— Аднойчы настаўніца папрасіла клас маёй сястры намаляваць герб і сцяг (тады – Пагоня і бел-чырвона-белы). Малюнак маёй сястры доўга вісеў у школе, і я ганарыўся тым, што яго малявала мая сястра. Навучацца тата адправіў мяне ў адзін з першых класаў з ангельскіх ухілам, дзе выкладанне вялося па-беларуску. Было цікава, незвычайна, бо дома ўсе размаўлялі па-расійску. Бацька дагэтуль не разумее беларускай мовы.
Неяк, калі быў прызыў у войска, прыйшоў хлопец з бел-чырвона-белай фенькай, на майцы было напісана нешта зуброўскае… Я паглядзеў на яго: таак… у вартай форме ты ідзеш у войска. Там гэта не пераследуецца, але ўсімі магчымымі спосабамі усхваляецца Лукашэнка. Як казаў камандзір нашай часткі: “Бачыце, у краіне ўсё кепска. Але прэзідэнт намагаецца, і вашыя бацькі атрымліваюць заробак. А ў Літве ці ў Латвіі ідуць вялікія скарачэнні працоўных”.
У мяне ёсць сябра, нацыянал-бальшавік. І мы з ім часта спрачаемся наконт таго, што беларуская мова патрэбная, што Беларусь – гэта асобная краіна, а не Паўночна-Заходні край і не губерня Расійскай Федэрацыі. Да бойкі, канечне, не даходзіла: дыпламатыя – вялікая навука). Усё зводзілася да жарту, але я заставаўся нязгодны. З бацькам таксама былі спробы спрачацца з нагоды таго, што мы – гэта княства Полацкае, Мінскае і што заўгодна, але краіны Беларусь не было ніколі
А бацькі… Яны нарадзіліся ў СССР. Тата са сваімі падколкамі: шляхцюк, шляхцюк. Дзесьці ўнутры я ціха ганаруся гэтым; а раз-пораз і не ціха: маўляў, куды вам да нас, вялікіх. Хаця, наколькі мне вядома, мае сваякі былі з простых людзей. Маці з Заходняй Беларусі.
У адзін цудоўны дзень я прачнуўся з разуменнем, што няма нічога больш роднага для мяне за беларускую мову і маю радзіму; што за сімволікай, якая была да рэферэндуму, – гісторыя нашага роду, нашыя перамогі, узвышэнне ВКЛ, нашая першая ў свеце канстытуцыя. А за сучаснай сімволікай няма нічога. Мой народ увесь час намагаўся быць незалежным, змагаўся за гэта.
Быць беларусам для мяне – гэта быць чыстым, светлым, добрым; быць чалавекам.
Янка Барбук, бухгалтар