З нашага дня гучыць даволі дзіўна — у сталіцы міжваеннай Чэхаславакіі ўрачыста адзначаецца юбілей беларускага песняра. Прычым арганізоўвае гэта не хто-небудзь, але мясцовая філія «Маладняка». Чым не фантасмагорыя?

Але ў тагачаснай прэсе, датаванай 1926 годам, можам і сапраўды адшукаць падобную зацемку:

«22 сьнежня мінулага году беларускія студэнты ў Празе сьвяткавалі 20-гадовы юбілей літаратурнае працы Янкі Купалы. Організатарам сьвяткаваньня была філія «Маладняк», якая незадоўга перад гэтым была з’організавана».

Як бы гэта дзіўна ні гучала, але Прага таго часу была адным з цэнтраў беларускага жыцця ў Еўропе. Там жылі і вучыліся пераважна маладыя беларусы, якія выехалі з Заходняй Беларусі, дзе перспектывы атрымаць вышэйшую адукацыю былі даволі туманнымі. Пераважная большасць з іх глядзелі са спадзевам у савецкі бок і былі добра абазнаныя ў тым, што адбываецца ў Мінску. 

Janka Kupała ŭ pačatku 1920-ch hadoŭЯнка Купала ў пачатку 1920-х гадоў

Як Купала выйшаў на «пенсію»

У Беларусі тым часам паволі наладжвалася жыццё. Янка Купала яшчэ летам выйшаў на «пенсію» і пакінуў сталую працу, каб цалкам прысвяціць сябе творчасці. Пяты нумар часопіса «Полымя» за 1925 год у раздзеле навінаў беларускага культурніцкага жыцця сярод іншага паведамляў: 

«З 15 ліпня 1925 году загадам Наркамасьветы Беларусі Янка Купала пераходзіць на пэнсію, якую яму, як народнаму поэту, прызначыў СНКБ. З гэтай прычыны Янка Купала пакінуў працу ў Беларускім Дзяржаўным Выдавецтве».


Vokładka časopisa «Połymia», 1925
Вокладка часопіса «Полымя», 1925

Ад моманту пачатку яго творчай дзейнасці мінула ўсяго толькі нейкія 20 гадоў — з таго самага часу, калі ён надрукаваў у прэсе свой знакаміты верш «Мужык». Потым былі іншыя вершы, паэтычныя зборнікі, п’есы, багемнае жыццё і ўдзел у літаратурных дыскусіях. Так ці іначай Янка Купала вельмі хутка, хаця і не зусім проста трапіў на літаратурны Алімп. 

Праўда, слова «пенсія» тады ўжывалася не ў сучасным значэнні, «пенсіяй» называлася «заработная плата» за званне народнага паэта. А прыемным бонусам да гэтага ганаровага і сапраўды пачэснага звання стаў выхад першага тому Купалавага збору твораў, аб чым можам прачытаць у тым самым пятым нумары «Полымя»: 

«У Дзяржаўным Выдавецтве Беларусі выйшаў з друку першы том збору твораў Янкі Купалы з уступным крытыка-біографічным нарысам З. Жылуновіча і портрэтам аўтара. У першы том уваходзіць «Жалейка» і «Гусьляр»».

Vokładka pieršaha tomu «Zboru tvoraŭ» Janki Kupały, 1925
Вокладка першага тому «Збору твораў» Янкі Купалы, 1925 

Як Зміцер Жылуновіч згадваў Купалу

Колішні старшыня першага ўраду Савецкай Беларусі і па сумяшчальніцтве дырэктар таго самага выдавецтва Зміцер Жылуновіч быў не шараговым чыноўнікам ад літаратуры, як можа падацца з гэтай нататкі. Ён быў не проста сведкам, але і непасрэдным удзельнікам многіх падзей яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя. Аб чым шматкроць пісаў на старонках рэдагаванага ім часопіса «Полымя». 

Іншая справа, што Зміцер Жылуновіч, у адрозненне ад Янкі Купалы або Якуба Коласа, быў творцам драбнейшага калібру, відавочна, паэтам і пісьменнікам другога шэрагу. Можа, таму і спрабаваў усяляк упісаць сябе ў гісторыю беларускай літаратуры і грамадска-палітычнага жыцця. У 1929 годзе ён нават падрыхтуе цэлы нумар, які будзе прысвечаны непасрэдна яму. Але ва ўспамінах аб сваёй маладосці ён, сярод іншага, згадае добрым словам і Янку Купалу: 

«Янка Купала ўяўляўся мне больш недасяжным. І мо дзякуючы гэтаму яго ўплыў быў паважна-аўтарытэтным. Таксама ў рэдкіх нарысах па агляду творчасці, якія трапляліся на старонках «Нашай Нівы», Янка Купала ставіўся першым, а за ім ішоў Якуб Колас. Апроч усяго гэтага, мела свой уплыў і творчасць першага: яна мяне варажыла і бунтавала. Схіляючыся перад значнасцю абодвух паўстаўшых перада мною песняроў, я, аднак, прысвяціў свайго «Бяздольнага» Янку Купалу».

