Танцы з мядзведзямі, гарадскія пажары, згубленая карона. Як пілі ў ВКЛ

30.01.2024 Гісторыя

Пра што распавядаюць пакаяльныя надпісы ў скляпеннях крыпты полацкай Спаскай царквы? Там недзе ў XIII–XV стст. нейкі «Якаў прапіў канон», а архімандрыт гарадзенскага манастыра «апіўся» і каяўся, асэнсоўваючы свой стан, нейкая манашка каялася, што напілася на Лазараву суботу, яшчэ нехта пакутаваў пасля ўчарашняга. Можа, у скляпеннях быў нейкі выцвярэзнік для царкоўнаслужачых, а можа, проста манашкі і шкаляры-хуліганы тролілі кагосьці яшчэ да таго, як узнік інтэрнэт. Так ці іначай, гэта хіба першыя зафікасаваныя дакументальна і ўласнаручна засведчаныя станы ап’янення і пахмелля на беларускіх землях.


Як пілі і што пілі нашыя продкі? Калі адбылася першая задакументаваная п’янка ў нашай гісторыі? Якія фатальныя наступствы яна мела? Як звязаныя алкаголь і пераход Смаленска пад уладу Масквы?

Nadpisy

Піва, мёд, віно ў нас з’явіліся яшчэ ў незабыўныя часы неаліту, калі людзі пачалі сыціць мёд, збражваць квас і брагу, хмяліць і варыць збожжавыя паўфабрыкаты дзеля стварэння хмяльных напояў. Віно ў амфарах сюды везлі ад рамеяў. Але наяўнасць і папулярнасць квасу і бярозавага соку ў лепшы бок адрознівала здароўе нашага грамадства ад немцаў і раманцаў.

Разборкі за бортныя дрэвы

Законы і абрыўкі крыніц ранніх усходнеславянскіх княстваў поўняцца разборкамі за бортныя дрэвы, вандроўныя раі і пасекі. Тады пчалярства было стратэгічнай галіной эканомікі. 5–10% ад масы вынятых з пчаліных борцяў мёду складаў воск, а з рэшты выганялі і сыцілі мёд. Воск ішоў на экспарт, бо грэкі асвятлялі свае дамы і цэрквы свечкамі, а ў нас дрэва шмат, і беларусы звычайна ў хаце вечарам палілі каганцы (лучынкі), а мёд ужывалі замест цукру, або пераганялі і змешвалі з вадой, пілі дзеля наталення смагі і весялосці.

Алкаголь у медыцынскіх мэтах

Не менш важным вынікам працэсу бражэння (ферментацыі), варкі ці дыстыляцыі аднак была і магчымасць ужывання алкагольных вадкасцей у медыцынскіх мэтах. Піва, мёд і віно дадавалі ў ваду, каб яе дэзынфекаваць. Разбаўлялі чысты прадукт. Яго і пілі замест вады. Усе ўжывалі. І дарослыя, і дзеці, і жанчыны. Можа таму сярэднявечныя людзі былі нашмат меншыя ростам, чым зараз? Дзеля гэтага ж, а не дзеля фанабэрыі, багатыя рабілі царкоўнае начынне, лыжкі і кубкі са срэбра — бо лічылі, што так бяспечней і здаравей.

Staradaŭniaje dystyliacyjnaje prystavannie
Старадаўняе дыстыляцыйнае прыставанне (выганка прынцыпам вадзяной ванны «бэнмар»). Старадаўняя гравюра

Вада ў тыя часы ў гарадах была кепскай якасці. Людзі Cярэднявечча жылі скучана, калодзежы часта рылі неглыбокія і ў першы-другі ваданосны слой даплывалі «плюгаўствы»: гной коней, свіней, людзей і памыі — вылітыя ці пакінутыя на вуліцы. Яны зацякалі і прэсаваліся нават пад драўлянымі ходнікамі. То-бок, калі ад вадкасці не смярдзела — было добра. Вы можаце сказаць, што за калодзежамі сачылі, капалі ўсё глыбей, даўней усе было лепей, а мікробаў і кішэчных палачак у светлыя часы доўгага стабільнага Сярэднявечча не існавала — бо нябачна, а продкі паміралі здаровымі. Але ў Сярэднявеччы рэпутацыя гарадской вады была вельмі спрэчнай, а таму нават празрыстая вадкасць была падазронай. Ваду ўмелі кіпяціць, але не ад усіх носьбітаў хвароб яно дапамагае. Рэгулярна здараліся эпідэміі «моры». Грызуны збіраліся каля вады, туды ж зляталіся мухі. І таму, напрыклад, пасля эпідэміі «чорнай чумы» ў 1387 г. з усяго вялізнага горада Смаленск засталося 5 чалавек, якія вышлі з брамы і зачынілі за сабой дзверы.

