«Гаспадыня загаманіла зноў: — На паховіны пойдзем... Пойдзеш з намі? Усе расстраляныя на магіліцах ужо. Хадзем...» — гэтак па-свойску жанчына запрашае героя аднаго з апавяданняў на могілкі, дзе ляжаць забітыя карнікамі вяскоўцы.
Тэмы смерці і ўцёкаў — галоўныя ў творах Юхнаўца. Гэта ваенная проза, але зусім іншая за савецкую і быкаўскую. Іншая і за эмігранцкую (Акула, Шаўцоў). У Юхнаўца ўсё па-свойму. І меней за ўсё — пафасу і маралі. Ёсць толькі падзеі, апісаныя героямі, якія, здаецца, зірнулі ў пекла ды не змаглі адвесці вачэй.
Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Юхнаўца выйшла кніга прозы пісьменніка
Янку Юхнаўцу пашчасціла — ён выжыў. Сваякоў замардавалі карнікі-прыбалты, а яго — вывезлі ў Нямеччыну. Адтуль, абцяжараны ўспамінамі ды траўмамі, аўтар па вайне эміграваў у Штаты. Юхнавец пісаў вершы і прозу, рэфлексаваў пабачанае і перажытае. Памёр у 2004-м, ягоны попел паводле запавету развеялі над Нью-Йоркам.
Падобны канец можа падацца дзіўным. На эміграцыі паўстала цэлая культура шанавання магілаў суайчыннікаў, аздобленых нацыянальнымі сімваламі. А тут — без надмагілля. Попел па ветры... Магчыма, у прозе аўтар дае адказ. Бо стаць попелам — не значыць пераўтварыцца ў нішто. Гэта шлях вяртання да вечнасці, перад якой людзі з іх кароткім векам не лепшыя за мурашоў.
Томік Юхнаўца — зусім не лёгкае чытво. Не ў апошнюю чаргу праз мову. «Бярэжжа», «сыбота», «гаця», «сьцень», «памятуй», «жывыя і мёрлыя» ды нават «лекстрыка» замест «электрыкі». Вы калі-небудзь плылі на чоўне праз забалочаную раку, разграбаючы вёсламі хмызы і зарасці?.. Чытаючы больш за паўтысячы старонак прозы аўтара, часам прыходзіць і такая аналогія.
Але калі звыкаешся і намацваеш алгарытм, робіцца цуд. Нібы разумееш, што мова, поўная архаізмаў, дыялектызмаў ды формаў, створаных аўтарам хутчэй інтуітыўна, чым пачутых ад некага, нагадвае код. Менавіта код — старажытны і таямнічы, для сваіх. Каб чужыя не зразумелі.
Тэма архаікі ды архетыпаў не сканчаецца мовай. Яна з яе пачынаецца. Вакол чаго круцілася ільвіная доля архаічных культаў? Так, вакол смерці. І тут — увага — накладаецца дзве рэальнасці беларускай літаратуры, якія рэдка крочаць разам. Тэма вайны, але без пафасу ды ідэалогіі. Тэма этнаграфічная, але не па форме, а па змесце.
Юхнавец піша пра вайну, таму смерць тут на кожным кроку:
«Усе яны памерлі або памруць»
І так — яшчэ безліч разоў.
Здаецца, усе гэтыя жудасці мы чыталі, чулі ці бачылі ў кіно безліч разоў. У чым іншасць Юхнаўца? У апавяданні «Паэма пачаткаў» ідзецца пра выбітую карнікамі з ліку польскіх фольксдойчаў вёску. Цытата пра свойскае запрашэнне на пахаванне, змешчаная на пачатку тэксту, адтуль. А вось яшчэ сцэна:
«На высокі выкап пяску, скончыўшы чытаць малітву, узышоў сівы дзядуля й сыпнуў разьвітальна жменю зямлі ў дол.
— Род Людзьвіноў ніколі не загіне. Амін, — сказаў ён і, перахрысьціўшыся, загаварыў да ўсіх: — Пакуль грызуцца за нас, у нас ёсьцека адступы й межы. Найбольшая мудрасьць: змагацца зь пераможцам. Гэтак запаветалася ў нашым родзе. Развагі ды цярплівасьці больш. Моц — сьлепата... Мы сяньня адны ў сьвеце...
— ...Помсьціцца кроў! — нямоцна адгукнуўся Ціханевіч».
Здаецца, з падобнай прамовай выступае не дзядуля-вясковец, а святар старадаўняга культу ці старэйшына роду. І падзеі адбываюцца не ў ХХ, а ў XIV–XV стагоддзях, падчас вайны Літвы з крыжакамі... Скрозь прабіваецца старое, хтанічнае, вечнае.
Аўтар нібы падказвае, што падзеі той вайны страшныя, але не ўнікальныя: так было і, магчыма, яшчэ будзе. Пакаленні знікаюць, а зямля застаецца, бо вечная. Чалавек — толькі звяно ў ланцугу ад продкаў да нашчадкаў. Смерць — нагода, каб адпомсціць і выжыць:
«...Па дамавінах грукацеў жарсьцьвяк. Рыдлёўкі шасьцелі, пазвоньвалі, быццам сярпы ў часе жніва. Плакалі жанкі й старэйшыя мужчыны. Маладзейшыя ціснуліся да сівога дзядулі, бы жадалі паказаць яму моц сваіх плеч і ісьцісьнены боль у сэрцах. Яны парываліся зачапіцца за гэтыя сьмерці й пагары — даць волю гневу».
Ціханевіча хочуць забраць у Нямеччыну. Размова адбываецца акурат перад выхадам на пахаванне, апісанае вышэй. Пра гэта ён кажа гаспадыні, у якой жыве, а тая ў адказ: «Не рабі гэтага. У пушчу ідзі, у пушчу! Пушча накорміць, а Бяроза напоіць».
Тэма ўцёкаў героя куды-кольвек, абы падалей ад жорсткай рэчаіснасці — другі лейтматыў Юхнаўца. Матруна Потас, гераіня іншага апавядання, уцякае ад старшыні калгасу, які мае на яе планы: «У сыботу старшыня калгасу ехаў да павету адзін — Матруна ўцякла ў пушчу й стуль больш ніколі не вярнулася».
У іншым творы фігуруе дзед-палясоўшчык, пушчанскі вартавы. Ягоная гісторыя больш доўгайграючая: чалавек сышоў у лес, вайна даўно скончылася, але той — так і не вярнуўся. Застаўся ў зямлянцы. Прычым, калі дзед ад некага хаваецца, то хіба ад сябе самога:
«...Ён жыве ў зямлянках ужо блізу дваццаць год. Адну збудаваў там, — Сяргей паказаў на ўзьбярэжныя вярхоўі каля ракі, зарослыя пушчай. — Натварыў дзяцей там, а другую — дзеля сябе выкапаў тут... (...) У гэтай, што на руме, жыве сам, і зарабляе колькі дзясяткаў рублёў на пражытак сям’і. А не стае грошы, ведаеш як жыве? Пушча й рака накормяць і апрануць. У гэтых мясьцінах усё памагае чалавеку».
Янка Юхнавец, 8.03.1992, Нью-Йорк.
Іншая форма ўцёкаў — самаадмаўленне, ажно да самазабойства. Цярэм не ведае, дзеля чаго жыць, таму ягонае рашэнне — саступіць месца больш моцнаму, заваёўніку: «...Я жадаў зьнішчыць сябе: падпаліць хату, выгнаць сабаку, а тады сесьці і гарэць разам з хатай». Асочны Гаевіч наагул пускае сабе кулю ў скроню, бо жыццёвых супярэчнасцей накапілася забагата.
Зрэшты, уцёкі — не заўсёды капітуляцыя. Так, Ціханевіч сыходзіць у пушчу, як яму і раіла гаспадыня. Але не адзін: з сябрамі і стрэльбай. Сярод летняй ночы ўслед ім пазіраюць сваякі ды бацькі вясковых хлопцаў.
Герой апавядання «Летні адпачынак» таксама ўцякае, але яшчэ не ведае, дзе знойдзе хованку. Гісторыя адбываецца ўжо праз шмат год па вайне. Вяртаючыся ў родную вёску, ён знаходзіць месца сілы — стары млын, збудаваны прадзедамі. А разам з ім — храм прабацькоўскай рэлігіі ды жывога бога — млынара.
«Чалавек у млыне бы ў сьвятыні. Вось любуйся сэнсам, вынікам твае працы і жыцьцём. Жыцьцё само — патаемны млын!.. Калі відзіш новае — ня думай, што гэта новае. Новае — падпраўка старога. Будынак прадзедаў адвечна новы», — піша аўтар.
Усё проста: млын — паганскі храм працы і жыцця, вяскоўцы — паства, млынар — жывы бог. «Ягонае аблічча суровае, запалёнае і абцягнутае аборастай сеткай маршчынаў. Лоб усхлёп вазёрнай хвалькі. Рэдзістыя, сівыя валасы робяць лоб большым, яны толькі пена», — апісанне млынара нагадвае лікі на старых вясковых абразах, ён — сакральная асоба. Млынар павучае героя, калі той выцягвае піяўку з возера: «Ёй таксама трэба жыць. Ня мучай. Ёйны рай у возеры».
Наступны фрагмент з апісаннем млына хочацца прывесці цалкам, бо ён гучыць як маніфест забытай рэлігіі, у якой няма пачатку і канца:
«У млыне ўсё гэтак, як твае прадзед і дзед зрабілі, толькі жорны перакоўваем і пераменьваем, а таўкачы ў сукнавальні чорным дубам падцясалі <...>. Праз заўтра сто гадоў будзе гэтаму млыну. І хоць электрычныя драты папаўзьлі каля яго, мы, навакольнікі, дадумаліся электраматораў не заводзіць тут... Дужа сьвятынна тут.
Каля яго шмат наскіх людзей загінула. Неўзабаве адкапаем іх і ў аднэй магіле пахаваем на ўзбоку высокае грэблі й стаўкоў. Усё зробім без правадырскага богаславенства — самі зробім...»
Мураваны млын у 1941-м бралі штурмам немцы, але людзі адбудавалі, нацягалі дзікага каменю, зрабілі. З млынаром таксама не ўсё проста: у вайну быў «партызанам-аднаасобнікам», які помсціў акупантам, але не далучаўся да атрадаў. Па вайне трапіў на Салаўкі... Выжыў, вярнуўся. «Млын — мой дом», — кажа жывы бог.
Магчыма, тут і ёсць адзіны запавет аўтара: каб выжыць, трэба трымацца свайго. Нават «сумленнасьць — сувязь маёй сьвядомасьці з усімі маімі прашчурамі па паходжаньню». Некаму такая мараль можа падацца архаічнай, занадта простай, рода-племянной. Зрэшты, у складаныя часы, на мяжы жыцця і смерці, калі словы губляюць сэнс, толькі яна і працуе?..
Алесь Кіркевіч, budzma.org