20 сакавіка у аг. Чаркасы Дзяржынскага раёна ўпершыню адбылося ўнікальнае мерапрыемства “Свята Птушак”, дыпломны праект Шостака Сяргея, выпускніка кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, прымеркаваны прылёту птушак, у аснову якога пакладзена легенда пра сорак пакутнікаў. У змесце свята зроблены акцэнт на рэгіянальныя традыцыі і асаблівасці. Меркавалася, што вясна паволі ўступае ў свае правы і дадому вяртаецца 40 выраяў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў.
Свята пачалося ўрачыста, з атрымання пячэння ў выглядзе “Жавароначка” і павязвання сімвалічнай стужкі ”шчасця” кожнаму ўдзельніку, а яшчэ з выступлення дзіцячага ансамбля “Вясёлыя ноткі”.
Затым было прадастаўлена слова дырэктару Чаркаскага Дома культуры Кірылу Іванавічу Шыку, які адзначыў наколькі актуальным з’яўляецца даннае свята, якое не толькі прыносіць добры настрой, а яшчэ і далучае ўдзельнікаў да традыцый роднага краю, патрыятызму і беларускай мовы. Напрыканцы выступлення Кірыл Іванавіч пажадаў усім міру, дабра і святла ў сэрцах.
Свята працягнулася тэатралізаваным прадстаўленнем: Вясноўка і Птушкі віталі гасцей з прыходам вясны, прылётам птушак. Удзельнікі выказвалі свае пажаданні на лета, перадаючы адзін аднаму “Птушку шчасця”. Шмат разнастайных абрадаў было на свяце: абрад прымання веснавых ключоў, абмятанне вароны, разрыванне Саламянкі. Жыхары аграгарадка вадзілі карагоды, гулялі ў народныя гульні, спявалі, адгадвалі загадкі. Канцэртная праграма была прадстаўлена дзіцячым ансамблем Чаркасакага ДК “Вясёлыя ноткі”, ансамблем народнай песні “Сяброўкіі” і творчымі падарункамі ад студэнтаў УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”.
Падчас свята працавалі гульнёвыя пляцоўкі: “Моц калоды”, дзе удзельнікам трэба было з аднаго ўдару загнаць у пень па самую шляпку вялікі цвік. Здавалася б, задача не складаная, але паспрабаваўшы, кожны разумеў, што гэта зрабіць зусім не проста. Вялікай папулярнасцю карыстаўся народны атракцыён “Чыгуны”, дзе кожнаму гульцу на галаву надзявалі вялікі чыгун і яму трэба было змейкай прайсці і не зачапіць ні воднага чыгуна, які вісеў у яго над галавой. Перамагчы ў гэтым атракцыёне было вельмі складана, і часцей за ўсё пад звон закранутых чыгуноў і рогат гледачоў удзельнік выбываў з гульні. Было і шмат іншых аракцыёнаў: “Зязюлька”, “Воранаўскі чыгун”, “Кольцакід”, працавала і майстэрня па вырабе шпаковень, дзе кожны ахвотны мог гэтаму навучыцца. Акрамя таго, у межах свята адбылася выстава “Птушкі якія занесены ў чырвоную кнігу”. Таксама была зона аквагрыма, дзе дзецям малявалі птушачак на твары.
Напрыканцы свята была разарвана Саламяначка, бо ёсць ў народзе павер’е, што чалавек, які разрывае саламяначку, абавязкова павінен ўхапіць сабе пруцік ад яе, які прыносіць моц, здароў’е, і служыць засцярогай ад нячысцікаў і зглазу.
Завяршылася свята ўладкаваннем шпаковень на дрэвах.
Свята не пакінула нікога абыякавым і выклікала шмат станоўчых эмоцый ў жыхароў і гасцей аграгарадка Чаркасы, якія наведалі гэтую цудоўную дзею.
Вікторыя Манько