Паляпшаць гарадскую прастору можна бясконца, упэўнены Яўген Палавінскі. Сёлета музыка падараваў Віцебску Дзядзю Віцю — прыязнага і трошкі сарамлівага чалавечка, які жыве ў вулічных ліхтарах гістарычнага цэнтра і мае шанец стаць папулярным сімвалам горада. Аўтар незвычайнага праекта распавёў budzma.by, як лічыў ліхтары, дзе маляваў Дзядзю Віцю, што такое лэнд-арт і якія вынікі тоіць у сабе адсутнасць пасады гарадскога мастака.
“На Дзядзю Віцю лепш глядзець, калі свецяць ліхтары”, — папярэджвае Яўген і прызначае сустрэчу на позні вечар: летняй парою гарадское асвятленне запальваюць не раней за дзесяць. Мы сустракаемся ў пачатку вуліцы Талстога — менавіта тут для гараджан эмацыйна пачынаецца пешаходная зона і стаяць прыдатныя для Дзядзі Віці ліхтары. “Уласна яны і натхнілі мяне на стварэнне персанажа, — прызнаецца Яўген. — Шкло ў іх даўжынёй 44 сантыметры. Гэтага аказалася дастаткова, каб зрабіць досыць вялікія дэталі, заўважныя на вышыні трох метраў”.
Яўген падлічыў: вулічных ліхтароў патрэбнага памеру ў горадзе трошкі больш за сотню. Яны асвятляюць пешаходныя вуліцы Талстога, Крылова і Суворава. І амаль у палове з іх ужо жыве ліхтарны чалавечак.
Яўген Палавінскі нарадзіўся ў Віцебску, атрымаў тут першую музычную адукацыю і правы. Ён памятае часы, калі ні ліхтароў, ні пешаходнай зоны ў горадзе не было. Па вуліцы Суворава ён сам ездзіў на машыне, назіраў за ўстаноўкамі бюста суворага графа, які пасля ліхіх 90-х перыядычна знікаў, і зайздросціў суседняму Магілёву, які раней за Віцебск дачакаўся ўласнага праменаду. У складзе знакамітага кабарэ-бэнда “Серебряная свадьба” Яўген аб’ездзіў паўсвету, а два гады таму вярнуўся ў Віцебск, каб рабіць у горадзе цікавыя праекты. “Уся мая творчасць звязаная з любоўю да Віцебска, — прызнаецца Яўген. — Я лічу гэтае месца асаблівым. Тут вырасла шмат таленавітых людзей, якія ў розныя часы праслаўлялі яго, і я адчуваю неабходнасць нешта пакінуць у Віцебску”.
Найлепшы спосаб аддзячыць гораду — зрабіць яго ўнікальным, упэўнены Яўген. “Шагал хацеў падараваць некалькі карцін Віцебску, цудоўна разумеючы, колькі турыстаў гэта будзе прыцягваць, — прыгадвае ён даўнюю гісторыю. — Аднак карціны не прыехалі. Цяжка ўявіць, што было б у горадзе, каб мы мелі арыгінальныя палотны”.
Дзякуючы прафесіі Яўгену даводзіцца шмат падарожнічаць па краінах Еўропы і Амерыкі, дзе гарадскія жыхары ганарацца чымсьці асаблівым. “Я хацеў зрабіць штосьці, чаго няма нідзе, і прыдумаў ліхтарнага чалавечка Дзядзю Віцю. Дзядзя Віця — таму што з Віцебска, — працягвае музыка. — Я не буду раскрываць тэхналогію яго вырабу. Аднак той, хто ведае прынцып тэатра ценяў, зразумее, што нічога складанага тут няма. Ідэя тэатра ценяў не новая, аднак яна ніколі не транслявалася ў ліхтарах”.
Дзядзя Віця стаў першым мастацкім вопытам Яўгена. Першапачаткова персанаж задумваўся з дроту, аднак у святле ліхтара ён быў нябачны. “Я не маю мастацкай адукацыі і ніколі не сутыкаўся з алоўкам, — кажа музыка. — Я шмат чаго раблю ўпершыню і вучуся на хаду. Я ламаў галаву, як намаляваць руку, нагу, шыю, нос, і ўвесь час раіўся з мастаком Андрэем Духоўнікавым. Ён моцна падтрымліваў мяне і запрасіў працаваць над персанажам у арт-прастору на Талстога, 7”. Сімвалічна, што першы ліхтар, з якога пачынаецца маршрут Дзядзі Віці, знаходзіцца насупраць будынка арт-прасторы, дзе нарадзілася шмат цікавых гарадскіх праектаў.
На першым ліхтары Дзядзя Віця не падазрае, што вы побач.
Вось ён вас заўважыў, засаромеўся і схаваўся па самы капялюш.
Ліхтарны чалавечак вітае вас, здымаючы капялюш, і запрашае на шпацыр.
У электрычным святле высвечваецца сілуэт чалавечка, сціпла апранутага ў швэдрык і нагавіцы. “Трэба было ўлічваць, што Дзядзя Віця будзе хадзіць па ліхтарах і зімой, і летам і пры гэтым мусіць выглядаць дарэчна, — тлумачыць Яўген. — Таму яго вопратка простая і ўніверсальная. Нізкі капялюш з вузкімі палямі — адзіны прадмет, пры дапамозе якога ён спрабуе нешта расказаць і падзяліцца тым, што ў яго “нагарэла”.
Характар Дзядзі Віці не раз мяняўся і на момант засялення ў ліхтары ўвабраў у сябе характэрныя рысы жыхара Віцебска. Ён вясёлы, таленавіты і надзвычай сарамлівы правінцыйны інтэлігент, які хоча сябраваць з тымі, хто на яго глядзіць.
“Дзядзя Віця — добры экскурсавод, які расказвае сваю гісторыю — цёплую, сардэчную, запаветную. Ведаеце, колькі разоў я праходзіў туды-назад па маршруце, каб скласці ўсё ў адну гісторыю? — цікавіцца Яўген. — Бадай, болей за сто. Напэўна, гэта і была самая складаная частка працы, якая патрабавала шмат разумовых высілкаў і часу, пакуль я не зразумеў, які персанаж у якім ліхтары будзе жыць”.
Усе дзеянні Дзядзі Віці скіраваныя на тое, каб спадабацца. “Кажуць, ён падобны да мяне, — усміхаецца Яўген. — Згодны, я нарадзіўся ў Віцебску. Я — яго стандартны жыхар. Я тут вучыўся, і мае ўспаміны пра горад перадаліся чалавечку”. Так, на ліхтары каля ратушы Дзядзя Віця стаіць з двума круглымі цыферблатамі за спінай, якія паказваюць розны час — быццам на рэцэпцыі ў гатэлі. “Колькі сябе памятаю, чатыры гадзіннікі на віцебскай ратушы заўсёды паказвалі розны час. Мяне гэта моцна займала. Адзін мой знаёмы мастак не даваў гэтаму веры, бо апошнім часам гадзіннікі досыць пунктуальныя. Цікава, што менавіта ў дзень мантажу адзін з гадзіннікаў спыніўся і стаяў тыдні з тры. Усё ж такі я меў рацыю”, — задаволены Яўген.
Дзядзя Віця зроблены ў найлепшых традыцыях лэнд-арту — ён не можа існаваць асобна ад гарадскога ландшафту, змешчаны ў дэкарацыях, ён абыгрывае прастору вакол іх. Так, на ліхтары каля Васкрасенскай царквы ён пазірае ўгару і тузае матузок, падказваючы турыстам, што тут можна пачакаць і паслухаць званы.
У пустых кішэнях Дзядзі Віці не засталося грошай — ён усё аддаў жабракам.
Ліхтар, у якім чалавечак трымае на руках качку, — адзін з самых загадкавых. “Дзядзя Віця паказвае на помнік Альгерду, — раскрывае інтрыгу Яўген. — У князя на руцэ сядзіць сокал. Усе ведаюць, што такое сакалінае паляванне. Аднак мала хто задумваецца, на каго яно. А Дзядзя Віця прапануе качку, каб сокалу Альгерда было на каго паляваць”.
Каля піцэрыі Дзядзя Віця заскоквае на круглую піцу, як “Дзяўчынка на шары” ў Пікаса, кубачкам падказвае, дзе спыніцца на добрую каву.
Дарэчы, асобныя кавярні зрабілі фінансавы ўклад у ліхтарнага чалавечка — яго падтрымалі “Даміно”, “Клюква”, арт-паб “Торвальд”. Дзядзя Віця ўдзячны спонсарам, але з задавальненнем абыгрывае і іншыя ўстановы — помнікі архітэктуры, крамы, музеі, кавярні і рэстараны, месца, дзе ў Віцебску кормяць галубоў, і адразу засцерагае, што можа здарыцца, калі празмерна захапіцца.
“Мне часта задаюць пытанне, што рабіць, калі піцэрыя закрыецца ці кавярня пераедзе ў іншы будынак, — кажа Яўген. — Усё проста — лезці ў ліхтар! Замяніць чалавечка зусім нескладана”. Хаця часам не варта спяшацца. У адным з ліхтароў Дзядзя Віця залазіць у раму, упэўнены, што ён варты быць намаляваным. Яшчэ нядаўна ў будынку побач месцілася багетная майстэрня. Цяпер ад яе назвы засталіся толькі дзіркі на сценах. Затое рама пачала сімвалізаваць арт-прастору на Талстога, 7.
Аказалася, Дзядзю Віцю можна выкарыстоўваць як сродак камунікацыі паміж жыхарамі і гарадскімі службамі. І змяняць горад у лепшы бок. Так, у ліхтары з правага боку Васкрасенскай царквы Дзядзя Віця старанна мые сцяну, трымаючы ў руках шчотку для падлогі. На рагу вуліц Талстога і Суворава асабліва шмат галубоў. Жыхары падкормліваюць іх зернем і хлебам. Аднак ніхто не займаецца іх выхаваннем — яны не разбіраюцца ў мастацтве і недасведчаныя ў архітэктуры, інакш не забрудзілі б белую сцяну храма, якая пасля доўгай зімы выглядала неэстэтычна. “Пасля мантажу ліхтара сцяну даволі хутка памылі, — смяецца Яўген. — Магчыма, гэта зрабілі б і без Дзядзі Віці. Але мне прыемна думаць, што пасыл быў пачуты”.
Вышэй па вуліцы Суворава Дзядзя Віця паказвае і на іншыя гарадскія хібы і нязручнасці. Напрыклад, на крывы ліхтар, у якім немагчыма стаяць роўна, ці на лавачкі, на якіх праз нахіл ніхто не сядзіць.
Дзядзя Віця — прыклад удалай супрацы гараджан, гарадскіх уладаў і службаў, а таксама доказ таго, што кожны жыхар, маючы ідэю і жаданне, можа ўзбагаціць яго прастору. “Перш-наперш я пайшоў да галоўнага архітэктара горада — на той час гэтую пасаду займаў Андрэй Макееў. Ён падтрымліваў мае ініцыятывы і “Сядзейку” дазволіў паставіць там, дзе я хацеў, — Яўген расказвае пра лавачку з рухомымі дэталямі, якія складваюцца ў розныя малюнкі. Яна з’явілася ў горадзе мінулым летам і ў цёплы час стаіць на вуліцы Крылова, недалёка ад кавярні “Клюква”. Дзядзя Віця з вышыні ліхтара паказвае на складанай канструкцыі лавачку, быццам кавалачкі пазлу мяняючы месцамі рот, нос, вочы, вусны і капялюш. — Архітэктару спадабалася ідэя ліхтарнага чалавечка. Ён нават патэлефанаваў у “Гарсвятло” і папярэдзіў аб прыходзе ініцыятыўнага хлопца”. У “Гарсвятле” да ідэі Яўгена таксама паставіліся станоўча і нават паабяцалі прыслаць машыну для мантажу Дзядзі Віці. Мантаж, аднак, адбыўся 18 студзеня і выпадкова супаў с дэмантажом елак у горадзе, таму Яўгену давялося лезці ў ліхтары па драбінах. “Памятаю, што было халодна і ў мяне стылі рукі, — прыгадвае ён. — Пасаджу чалавечка ў ліхтар і бягу грэцца ў кавярню”.
У сонечных промнях Дзядзя Віця заўважны, але найлепей бачны ў электрычным святле. Так атрымалася, што ліхтары раней запальваюць зімою, у летні ж час трэба чакаць позняга вечара. “На маю думку, зімой горад тухне з культурнага пункту гледжання, — упэўнены Яўген. — Калі ўлетку дапазна працуюць адкрытыя тэрасы і паўсюль гучыць музыка, то зімою ўсё выглядае сувора, усе сядзяць па хатах і нікуды не выходзяць. Мне спадабалася ідэя задзейнічаць час, які ўзімку робіцца мёртвым для горада. І тады Дзядзя Віця збірае лаўры — ён не баіцца холаду і гатовы да новых знаёмстваў”. Зімою Дзядзя Віця робіцца нагодай выйсці на двор, а ўлетку ператвараецца ў стымул затрымацца на свежым паветры і дачакацца ўключэння ліхтароў. Магчыма, на гарадскім сайце калісьці з’явіцца расклад уключэння ліхтароў адпаведна пары года, а з’яўленне Дзядзі Віці будзе суправаджацца няхітрым, але цікавым турыстам рытуалам.