Vokladka knihi 1534 h. vydannia z receptami «vodak» — liačebnych spirtavanych nastojek
Вокладка кнігі 1534 г. выдання з рэцэптамі «водак» — лячэбных спіртаваных настоек

Паколькі апрацаваная бражэннем і варкай вадкасць была чыстай — півам, віном, воцатам і гарэлкай прамывалі раны і ставілі кампрэсы. Пагадзіцеся, гэта было вельмі важна ў часы, калі не было антысептыкаў і іншых вядомых нам лекаў.

Бяседы з алкаголем у Даўняй Русі

На сёння няшмат звестак пра бяседы з алкаголем у Даўняй Русі і Літве, бо няма крыніц, якім можна цалкам верыць. Найбольш фатальнай задакументаванай п’янкай у нашай гісторыі можна лічыць пір 28 красавіка 1267 г. Добра падпіўшы, валынскія князі Васіль Раманавіч і Леў Данілавіч праламілі галаву свайму госцю — Войшалку. Так скончылася дынастыя Міндоўга ў ВКЛ.

Да дабра віно не давяло і Свідрыгайлу Альгердавіча. Хлопец вырас у цяжкія часы войнаў паміж яго старэйшымі братамі, і псіхіка яго была яўна надломленая з дзяцінства. Кіраваў, піраваў і злоўжываў.

Вяршыняй стала акцыя летам 1435 г., калі падчас дынастычнай вайны ў ВКЛ 1432–1437 гг. у п’яным угары па падазрэнні ў здрадзе ён загадаў спаліць у Віцебску кіеўскага і ўсяе Літвы і Русі мітрапаліта Герасіма. Гэтае зверства адгарнула ад яго прыхільнікаў і каштавала кароны Вялікага княства і пройгрышу ў змаганні супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Праўда, і той лютаваў і быў забіты сваімі прыдворнымі ў 1440 г. Да ўлады ў ВКЛ прыйшлі дзеці цвярэзніка Ягайлы.

Першая зафіксаваная ўзгадка пра гарэлку

Вялікі князь Аляксандр (1492–1506), надаючы прывілей Полацку на Магдэбурскае права, у 1498 г. увёў фактычны акцыз на імпарт алкаголю. Немцы маглі прадаваць сваё піва палачанам толькі гуртом — бочкамі. Грэцкае, італьянскае, французскае і мадзьярскае віно, якое завозілася з Еўропы, тады было саладзейшым, чым цяпер, і таксама бочкамі ішло не толькі на царкоўнае прычасце.

Гуртовыя партыі прадавалі мясцовым купцам і карчмарам, а тыя ўжо ажыццяўлялі разліў прыватным спажыўцам па вёдрах, гарлачах і куфлях — «чапаванне». У корчмах разліў абкладаўся падаткам — «чопавым». Паводле таго прывілею вырабнікі і прадаўцы гарэлкі былі перададзены пад уладу полацкага войта. Гэта хіба першая зафіксаваная ўзгадка пра гарэлку ў нашых крыніцах.

Fieliks Pivarski. Karčma «Apošni hroš» Фелікс Піварскі. Карчма «Апошні грош»

У дзяржавы тады не было манаполіі на выраб гарэлага віна, але падаткі з фасоўкі алкаголю і здачы ў арэнду корчмаў становяцца важнай крыніцай прыбытку дзяржаўнага скарбу. Гарэлкай пачаткова называлі першую перагонку збожжавага дыстыляту ў 20–25% моцнасці, а вудку прыдумалі палякі, якія пачалі пераганяць двойчы, каб на выхадзе мець напой пад 60%. Вудку разбаўлялі сокамі, вадой ці гарэлкай.

«Гарэлае віно» і гуманітарная катастрофа ў ВКЛ

Калі гарэлка прыйшла на ўсход ВКЛ, пачалася бяда. Гарадская рада Смаленска прасіла вялікага князя Аляксандра Ягелона закрыць дзяржаўныя і прыватныя корчмы, бо па прычыне «апільства» па горадзе пачаліся забойствы, заможныя мяшчане збяднелі, а «чорны люд» папрапіваў усю маёмасць. Ужо ў прывілеі 1505 г. Аляксандр паабяцаў не трымаць у Смаленску корчмаў. Але яны працягвалі існаваць, бо наступны вялікі князь — Жыгімонт Стары у 1513 г. ізноў вымушаны быў абяцаць дэлегацыі ад смалян закрыццё дзяржаўных і прыватных пітных дамоў па горадзе.

