• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
17.04.2015 | Граблі гісторыі

Язэп Дыла. Тры жыцці аднаго беларуса

У гісторыі абсалютна ўсіх народаў ёсць постаці, якія з’яўляюцца ў пераломныя для Бацькаўшчыны моманты і робяць надзвычай шмат, не патрабуючы наўзамен нічога. Нават памяці.

На жаль, далёка не ўсе з такіх альтруістаў трапляюць пасля ў нацыянальны пантэон герояў. Яркі таму прыклад — жыццёвы шлях Язэпа Дылы, беларускага празаіка, драматурга, гісторыка і грамадскага дзеяча. Сёлета спаўняецца 135 гадоў з дня яго нараджэння.

За сваё доўгае жыццё Язэп Дыла паспеў пражыць некалькі чалавечых жыццяў, кампактна сумясціўшы іх у біяграфіі аднаго чалавека.

I. Рэвалюцыянер

Будучы дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР Восіп Лявонавіч Дыла нарадзіўся 14 красавіка 1880 года ў Слуцку ў сям’і службоўца. Скончыў легендарную Слуцкую гімназію. Быў вучнем Альгерда Абуховіча — удзельніка паўстання 1863 года. Ад Абуховіча малады Язэп Дыла упершыню пачуў пераклады Ёгана Гётэ, Віктора Гюго, Джорджа Байрана, Дантэ Аліг’еры ды іншых. Разам з сусветнай класікай Восіп пачаў цікавіцца рэвалюцыйным рухам і актыўна ўдзельнічаць у ім. Хутчэй за ўсё, менавіта пад уздзеяннем Альгерда Абуховіча аформіліся яго радыкальныя погляды.

Нягледзячы на ўсю інтэлігентнасць, Язэпа Дылу можна ахарактарызаваць наступным чынам: “дерзкий, резкий, участвовал, привлекался”. Яшчэ ў гады навучання ў Слуцкай гімназіі ён трапіў у шэраг нядобранадзейных. У 1899 годзе ён паступае ў Ветэрынарны інстытут горада Тарту, які, аднак, скончыць не здолее, бо будзе адлічаны з яго без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя установы Расійскай імперыі. Прычына нетрывіяльная — “за ўдзел у студэнцкіх сходках і дэманстрацыях, за прымяненне супраць паліцыі хімічных рэчываў”.

Так і не атрымаўшы вышэйшай адукацыі, Восіп будзе ўсё жыццё займацца самаадукацыяй, набываючы энцыклапедычныя веды ў абсалютна розных галінах. Пасля выгнання з інстытута ён вяртаецца ў Мінск і нейкі час працуе ў газеце “Северо-Западный край”, дзе імкліва крочыць па кар’ернай лесвіцы — ад простага карэктара да загадчыка газетнай канторы.

У пошуках лепшай долі ён выпраўляецца ў Пецярбург. За ім у спісе Восіпа будуць Арэнбург, Казань, Масква ды іншыя гарады Расійскай імперыі. Паўсюдна ён займаецца самымі рознымі справамі, у тым ліку і выдавецкай дзейнасцю, добра знаёмы з мясцовай багемай.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Язэп Дыла сустракае ў Маскве. Гэтую падзею ён разглядае як мажлівасць пачаць будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці і актыўна ўключаецца ў працу разнастайных беларускіх камітэтаў пры бальшавіцкай партыі. У снежні 1917 года Язэп Дыла бярэ актыўны ўдзел у Першым Усебеларускім з’ездзе. У гэты перыяд ён таксама актыўна піша ў газету “Дзяньнiца”, галоўным рэдактарам якой быў Зміцер Жылуновіч.

II. Дзяржаўнік

Калі паўстала неабходнасць з’яўлення Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якую абвясцілі ў Смаленску 1 студзеня 1919 года, Язэп Дыла заняў пасаду наркама працы ў Часовым рабоча-сялянскім урадзе. Варта адзначыць, што з 17 чалавек, якія складалі першы ўрад БССР, толькі 8 выступалі за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці.

Аляксандр Мяснікоў у той час пісаў: “Наконт сепаратызму Мы казалі, што для рэспублікі няма глебы, але для нацыяналізму яна знойдзецца. Але тут мы пазбеглі гэтага, таму што ва ўрадзе былі камуністы-небеларусы. Але паколькі ЦК хоча стварыць урад з чыста беларусаў — сыдуць лепшыя таварышы, застануцца камуністы-нацыяналісты, і тады Беларусь стане нацыяналістычнай рэспублікай”.

