У нашай гісторыі безліч важных дат, якія абыходзіць вока беларуса. Адбываецца гэта, на маю думку, найперш таму, што часцяком мы самі не можам асэнсаваць іх значнасць, адвесці патрэбнае месца на нацыянальным Пантэёне. Возьмем для прыкладу Першы Усебеларускі з’езд, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 года. Здавалася б, пра яго ведае кожны, хто здаваў іспыт па гісторыі ці, тым больш,цэнтралізаванае тэставанне. Але якія веды мае малады чалавек пра гэтую падзею, акрамя даты? Ніякіх. Пра Дзень волі, які не адбыўся б без снежня 1917-га, сказана і напісана нашмат больш.
Ніводная падзея ў гісторыі не адбываецца сама па сабе, проста так. Ёй заўжды папярэднічае цэлы ланцуг узаемазвязаных здарэнняў, з якіх потым вымалёўваецца агульная карціна. Дзяржаватворчыя і нацыятворчыя працэсы не выключэнне. Як і не выключэнне беларуская нацыя, якая ў пачатку ХХ стагоддзя імкнулася да ўласнай дзяржаўнасці разам з іншымі народамі, што ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі.
Згодна з тэорыяй чэшскага гісторыка Міраслава Гроха, класічная схема разгортвання нацыятворчых рухаў бездзяржаўных народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы мела звычайна тры этапы. Чытаем і ставім крыжыкі на супраць выкананых:
Першы этап характарызуецца актыўнасцю малога крута, які складаецца ў асноўным з інтэлігенцыі, якая не абавязкова нават гаворыць на нацыянальнай мове. Гэтая невялікая група дакументуе традыцыйную народную культуру і спрабуе акрэсліць агульныя ўяўленні аб сваім народзе.
Другі этап вызначаеца тым, што пад час яго прадстаўнікі бездзяржаўнага народу пачынаюць адраджэнне сваёй мовы і культуры, якая да гэтага лічылася “сялянскай”. На ёй пачынаюць стварацца літаратурныя творы, выходзіць перыёдыка, вядзецца набажэнства ды адукацыя.
Трэці этап адметны тым, што пад час яго актыўныя прадстаўнікі бездзяржаўнага народу пачынаюць ствараць свае палітычныя і грамадскія арганізацыі, якія пачынаюць весці барацьбу за стварэнне ўласнай дзяржавы ўсімі даступнымі сродкамі.
Цяпер лёгка зразумець, што на момант снежня 1917 года беларускі народ прайшоў усе этапы, неабходныя для стварэння ўласнай дзяржавы. Лютаўская, а потым Кастрычніцкая рэвалюцыі канчаткова вырашылі пытанне з галоўнай перашкодай да гэтага – Расейская імперыя перастала існаваць. Пытанне аб будучым дзяржаўным ладзе на Беларусі было адкрытым. Тым больш, што бальшавікі абяцалі вольнае самавызначэнне усім былым паняволеным народам аж да поўнага дзяржаўнага аддзялення, што толькі падштурхоўвала беларускіх дзеячоў да актыўнасці. Для таго, каб абмеркаваць і зацвердзіць усе дзяржаўна-палітычныя пытанні было вырашана склікаць 5 снежня 1917 года Першы Усебеларускі з’езд.
Арганізатарам з’езду выступіла Вялікая Беларуская Рада – цэнтральны кіроўны орган беларускага нацыянальнага руху. У сваёй адмысловай заяве, выдадзенай да з’езду, прадстаўнікі Рады выказалі намер стварыць беларускую дэмакратычную рэспубліку, звязаную з суседнімі краінамі, найперш Расеяй, на федаратыўнай аснове. Бальшавікі, асабліва тыя з іх, хто гаспадарыў у Мінску, мелі на гэты конт свае думкі, адрозныя ад гэтай, досыць стрыманай ідэі.
З’езд распачаў сваю працу 5 снежня 1917 года у будынку гарадскога тэатру, які цяпер носіць ганарлівае імя Янкі Купалы. З самага пачатку стала зразумела, што сярод удзельнікаў мерапрыемства адзінства няма. Гарачыя спрэчкі выклікалі пытанні любога характару: ад зямлі да волі. Найбольш прадстаўлены на з’ездзе былі вайскоўцы, партыйныя функцыянеры ды сябры зямляцтваў. Як адзначае Фёдар Турук у сваёй грунтоўнай працы “Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белорусов”, якая пабачыла свет у 1921 годзе ў Маскве, па саслоўным прызнаку з’езд быў сялянскім, па класавым – мелкабуржуазным. Найбольшая колькасць удзельнікаў прытрымлівалася сацыялістычных поглядаў. Гэта, аднак, не замінала падзяліцца ўдзельнікам на “правых” і “левых” – прыхільнікаў незалежнасці і федэралізацыі. Самі ж бальшавікі ціхенька назіралі за працай з’езду да пары да часу, аплочваючы ўсё мерапрыемства, згодна са згаданым вышэй правам народаў на вольнае самавызначэнне.
