У крызісныя часы людзі часцяком застаюцца сам-насам са сваімі цяжкасцямі. Найперш таму, што ў такія моманты кожны сам за сябе. Адсутнасць падтрымкі блізкіх людзей — адна з асноўных праблем, з якой сутыкаецца сучаснае грамадства. Давайце паспрабуем разабрацца, як можна пазбавіцца ад пачуцця адзіноты.
Цяжка рухацца наперад, калі няма на каго абаперціся і ад навакольных чуюцца толькі абыякавасць, крытыка або скепсіс. Калі сітуацыя робіцца патавай, можна пайсці двума шляхамі: паспрабаваць пераадолець адзіноту і непаразуменне самастойна, або звярнуцца да спецыяліста.
Каб навучыцца падтрымліваць сябе самастойна, трэба:
Весці дзённік
Завядзіце сабе сшытак, або ўсталюйце на смартфоне дадатак, куды будзеце натаваць усе свае штодзённыя дасягненні. Праз тыдзень—другі, калі будзеце запісваць, што вам удалося зрабіць за дзень, вы самі сябе не пазнаеце. Раптам акажацца, што вы маеце шмат прычынаў, каб самога сябе пахваліць. Проста наша жыццё надта імклівае і мы далёка не заўжды можам заўважыць гэта і ацаніць належным чынам.
Адзначаць поспехі
Калі ў вас атрымаецца фіксаваць усе свае невялічкія подзвігі, можаце паспрабаваць іх яшчэ і святкаваць. Завяршылі значны праект? Гэта трэба адзначыць! Дасягнулі сур’ёзных вынікаў у спартовай залі? Абавязкова падзяліцеся гэтым з сябрамі. Калі маеце патрэбу і жаданне — можаце напісаць пра гэта ў сацыяльных сетках. Няхай вашую радасць ацэняць і іншыя людзі.
Параўноўваць сябе
Увесь час аналізуйце сябе, параўноўвайце сябе цяперашняга з сабой жа мінулым і фіксуйце прагрэс. Можаце рабіць гэта пісьмова ў тым самым дзённіку, дзе запісваеце свае штодзённыя звяршэнні. Любы прагрэс у лепшы бок будзе заўважным і адназначна прынясе вам станоўчыя эмоцыі.
Варта шукаць ці самому ствараць групу падтрымкі:
Віртуальных сяброў
Уступіце ў тэматычныя супольнасці або чаты ў сацыяльных сетках. Там, з людзьмі, якіх вы мала ведаеце, вы зможаце быць шчырым. А віртуальнае сяброўства цалкам рэальна можа потым перарасці ўжо ў сяброўства ў рэале.
Настаўніка
Адшукайце сабе добрага кансультанта або ментара. Напрыклад, звярніцеся да дыетолага — калі хочаце пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў да пляжнага сезону, да рэдактара — калі марыце напісаць і выдаць кнігу, да дызайнера, калі надумалі рабіць рамонт у сваёй кватэры. Не бойцеся камунікаваць са спецыялістамі!
Чэленджы
Аб’яднайцеся з людзьмі, якія маюць падобныя праблемы і мэты, прымайце ўдзел у разнастайных марафонах і чэленджах. Так побач з вамі з’явяцца людзі, якія дадуць каштоўную параду, паспачуваюць, не дазволяць апусціць рукі і будуць натхняць на подзвігі.
Як выйсці з замкнёнага кола адзіноты?
Калі вы пачалі рэгулярна адчуваць адзіноту, паспрабуйце аднавіць уласную сістэму сацыяльнага ўзаемадзеяння.
Не пазбягайце людзей
Паспрабуйце зрабіць зносіны сталай часткай свайго жыцця. Калі хтосьці з вашых сяброў працуе або жыве недалёка ад вас, дамоўцеся на сумесны абед. Калі вы працуеце, напрыклад, у каворкінгу, развівайце зносіны з кімсьці са сваіх суседзяў падчас перапынкаў.
Не змешвайце адзіноту і страх
Адзінота — гэта проста сігнал, які кажа аб тым, што трэба «выйсці ў людзі» і пагаварыць. Часта адзінота суправаджаецца страхам — менавіта ён і не дае нам пайсці на кантакт. Пастарайцеся аддзялiць два гэтыя пачуцці адно ад другога. Так прасцей будзе зразумець, што рабіць далей.
Не абмяжоўвайцеся толькі кароткімі фразамі
Пары фраз, якімі вы перакінецеся з барыстам, недастаткова. Шукайце спосабы паглыбіць зносіны і развіць знаёмства. Да прыкладу, паспрабуйце зрабіць сумесны праект з суседзямі па каворкінгу. Заводзьце размовы на цікавыя тэмы, дзяліцеся думкамі, распавядайце пра сябе. Так вы абавязкова знойдзеце новых сяброў і прыяцеляў на сваім жыццёвым шляху.
Поспехаў!
Чытайце яшчэ:
Як захоўваць рэсурсны стан ва ўмовах працяглага стрэсу
Алесь Тодараў, budzma.org