Пратрымаўся Язэп Дыла на сваёй пасадзе нядоўга — камуністы-інтэрнацыяналісты хутка прыбіралі тых, каму не давяралі. Як і многія беларускія дзеячы таго часу, ён быў майстрам на ўсе рукі і не займаўся нечым адным. Даводзілася і дзяржаўныя справы вырашаць, і на эканоміку з культурай час знаходзіць.

Язэп Дыла быў старшынёй Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў, дырэктарам Інстытута мастацтвазнаўства Інбелкульта, працаваў у Дзяржплане БССР і Белдзяржкіно. Ён стаў адным з арганізатараў Першай Усебеларускай выставы ў 1925 годзе, якая была прысвечаная юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання. У тым жа годзе яго прызначаюць дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра.

У той час Язэп Дыла актыўна шукае сродкі, перакладае і адаптуе на беларускую мову замежныя п’есы, а пасля пачынае займацца ўласнай творчасцю. Так, у 1926 годзе на сцэне тэатра з’яўляецца п’еса “Панскі гайдук”, напісаная і пастаўленая аўтарам. Ён жа кансультуе стваральнікаў адной з першых беларускіх кінастужак “Кастусь Каліноўскі”, якая пабачыла свет у 1928 годзе.

Пэўна, так працягвалася б і далей, калі б не фіктыўная справа “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой Язэпа Дылу арыштуюць 18 ліпеня 1930 года разам з іншымі дзеячамі культуры і мастацтва. У красавіку 1931 яго на пяць гадоў вышлюць у горад Кунгур Пермскай вобласці, а пасля будзе Саратаў, дзе ў той час жыў і працаваў іншы вядомы беларускі дзеяч — Вацлаў Ластоўскі. У 1938 годзе Язэп Дыла будзе паўторна арыштаваны, а Ластоўскага расстраляюць. Праз год былы наркам працы выйдзе на волю, але ўжо ніколі не вернецца ў Беларусь.

III. Пісьменнік

У якасці пісьменніка Язэп Дыла дэбютаваў з абразком “Перад раніцаю…”, напісаным у 1909 годзе. Але на старонках “Нашай Нівы” ён з’явіўся толькі ў 1912 годзе. У гэтым кароткім тэксце аўтар паказвае сваю веру ў радыкальныя сацыяльныя змены, якія мусяць адбыцца неўзабаве. Ужо па гэтым абразку можна зразумець, што Язэп Дыла не ўпісваецца ў шэрагі плакальшчыкаў, якія былі модныя ў тыя часы.

Знаходзячыся ў Саратаве, ён пачаў пісаць гістарычныя творы. У другой палове 1940-х на вокладках старых часопісаў ён напіша раман “На шляху з варагаў у грэкі”. Пазбаўлены мажлівасці працаваць з дакументамі, ён будзе пісаць па памяці, узнаўляючы ранейшыя веды. У сваёй аўтарскай энцыклапедыі “Імёны Свабоды” Уладзімір Арлоў гэтак ахарактарызуе аўтара і яго твор: “Заснавальнікам жанру гістарычнай раманістыкі ў нас традыцыйна лічыцца Уладзімір Караткевіч. Між тым, Дылу належыць напісаны значна раней раман “На шляху з варагаў у грэкі” — твор, шмат у чым наватарскі: пазбаўлены лінейнай пабудовы, скіраваны на асэнсаванне не асобных падзеяў, а самога гістарычнага працэсу. І, дарэчы, дагэтуль незнаёмы чытачу”.

У 1968 годзе ў лістападаўскім нумары часопіса “Маладосць” пад псеўданімам Тодар Кулеша выйдзе яго аповесць “У імя дзяцей”, у аснову якой было пакладзенае “Паданне пра абарону Слуцка”. У тым жа годзе Адам Мальдзіс запіша аўтабіяграфію Язэпа Дылы “Шлях амаль у сотню год”, у якой выбітны беларускі дзеяч акуратна распавядзе пра свой няпросты жыццёвы шлях. Акрамя гэтага Язэп Дыла напісаў шэраг драматычных твораў, прац па гісторыі і культуры Беларусі.

