Іх называюць «беларускія індзейцы». Яны шыюць сабе вопратку з сапраўдных аленевых ці воўчых шкур, выязджаюць у далёкія лясы і жывуць там у сапраўдных ціпі — традыцыйным жытле паўночнаамерыканскіх індзейцаў. Яны плаваюць па рэках і азёрах у сапраўдных індзейскіх каноэ, ведаюць абрады і валодаюць мастацтвам рытуальных танцаў, умеюць спяваць індзейскія песні. Беларускія індзейцы ездзяць па ўсім свеце і сустракаюцца не толькі з такімі ж, як яны, але і з сапраўднымі індзейцамі. Гэтыя цікавыя людзі сціпла жывуць побач з намі, а мы часам і не здагадваемся пра іх яркі і незвычайны ўнутраны свет.
Паразмаўлялі з чалавекам, які з юнацтва захапляецца індзейскай культурай і спалучае ў сваім жыцці старадаўнія індзейскія і старажытнабеларускія традыцыі. Гэта Алег Мяцеліца — грамадскі дзеяч, актывіст экалагічнага і турыстычнага руху з невялікага мястэчка Бялынічы, што на Магілёўшчыне. Размова адбываецца ў Вільні, куды Алег, як і многія іншыя беларусы, вымушаны быў пераехаць пасля падзей 2020 года.
Алег Мяцеліца стаіць у другім шэрагу па цэнтры.
— Алег, як і калі тэма індзейцаў, так бы мовіць, зачапіла? Калі індзейцы ўвайшлі ў тваё жыццё?
— Праз кіно, праз кнігі прыйшло гэта захапленне. І мушу сказаць, што не толькі мяне, а шмат каго з равеснікаў у маім дзяцінстве неверагодна захоплівалі прыгоды, рамантыка апісаных і паказаных з вялікага экрана падзей.
Усе вакацыі мы з братам праводзілі ў бабулі і дзядулі ў вёсцы Старкі Круглянскага раёна — а там у нас хапала сяброў сярод мясцовых хлапчукоў. І вось, як кажуць, знаходзячыся бліжэй да прыроды, у навакольных палях і лясах Кругляншчыны, у нас было дзве гульні — спачатку «ў нашых і немцаў», а потым «у індзейцаў».
— У большасці хлопцаў гульні ў індзейцаў не пакінулі асаблівых уражанняў, а ў цябе вось захапленне засталося на доўгі час, і нават, можна сказаць, стала часткай усяго жыцця.
— Я не ведаю, як гэта атрымалася, але дакладна памятаю, што калі ў школе нам раздавалі анкеты, дзе адным з пытанняў было «Кім ты хочаш быць?», то ў патрэбным радку я напісаў: «Індзейцам». Такое ў мяне было жаданне патрапіць — нават не ў той кніжны час, а ў атмасферу рамантычных сюжэтаў, цудоўных адносінаў паміж людзьмі, туды, дзе дабро заўсёды перамагае зло.
— А як ты патрапіў у індзейскую супольнасць? Як наладзіў ужо сур’ёзныя стасункі з аматарамі індыяністыкі?
— Так склалася, што ва ўніверы мы сябравалі з Сяргеем Шапранам, вядомым цяпер журналістам. Зразумела, мы шмат часу праводзілі разам, і я неяк распавёў сябру пра сваё патаемнае захапленне. А Сяргей у хуткім часе прыходзіць з рэдакцыі «Знамя юности», дзе ён у той час працаваў, і кажа, маўляў, у газеце толькі што выйшаў артыкул пра «беларускіх індзейцаў», а дакладней пра айчынных аматараў індзейскай культуры. Зразумела, у тым матэрыяле ўсё было крышачку перабольшана — нібыта нашы «індзейцы» сапраўдныя качэўнікі, вандруюць па лясах і пушчах, вядуць такі суворы лад жыцця з усімі атрыбутамі індзейскага быту.
У рэдакцыі застаўся нумар тэлефона правадыра беларускіх індзейцаў па імені Танта. Мне было вельмі няёмка, больш за тое — сорамна з той нагоды, што я такі дылетант і нічога не ведаю: ні як будаваць ціпі, ні як рабіць індзейскія строі, ні як граць на шаманскім бубне, ні як адзначаць святы. Але я ўгаварыў Сяргея, каб ён дамовіўся на інтэрв’ю з Тантам і папрасіў, каб мой сябра сказаў, што я нібыта фотакарэспандэнт і прыйду на сустрэчу таксама.
