«Блакіроўка ўлетку мінулага года беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org не памяняла нашай працы. Мы надалей напаўняем сайт зместам, надалей запісваем беларускую літаратуру ў фармаце аўдыякніг, надалей выдаем папяровыя кнігі. І вынікі нас радуюць».
Найбуйнейшая беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» трапіла ў «чорны спіс» Міністэрства інфармацыі ў ліпені мінулага года — і была заблакаваная ў Беларусі.
Стваральнік бібліятэкі, вядомы журналіст з Падляшша Яраслаў Іванюк распавёў у інтэрв’ю Budzma.org пра тое, як паўплывала забарона на беларускую кнігу на дзейнасць «Камунікату», пра змены на партале, пра перспектывы.
— Пачатак быў вельмі знакавы і цікавы, калі пасля блакіроўкі «Камунікату» распаўсюдзілася інфармацыя пра гэта. Мы некалькі дзён мелі проста такі топ наведванняў, бо ўсе журналісты звярталіся да мяне пракаментаваць тое, што адбылося — і гэтая інфармацыя пайшла па ўсіх незалежных беларускіх медыях. І, безумоўна, былі людзі, якія толькі праз гэта даведаліся пра само існаванне бібліятэкі «Камунікат», то-бок як рэклама гэта падзейнічала. І наагул некаторыя мае знаёмыя здзіўляліся: «Як, толькі цяпер цябе заблакавалі? Гэта ж вядома, з пункту гледжання ўлады трэба было раней ужо заблакаваць такі рэсурс». Так што тут няма чаго задумвацца, чаму нас забаранілі. Што да маёй думкі наконт таго, чаму так здарылася, то проста таму, што «Камунікат» — гэта беларускае, гэта патрэбнае, людзі гэтым цікавяцца, наведвальнасць зусім немалая, як на літаратурны сэрвіс, партал. Таму і заблакавалі.
— І як спраўляецеся з гэтым, ці адчувальны быў удар?
— З гэтым можна неяк спраўляцца, так бы мовіць, таму што беларусы ўжо звыкліся з тым, што шмат якія сайты ў Беларусі блакуюцца, людзі карыстаюцца тэхналогіямі VPN. І мы таксама маем люстэрка нашага сайту пад іншымі даменамі. Хто хоча гэта знайсці, напэўна, можа знайсці. Прычым цяпер зусім неверагодна выглядае статыстыка наведвання сайту па краінах. Таму што калі з Беларусі людзі карыстаюцца VPN, яны не рэгіструюцца як наведвальнікі з Беларусі.
Паўгода ўжо прайшло, а я б яшчэ не адважыўся сказаць, якія ёсць тэндэнцыі. Да ліпеня мінулага года ў нас было 60%, а то і больш, наведвальнікаў з Беларусі. Цяпер гэта змянілася. Але мне цяжка сказаць, як менавіта змянілася, ізноў жа — VPN, які можа паказваць любую іншую краіну, хаця чалавек зайшоў на сайт з Беларусі.
— А калі глядзець па іншых паказчыках?
— Гэтая блакіроўка не памяняла нашай працы. Мы надалей напаўняем сайт зместам, надалей запісваем беларускую літаратуру ў фармаце аўдыякніг, надалей выдаем папяровыя кнігі. І вынікі нас радуюць.
Так, у мінулым годзе больш за 2000 матэрыялаў мы дадалі на сайт (улетку 2023 года на «Камунікаце» было крыху больш за 55 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацый — Budzma.org).
Запісалі 250 гадзін беларускай літаратуры цягам двух гадоў нашай дзейнасці па стварэнні аўдыякніг — усяго выйшла ў такім фармаце 45 твораў. Летась, што я лічу вельмі важным, «Камунікат» зрабіў пяцікніжжа Святланы Алексіевіч, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Запісвала дасканалая каманда — акторка Крысціна Дробыш і яе сябры, таксама акторы-купалаўцы, якія вымушаныя былі эміграваць з Беларусі.
Увосень мы таксама памянялі механізм нашага сайту, памянялі таксама дызайн «Камунікату». Карыстанне сайтам стала цяпер больш зручным, гэта не толькі мая ацэнка, а таксама наведвальнікаў. Ён адкрываецца намнога хутчэй, працуе намнога хутчэй. Змены не закончаныя, працэс яшчэ трывае, сайт яшчэ будзе развівацца і тэхналагічна, і па змесце.
Далей займаемся таксама аблічбоўкай розных беларускіх газет, архіўных нумароў. Цяпер амаль не выходзіць беларуская прэса, зусім нічога няма. Калі ў нас бывала, што па 30-40 загалоўкаў у год было ў нас на сайце, то цяпер засталося, можа, тры з Беларусі. І гэта ўсё.
Гэта не лёгка, не проста, але, паўтару, блакіроўка сайту не памяняла нашай працы. Да таго ж, сітуацыя 2020 года таксама памяняла ці, можа, пашырыла маштаб нашай дзейнасці, таму што мы пачалі таксама выдаваць друкаваныя кнігі.