У артыкулах пра Язэпа Дылу нярэдка згадваюць, што ён аўтар успамінаў пра Янку Купалу, Якуба Коласа і Яна Райніса. Пры гэтым часцяком забываюцца, што Язэп Дыла напісаў вельмі цікавыя ўспаміны пра свайго сябра і паплечніка Цішку Гартнага, дзякуючы якім можна лепш зразумець як іх героя, так і аўтара. У прыватнасці, Язэп Дыла сярод іншага згадвае раман Этэль Ліліян Войніч “Авадзень”, якім захапляліся маладыя людзі ў дарэвалюцыйныя часы. Усе гэтыя тэксты выйдуць асобным выданнем у 1981 годзе, праз 8 гадоў пасля смерці аўтара.

Асабіста для сябе я адзначыў наступны момант — сваю аўтабіяграфію Язэп Дыла заканчвае наступнымі словамі: “Часта вяртаючыся ў думках у край майго дзяцінства, юнацтва і сталасці, і сёння, аглядаючы жыццёвы шлях, я радуюся, што лепшую частку гэтага шляху я прайшоў, верна служачы майму народу, маёй Беларусі”. І гэта словы чалавека пасля арыштаў, допытаў і высылкі. На працягу ўсяго жыцця гэты чалавек не забываўся пра сваю Радзіму. Хацелася б верыць, што і яна не забудзе свайго простага і мужнага сына.

Канстанцін Касяк

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

«На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча

«Гэтым разам не выбранае, а менавіта новае!», — падзяліўся навіной у сацсетках вядомы беларускі паэт Андрэй...

valiancina_shauchenka
Літаратура

«Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч

У Бельску Падляшскім пасля працяглай хваробы на 77-м годзе жыцця памерла Надзея Артымовіч. Яе называлі паэткай...

valiancina_shauchenka
Музыка

«Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага

Напрыканцы верасня беларускі музыка Андрусь Такінданг прэзентаваў кліп на сваю новую песню «Шэры камень». Гэты твор...

valiancina_shauchenka
Культура

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных

На працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гэта...

Апошнія навіны

    Літаратура
    «На беразе Волі». Выйшла новая кніга Андрэя Хадановіча
    Літаратура
    «Адплывае спакойнае неба...» Памерла паэтка Надзея Артымовіч
    Музыка
    «Тэкст напісаўся разам са слязьмі па спачылым». Андрусь Такінданг распавёў пра песню памяці Міраслава Лазоўскага
    Культура
    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA пройдзе ў Варшаве на гэтых выходных
    Культура
    «Чаму вы выйшлі з дому?» Хадановіч разважае пра паэзію пратэсту і салідарнасці
    Гісторыя
    Голда Мэір: «У мамы была звычка заяўляць, што ў Мілуокі ўсё горш, чым у Пінску»
    Грамадства
    У пошуках літвінізму. У Сейме Літвы абмеркавалі уплыў літвінізму на адносіны паміж беларусамі і літоўцамі
    Культура
    «Берлінскі сшытак»: загадкавы спеўнік бабулі Кацярыны Ваданосавай
    Грамадства
    Генпракуратура распачала крымінальныя справы супраць Рады БНР
    Мастацтва
    «Ніці супраціўлення»: адкрыццё выставы Руфіны Базловай адбудзецца ў Чэхіі
    64-гадовая беларуска падняла БЧБ-сцяг над адной з найвышэйшых гор свету
    Кіно
    Фільм «Зялёная мяжа»: што хацела паказаць Агнешка Холанд і што атрымалася
    Музыка
    Наста Хмель: Робім Беларусь у выгнанні, каб не знікнуць у чужым краі
    Забавы
    Гульня: Знайдзі аднолькавыя вокладкі
    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Афіша

  • 04.10

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі

  • 04.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 04.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 04.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 04.10 — 08.10Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве
  • 04.10 — 17.11Выстава Руфіны Базловай у Чыкага
  • 04.10ПАДЗЕЯ ДНЯ: Музейная імпрэза «Посцілка: прастора натхнення» ў Гомелі
  • 05.10 — 09.11LAZARET. Персанальная выстава Цемры ў Празе

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага
    • «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип