Яшчэ напрыканцы мінулага года Глыбоцкі райвыканкам абвесціў конкурс на лепшы лагатып і слоган будучага юбілею. Творчыя людзі ўзяліся за працу. У студзені 2014 года працавала адмысловая камісія.
На сайце “Весніка Глыбоччыны” адбылося інтэрнэт-галасаванне. Па ўсіх паказчыках на першае месца выйшла ідэя глыбачаніна Віктара Арочкі і слоган “Разам у згодзе на роднай зямлі”. Здавалася, дзеля рэкламы будучага свята ёсць кропка адліку. Прадукцыя глыбоцкіх прадпрыемстваў, старонкі газет павінны візуальна рыхтаваць глыбачан да 600-годдзя горада.
І афіцыйна сайт Глыбоцкага райвыканкаму ўжо пачаў выкарыстоўваць лагатып-пераможцу. Першы каляровы выпуск “Весніка Глыбоччыны” надрукаваў іншы лагатып. Нейкі блакітны кружочак, на якім цмяна чытаецца тэкст. Два падобных белых сілуэта нібы глыбоцкіх храмаў. І надпіс “Разам у згодзе на роднай зямлі”. Праўда, каб яго прачытаць прыйшлося выкарыстаць сучасныя тэхнічныя сродкі Як удалося высветліць, Віктар Арочка да гэтай карцінкі не мае ніякага дачынення. Атрымліваецца, што яго ідэю перапрацавалі і пусцілі ў народ. Ці прасцей – скралі іншыя аўтары. Каб не даваць суб’ектыўную ацэнку мастацкім вартасцям таго блакітнага кружочка , мы звярнуліся да дызайнеркі, якая жыве і працуе ў Мінску. Вось якое меркаванне выказала яна наконт лагатыпу са старонак глыбоцкай “раёнкі”:
Ёсць два складнікі, па якіх я б характарызавала гэтую працу: па-першае, тэхнічныя (кампазіцыя, колеравае вырашэнне)
і, па-другое, актуальнасць мэты, канцэпцыя, сучаснасць (то бок тое, ад чаго назіральнік скажа “ваў, зрабілі ж дзіва”).
1. Кампазіцыйна пабудавана яна амаль гарманічна, акрамя шрыфту на стужцы – там памылка у літара “Г” – хочацца прачытаць яе і адносна другога радка, а так быць не павінна. І літару “Г” слушна падняць вышэй. увогуле – шрыфт “дурацкі”. Колер – сумна выглядае блакітнай плямай, на якой закадавана пад сонейка “600” у промнях. як мне – дык вельмі акцэнтуецца ўвага на “нулі” у цэнтры промневага спектру. Дзеля чаго?
2. Вырашэнне несучаснае, простае да болю, выглядае “як сотня іншых такіх кружочкаў на школьных спаборніцтвах у 5 классе”.Закадавана тут зямля у промнях сонца, калі канцэпцыя свята – Дажынкі ,то вельмі пасуе (але без дурацкага шрыфту, якім спаганілі назву горада). Але калі ёсць іншы сімвал, то нешта не тое.
Дык можа варта было б спыніцца на адным варыянце лагатыпа, каб ні ў аўтара-пераможцы, ні ў глыбачан, якія таксама валодаюць у большасці пэўным мастацкім густам, пытанняў не ўзнікала?