20 ліпеня ў Баранавічскай літаратурна- музычнай гасцёўні “Крыніца”, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі” прайшла творчая сустрэча з Валянцінай Восіпавай. Аматары паэзіі з вялікай цікавасцю слухалі вершы і песні бярозаўскай паэткі. Пры гэтым і самі актыўна дзяліліся ўласнай творчасцю. У зале літаратурна-музычнай гасцёўні была надзвычай сардэчная, пранікнёная атмасфера. Бо кожны верш – гэта чыйсьці выкрышталізаваны боль альбо радасць, якія да глыбіні кранаюць успрыймальныя душы. А як гэта актуальна ў наш рацыянальны, скупы на станоўчыя эмоцыі час! У літаратурнай гасцёўні гучалі шчырыя, меладычныя беларускія словы. Хораша выказалася на гэты конт Антаніна Сасім, адна з удзельніц паэтычнай імпрэзы: “Якая асалода на сэрцы, што пануе сярод нас родная мова!” А таленавітая паэтка-бард Галіна Ліс не толькі прачытала свае цікавыя паэтычныя творы, а яшчэ і падзялілася ўспамінамі пра Ніла Гілевіча, памяці якому прысвяціла цудоўны верш.
Памяці Ніла Гілевіча
Цяжкі дзень, Беларусь, цяжкі час…
Плача дождж, плачуць з ветрам бярозы…
Ніл Гілевіч сабраў каля крыжа ўсіх нас…
З раны сэрца цякуць болем слёзы…
Неслі людзям утульнасць, любоў і цяпло
Яго шчырыя вочы-валошкі…
Зараз сум на зямлі – бо не стала яго,
Вечнасць дрэмле, дзе лёса дарожкі…
Ніл Гілевіч сапраўдны,народны паэт,
І застаўся ён сэрцам Радзімы,
Адчыніў і дарогу, і веру ў свет,
Больш не будзе такіх – ён адзіны!
Паміж сосен і жыта яго валуны
Ціха плачуць на ўзгорку сягоння,
З імі вершы, як зерне, – ўзыдуць яны
І квітнець будуць з намі штодзённа!
Ён настаўнік паэтаў і простых людзей,
Яго “Родныя дзеці” з народам,
Праз гады дачакаемся новых падзей –
Калі месца не будзе нягодам.
Яго позірк ніколі ўжо не сустрэць,
Толькі снег б’е па твары калючы,
Мы заўжды будзем вогнішчам, сэрцам гарэць,
Як бы нам не было зноў балюча!
Найсвятлейшай душы гэта быў чалавек –
Ніл Гілевіч! Такім і застаўся
Ён у памяці нашай, у сэрцах – на век!
Ганарыся народ ім і слаўся!
Неба быццам лягло адпачыць на дамы,
Хмары стынуць, бы ўзімку марозы…
Калыхаюць, люляюць напеў векавы —
І шумяць, і шумяць з ім бярозы…
З замілаваннем слухалі ўсе прысутныя пранікнёныя песні на словы мясцовых паэтак у выкананні ўдзельніц клуба “Неспакойныя сэрцы” Вольгі Барбус і Рэгіны Скіпар. Словы да многіх песень напісаны вядомай баранавічскай паэткай Раісай Раманчук, якая ўжо некалькі год кіруе літаратурна- музычнай гасцёўняй ”Крыніца”. З прыемнасцю хочацца адзначыць, што актыўная праца на ніве беларускай культуры праводзіцца тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які ўзначальвае Іна Ананька. Пры ім створана многа творчых клубаў, якія з задавальненнем наведваюць і адзінокія людзі, якім так патрэбна сардэчнасць і чалавечае цяпло, і ветераны працы, і моладзь. Людміла Шувалава, кіраўнік клуба “Ліра”, клапоціцца аб пераемнасці пакаленняў і запрасіла на сустрэчу свайго ўнука Арцёма, які вельмі хораша прачытаў бабуліны вершы. Заснавальнік сатырычнага клуба Валянціна Бернат адметным артыстычным выкананнем прыўнесла гумарыстычную ноту ў паэтычныя чытанні. Алесь Корнеў таксама парадаваў жанчын сваімі гарэзлівымі вершаванымі творамі.
Столькі эмоцый, столькі ўражанняў падаравала творчая сустрэча ўсім прысутным. Удзельнікі літаратурна- музычнай імпрэзы выказалі шчырыя словы падзякі кампаніі “Будзьма беларусамі!”за кнігі і памятныя паштоўкі на роднай мове, якія Валянціна Восіпава пад час сустрэчы перадала кіраўніку “Крыніцы” Раісе Раманчук.