Куратары экалагічнага праекту EVAA сумесна з музыкамі стварылі незвычайную гукавую інсталяцыю прама на мядзельскім возеры Акунёк. На яго беразе артысты ігралі імправізацыі, а гукарэжысёры, седзячы ў лодцы, запісвалі, піша citydog.io. Выйшла незвычайна і прыгожа.
На днях ў інстаграме EVAA Project выйшаў незвычайны цізерны ролік. Музыкі зрабілі вельмі прыгожы відэамузычны праект, які запісалі наўпрост пасярэдзіне беларускага возера Акунёк.
Асаблівасць гэтай працы ў тым, што ў адной музычнай інсталяцыі спалучыліся класічныя інструменты і гукі прыроды. Разам з флейтай і габоем у дзіўнай гармоніі чуецца шум ветра і дрэў на фоне.
Пры запісе выкарыстоўвалі акустычныя мікрафоны, якія ўлоўліваюць гукі на 360 градусаў, і гідрафоны. Такая тэхналогія і кампактны памер возера дазволілі зрабіць гук максімальна аб’ёмным.
Як распавялі CityDog.io аўтары праекту, запіс быў створаны ў некалькі этапаў. Музычныя інструменты запісваліся ў студыі, а потым запіс узнаўляўся на возеры з дапамогай апаратуры.
На возеры ж зноў пачынаўся запіс, на гэты раз з гукамі месца, «якое дало імпульс, стала гледачом і ў рэшце рэшт суаўтарам гучання», гавораць аўтары.
Запісвалі музыку і гукі прыроды проста з лодкі, якая стаяла ў цэнтры вадасховішча. З-за такой тэхналогіі атрымалася злавіць драбнюткія дэталі ўсіх гукаў.
— Калі музыкі спынялі граць, гэтыя паўзы імкнуліся запоўніць сваім спевам птушкі. Здаецца, яны думалі, што з імі нехта размаўляе. Было вельмі прыгожа, — успамінае одна з куратарак праекта.
Па словах дзяўчыны, самы вялікі кайф акустыкі ў гэтага возера ў тым, што гук як бы адбіваецца ад паверхні вады і дрэў вакол. Можна было стаць у любым месцы, крыкнуць і пачуць моцнае рэха.
— Для мяне гэтая гісторыя пра тое, што прырода становіцца суаўтарам. Я б сказала, што гэта чыстая магія, калі чалавечае і прыроднае змешваецца ў адно. Тут творчасць злучаецца ў чарадзейную сумесь. Мы з музыкамі шмат абмяркоўвалі, наколькі ўсё неверагодна было падчас запісу на возеры.
Напрыклад, калі мы спускаліся да лакацыі, накрапваў невялікі дождж. Гэта было вялікай праблемай, таму што нельга было дазволіць апаратуры намокнуць. Ды і самі хмары звычайна не дазваляюць настолькі добра перамяшчацца гуку ў прасторы, як пры ясным надвор’і. Мы баяліся, што нічога не зможам зрабіць.
Але, калі хлопцы дасталі свае інструменты і пачалі граць, хмары магічным чынам разышліся. Выглядала так, нібы прычынай добрага надвор’я і праўда былі нашы гукі.
Музычная імправізацыя была запісаная пры падтрымцы куратараў беларускага экалагічнага праекту EVAA. У кастрычніку 2022 года яны ладзілі выставу ў Вільні. Адным з элементаў і была «азёрная» кампазіцыя.
EVAA (Environmental Audio Visual Art) — праект, асноўная ідэя якога — злучыць экалогію і мастацтва. Актывісты развівалі яго па прынцыпе «памежнага эфекту». Гэта экалагічны тэрмін, які абазначае экасістэму, якая ўзнікае пры злучэнні дзвюх іншых. Так, на мяжы вады і зямлі могуць жыць асобныя віды, якія не могуць знаходзіцца поўнасцю на сушы. Напрыклад, жабы ці стракозы.
У рамках EVAA Project кожнае лета куратары арганізацыі ладзяць тыднёвыя пленэры, вынікам якіх з’яўляюцца выставы, інсталяцыі або любыя іншыя арт-аб’екты.
Так выглядала адна з актыўнасцяў пленэру ў 2014-м. Задачы такіх з’ездаў — абмеркаваць актуальныя праблемы экалогіі і мастацтва, а таксама падзяліцца ведамі сумежных абласцей.
— Мы як людзі аддзяліліся ад прыроды. Чалавецтва за апошнія стагоддзі ці то адчула сябе гаспадаром усяго жывога, ці, наадварот, госцем на Зямлі. Мастакі на нашых івентах павінны адчуць сябе роўнымі з усімі іншымі істотамі. Мы не лепшыя і не горшыя за дрэва, мы проста іншыя: вось адна з думак, якую мы спрабуем данесці сваім праектам, — падкрэсліла актывістка.
Музычная кампазіцыя, якую запісалі на возеры Акунёк, — яскравае пацверджанне таму, як прадуктыўна і класна могуць працаваць разам чалавек і прырода.