Міжнароднае прызнанне

Сёння творчаму шляху Купалы яўна пазайздросціў бы любы літаратар: нейкія там 20 гадоў нястомнай працы і вось табе — прызнанне. Прычым не толькі ў межах сваёй культуры, але і суседніх. У тым жа «Полымі» за 1925 год, але нумарам раней, у тым самым раздзеле паведамлялася: 

«Дваццацёхгодзьдзе творчае дзейнасьці песьняра Беларусі Я. Купалы выклікала шырокі водгук ня толькі ў БССР, але й за межаў яе. Так, адгукнуліся тэлеграмамі цэлы шэраг украінскіх і жыдоўскіх з УССР устаноў і з СССР. Віталі юбіляра нашыя адказныя кіраўнікі дзяржавы, беларускія студэнцкія організацыі, настаўніцтва і паасобныя навуковыя ўстановы і працаўнікі БССР».

Janka Kupała
Янка Купала згенераваны штучным інтэлектам

Дудар, пясняр, гусляр — як называлі Купалу

Адметна таксама, што яшчэ нейкія сто гадоў таму слова «пясняр» ужывалася ў дачыненні да нашых класікаў не так часта, як той жа «дудар». І ў гэтым была свая рацыя, бо падобная дэфініцыя была найперш адсылкай да выбітных творцаў суседніх народаў. Можна сходу прыгадаць «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі. 

У той жа час тут таксама праглядаецца і наўпроставая повязь з народнай традыцыяй — дуда ўсё ж такі наш спаконвечны інструмент. Прыкладна ў той самы час, калі ў «Полымі» друкаваліся прыведзеныя радкі, выходзіў з друку часопіс пад назвай «Чырвоны дудар». 

Янка Купала, кіруючыся традыцыяй Францішка Багушэвіча, назваў свае першыя зборнікі «Жалейка» і «Гусляр», аднак «гусляром» ніхто яго асабліва і не называў ні ў нашаніўскія часы, ні ў пазнейшыя. Мянушка так і не прыжылася, а паслядоўнікі вырашылі спыніцца на звыклым ужо для нашага вуха песняры:

«Прымаючы пад увагу выдатныя заслугі юбіляра Я. Купалы, як песняра барацьбы і адраджэння Беларусі, СНК Беларусі надаў пісьменніку пачэснае званьне народнага поэты і вызначыў яму сталую пэнсію адказнага працаўніка, каб пазбавіць яго ад вымушанае патрэбы несьці неадпаведную яго здольнасьцям службу», — паведамляла «Полымя» ў 4 нумары за 1925 год. 

Там жа можам прачытаць і зацемку аб тым, як да Янкі Купалы ставілася беларускага моладзь таго часу: 

«У зьвязку з юбілеем Янкі Купалы і падарожжам яго ў першай палове чэрвеня па закліканьні ў Віцебск, Воршу і Горкі, у гэтых мясцох адбыліся ўрачыстасьці з шырокім удзелам устаноў і моладзі, на якіх вельмі цёпла віталі песняра Беларусі. Бабруйск, Барысаў і Рагачоў, як сьведчыць прэса, адсьвяткавалі таксама ўрачысты юбілей творчай працы поэты»

Купала меў статус культавага аўтара

Не выклікае ніякага сумневу, што ў той момант Янка Купала быў не проста папулярным аўтарам, але меў статус культавага. Што можна зразумець ужо з 6 нумара «Полымя», дзе знаны беларускі літаратурны крытык з Беласточчыны Уладзіслаў Чаржынскі, не хаваючы свайго захаплення, рэкламуе першы том збора твораў класіка: 

«Матэрыялам І-га тому «Збору» зьяўляецца «Жалейка» і «Гусьляр», зборнікі, выданыя ў 1908 і 1910 г.г. і зьнікшыя з кніжнага рынку ўжо многа лет таму назад. Паяўленьне І-га тому «Збору» ў момант асаблівага размаху беларускага культурнага будаўніцтва — трэба толькі вітаць. Бо ў ім знойдзецца шмат матэрыялу ня толькі мастацка-гістарычнага, але і грамадзка — выхаваўчага. 

З тэхнічнага боку «Збор» выданы зусім памяркоўна, у густоўнай вокладцы, на добрай паперы, прыемным шрыфтам. Трэба наогул адзначыць поступ у друкарскай тэхніцы Бел.Дзярж.В-тва. Апошнія яго выданьні прыгожага пісьменства робяць добрае ўражаньне»

Frahmient staronki z časopisa «Połymia» № 6, 1925
Фрагмент старонкі з часопіса «Полымя» № 6, 1925

Купала, відавочна, быў чалавекам патрабавальным, як да сваёй знешнасці, так і да выдаваных ім кніжак. Нездарма ягоным бліжэйшым паплечнікам, паводле ўласных жа словаў, была ўвесь гэты час адзінота. І гэта не толькі праз адсутнасць блізкай па духу душы, але і праз высока ўзнятую планку. Зрэшты, а ці мог паступаць іначай чалавек, які ўзяў сабе псеўданім у гонар паганскага боства? 

Л. Г., Budzma.org