Сапраўдныя праблемы пачаліся 14 снежня, калі сабралася асноўная частка дэлегатаў і ўдзельнікі перайшлі да абмеркавання найбольш важных пытанняў. Усяго на з’ездзе было арганізавана і працавала 12 секцый па асобных галінах дзяржаўна-прававой, эканамічнай, культурнай і іншай дзейнасці. Агулам у гэты дзень сабралася 1872 дэлегаты, якія прыехалі з усіх куткоў Беларусі. На ўрачыстым адкрыцці быў абвешчаны склад прэзідыума і зацверджанаРада з’езда. Старшынёй з’езда быў абраны Іван Серада. Агулам жа ў Раду з’езда ўвайшло 57 чалавек, сярод якіх былі Язэп Варонка, Яўхім Карскі, Яўсей Канчар, Аляксандр Цвікевіч ды іншыя вядомыя асобы.
Найбольш спрэчным момантам у працы з’езду выявілася пытанне аб дзяржаўным ладзе на Беларусі. Згаданыя вышэй “правыя”, якіх яшчэ называюць “радаўцамі”, патрабавалі недкладнага абвяшчэння беларускай рэспублікі, яны мелі сур’ёзную падтрымку з боку дэлегатаў з захаду Беларусі. Прагматычныя “левыя”, якіх яшчэ называюць “абласнікамі”, лічылі такія намеры утапічнымі і немажлівымі ва ўмовах вайны і галечы, у сваю чаргу яны карысталіся падтрымкай дэлегатаў з усходу.
Але, як казаў Сакрат – “у спрэчцы нараджаецца ісціна”. Агульнымі намаганнямі дэлегатаў была выпрацавана кампрамісная праграма, якая была агучана дэлегатам з’езда ў 1 гадзіну 15 хвілін ночы з 17 на 18 снежня 1917 года. Менавіта ў гэты момант на сцэну, ва ўсіх сэнсах гэтага слова, выходзяць бальшавікі. Дачакаўшыся патрэбнага моманту,яны сілай разганяюць з’езд, а некаторых яго ўдзельнікаў нават арыштоўваюць. Прычыны такой рэакцыі яскрава апісвае згаданы Фёдар Турук, маўляў, мерапрыемства было разагнана пасля таго, як з’езд адзінагалосна прыняў рэзалюцыю пра усталяванне дэмакратычнага рэспубліканскага ладу на Беларусі.
Невядома чаму, але агульна прынята лічыць, што з’езд быў разагнаны без супраціву з боку дэлегатаў, насамрэч жа гэта не зусім так. Яшчэ пад час працы з’езду паміж яго ўдзельнікамі і бальшавікамі, якія зняважліва ставіліся да беларускай сымболікі і беларускай справы,узнікалі сутычкі. Усе гэтыя моманты згадвае ў сваіх успамінах Макар Краўцоў, аўтар вайсковага маршу “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і актыўны ўдзельнік Слуцкага паўстання.
У Максіма Гарэцкага ёсць апавяданне “ Усебеларукі з’езд 1917-га года”, у якім аўтар, вяртаючыся са Смаленску,сустракае селяніна Кузьму, свядомага беларуса, які прымаў удзел у працы з’езда ў якасці дэлегата. Кузьма распавядае, што ды як было на тым мерапрыемстве і абяцае змагацца за Беларусь у далейшым. Добрая, дарэчы, нагода перачытаць класіка ды перагледзіць сваё стаўленне да яго, бо многія несправядліва лічаць яго нейкім там гаротнікам…
Нягледзчы на тое, што з’езд быў разагнаны, вынікі яго працы былі вельмі значнымі – сам факт разгону звярнуў увагу на беларускае пытанне на міжнароднай арэне, бо пра разгон загаварылі ў Брэсце, дзе адбываліся мірныя перамовы. З’езд не здолеў стварыць дэмакратычнай народнай улады на Беларусі, але, разам з гэтым, выпрацаваныя на з’ездзе дакументы дазволілі працягнуць справу стварэння беларускай дзяржавы. Без гэтага з’езду не было б ні БНР ні БССР.
Канстанцін Касяк