Многія людзі задаюцца пытаннем: як не закахацца ў прыдурка ці дурніцу? Альбо як мне абраць добрага чалавека для шлюбу? Доктар псіхалогіі Вэн Эп напісаў пра гэта цэлую кнігу-інструкцыю, якая дапамагае знайсці добрага мужа ці жонку. Кніга так і называецца «Як не закахацца ў прыдурка ці дурніцу?». Пройдземся па самых асноўных пунктах гэтай кнігі і распавядзем пра парады, якія дае чытачам доктар Вэн Эп. Магчыма, некаторыя з іх дапамогуць вам пабудаваць шчаслівыя адносіны.
Джон Вэн Эп (John Van Epp ) — аўтар кнігі «Як не закахацца ў прыдурка», мае PhD у галіне кансультавання і псіхалогіі, 25 гадоў працаваў як прыватны кансультант, працаваў кансультантам у вайсковай сферы. Фокус яго дзейнасці — здаровыя адносіны, шлюб, выхаванне дзяцей і інш.
Доктар Эп раіць не спяшацца, доўга хадзіць на спатканні. Праводзіць шмат часу з чалавекам. Загадзя не складваць ніякага меркавання аб ім. Часта, калі хтосьці спадабаецца, адразу думаеш, што ён ці яна мае ўсе якасці, што шукаеш у чалавеку. Гэта хуткі шлях закахацца ў прыдурка ці дурніцу! Наадварот, не прыспешвайце падзеі, хай яны развіваюцца вельмі павольна, уважліва ацэньвайце патэнцыйнага сужэнца ці сужэнку (партнёра ці партнёрку), кожны яго бок і кожную рысу. Таксама трэба не спяшацца з інтымным жыццём, каб яно не апярэджвала развіццё іншых складнікаў адносінаў — сяброўства і добрай камунікацыі.
Хто такі прыдурак ці дурніца?
Мы ўсе часам паводзім сябе як дурні. Але доктар Вэн Эп сапраўднага прыдурка ці дурніцу вызначае як чалавека, які:
1) пастаянна парушае межы,
2) няздольны ставіць сябе на месца іншых, глядзець вачыма іншага чалавека,
3) не можа кантраляваць свае эмоцыі, трымацца эмацыйнага балансу настолькі, што гэта можа быць небяспечным (чалавек альбо рэагуе вельмі актыўна, альбо эмацыйна закрыты, халодны.)
Прыдуркам ці дурніцай можа быць як мужчына, так і жанчына. І звычайна іх натура і якасці не праяўляюцца або нябачныя ў першыя месяцы адносінаў. Самы распаўсюджаны спосаб звязацца з прыдуркам ці дурніцай — прыспешваць развіццё адносінаў.
Правіла трох месяцаў: трэба каля трох месяцаў, каб з’явіліся мадэлі паводзінаў
Нават калі вы праводзіце кожную хвіліну з каханым ці каханай, усё адно трэба каля трох месяцаў, каб з’явіліся хоць нейкія мадэлі адносінаў. Таму доктар Вэн Эп раіць не рабіць ніякіх абяцанняў, не браць абавязальніцтвы і не знаёміць дзяцей з новым каханым ці каханай у першыя тры месяцы.
Будуйце здаровыя адносіны з дапамогай мадэлі RAM
Калі мы закахаліся, то часам губляем галаву. Мы не бачым сур’ёзныя сігналы (так званыя трывожныя званочкі) і думаем, што новы каханы ІДЭАЛЬНЫ.
Доктар Вэн Эп распрацаваў мадэль RAM (Relationship Attachment Model) каб:
1) дапамагчы вызначыць таямнічую ідэю кахання;
2) навучыць людзей ацэньваць іх адносіны і развіваць іх у здаровым ключы!
Вось як працуе мадэль RAM:
Кожны сектар мае слайдэр, як на эквалайзеры гукавой сістэмы. Унізе — нізкі ўзровень, уверсе — высокі.
Калі разглядаць ідэю кахання праз мадэль RAM, можна ўбачыць 5 розных частак, аспектаў кахання:
наколькі ведаеш чалавека (know),
наколькі давяраеш яму (trust),
наколькі можаш разлічваць на яго ў сваіх патрэбах (rely),
наколькі адданы чалавеку (commit),
наколькі вы блізкія тактыльна і фізічна (touch).
