Палепшыць навыкі медыякамунікацыі можна бясплатна ў Віцебску. Супольнасць Vitebsk4Me запрашае на кароткі адукацыйны курс “Я раблю важную справу. Як прабіцца на медыя?”.
Вітаюцца тыя, хто ладзіць дабрачынныя канцэрты, мастацкія выставы, міні-фэсты аўтарскага кіно, хто жадае сабраць жыхароў раёна на талаку, запоўніць горад дызайнерскімі аб’ектамі ці кантэйнерамі для збору макулатуры, стварыць графіці ці сабраць грошы на выданне кнігі. Для процьмы спраў не зашкодзіць увага СМІ і шырокай аўдыторыі.
З 19 па 27 лістапада 2016 года на занятках курса выступяць рэдактары СМІ, блогеры, PR-спецыялісты, арганізатары грамадскіх кампаній і некамерцыйных праектаў у Беларусі.
Удзельнікі курса змогуць прайсці стажыроўку па профілі ў арганізацыях Беларусі. Каб запісацца на курс, неабходна запоўніць анлайн-анкету. Апошні тэрмін падачы анкет: 12 лістапада 2016 года, 23:59. Пытанні і заўвагі накіроўвайце на электроную пошту: vitebsk4me@gmail.com.