Нам шмат разоў казалі, што папера як носьбіт інфармацыі ўжо неактуальная. Што праз сацыяльныя сеткі людзі даведваюцца пра ўсё лепш і хутчэй. Што ў інтэрнэту больш мабілізацыйных магчымасцяў. Але падзеі 2020 года — пры ўсіх магчымасцях інтэрнэту — калі не абвяргаюць гэтыя высновы, дык істотна ўдакладняюць іх.
«Олдскул» працуе
Як жа ў Ціханоўскай атрымалася сабраць столькі народу на свой перадвыбарчы мітынг? Бо раней лічылася велізарным поспехам, калі на палітычную акцыю прыходзіла пяць тысяч чалавек, а тысяча ўдзельнікаў азначала, што «мітынг атрымаўся».
На маю думку, найбольшую ролю ў поспеху Ціханоўскай адыгралі папяровыя ўлёткі, якія былі расклееныя на тумбах і слупах ва ўсіх раёнах Мінска. Бо тая самая «традыцыйная апазіцыя», імкнучыся выконваць заканадаўства (інфармаваць грамадзян аб масавай акцыі можна толькі пасля атрымання дазволу на яе, а дазвол заўсёды выдаваўся за тры-пяць дзён да акцыі), проста не паспявала развешваць «папяровыя» запрашэнні, і з цягам часу гэтая практыка сышла ў нябыт. Вынік — усе акцыі за апошнія некалькі гадоў (да перадвыбарчай кампаніі, вядома) не былі асабліва масавымі. Выключэнне — хіба што «Маршы недармаедаў» у 2017 годзе.
Мітынг Ціханоўскай, які праводзіўся ў межах выбарчай кампаніі, не патрабаваў спецыяльнага дазволу. Адпаведна, улёткі з запрашэннем на мітынг з’явіліся за тыдзень да яго. І гэтага аказалася дастаткова, каб пра мерапрыемства даведалася велізарная колькасць народу.

Інтэрнэт vs папера
Цяпер роля інтэрнэту ў пратэсным руху высокая як ніколі. Дваровыя тэлеграм-каналы і чаты дазваляюць з’яднаць людзей і сабраць іх разам. Стрымы хутка паказваюць яркія моманты акцый. Сацыяльныя сеткі і СМІ «выбухаюць» рознымі фота і відэа штонядзелю.
У інтэрнэту, сацыяльных сетак і тэлеграм-каналаў, пры ўсіх іх шматлікіх вартасцях, ёсць, на маю думку, два істотныя недахопы. Першы недахоп — гэта досыць вялікая інертнасць інтэрнэт-карыстальнікаў. Таму і ўзнікаюць такія мемы, як «канапавыя войскі», таму часам колькасць праглядаў анлайн-рэпартажу з масавай акцыі ў тры-чатыры разы перавышае колькасць яе ўдзельнікаў (так было, напрыклад, з леташнімі маршамі супраць «паглыбленай інтэграцыі» з Расіяй). Інтэрнэт дае пачуццё датычнасці там, дзе яго быць у прынцыпе не павінна: паглядзеў стрым з акцыі — і быццам паўдзельнічаў. Таму журналісты недзяржаўных СМІ ў кулуарах сур’ёзна задумваліся, ці не спыніць такую практыку анлайнаў — каб на акцыі выходзіла больш народу.
І другі недахоп — сама сістэма пабудовы сацыяльных сетак.
Сацыяльныя сеткі ствараліся для таго, каб мы маглі мець зносіны з сябрамі і знаёмымі, былымі аднакласнікамі і калегамі, дзяліцца з імі сваімі радасцямі і нягодамі. Таму ў стужках паведамленняў мы бачым сваіх сяброў і сяброў сваіх сяброў. Але яны, як правіла, падзяляюць нашыя погляды і інтарэсы. І таму пераконваць іх, «што такое добра, а што такое дрэнна», няма патрэбы.
Як дагрукацца да незнаёмых нам людзей? Лічаныя асобы заходзяць у чаты і каналы, напрыклад, «ябацек» і зрэдку ладзяць там бучу на роўным месцы. Але і гэта не так карысна, бо нельга пераканаць людзей, якія маюць цвёрдыя погляды, нават калі гэтыя погляды не супадаюць з тваімі.
А ёсць яшчэ і тая маса, якая на мове палітолагаў завецца «балотам». Гэта людзі, якія жывуць па прынцыпе «мая хата з краю», «я нічога не вырашаю», «я — як усе». Іх дэвізам ёсць фраза: «Вы спачатку зрабіце, а там паглядзім». Прычым галоўнае слова тут — «вы». Яны самі нешта змяніць не наважваюцца. Яны чакаюць, што нехта прынясе ім свабоду, дэмакратыю і дабрабыт на падносе — як гэта робіцца з баршчом у сталоўцы.
Як правіла, гэтыя людзі пазбягаюць і дваровых чатаў, і мясцовых тэлеграм-каналаў (гэта ж небяспечна!) і выкарыстоўваюць інтэрнэт у асноўным для забавы.