Ад лістапада 2021 года, калі мы выдалі раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бен Гіном», выйшла больш за 30 кніг. У тым ліку шэраг кніг Уладзіміра Арлова, паэтычныя зборнікі Валянціны Аксак, Ганны Янкуты, проза Алеся Аркуша, Змітра Бартосіка і іншае. Таксама ў выданні некаторых кніг удзельнічаем ў фармаце выдавецкай кааперацыі. Лічу, што гэтая праца на гэты момант вельмі патрэбная.
— Увогуле складаецца нейкае ўражанне рэнесансу беларускага кнігавыдання — хаця б вось тут, на Стральцоўскім фэсце, паўсюль кнігі, якія насамрэч гартаюцца, потым купляюцца, замаўляюцца, калі ўжо няма ў наяўнасці. Шкада, канечне, што гэта мы бачым не ў Беларусі.
— Усё ж такі я б не назваў гэта рэнесансам агульнай беларускай выдавецкай справы. Таму што да 2020-га, ці нават да 2022 года яшчэ, дый і цяпер яшчэ друкуюцца, выходзяць беларускія кнігі ў самой Беларусі.
Але рэнесанс — гэта сапраўды, калі гаварыць пра замежжа. «Камунікат» быў першым такім выдавецтвам, хаця мы не працуем па сутнасці як выдавецтва, толькі як фундацыя. Але мы як першыя выдалі кнігу Уладзіміра Някляева «Гэй Бен Гіном». Я тады зразумеў, што гэта, як я заўсёды пра гэта гавару, на жаль, паспяховая ідэя. «На жаль» — таму што такія кнігі павінны ў Беларусі выходзіць. Але калі аказалася, што гэта паспяховая кніга, — першы тыраж разышоўся фактычна на працягу месяца на сустрэчах, якіх мы правялі больш за дзесяць з Уладзімірам Пракопавічам, па ўсёй Польшчы, у Вільні таксама былі з дзвюма сустрэчамі, — зразумеў не толькі я, што гэта паспяховы праект, але таксама і іншыя дзеячы выдавецкай справы. І пачалі ўзнікаць па-за межамі Беларусі выдавецтвы. На той час ужо існавала выдавецтва «VESNA/ ВЯСНА» ў Празе — і яно пашырыла сваю дзейнасць. У Лондане ўзнікла выдавецтва «Скарына», якое вельмі актыўна таксама працуе, пачало дзейнасць у Кракаве выдавецтва «Gutenberg Publisher» Валянціны Андрэевай, у Варшаве адкрылася выдавецтва «Янушкевіч», цяпер Андрэй там жа яшчэ і кнігарню адкрыў, дзе пастаянна будуць прадавацца беларускія кнігі.
— Беларускія кнігавыдаўцы кантактуюць між сабой? Ці гэта больш пра канкурэнцыю?
— Так-так, кантактуем, маем нават нейкі чат, нейкую суполку ў тэлеграме, дзе паміж сабой стасуемся, размаўляем пра тое, што для нас важна і істотна і чым мы там займаемся. Часам, бывае, размаўляем пра тое, як бы нам... можа, канкураваць — гэта не тое слова, хутчэй, не выходзіць на тых жа самых аўтараў, не пераходзіць дарогу, бо гэта непатрэбна.
Так што не ведаю, ці гэта рэнесанс? Дакладна, што гэта развіццё беларускага выдавецкага рынку па-за межамі Беларусі. Шкада, што па-за межамі. Але вось тут, у Вільні, на Стральцоўскім фэсце — усе гавораць пра гэта, і я гэта таксама заўважаю, — прыехала так многа людзей, якіх раней амаль не было відаць у беларускай літаратурнай супольнасці, якая існавала яшчэ ў Беларусі. А сёння яны тут з’явіліся падчас «Вершаў на асфальце». Я б нават мог бы сказаць, што (можа, гэта рызыкоўнае сцвярджэнне) эміграцыя ў пэўным сэнсе спрычынілася да развіцця беларускай літаратуры, пакуль у асноўным беларускай паэзіі. Хаця б тая тэматыка эміграцыйная ў творах — яна б не з’явілася, каб не тое зло, якое спаткала беларусаў.
Як гаварыў сёння ў інтэрв’ю са мной Уладзімір Някляеў, што выпрабаванні гэта не толькі зло, гэта таксама тое, што прымушае чалавека задумацца над нашым існаваннем, над тым, дзе мы апынуліся, чаму мы апынуліся, і што далей рабіць. І гэта ў пэўным сэнсе развівае таксама і самога чалавека як такога. Але і ягоную творчасць.
І гэта датычыць не толькі літаратараў, пісьменнікаў, паэтаў, але гэта таксама датычыць мастакоў. Я быў зусім нядаўна на пленэры ў Белавежскай пушчы, у якім удзельнічалі польскія і беларускія мастакі. Ён рэгулярна там праходзіць. І адна з беларускіх мастачак сказала мне, што праз нейкі час, калі яна з’ехала з Беларусі, для яе вельмі цяжка было наагул пачаць нешта маляваць. Але калі яна выйшла да людзей, яна пачала ўдзельнічаць у пленэрах — у мінулым годзе прыняла ўдзел у некалькіх, то для яе гэта стала інспірацыяй, яна пачала працаваць у іншых формах. І таксама можна сказаць, што яна развіваецца па-мастацку. Так што гэта наагул датычыць творцаў.