Дзядзя Віця мае абаяльнасць і патэнцыял, каб стаць папулярным сімвалам горада. Турысты будуць не супраць спусціць мілага і прыязнага чалавечка ніжэй, як калісьці гэта адбылося з берлінскім Ампельманам, каб насіць яго на майках, торбах альбо вывезці з горада на кубку ці сувенірным ліхтарыку. Тым не менш Яўген мае ў кішэнях некалькі ідэяў, якія таксама прэтэндуюць на гэты статус. “Віцебску моцна не хапае сімвала, — перакананы ён. — У Берліне ёсць мядзведзь, у Адэсе — якар. А з Віцебскам пакуль ніякіх асацыяцыяў няма. У мяне такі вобраз ёсць, а таксама пяць унікальных праектаў, кожны з якіх можа стаць адметнасцю горада. Іх палюбяць. Яны стануць абавязковымі месцамі наведвання турыстаў. Але пакуль я шукаю спонсараў”. Удалы сімвал раскрывае сутнасць горада, упэўнены Яўген. Але яго выгляд і вобраз мусяць фармавацца паводле агульнай канцэпцыі. “Вы ведаеце, што ў Віцебску больш няма пасады гарадскога мастака? — цікавіцца Яўген. — Без ягонай згоды нельга было змяніць выгляд горада, бо ён працаваў над цэласнасцю гарадской прасторы. Менавіта гэты чалавек мог паставіць пытанне пра сімвал горада. Праз адсутнасць такой пасады ўкараняюцца дробныя ініцыятывы, а агульнай канцэпцыі няма”. Не выключана, што яе адсутнасць правакуе дробныя недарэчнасці, якія не абмінулі і Дзядзю Віцю. Так, у ліхтары каля досыць гламурнай кавярні “Пушкін таймс” Дзядзя Віця сядзеў на высокім пушкінскім капелюшы, паказваючы, што яму далёка да вышынь творчага генія паэта, які аднойчы праехаў праз Віцебск і за гэта ўжо тройчы ўшанаваны гараджанамі. У яго гонар пастаўлены помнік, названы мост, а цяпер адкрытая кавярня. А Дзядзя Віця нейкім таямнічым чынам знік з ліхтара разам з капелюшом.
У ліхтары на скрыжаванні вуліц Крылова і Суворава Дзядзя Віця выконвае ролю рэгуліроўшчыка. Можна збочыць налева і ўбачыць “Сядзейку”, да якой ужо водзяць экскурсіі, і найлепшы пейзаж у горадзе з вышыні Успенскай гары. А можна прайсці проста і ўбачыць, як Дзядзя Віця грае на гітары і робіць складаны кульбіт.
За антыкварнай лаўкай Дзядзя Віця робіць паклон і развітваецца.
Але яго гісторыя не заканчваецца. Наадварот, гэта толькі пачатак. “48 ліхтароў, якія мне ўдалося змантаваць, — гэта трошкі менш за палову ад таго, што мне хацелася б”, — кажа Яўген. Дзякуючы фінансавай падтрымцы грамадскай арганізацыі vitebsk4me аўтар мае магчымасць падоўжыць гісторыю Дзядзі Віці яшчэ на 60 ліхтароў. “Засталася самая складаная частка, — прызнаецца Яўген. — Ліхтароў на тым кавалку вуліцы шмат, а цікавых аб’ектаў не стае. Так, ёсць гатэль “Эрыдан”, міліцыя, закінуты фантан, які будаваўся насупроць дома тэхнічнай інтэлігенцыі горада і не працуе з 90-х гадоў”. Тым не менш сюжэты для большасці чалавечкаў ужо гатовыя, і ў канцы лета Дзядзя Віця можа з’явіцца на ўсёй вуліцы Суворава.
Цяпер галоўнае — звярнуць на ліхтарнага чалавечка ўвагу. “Я сутыкнуўся з тым, што размяшчэнне Дзядзі Віці настолькі незвычайнае, што большасць людзей яго проста не заўважае, — адзначае Яўген. — Людзі часцей глядзяць пад ногі, а не ўгару. Таму да фінальнага адкрыцця на першым вялікім ліхтары ля моста Пушкіна з’явіцца бронзавая фігурка чалавечка, які караскаецца на ліхтар, быццам кажучы: “Я пасяліўся ў ліхтары, хадземце знаёміцца!”
Яна Шыдлоўская
Фота: Андрэй Тавалжанскі
Тэгі: Віцебск