Каб мець здаровыя адносіны, трэба, каб рычажкі справа заўжды былі ніжэй папярэдніх рычажкоў злева (як на малюнку вышэй). Такім чынам, не варта давяраць чалавеку больш, чым ведаеш яго. Не варта разлічваць, спадзявацца на чалавека больш, чым давяраеш яму. Не варта каб узровень адданасці чалавеку перавышаў узроўні таго, наколькі разлічваеш на яго, давяраеш яму і ведаеш яго. І дакладна не варта мець (хоць колькі-небудзь) большую фізічную ці інтымную блізкасць з чалавекам, чым вы адданыя яму. Лагічна?
Нездаровыя ці небяспечныя адносіны — там, дзе гэтыя рычажкі не ў гармоніі. Калі, напрыклад, «фізічная блізкасць» на вельмі высокім узроўні, а «веданне» чалавека — на нізкім. Гэта рызыкоўна, бо ты ўступаеш у інтымныя адносіны з чалавекам, якога добра не ведаеш.
Доктар Вэн Эп кажа, што гэта рэцэпт, як звязацца з прыдуркам ці дурніцай. Мець інтымныя адносіны з чалавекам, якога добра не ведаеш і з якім не маеш пастаянных абавязальніцтваў — гэта нездаровы шлях, бо ёсць рызыка «стварыць памылковае пачуццё інтымнасці, блізкасці, мінімізаваць ці не бачыць сігналы перасцярогі і заставацца ў дрэнных адносінах надта доўга» (ст. 84).
Другі прыклад нездаровых ці рызыкоўных адносінаў, калі «фізічная блізкасць» на высокім узроўні, а «адданасць, абавязальніцтвы» на нізкім. Гэта зноў жа нездаровы ці рызыкоўны варыянт, бо калі няма абавязальніцтваў, чалавек можа сысці ў любы момант.
Мадэль RAM можа дапамагчы ацаніць бягучыя адносіны. Яна таксама карысная напачатку новых адносінаў.
Чаму я пастаянна звязваюся з прыдуркамі (дурніцамі)
Добрыя людзі часта звязваюцца з прыдуркамі, бо яны занадта шмат аддаюць, занадта шмат прымаюць і на многае не звяртаюць увагі. Падчас спатканняў, замест таго, каб меркаваць найлепшае, варта быць уважлівым ці ўважлівай, быць як дэтэктыў, шукаць пацверджанні таму, што тое, што каханы ці каханая кажа, насамрэч з’яўляецца праўдай.
Доктар Вэн Эп прыводзіць спіс пытанняў, якія можна сабе задаць пра патэнцыйнага партнёра ці партнёрку і якія могуць дапамагчы ацаніць яго ці яе. Пытанні можна спампаваць напрыканцы падсумавання.
Скрыпты адносінаў: назірайце, як ваш каханы ці каханая ставіцца да людзей, якія яму ці ёй не падабаюцца
Скрыпты адносінаў — гэта мадэлі, якія людзі выкарыстоўваюць у сваіх стасунках. Ваш каханы ці каханая маюць тры розныя скрыпты: для стасункаў з не вельмі блізкімі ці чужымі людзьмі (незнаёмцы, знаёмыя), для стасункаў з блізкімі (сябры і сям’я) і для стасункаў з каханым ці каханай.
Уважліва сачыце, як чалавек стасуецца з гэтымі трыма групамі людзей. Калі ён ці яна ставіцца да вас вельмі добра, але грубы ці грубая з незнаёмцамі, будзьце насцярожанымі! Скрыпт адносінаў для незнаёмцаў можа быць урэшце прыменены і да вас. Зноў жа, глядзіце, як чалавек ставіцца да сяброў і сям’і, бо ў рэшце рэшт такія самыя мадэлі паводзінаў будуць выкарыстаны і ў адносінах з вамі.
Кожныя адносіны маюць узлёты і падзенні. Калі чалавек раздражнёны, як ён будзе сябе паводзіць? Напэўна, гэтак жа, як паводзіць сябе з тымі, хто яго раздражняе цяпер. Таму ўважліва сачыце за тым, як чалавек ставіцца да людзей, якія яго раздражняюць. Як ваш каханы ці каханая будзе паводзіць сябе, калі займеюць месца пачуццё нянавісці ці сур’ёзнай крыўды? Паглядзіце, як яны цяпер ставяцца да людзей, якія ім не падабаюцца.