Сітуацыя ёсць якая ёсць. Не ёсць лёгкая — у Беларусі пераслед, тэрор, людзі сядзяць у турмах. А ва Украіне ідзе вайна, людзі рэальна паміраюць, гінуць сотнямі, тысячамі... Але нам трэба жыць. Я не скажу, што пляскаць у далоні і таньчыць увесь час, але трэба жыць і рабіць тое, што кожны ўмее найлепш.
— На Стральцоўскі фэст ты прывёз зусім нядаўняе выданне. Пра якую тут чуў ужо шмат водгукаў — шыкоўная папера, паліграфія. Я пра «Кнігу могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча.
— Так, тое, што мы выдаем як «Камунікат» — гэта адно, а ёсць яшчэ — як памянутая табой кніга — яшчэ і такое, тое, што мы выдаем у супрацоўніцтве, напрыклад, са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына», з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
Выдалі таксама тры кнігі ў серыі «Паэты планеты», дзякуючы ліцэнзійным пагадненням з «Радыё Свабода» перавыдалі пашыранае выданне «Імёны Свабоды» Уладзіміра Арлова, дзе цяпер ужо 440 партрэтаў беларусаў, якія ў розныя перыяды займаліся змаганнем за свабоду Беларусі.
Яшчэ адзначу кнігу Змітра Бартосіка «Забіць упалмінзага». Я чытаў гэтую кнігу раней, калі яна была выдадзеная «Радыё Свабода», і цяпер яе перачытаў яшчэ раз. Да гэтага мне здавалася, што параўноўваць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі з тым, што адбывалася ў 30-я гады, у 50-я, бо кніга Бартосіка якраз датычыць 50-х гадоў — ну не вельмі неяк карэктна. А кніга створана на падставе дакументаў абласнога суда Маладзечанскай вобласці. А зараз... Бачна, што памянялася толькі тэхналогія, а так, як тады можна было пайсці ў ГУЛАГ на гадоў 10, ды і 25 за тое, што ты захоўваеш дома нібыта фашысцкую літаратуру кшталту беларускіх ці польскіх газет міжваеннага перыяду, дык і цяпер за размяшчэнне нечага ў фэйсбуку, за лайк можаш пайсці на 7-8 гадоў у турму. Там ёсць такі вельмі знакавы момант у кнізе Бартосіка, калі ён трапіў у 2016 годзе на тэрыторыю былога ГУЛАГа ў Сухабезводнае, і вось ён там размаўляе з жанчынай у кіёску, дзе набываў папяросы. Яна гаворыць: вось, няма таго, што раней было, столькі работы ў нас было, тут сядзелі ўсе — і з Беларусі, і з Украіны, і з Балтыкі. І Бартосік канстатуе: як перадаць гэта беларусам, што там нас увесь час чакаюць?... Бо ў іх скончылася праца. Гэтых аналогіяў сапраўды вельмі-вельмі многа.
— Дарэчы, аўдыякнігі — хіба добрае рашэнне ў тым ліку і для абыходу межаў і забаронаў, праз мытню ўвозіць у краіну не трэба.
— Так. А па-другое, лічу вельмі важным тое, што мы выкладваем іх у свабодны доступ. Тыя ўжо зробленыя намі 45 кніг — гэта вельмі розныя аўтары, вельмі розная сучасная беларуская літаратура. Некаторыя з гэтых кніг маюць па 10 тысяч праглядаў. Рыхтуемся да чарговых.
Цяпер вось выпусцілі вельмі важны, як мне падаецца, аўдыябук «Сцебуракаў лёс». Усевалада Сцебурака — сёлетні пераможца прэміі Міхася Стральцова па паэзіі, а мы да гэтага часу, яшчэ не ведаючы, што ён будзе ўзнагароджаны, выдалі яго такую сямейную гісторыю, пра ягоную сям’ю Шчабуракаў, як яны калісьці называліся. Рыхтуемся да чарговых запісаў, спадзяюся, неўзабаве будзе «Пуціна» Барыса Пятровіча, будуць іншыя кнігі.
— Колькі зараз наведвае ўвогуле «Камунікат» за дзень?
— Я б сказаў, што да тысячы ў дзень. Але гэта вельмі па-рознаму выглядае, калі гаварыць пра месяцы. Бывае і пяцьсот. Мы будзем імкнуцца, каб гэтую наведвальнасць крыху пашырыць.
— А спампоўкі?
— Спамповак — неймаверная колькасць за год. Больш за 300 тысяч файлаў: pdf, mp3, epub, djvu ды іншыя.
Шмат над чым мы працуем. Слухайце нас на Apple, Soundcloud, іншых падобных пляцоўках. Сачыце за намі ў Facebook, Instagram, падпісвайцеся на YouTube-канал «Камуніката». Дзякуючы гэтаму зможаце ўсё актуальна даведацца, што ў нас новага.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org