Тое, што нацыянальную аўтэнтыку можна ператварыць у паспяховы брэнд, вытворцы ўсвядомілі прыкладна дзесяць гадоў таму. Раптоўна ў крамах з’явіліся стыльныя рэчы — магніты з маляванымі зубранятамі, паштоўкі з рэцэптамі беларускіх страў, майкі, упрыгожаныя традыцыйным беларускім арнаментам. Да сёння гэты трэнд не спадае, змяняюцца толькі рэчы — калі раней набывалі шкарпэткі, то сёлета набываюць экаторбы. Выходзіць, народны «хэнд-мэйд» заўсёды знойдзе сваё месца? Пра гэта і не толькі Zviazda.by паразмаўляла з даследчыкам, доктарам мастацтвазнаўства, старшынёй Саюза майстроў народнай творчасці Яўгенам Сахутам.
У тэму народнага традыцыйнага мастацтва Яўген Міхайлавіч паглыбіўся яшчэ ў юнацтве — у час, калі гэтая з’ява лічылася адсталай, непатрэбнай. Як прызнаўся сам герой інтэрв’ю, за сваё жыццё ён зведаў некалькі этапаў: ад заняпаду народнага майстэрства да яго адраджэння і росквіту.
Яўген Сахута напісаў мноства манаграфій і кніг, з’яўляецца аўтарам артыкулаў і адказным за рэдагаванне фундаментальнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» і шасцітомнай энцыклапедыі «Культура Беларусі». Пра тое, як жыве традыцыйнае народнае мастацтва сёння, — чытайце ў нашым матэрыяле.
Вы скончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, потым паступілі ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адкуль з’явілася цікавасць да этнаграфіі і народнай творчасці? Мабыць, гэта яшчэ з дзяцінства?
Калі мне задаюць такое пытанне, я і сам думаю: сапраўды, адкуль? Многія дзеячы са сферы традыцыйнай мастацкай культуры звычайна кажуць: «Вось, у мяне ўся вёска спявала, танцавала і малявала». У мяне такога не было. Адкуль узяўся інтарэс — не ведаю і сам, але ў старшых класах я пачаў цікавіцца мастацтвам. Прытым чамусьці мяне больш гарнула да традыцыйнай народнай творчасці, меў шмат шыкоўных выданняў па рускай народнай культуры. Трапляліся кнігі па ўкраінскай, літоўскай, польскай. Гартаеш і радуешся за людзей, зайздросціш, думаеш, чаму нарадзіўся тут, а не там. У нас як быццам нічога і няма. Бо ў мяне не было ніводнага выдання аб беларускай культуры.
Потым, пасля школы, пачала тачыць думка: «Што гэта такое робіцца? Вакол суседзі мелі і маюць багатую традыцыйную народную мастацкую культуру. А чаму ў нас нейкая пустка? Не можа такога быць». Пачаў цікавіцца, заўважаць — там у хаце на іконе вісіць вышываны ручнік, недзе — тканая посцілка. У той час гэта выходзіла з моды, людзі хавалі такія рэчы, ткачыхі закідвалі свае кросны, але самі ж работы яшчэ трапляліся на вочы. Я зразумеў: вось жа яно, тое, чым нашы суседзі ганарацца і хваляцца! А мы не звяртаем увагі ці, як заўсёды, не цэнім сваё. Вось гэта мяне і падштурхнула сур’ёзна заняцца такой неўзаранай нівай
Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта адразу пашчасціла трапіць у аспірантуру і ўжо на навуковым узроўні даследаваць дадзены пласт нашай культуры. У прыватнасці, тыя ж самыя рамёствы, якія занепадалі — гэта ўвогуле з’ява аб’ектыўная. Заходняя Еўропа даўно страціла народную мастацкую творчасць. У нас да гэтага кацілася, але яшчэ жылі рэшткі — ткацтва, многія віды ганчарства, разьбярства, пляценне. Гэта ўсё існавала, але было прадстаўлена майстрамі-адзінкамі. І я, каб паспець ухапіць, засведчыць і апублікаваць хоць нешта, у 1980-х пачаў патроху выдавацца. Былі часы перабудовы, і ў грамадства пачалі адкрывацца вочы — з’явілася разуменне, што рамёствы трэба ратаваць, пакуль не позна. Гэта стала праяўляцца вельмі актыўна, калі Беларусь набыла незалежнасць і калі заявілі, што мы — самастойная еўрапейская нацыя, трэба было абазначыць нашы адметнасці. Наша традыцыйная мастацкая культура — гэта тое, чым мы можам ганарыцца перад усім светам. У нас яна яшчэ жывая, не горшая і не лепшая, чым у суседзяў — яна проста свая, наш нацыянальны самаідэнтыфікатар.
