У гісторыі Усходняй Еўропы Расія неаднаразова выступала як сіла, якая ўмешвалася ва ўнутраныя справы суседніх краін, спрыяла іх палітычнаму аслабленню і падзелам. Расія выкарыстоўвала сілу і ўплыў для падтрымкі кансерватыўных рэжымаў і падрыву рэфарматарскіх намаганняў. Адным з яркіх прыкладаў з’яўляецца Гродзенскі сейм 1793 года, які зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прывёў да знішчэння дзяржавы. Падобныя сцэнарыі, што адбыліся больш за дзвесце гадоў з Рэччу Паспалітай, адбываюцца і цяпер з краінамі Усходняй Еўропы.
PALATNO расказвае, як знішчалі Рэч Паспалітую.
Канстытуцыя 3 мая, Таргавіцкая канфедэрацыя і перамога Расіі
Рэч Паспалітая ў XVIII стагоддзі была слабой федэратыўнай дзяржавай з дэцэнтралізаванай сістэмай кіравання. Выкарыстанне ліберум вета — права заблакаваць любое рашэнне сейма — прывяло да паралічу палітычных рашэнняў. Гэта зрабіла дзяржаву асабліва ўразлівай для знешняга ўплыву. Шэраг еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку і Расія, умешваліся ў справы Рэчы Паспалітай.
Расія актыўна ўмешвалася ў унутраную палітыку Рэчы Паспалітай, часта пазіцыянавала сябе як гаранта правоў шляхты. Яна падтрымлівала кансерватыўныя сілы ўнутры краіны, якія не жадалі рэформ і абаранялі свае традыцыйныя прывілеі. Сваю падтрымку Расія выкарыстала, каб кантраляваць палітычную сітуацыю праз сваіх агентаў і саюзнікаў у Рэчы Паспалітай.
У XVIII стагоддзі Расія пры Пятры І і Кацярыне ІІ значна ўмацавалася і стала адной з ключавых дзяржаў у Еўропе. Расія шукала магчымасці пашырыць свой уплыў на Захадзе, асабліва ў рэгіёне Усходняй Еўропы, які быў геапалітычна важным для кантролю над гандлёвымі шляхамі і буфернай зонай паміж Расіяй і Захадам.
У 1764 годзе на польскі трон быў абраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён быў былым фаварытам Кацярыны ІІ. Яго абранне адбылося пры прамым удзеле Расіі. Панятоўскі быў шмат у чым залежны ад расійскай падтрымкі. Гэта стала яшчэ адной прычынай, чаму Расія мела магчымасць уплываць на яго палітыку і на ўсю краіну.
Імператрыца Кацярына
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай
3 мая 1791 года прынялі Канстытуцыю Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя павінна была ўзмацніць уладу ў дзяржаве і знізіць залежнасць ад знешніх сіл. Яна выклікала супраціў як унутры краіны, так і з боку Расіі. Пасля прыняцця пры падтрымцы Кацярыны II частка магнатаў стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю.
Таргавіцкая канфедэрацыя была палітычным саюзам часткі магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай. Яна з’явілася ў адказ на рэформы супраць умацавання дзяржавы і абмежавання шляхецкіх прывілеяў. Канстытуцыя 3 мая зменшала ўплыў буйных землеўладальнікаў, таму рабіла шляхту менш залежнай ад магнацкіх родаў: гэта выклікала незадаволенасць апошніх.
Таргавіцкую канфедэрацыю асуджалі як сучаснікі, так і гісторыкі. Яе ўспрымалі як здраду нацыянальным інтарэсам і супрацоўніцтва з ворагам. Перамога канфедэрацыі прывяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Апошні сейм Рэчы Паспалітай
У 1793 годзе ў гісторыі Рэчы Паспалітай адбыўся апошні сейм. Ён прайшоў у Гродне. Дагэтуль ён мае трагічнае значэнне для былой краіны. На ім фактычна зацвердзілі пагадненне аб другім падзеле Рэчы Паспалітай, якое канчаткова аслабіла дзяржаўнасць.
Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі Рэч Паспалітая апынулася пад моцным палітычным уплывам Расіі і Прусіі. Абедзе дзяржавы рыхтаваліся да другога падзелу тэрыторый суседняй дзяржавы. Для надання легітымнасці другога падзела Рэчы Паспалітай спецыяльна склікалі сейм, які і павінен быў зацвердзіць пагадненне.
Гродзенскі сейм праходзіў з чэрвеня па лістапад 1793 года ў Гродне. Ён адбываўся ў цяжкіх умовах і пад моцным ціскам з боку расійскіх войск і дыпламатаў.
Многія ўдзельнікі сейму былі настроены супраць падзелу, але іх вымушалі прымаць рашэнні пад пагрозай выкарыстання ўзброеных сіл. Напрыклад, некалькі паслоў увогуле арыштавалі і вывезлі з Гродна.
Каралеўскі замак, дзе праходзіў сейм, быў акружаны расійскімі вайскоўцамі. Вайскоўцы мелі права прысутнічаць у зале пасяджэнняў, а адзін з афіцэраў увогуле сядзеў побач з каралём (сцвярджалася, што на Панятоўскага нібыта рыхтаваўся замах).
Каралеўскі замак у Гродне
Шмат удзельнікаў спрабавалі проста не з’яўляцца на пасяджэннях, каб сарваць галасаванне. Тым не менш, пагадненне зацвердзілі, а Рэч Паспалітая страціла каля 60% тэрыторыі на карысць Расіі і Прусіі. Падзельны трактат зацвердзілі 17 верасня.
На сейме таксама прынялі некаторыя змяненні: ліквідавалі Канстытуцыю 3 мая, аднавілі «вальны» лад кіравання, што фактычна вярнула палітычную сістэму Рэчы Паспалітай да стану да Чатырохгадовага сейма.
Гродзенскі сейм афіцыйна зацвердзіў пагадненне аб другім падзеле. Прусія атрымала значную частку Польшчы (уключаючы Торунь і Гданьск), а Расія — усходнія землі, уключаючы частку Беларусі і Украіны. Рэч Паспалітая стала практычна васальнай дзяржавай Расіі.
Гродзенскі сейм стаў перадумовай да канчатковага краху дзяржавы. Ужо ў 1794 годзе пачалося Паўстанне Касцюшкі, якое стала апошняй спробай вярнуць незалежнасць. Аднак яно скончылася паражэннем, а ў 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога дзяржава была цалкам ліквідавана і падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй.
Гродзенскі сейм стаў сімвалам знешняга ўціску і палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай. Яго рашэнні прынеслі краіне трагічныя вынікі, а падзелы 1772 і 1793 гадоў сталі фактычным знішчэннем яе суверэнітэту. Гэтыя падзеі адыгралі важную ролю ў фарміраванні нацыянальнай памяці і гістарычнай свядомасці і ў Польшчы, і ў Беларусі.
Чытайце яшчэ: Станіслаў Аўгуст Панятоўскі: закладнік палітычных абставінаў або няўмека-кароль? Цікавыя факты з жыцця апошняга караля Рэчы Паспалітай