Як мець выдатныя інтымныя адносіны
Доктар Вэн Эп раіць не мець інтымных адносінаў з чалавекам, пакуль паміж вамі не будзе сапраўднай адданасці, прывязанасці, сталых абавязальніцтваў. Ён раіць пачынаць інтымныя адносіны ў шлюбе. Гэта можа гучаць старамодна, але даследаванні пацвярджаюць слушнасць такой пазіцыі.
Усе даследаванні, якія вывучаюць сумеснае пражыванне і вынікі шлюбу, паказваюць, што сумеснае пражыванне не ёсць добрай «практыкай» да шлюбу. Рызыка разводу ў людзей, якія мелі досвед сумеснага жыцця з больш чым адным чалавекам да шлюбу, такая ж, як і для тых, хто бярэ другі шлюб: 60%. То-бок, калі жыць разам да шлюбу толькі з адным чалавекам, і потым з ім ажаніцца, рызыка невялікая. Але калі да шлюбу жыць разам больш чым з адным чалавекам, шанцы на развод павялічваюцца. Таму будзьце НАДЗВЫЧАЙ уважлівыя наконт таго, з кім вы жывяце. Жыць з кімсьці — гэта як быць у шлюбе з гэтым чалавекам. Жыццё разам — гэта як шлюб. Расставацца ў такіх адносінах — гэта як перажываць развод.
Праверце сваю сэксуальную стрыманасць
Сэксуальная стрыманасць патрэбная ў кожным шлюбе (каб не мець інтымныя адносіны па-за шлюбам), таму будзе карысным праверыць гэты тып стрыманасці, самакантролю ў сабе і ў каханым ці каханай у перыяд спаткання. Ці зможа ён ці яна не мець з вамі інтымныя адносіны?
Што рабіць, калі інтымныя адносіны ў вас ужо былі, але вы хочаце зрабіць крок назад і развіць іншыя сферы вашых адносінаў? Доктар Вэн Эп прыводзіць прыклад, што можна сказаць. Можна сказаць так: «Я думаю, у нас складваюцца сапраўды цудоўныя адносіны, і я хацеў ці хацела спытаць, ці адчуваеш ты тое самае?»
Калі адказ станоўчы, можна сказаць: «Я хацеў ці хацела б спаткацца з табой, хацеў ці хацела б, каб нашыя адносіны развіваліся, выходзілі на новы ўзровень».
Зноў, калі чалавек рэагуе выключна станоўча, можна працягнуць: «Гэта можа гучаць дзіўна, але я хацеў ці хацела б зрабіць крок назад у нашых інтымных адносінах і засяродзіцца на сяброўстве. Нам столькі яшчэ трэба даведацца адно пра аднаго, і мне здаецца, аснова нашых адносінаў будзе мацнейшая, калі мы крыху запаволімся, больш часу правядзем разам, пачнем больш давяраць адно аднаму, станем бліжэй. Я разумею, мы, магчыма, маглі б развіваць адносіны ва ўсіх кірунках, але, мне здаецца, нам варта заставацца цвярозымі, і ў мяне гэта не атрымліваецца, калі мы маем інтымнае жыццё (ст. 84–85)».
Паглядзіце на рэакцыю чалавека. Калі ён ніяк не хоча прыпыняць інтымныя адносіны падчас спатканняў... можа, варта падумаць, што гэта кажа пра яго. Ці здолее ён саўладаць са сваімі сэксуальнымі парывамі, калі сустрэне кагосьці больш прывабнага, чым вы? Ці будзе ён адданы вам? Калі адданасць важная для вас, дакладна варта праверыць, ці зможа ваш каханы ці каханая ўстрымлівацца ад інтымнай блізкасці з вамі.
Пытанні, якія варта задаць сабе, калі спрабуеце вырашыць, ці пабрацца з кімсьці шлюбам
Доктар Вэн Эп раіць задаць сабе гэтыя пытанні. Ён вельмі глыбока разглядае кожную сферу адносінаў. Пытанні курсівам — дадатковыя, якія дадала да спісу доктара Вэн Эпа аўтарка рэцэнзіі на кнігу.
Падумайце ўважліва пра гэтыя пытанні. Абмяркуйце іх з чалавекам. Не верце таму, што кажа чалавек, верце таму, што ён робіць. Многія могуць адказаць вам тое, што, на іх думку, вы хочаце пачуць, і пры гэтым быць прыдуркамі ці дурніцамі.
Паводле sagerelationshipadvice.com