U šynku. Adryjan Broŭvier. XVII stahoddzie
У шынку. Адрыян Броўвер. XVII стагоддзе. Wikimedia Commons

Гуманітарная катастрофа і немагчымасць дзяржавы адмовіцца ад прыбыткаў з чапавання «гарэлага віна» стала не галоўнай, але адной з прычынаў пераходу Смаленска пад уладу Масквы ў 1514 г. Бо ў гэты час у Маскве быў сухі закон. Ну як сухі закон...Там дзяржава забараняла перагонку збожжа ў навамодную гарэлку, бо ці мала «ўсё новае, бусурманства — бесаўское». Кантроль дзяржавы быў уведзены пасля таго, як, перапіўшыся, масквічы прайгралі пару бітваў, а ў 1382 г. масквічы, пару дзён пабухаўшы, адкрылі па п’янай смеласці брамы Тахтамышу, які ў выніку спаліў іх горад. Цар з 1533 г. увеў дзяржаўную манаполію — царскія кабакі, якія першапачаткова не падавалі гарэлкі, толькі слабаалкагольныя піва, мёд і віно.

Гэткую «абарону традыцыйных каштоўнасцей» і падданых царамі ад блага алкагалізму ўхваляў, напрыклад, наш маралізатар Міхалон Літвін. У яго кнізе «Аб норавах татар, літвы і маскавіцян», выданай у Базэлі ў 1615 г., маскоўцы і татары паказаны аскетычнымі цвярэзнікамі супроць нашых землякоў, якія моцна п’юць па корчмах і танчаць з мядзведзямі. Так-так, танцы з мядзведзямі ў нас былі раней, чым Машанька аб’ела іх у вядомай запарэбрыканскай казцы. Ды і не казка гэта была, а наша суворая рэальнасць.

Šliachcic i miadzviedź. Drevaryt XVII st.
Шляхціц і мядзведзь. Дрэварыт XVII ст.

Забяспечаны дзяржавай зацвярэз не цягнуўся, аднак, доўга, бо ў 1608 г. маскоўскі пасол у Швецыі, каб прадэманстраваць сваю «маладзецкую ўдаль», выпіў столькі гарэлкі, што памёр, а вандроўнікі ў другой палове XVII ст. ужо адзначаюць павальнае п’янства іх насельніцтва.

Небяспечныя тэхналогіі

У Сярэднявеччы вялікі князь і царква валодалі корчмамі і манапольнымі прывілеямі на выраб хмяльных напояў у гарадах. Кароль польскі Ян Альбрэхт, брат Аляксандра Казіміравіча Ягелона, у 1496 г. скасаваў дзяржаўную манаполію на вытворчасць і продаж алкаголю. Ён перадаў права прапінацыі польскай шляхце, якой стала можна гнаць алкаголь у сваіх маёнтках, а не купляць яго ў каралеўскіх гарадах.

Статут ВКЛ 1588 г. забараніў шляхце і мяшчанам «шынкаваць» і прадаваць мёд, гарэлку і піва ва ўласных дамах, маёнтках ці хатах падданых. Шынкі і вытворчасць знаходзіліся пад наглядам мясцовай павятовай адміністрацыі. Корчмы павінны былі выносіцца на гасцінцы ў адмыслова пабудаваныя гатэлі, дзеля спажывання падарожнымі, а не сялянамі. Калі шляхціча-самагоншчыка лавілі, яму давалі штраф. «Катлы, кублы і бочкі» канфіскоўваліся на карысць дзяржавы: прыбыткі ад выкарыстання іх ішлі папалам на шпіталь і на гарадскі замак.

Тагачасныя тэхналогіі варкі піва, віна і гарэлкі былі пажаранебяспечныя. Таму ўлады забаранялі ставіць перагонныя кубы ў прыватных дамах, а бровары і вінакурні павінны былі будавацца асобна ад драўляных пабудоў горада. Прага спажывы, як звычайна, глушыць голас розуму, што вядзе да трагедый. У 1613 г. берасцейскія жыды насуперак забароне ноччу і ў хрысціянскія святы гналі гарэлку і прадавалі яе жаўнерам, якія стаялі ў горадзе. Адзін з апаратаў выбухнуў. Усчаўся пажар. Большасць Бярэсця тады была драўлянай і выгарала. Ды так, што горад прышлося вызваляць ад падаткаў на некалькі год.