І вось мы сустрэліся з тым надзвычай цікавым чалавекам у скверыку непадалёк ад майго геафака, і я не мог нават уявіць тады, што з Тантам мы моцна пасябруем і наша сяброўства працягнецца з першай паловы 1990-х да сённяшняга дня. А на той памятнай сустрэчы Танта, ці Чыф, як яго яшчэ называлі, распавёў не толькі пра беларускіх аматараў-індыяністаў, але і пра супольнасць на ўсёй постсавецкай прасторы. Між іншым, ён меў неасцярожнасць сказаць, што збіраецца на традыцыйнае Пау-Вау — вялікае індзейскае свята, прысвечанае летняму сонцастаянню, адзначыць якое прыязджаюць людзі з усяго былога Савецкага Саюза, і што яно будзе праводзіцца традыцыйна пад Ленінградам.
Тая сустрэча сталася такім вялікім уражаннем, што я другі раз звярнуўся да свайго сябра Сяргея і пачаў ліхаманкава ўгаворваць яго, каб ён выбіў у рэдакцыі камандзіроўку на індзейскае свята пад Ленінградам для сябе, а я зноў паеду нібыта фотакорам. Тады ў мяне толькі нарадзілася дачушка Яўгена, было вельмі складанае становішча — на двары 1993 год — але мама Яўгены адпусціла мяне ў тую вандроўку, таму што разумела, наколькі гэта для мяне важна.
— І вось ваш вялікі паход адбыўся! Ты помніш сваё першае ўражанне па прыбыцці да індзейскага лагера?
— Ад Ленінграда да Талмачова трэба было праехаць дзесьці каля паўтары сотні кіламетраў на цягніку, а потым ісці пешшу ў зададзеным кірунку, проста па мясцовасці ў бок рэчкі. Мы з Сяргеем ішлі, размаўлялі, і тут раптам адкрываецца даліна, абрыў, а далёка ўнізе — разбіты вялікі лагер, стаяць больш за тры дзясяткі ціпі. Бегаюць сабакі, гуляюць дзеці. Усе людзі ў індзейскай вопратцы. Іншым словам — ідзе жыццё. Вачам адкрылася сапраўдная старажытная вёска з усімі нюансамі пражывання пасярод дзікай прыроды.
Я замоўк на паўслове і спыніўся, агаломшаны гэтай прыгажосцю. Потым сеў на траву на краі абрыву і глядзеў можа з гадзіну на тое, што адбывалася ўнізе. І тады яшчэ падумаў: «Я марыў сюды патрапіць, і вось яно — збылося!».
Архіўнае фота з Пау-Вау пад Піцерам
Людзі туды прыехалі з самых розных куткоў — з Літвы, з Беларусі, з Латвіі, з Эстоніі, з Украіны, з Сібіры, з Карэліі. Я сустрэўся там і з Тантам, з якім ужо быў знаёмы, і з іншымі беларусамі. У той час, каб дамовіцца на сустрэчу, адзін аднаму пісалі звычайныя папяровыя лісты і адпраўлялі па пошце ці сазвоньваліся па гарадскіх тэлефонах. Але ж вось, мяне заўсёды цікавіла пытанне — кудысьці ж трэба было адправіць самы першы ліст, каб аб’явіць сябе індзейцам. Напэўна, у нейкую рэдакцыю ці ў нейкі клуб па інтарэсах?
На той момант, летам 1993 года, індзейская тусоўка пад Піцерам сабралася ўжо чацвёрты ці пяты раз.
— Ці праўда, што на некаторыя сустрэчы запрашалі нават сапраўдных індзейцаў з ЗША?
— Так, гэта праўда. Аднойчы ў Мінску мы рабілі такі своеасаблівы індзейскі фэст, і прыязджаў з Амерыкі індзеец наваха. Акрамя таго, што ён быў, як бы гэта сказаць, прапагандыст індзейскай культуры, ён яшчэ выдатна граў на флейце ў сваім ярка выражаным этнічным стылі. Увогуле людзі, каторыя прыязджалі, яны вядомыя ў сябе на радзіме. Не шараговыя, напрыклад, заўзятары мясцовага бара. Гэтыя індзейцы — публічныя людзі, якія займаюцца такой своеасаблівай культурнай асветай, могуць правесці цырымонію ці абрад, прачытаць традыцыйныя малітвы, распавесці пра нейкія тонкасці ці сакрэты, ведаюць легенды, песні, звычаі, самі маюць высокі статус у індзейскай супольнасці.
— А пасля сваёй самай першай паездкі на Пау-Вау ты прыязджаў туды яшчэ?
— Я ездзіў кожны год, амаль без перапынку, да 2014 года. Да часу, калі палітыка Расіі нас усіх не падзяліла на «сваіх» і «чужых». Усе без выключэння беларусы, літоўцы, латышы, эстонцы, не кажучы пра саміх украінцаў, вельмі дакладна вызначыліся тады з пытаннем «чый Крым».
І для ўсіх нас было вельмі дзіўна назіраць за нашымі расійскімі калегамі па індзейскай тэме — па сваёй сутнасці гэта ж тэма падаўлення вялікай сістэмай свабоды малых народаў, знішчэння іх культуры, мовы, традыцый, захоп тэрыторый. І здавалася б, мы ўсе разам займаемся аднаўленнем той культуры, мы супраць дыскрымінацыі па нацыянальных, па рэлігійных прыметах, мы супраць рэзервацый, мы за вольнасць і незалежнасць!
Але ж так сталася, што практычна ўсе нашы расійскія, былыя ўжо паплечнікі, апынулія «імперцамі», а мы ўсе для іх сталі «бандэраўцамі».
Алег Мяцеліца побач з буратам Цімафеем на Пау-Вау непадалёк ад Санкт-Пецярбурга
— І пасля 2014 года ты пачаў рабіць індзейскія дні ў Беларусі?
— Мы называлі іх ІТ — Indian Time, ужываючы паміж сабой такое паняцце — «індзейскі час». Так склалася, што на індзейскія дні ўсе збіраліся за тыдзень да правядзення Купалля (дарэчы, сутнасць Пау-Вау і Купалля аднолькавая — свята ў гонар Сонца, у найвышэйшым яго стане ў гадавым цыкле).
Спадар Алег у вобразе
У чым сэнс індзейскага часу? Напрыклад, хтосьці задае пытанне «Якая гадзіна?». А ўсе на яго глядзяць з непаразуменнем — маўляў, а якая розніца? Сонца яшчэ высока, спаць не трэба. Але ж, калі хочаш паспаць, паспі. Хочаш паесці? Паеш. Ёсць жаданне зрабіць любую іншую патрэбную і карысную справу? Зрабі. Няма ніякіх абмежаванняў па часе. Навошта сабе рабіць штучную праблему з нейкім дэдлайнам. Калі заўтра збіраемся? Як сонца ўстане над лесам, так і збяромся.
Герой нашага матэрыялу — у другім шэрагу стаіць у светлым стэтсане і ў цёмна-чырвонай у клетку кашулі.
Мы сустракаліся нашай невялікай беларускай тусоўкай. Бывала, што стаяла і шэсць ціпі ў лагеры, а бывала, што тры. Звычайна было чалавек дзесяць. Наша месца было на Друці, у Бялыніцкім раёне — у дастаткова, так бы мовіць, глухім месцы, але вельмі прыгожым — «на Дубах». Туды вяла ледзь заўважная лясная дарога праз дастаткова вялікі лес і выводзіла ў даліну, на вялізны луг перад вадой, дзе рака рабіла круты паварот. Тыдзень мы стаялі індзейскім лагерам, жылі ў ціпі, а потым на бліжэйшыя да Купалля выходныя збіраліся ўсе астатнія людзі — з машынамі, з намётамі, хто з начлегамі, хто на ноч да раніцы.
У некаторыя гады на наша Купалле прыязджала да двухсот чалавек з усіх куткоў Беларусі, а некаторыя нават і з бліжэйшага замежжа.
— Вядома, што індзейцы не маюць загадзя падрыхтаваных імён — іх імёны нараджаюцца самі па сабе, інтуітыўна, у залежнасці ад падзей, часу, месца ды іншых акалічнасцяў. Якое імя носіш ты і да якога племені ці племяннога саюза ваша супольнасць імкнецца ўмоўна належаць?
— Нашай супольнасцю кіруе Танта, а ён калісьці выбраў народ лакота. Таму ўсе мы, так ці іначай, разам з нашым правадыром. Але ж, зразумела, насамрэч усё складаней і глыбей — таму што, паўтаруся, мы даўно мінулі перыяд рэстаўрацый, а ў цяперашнім нашым жыцці ёсць розныя цікавасці — напрыклад мяне вельмі цікавіла канструкцыя лясных макасінаў, і я рабіў іх так, як належыць — і падэшву, і ніткі, і насок, і пятку — карацей, захоўваў цалкам тэхналогію. Тое ж самае датычыцца іншых рэчаў — розных канструкцый каноэ альбо ціпі (ці вігвама), калі хтосьці жадае зрабіць сабе лук са стрэламі, якія, напрыклад, ужывалі горныя паўднёвыя індзейцы, калі ласка, ніхто не забараняе!
Што тычыцца імя, за мной замацавалася Мятла, і болей ніхто ніколі не называў мяне па-іншаму. Тут увогуле цікавая сітуацыя: мы настолькі прызвычаіліся называць адзін аднаго індзейскімі імёнамі — Танта, Птушка, Бізон — што часам бывалі кур’ёзныя выпадкі. Напрыклад, я спяшаюся перадаць тэрміновую інфармацыю свайму сябру Бізону. Тэлефаную на яго хатні тэлефон у Кіеў, у прадчуванні, што вось зараз агаломшу хлопца тым, што скажу. Нечакана здымае слухаўку яго маці, і я раптам разумею, што прасябраваўшы столькі гадоў, я не ведаю ні імя, ні прозвішча Бізона, так сказаць свецкага, па пашпарце. Дзякуй вялікаму Маніту, мама ведала пра сынава індзейскае імя, і на маё няўпэўненае мычанне пра Бізона з усмешкай пагадзілася яго паклікаць.
Гасцінны і добразычлівы гаспадар Мятла прымае ў сваім ціпі гасцей і частуе іх сапраўднымі індзейскімі прысмакамі
— У 2020-м ты быў вымушаны з’ехаць з Беларусі ў Літву. Ці маеш тут стасункі з «літоўскімі індзейцамі»?
— З калегамі па індзейскіх справах з Літвы я трымаю сувязь яшчэ з першай паловы 1990-х. Кожны год зараз я выязджаю з імі прыкладна на тыдзень. У іх ёсць свае месцы, і нягледзячы на тое, што тут шмат прыватных зямель, літоўцы вырашаюць пытанне, дзе стаць лагерам на даволі працяглы час.
Усё гэта не афішуецца, людзі трымаюцца сваім, так бы сказаць, закрытым кланам. Прыехаць проста так у лагер да нашых індзейцаў амаль што нерэальна, калі ты не з’яўляешся аднадумцам і сябрам па індзейскіх справах. У адрозненне, напрыклад, ад рыцарскіх клубаў, якія сябе моцна рэкламуюць, робяць вялікія масавыя мерапрыемствы, буйныя фэсты. То-бок, можна сказаць, што і першыя, і другія займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй, але ж у індзейцаў усё гэта больш асабістае. І ў большасці выпадкаў проста становіцца ладам жыцця.
Напрыклад, на той момант, як я пакідаў Радзіму, у мяне быў толькі заплечнік. І вось, калі з’явілася магчымасць перадаць нешта з дому, то першае, што папрасіў — гэта індзейскі і беларускі строі, а таксама маё драўлянае каноэ і ціпі. Кажу гэта для таго, каб падкрэсліць разуменне, наколькі тыя рэчы важныя ў маім жыцці.
Алег Мяцеліца з дачкой Яўгенай на адным з купальскіх святаў, якія яны арганізоўвалі на Бялыніччыне, на беразе Друці
Увогуле індзейская тэма, індзейская прастора дапамагла мне вызначыцца з маёй уласнай самаідэнтыфікацыяй у свеце. Рэканструіруючы індзейскі побыт, я ў нейкі момант зразумеў, што большасць такіх самых рэчаў ужываліся і ў жыцці старажытных беларусаў, а некаторыя ўвогуле выкарыстоўваліся на вёсках амаль да нашых часоў — керамічныя вырабы, жорны, цапы, вяроўкі, тканіна, самаробныя ніці, вязанне, падобныя элементы традыцыйнай размалёўкі, арнаменты. Сюды ж можна далучыць супадзенні ў разуменні і ўспрыманні сутнасці святаў гадавога цыклу, ды шмат чаго іншага.
У мяне асабіста няма ўнутраных супярэчнасцяў. Я — і Мятла, і Мяцеліца. Дарэчы, у паўночнаамерыканскіх індзейцаў існаваў абрад ініцыяцыі, калі праз складаны працэс паста, ужывання спецыяльных галюцынагенных сродкаў, медытацый і малітваў, малады чалавек звыш атрымліваў другое імя. Але нікому і ніколі не павінен быў раскрыць яго.
Каноэ можна выкарыстоўваць у забаўляльных і адукацыйных мэтах, што і робіць Алег Мяцеліца для гэтай кампаніі падлеткаў
Так выглядае каркас індзейскай лазні. Хто там пабываў, запомніў на ўсё жыццё!
Элементы індзейскага быту на прыдруцкім лузе
Фота з асабістага архіву Алега Мяцеліцы
Ю. Н., budzma.org