Як вандравала шляхта і літаральна «жыла ў карэтах»

08.09.2022 Гісторыя

«Маёнтак Падароск» працягвае распавядаць пра паўсядзённая жыццё шляхты ў XVII — ХІХ стагоддзях.


305687717_451479747018023_4407947469366897819_n.jpg

Падарожжа было прывілеем шляхты і неад’емнай часткай выхавання моладзі. Да сярэдзіны XVII ст. пераважалі акадэмічныя паездкі, «перэгрынацыі», пазней развіваецца і турыстычны аспект. Але найперш падарожжы былі важным спосабам падтрымання неабходных кантактаў, дэманстрацыяй уласнай шляхецкай годнасці, падставай для кар’ернага поспеху.

Буйныя магнаты агулам праводзілі так значную частку жыцця. Напрыклад, князь Францішак Сапега вандраваў амаль увесь год, вяртаючыся на радзіму ў канцы лета і зноў з’язджаў позняй восенню. А канцлер ВКЛ Альбрыхт Станіслаў Радзівіл у год праязджаў каля 2,5 тысяч кіламетраў і, па меркаваннях сучаснікаў, «жыў у карэце».

У ХІХ ст. папулярнымі маршрутамі былі Парыж, Варшава, Дрэздэн, італьянскія гарады. Не абміналі шляхцічы і курорты: Шлёнскія воды, Карлсбад, воды Зальцбурга, мора пад Каралеўцам, Друскенікі... А рамантыкі эпохі складалi літаратурныя дзённікі па сваіх падарожжах (Ю. Крашэўскі, А. Кіркор, У. Сыракомля) каб папулярызаваць вандроўкі па роднаму краю.

З кнігі «Шляхі вялі праз Беларусь»:

Падарожнік Зянон Фіш так з гумарам апісваў зборы ў «вялікі свет» сярэдняй рукі шляхціца:

«У нас да сённяшняга дня выезд з дома з’яўляецца пэўным урачыстым актам, які патрабуе забеспячэння рознымі рэчамі і дробязямі. Увесь дом працуе на адну павозку, ужо за два тыдні перад дарогай пачынаюць таўсцець людзі, адпасвацца коні; рамантуецца вупраж, і павозка перад кузняй узмацняецца рознымі акоўкамі, клямарамі і шрубамі. Пякуцца булкі, робяцца свежыя каўбасы. сквірчыць тушаная капуста з мясам, мыецца бялізна, нарэшце павозка пад’язджае пад ганак, засупоньваюцца клункі, мяшкі, чамаданы; усе цяжэюць і тлумна лезуць у брычку, сядаюць ззаду, уперадзе, пасярэдзіне; перад носам, над галавой, дзе толькі можна. Набрынялая брычка стаіць паважна, і вось перакормленыя коні ўпрагаюцца ў яе, таксама перакормленыя людзі запаўняюць яе чэрава. Высыпае чэлядзь, дзівуецца з ганка і з-за платоў, стракоча сарока, цялё з загарадкі глядзіць прыдуркавата на ажыўлены рух на двары, скрыпяць дзверы, бегаюць пакаёўкі, яшчэ пакуюць у брычку нейкія клункі; урэшце тоўсты ягамосць з цыбуком, палачкай, ружжом і капшуком залазіць, нібы душа ў цела, у нутро, развітваюцца падарожнікі, і на вачах ва ўсіх павозка выкочваецца з дзядзінца. Брычка салідна прагрукоча па вуліцы, правалачэцца праз грэблю, узнімецца на ўзгорак; урэшце знікне ўсім з вачэй».