Піва і віно ў дзённых дыетах, каб не атруціцца

Хаця вайсковыя статуты забаранялі жаўнерам напівацца і ночыць па за межамі лагера, але ў час паходаў карчмары заўседы едзілі за вайсковым табарам. Дызентэрыя — «жаўнерская хвароба» тады была смяротна небяспечнай. Аж да вынаходніцтва антыбіётыкаў падчас войнаў яна звычайна прыводзіла да страты трэці дзейнага войска.

«Крывавая бягунка» залютавала ў табары Стэфана Баторыя, варта было толькі на пару тыдняў табару прастаяць на месцы пад Полацкам у 1579 г. Гарэлкай прамывалі не толькі раны, але і кішкі ад інфекцый. Таму дзяржава выдавала жаўнерам піва ў дзённым рацыёне, а гетманы прастаўлялі віно, піва і гарэлку рыцарству і пахолкам дзеля ўзнагароды за службу і лекавання. Жаўнеры ў гарнізонах і паслы на сойм мелі піва і віно ў сваіх дзённых дыетах, не столькі каб павесяліцца, колькі каб не атруціцца гарадской вадой.

Не грэбавалі і часам перабіралі выпіўкай знакамітыя ротмістры ВКЛ Ян Пётр Сапега і Аляксандр Лісоўскі. У сваім дыярыушы першы пару раз апісвае, як іншыя ці ён сам валіліся п’яныя з коней, а для апошняга — легендарнага заснавальніка «лісоўчыкаў», такая паездка скончылася трагічна.

Як гарэлка паспрыяла вызваленню Вены ад турэцкай аблогі

Вінакурэнне стане падмуркам нашай эканомікі ў XIX ст., але ўжо ў пачатку XVII ст. гарэлку з Беларусі вывозілі на экспарт у Рыгу. Найбольшай жа слаўнай старонкай гарэлага віна з ВКЛ стала вызваленне Вены ад турэцкай аблогі ў 1683 г. войскамі Яна Сабескага.

Як так? Каб нашы добраахвотнікі не прывезлі з сабой літоўскай гарэлкі, паход мог і не адбыцца, бо палякі не паспелі падрыхтаваць пітво для рыцарства ў дарогу. Па сведчанні ўдзельнікаў, менавіта гэты падвоз дазволіў выправіцца ў паход і не памерці, папіўшы са студні ці рэчкі.

Як пілі эліты ВКЛ

Хаця асабіста кароль Жыгімонт Ваза хоць быў рэлігійным аскетам, ён ладзіў рэдкія, але меткія вечарыны з сябрамі. У сваіх лістах жонкам Ян Караль Хадкевіч і Леў Сапега сведчаць, што яны напіваліся з каралём у зюзю, білі посуд аб галаву і барагозілі па ваколіцах.

Пастаянны стрэс ад вайны і ўжыванне алкаголю робіць імпульсіўнымі нават моцныя характары. Скандалам стаў учынак Яна Караля Хадкевіча ў 1617 г., калі перад пашыхтаваным войскам вялікі гетман ВКЛ пагнаўся за палякам Марцінам Казаноўскім і кідануў таму ў плечы булавой. Прычынай «нестрымання коней» стала тое, што кароль прызначыў маладзёна кіраўніком палякаў і той надумаў пярэчыць старому правадыру ваяроў ВКЛ.

Уладыслаў Ваза вельмі любіў балі і феерверкі. Моцныя напоі пашырыліся пры двары. Пагулянкі сталі нормай. Гэта адгукнулася грамадству ў 1648 г. польскімі гетманамі, якія валяліся п’янымі, пакуль іх войска прайгравала казакам бітвы.

Paslia kvarty harelki. Drevaryt z maliunka Vojcecha Hraboŭskaha Пасля кварты гарэлкі. Дрэварыт з малюнка Войцэха Грабоўскага

Будучы вялікі гетман і пераможца казакоў Багдана Хмяльніцкага Януш Радзівіл, па сведчаннях яго дзядзькі Альбрэхта, меў у маладосці на падпітку «слабую галаву», але здолеў апанаваць сябе. Сапраўды «моцную галаву» меў Аўгуст Моцны, у адрозненне ад Пятра І, які шмат зла зрабіў на Беларусі па п’яні...

Ну а пра напампаваных алкаголем і прыгатаваных пеўняў, якія ажывалі на сталах балюючай шляхты ў Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку», ці пра піўніцы французскіх він у Тызенгаўзенаў — асобная тэма.

Ī., budzma.org

Глядзіце яшчэ: