Дзве цудоўныя беларускія кнігі выклалі ў вольны доступ

Зараз чытачы могуць свабодна спампаваць кнігу Ганны Севярынец «Гасцініца Бельгія» і першую частку кнігі «Беларускія Нячысцікі: Лясныя».


Ganna_Sevyarynets__Gastsinitsa_quotBelgiyaquot.jpg

Як піша пісьменніца Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook, нагодай для перадачы ў вольны доступ стала наступнае: «Не так даўно мне прынеслі на подпіс «Гасцініцу «Бельгія» з бібліятэчным штампам. Ну, то бок чытач проста не вытрымаў і сцягнуў кніжку з бібліятэкі. З аднаго боку гэта як бы і прыемна: шчэ Караткевіч казаў, маўляў, пісаць трэба так, каб твае кнігі кралі з бібліятэк. З іншага боку, канечне, сэрца ў мяне парвалася, бо гэта ж колькі чытачоў засталося без кніжкі. Ну і наогул: бібліятэчныя крадзяжы я ніяк не магу ўхваліць.

Таму мы параіліся з маёй былой выдаўчыхай — і аддалі пдфку «Бельгіі» у агульны доступ на любімы мой рэсурс — «Беларускую Палічку». Чытайце свабодна і вяртайце кнігі ў бібліятэкі, мае дарагія чытачы».

Аўтар тэлеграм каналу пра беларускую міфалогію і народную дэманалогію Артур Басак прапаноўвае таксама: «Выкладаю ў вольны доступ лічбавую PDF-версію першай часткі нячысцікаў — «Беларускія Нячысцікі: Лясныя» 2022. Спампоўвайце бясплатна, чытайце, разглядайце, дзяліцеся з сябрамі, чакайце наступную частку».