Вось тут і разгарнулася наша навука — фалькларыстыка і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пачалі з’яўляцца публікацыі, а таксама прыйшлі маладыя людзі, якія не мелі комплексу непаўнавартасці — маўляў, у суседзяў ёсць, а ў нас няма.
У вашым адказе прагучала фраза «не цэнім сваё». На вашу думку, адкуль пайшла такая праблема?
Што датычыцца традыцыйнай народнай культуры — даволі доўгі час лічылася, што народная культура нібыта належыць учарашняму дню і месца ў сучаснасці для яе няма. Нам настолькі ўбівалі гэта ў галаву, што самі майстры засцілалі мэблю шасцірублёвымі капамі. Калі я ў іх пытаўся, дзе іх работы, яны адказвалі: «Дык яны ў шафе ляжаць, не буду ж я імі засцілаць, каб з мяне людзі смяяліся — маўляў, ты што, не можаш набыць у краме?»
Лічылася, што мануфактура задаволіць усе нашы патрэбы, у тым ліку і мастацкія. Аказалася, што не. Прамысловы паток не можа замяніць унікальную ручную вытворчасць, прытым тую, якая непасрэдна звязаная з нашымі традыцыямі.
Ваша доктарская дысертацыя была прысвечана асаблівасцям і адметнасцям народнага мастацтва Беларусі. У 2013 годзе ў вас выйшла кніга «Сучаснае народнае мастацтва Беларусі». Распавядзіце, калі ласка, дзякуючы чаму вылучаецца айчыннае традыцыйнае мастацтва?
Калі гаварыць аб народным мастацтве, трэба ўлічваць, што яно заўсёды было звязана з наяўнасцю той ці іншай сыравіны, а таксама з менталітэтам народа. У нас хапала дрэва, гліны, саломы, лазы, ільну — вось у нас і развіліся рамёствы, якія былі заснаваны на гэтай сыравіне.
У кожнага народа — свае традыцыі ды менталітэт, гэта таксама адбіваецца на характары народнага мастацтва. Беларускі народ — стрыманы, спакойны. І народнае мастацтва ў нас стрыманае, спакойнае, на першым плане ўтылітарны бок. Напрыклад, у нас жыллё было драўляным, яго не размалюеш. Таму гэты пласт у нас развіты слабей.
Яўген Міхайлавіч, распавядзіце аб дзейнасці Саюза майстроў народнай творчасці.
У 1992-м я ініцыіраваў стварэнне новага Саюза, які зрабіў адну з найважнейшых спраў. Ён засведчыў раўнапраўнасць народнага мастацтва сярод іншых відаў нацыянальнай культуры. Самае галоўнае — народныя майстры сталі на адзін узровень з іншымі творцамі.
З таго часу я кірую творчым саюзам, які на сённяшні дзень налічвае звыш 600 майстроў з розных куткоў Беларусі. Не буду ганарыцца і хваліцца, але менавіта дзякуючы саюзу працэс заняпаду прыпыніўся. Былі адроджаны самыя розныя віды: і выцінанка, і гліняная цацка, і розныя віды ганчарства, і традыцыйная вышыўка.
Пазбегнуць працэсу заняпаду дапамагло і тое, што ў канцы 1980-х на дзяржаўным узроўні пачалі актыўна стварацца Дамы рамёстваў. Гэта была новая форма папулярызацыі і адраджэння розных відаў рамёстваў. Дзякуючы іхняй дзейнасці, на месцах пачалася работа па вывучэнні і фіксацыі — усё збіралася па крупінках. У савецкія часы лічылася, што на Віцебшчыне нічога не засталося з традыцыйнай культуры. Па-першае, туды хутка прыйшла цывілізацыя, па-другое, як казалі самі жыхары, усе рэшткі, што засталіся, знішчыла вайна. На сённяшні дзень на Віцебшчыне кожны з 25 раённых Дамоў рамёстваў адрадзіў мясцовы традыцыйны касцюм. Фактычна з нічога
У нашым саюзе шмат актыўнай і зацікаўленай моладзі. Ёсць майстры і старэйшага пакалення, якія ў свой час і не чакалі, што вернецца цікавасць да іх работ. Яны проста былі ўражаны, калі ў 1990-х гадоў іх прасілі вярнуцца да ганчарнага круга ці кроснаў. Яны не разумелі, навошта гэта трэба, дзівіліся. Сёння яны актыўна перадаюць традыцыі моладзі, якая іх ахвотна пераймае.
Вы ўжо закранулі тэму моладзі. Калі недахопу сярод маладых майстроў не адчуваецца, то як ідуць справы з навукоўцамі і даследчыкамі?
Тут праблема даволі складаная. Увогуле ў навуцы, не толькі ў нашай сферы, ажыятажу сярод моладзі не назіраецца. Таму што, будзем казаць шчыра, — фінансавы бок мог бы быць лепшым. Калі навуковец — кандыдат ці доктар навук, тады яшчэ больш-менш. Але калі ты толькі пачатковец і атрымліваеш зусім невялікія грошы — разумееце, у гэтым выпадку трэба быць вельмі гарачым энтузіястам ці мець дадатковы прыбытак.
Пустым месца не бывае — знаходзяцца людзі, у тым ліку і маладыя, якія прыходзяць на змену нам. Эстафета перадаецца і, мяркую, будзе перадавацца далей.
Як вы лічыце, ці пашырае свае межы фестывальны рух Беларусі?
Якімі б ні былі фінансавыя ўмовы, дзяржаўнае кіраўніцтва разумее, што традыцыйная культура — гэта наш брэнд. Пачалася актыўная папулярызатарская і фестывальная дзейнасць. Сёлета ў канцы мая наш саюз ужо трынаццаты раз правёў рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў «Вясновы букет». І на рэгіянальным узроўні ладзяцца рознага кшталту мерапрыемствы — гэта незвычайнае відовішча. З’язджаецца каля паўтысячы майстроў. Раскідваюць павільёнчыкі з выстаўкамі, хтосьці садзіцца за ганчарны круг, тут жа побач ткачыхі. І калі замежныя госці трапляюць на нашы фестывалі, у іх вочы робяцца вялікімі. Такога не прывыклі бачыць. У шведаў, напрыклад, калі гаспадыня ўмее варыць варэнне ці гаспадар вяжа венікі — дзяржава над імі трасецца, як над сапраўднымі народнымі майстрамі. А ў нас жа такіх майстроў тысячы, па самых розных відах мастацтва.
Зразумела, што сёння не ўсё проста ў фінансавым плане. Тыя ж самыя Дамы рамёстваў уключаюцца ў агульнадзяржаўны фінансавы механізм — яны павінны выконваць план па платных паслугах. З самага пачатку іх мэтай было адраджэнне і развіццё мясцовых рамёстваў — святая задача, што яны і пачалі паспяхова рабіць. А сёння даецца план. Далёка не заўсёды магчыма яго выканаць на традыцыйных вырабах. Так, гэта наш нацыянальны набытак, але ён не абавязкова мае практычнае прымяненне. Іх трэба захоўваць у выглядзе нематэрыяльнай каштоўнасці. Каб выканаць план, часам даводзіцца пераходзіць на «маскультуру». Звычайна гэта антымастацкія рэчы. Самі ведаеце, што сярод публікі на такое можа быць попыт. Народныя майстры часам мне скардзяцца: «Я плачу, у мяне рукі не працуюць, а я павінна рабіць сувенір па кітайскім узоры, каб выканаць план»...
Яўген Міхайлавіч, наколькі важна, каб у сучаснасці працягваліся традыцыі народнага мастацтва?
Усведамленне таго, што, з аднаго боку, нам трэба захаваць традыцыйныя віды і формы вырабаў, а з другога — прыстасаваць іх да сучасных культурных працэсаў — гэта аб’ектыўная з’ява. І тут апошнім часам, я гляджу, зладжана неблагая сістэма. Ёсць такія віды мастацтва, якія, паколькі мы не можам дапусціць, каб яны цалкам адышлі ў нябыт, мы ўключаем у дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў як наш нацыянальны набытак. Яны бяруцца на ўлік і па меры магчымасцяў падтрымліваюцца. Паралельна вядзецца і работа па іх адаптацыі да сучасных культурных працэсаў. Гэта таксама вялікі раздзел, над якім працуюць спецыялісты. Возьмем такую ўнікальную з’яву, як гродзенскія дываны — засталося некалькі майстрых, якія ўмеюць іх вырабляць і перадаюць свае веды моладзі. Яны ткуць дарагія, прыгожыя ды ўнікальныя дываны, але закупіць іх можа хіба што музей. Ды і месца ў сучасным інтэр’еры ім складана знайсці. Гэта наша аўтэнтыка, якую мы ўключылі ў рэестр і падтрымліваем як наш нацыянальны набытак. Адначасова моладзь стварае рэчы, якія маюць практычнае прызначэнне — сумачка з узорам ці, напрыклад, чахол для тэлефона.
Арына Карповіч, Zviazda.by