Таму 2020-ы стаў не толькі годам адраджэння беларусаў у прынцыпе, але і годам адраджэння самвыдату.
Самвыдат. Вяртанне
Самвыдат — наогул рэч цікавая. Першай яго праявай на нашых землях, напэўна, можна лічыць «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. Гэта быў класічны самвыдат — даволі масавая незарэгістраваная падпольная газета для шырокага кола чытачоў.
Самвыдат меў багата ўвасабленняў. Падпольная бальшавіцкая «Іскра», анархісцкія і эсэраўскія газеты, падпольны друк падчас фашысцкай акупацыі. Машынапісныя копіі кніг, вершаў і публіцыстыкі часоў дысідэнтаў і брэжнеўскага «застою», адраджэнне ў 1990-я пад сучасным скаротам DIY (Do It Yourself — «зрабі сам»). Адна з апошніх яскравых старонак самвыдату —знакамітая газета «Навінкі», што пачалася менавіта як самвыдат, а потым ператварылася ў зарэгістраванае друкаванае выданне. Рашэннем Мінінфармацыі «Навінкі» памерлі, так і не здолеўшы перайсці ў «лічбавы» фармат.
Цяпер самвыдат вяртаецца — як адзін са спосабаў працы з «інертнымі» пластамі грамадства — і не толькі. Да мяне ў паштовую скрыню рэгулярна трапляе «Сумленная газета». Класічны прыклад прэсы для тых, хто «не цікавіцца палітыкай».
У асноўным у «Сумленнай газеце» — перадрукі матэрыялаў з TUT.BY, Радыё Свабода, Еўрарадыё, «Беларускіх навінаў» і тэлеграм-канала Ціханоўскай. Уласных матэрыялаў амаль няма, дый яны і не патрэбныя. Газета якраз разлічана на тых, хто адносна вялікія матэрыялы ў інтэрнэце не чытае ў прынцыпе.
«Сумленная газета» — таксама класічны прыклад самвыдату, яна прыходзіць кожны раз па-рознаму. Часам гэта сапраўды падобна на газету, часам — змацаваныя стэплерам старонкі А4 з двухбаковым друкам на звычайным прынтары. Мяркуючы па датах, «выходзіць» яна з рук энтузіястаў раз на тыдзень. І гэта якраз тое, што трэба для «разварушвання мазгоў» простага абывацеля. Ніякіх лозунгаў. Ніякіх заклікаў. Ніякіх «Даеш» і «Няхай жыве!». Ніякай прапаганды. Проста інфармацыя, што дазваляе паглядзець на падзеі з пункту гледжання, адрознага ад тэлевізара.
Пры гэтым у газеце дастаткова карысных спасылак — на тыя ж фонды салідарнасці ці чатботы заводаў. І, вядома ж, спасылкі на саму сябе — на рэсурс, дзе можна спампаваць электронны варыянт і раздрукаваць у той колькасці, у якім дазволяць магчымасці.
Варта адзначыць, што ў рэкламным смецці я «Сумленную газету» практычна не бачу. А значыць, суседзі яе не выкідаюць, яна карыстаецца папулярнасцю.
Для агітацыі і прапаганды «Сумленная газета» не выкарыстоўваецца. Але нярэдка разам з ёй трапляюцца і ўлёткі рознага зместу. Былі ўлёткі з заклікам да страйкаў, улёткі ініцыятыў Ціханоўскай, у прыватнасці «Народнага трыбуналу», і проста ўлёткі з заклікам выходзіць на маршы і акцыі салідарнасці.
Скептыкі могуць сказаць: «Пфе, перавесці інтэрнэтны тэкст на паперу вялікага розуму не трэба». Аднак прыкладна па такім прынцыпе працавала цалкам паспяховае (да таго, як яго забаранілі друкаваць у Беларусі) выданне «Свободные новости плюс». Праўда, у «СН+» усё ж прысутнічалі аўтарскія калонкі, але пераважная большасць матэрыялаў была інтэрнэтнай. І газета карысталася попытам!
Эклектыка і сінергія
Такім чынам, цяперашні час — час эклектыкі, змешвання стыляў, формаў і жанраў. Інтэрнэт і новыя медыя — гэта выдатна, але і «олдскульныя» метады данясення інфармацыі да насельніцтва працуюць — і працуюць добра.
Некалі, з поўным сыходам у інтэрнэт газеты «Наша ніва», такі ж лёс прадказвалі ўсім друкаваным СМІ. Але папяровыя газеты пакуль застаюцца запатрабаванымі — прычым запатрабаванымі больш, чым калісьці. Інакш не адрадзіўся б феномен самвыдату.
Дый сама «Наша Ніва», сышоўшы ў інтэрнэт, пачала рабіць два папяровыя праекты — часопіс «Наша гісторыя» і дзіцячы часопіс «Дуду». Значыць, не ўсё так добра і вясёлкава ў інтэрнэце?
Аліна Бялова для budzma.by