— Беларусамі нараджаюцца. Не пры з’яўленні ад маці.
Трэба проста абудзіць у сабе глыбока схаваныя пачуцці, разуменне ўласнай ідэнтычнасці. У кагосьці яны прачынаюцца амаль пры нараджэнні, большасць абуджаецца дзякуючы штуршкам лёсу. Пачуюць беларускую музыку, убачаць гераічны ўчынак, прачытаюць цікавую навіну – людзі раптам разумеюць каштоўнасць нацыі, належнасць да адзінага народа з вялікай гісторыяй. Гэта, на жаль, праходзіць. Некалькі такіх штуршкоў даюць плён. Зрух адбываецца, і пачынаецца сапраўдны вір пачуццяў. Лучнасць з продкамі, крывёю, нацыяй, гонар за гераізм продкаў, шкадаванне й часам сорам за іхныя памылкі. Адчуваецца значны ўнёсак свайго народа ў сусветную культуру, узнікае жаданне павялічваць гэты скарб. Расце захапленне гісторыяй, моваю, і, як ланцуговая рэакцыя, яно пашыраецца на ўсе сферы жыцця.
У маім жыцці шмат падобных штуршкоў. Мноства рэчаў, асобаў, без якіх мне было б цяжэй убачыць шчырых беларусаў у сабе і ў іншых. З цягам часу ўсё больш упэўніваюся: каб не было пэўнай падзеі, якая прымусіла мяне задумацца над беларускасцю, дык праз месяц, год ці пяць мяне б напаткала іншая, падобная. Збег выпадковасцяў складаецца ў заканамернасць.
З гадамі паэтапна прыходзіла да дзіцяняці, хлапчаняткі, школьніка, студэнта разуменне асобнасці, уласнай адметнасці й каштоўнасці. Адчуванне вышыні й зорнасці беларускасці прыйшло ў душу, мусіць, не раней за асэнсаванне нацыі ў сям’і. Потым дадалося значэнне каштоўнасці гораду Ліды, Гарадзеншчыны, Беларусі.
З чаго ўсё расло і развівалася, цяжка сказаць.
Па сутнасці, штосьці беларускае суправаджала мяне з нараджэння. Некаторыя кніжкі, рэдкія словы дарослых фармавалі ў маёй галаве суіснаванне некалькіх моваў на нашай зямлі. Гэта ўспрымалася як належнае. У дзяцінстве, чуючы, як людзі ўжываюць беларускія словы “цікава”, “трэба”, “грошы”, уяўляў беларускую мову старэнькай бабуляй з мілым тварам, якая прыемна ўсміхаецца пры кожным ужытку яе слова, “вось вы проста так кажаце, не задумваючыся, а мне прыемна”.
Бабуліны словы “цікаўна”, “падшпарак”, “падшыванец”, “грашоўнасць” гучалі ў душы спевам скрыпкі для музыкі. У кожным дыялектным слове гучала свая нота, штодня іншая, адрозная ад астатніх.
Звязваў слоўнае багацце беларускай мовы са старэнькімі мілатварымі дзядулямі і бабулямі, лаканічнымі дзядамі і цёткамі, якія прыемна ўсміхаюцца пры кожным ужытку іх слова маленькім унукам.
“Як прыемна вы кажаце”, – найвышэйшая пахвала продкаў нам, беларускамоўным жыхарам нашай краіны.
Я сам не заўважыў, як прага атрымаць удзячнае слова і лагодную ўсмешку ад продкаў пералілося ў прагу й моц усведамляць сябе беларусам. То бок падобным быць да іх, кондавых ліцвінаў, крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Не змешвацца ні з кім, тым болей прыблуднымі і наезджымі. Умець адстаяць уласную адрознасць і адметнасць.
У дзіцячым садку даведаўся пра існаванне на нашай планеце розных культураў, народаў, усур’ёз пацікавіўся ў дарослых, чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску не размаўляем. У адказ пачуў нешта добрае й не вельмі пра ўладу. Пасля гэтае пытанне вылецела з галавы – павярхоўна пазнаёміўся з моўнай сітуацыяй у такіх краінах як Ірландыя, Аўстралія, Канада.
Такім чынам, уласнае нацыянальнае вызначэнне цвёрда ўцяміў змалку.
Бадай, першае ўсведамленне для сябе важнасці беларускасці прыйшло ў чацвертым класе на занятку “Мая Радзіма – Беларусь”. Па шчырасці, да восьмага году навучання ў школе не любіў гісторыі. Аднак у той момант аповед пра Рагнеду моцна закрануў. Простая гісторыя пра палачанку, што мела тры імені, да якой адначасова пасваталіся два князі, дужа ўразіла. Раптоўна адчуў гаротнасць беднай дзяўчыны, намагаўся ўявіць яе моцныя перажыванні, цяжар становішча, у якім яна апынулася, мімаволі параўноўваючы гэта з лёсам краіны.
Беларусам я нарадзіўся, як большасць грамадзянаў нашай краіны. Можна вылучыць момант, калі я перайшоў на беларускую мову. Гэта пачатак 2008 году. Менавіта з перашага студзеня я перастаў ужываць расійскую мову ў бытавым паўсядзённым жыцці. Пасля Новага году, а дванадцатай раніцы (пасля НГ гэта яшчэ раніца) мне патэлефанавала маці. Абудзіўшыся, узгадаў пра намер абудзіцца свядома, перайсці на родную мову. Паўсонным голасам нешта прамармытаў маці, нібыта не заўважаючы здзіўлення, – “я ж казаў, што буду пераходзіць на беларускую”. Так усё пачалося.
Прачынацца пасля сну не вельмі прыемна: цягне ў ложак, хочацца яшчэ хоць трохі паспаць, узнікае непрыязнасць да таго, хто спрабуе патурбаваць сон. Гэта нармальныя сімптомы. Абудзіцца альбо разварушыць іншага не так проста. Аднак Абуджэнне раней ці пазней адбываецца. І мы прачынаемся, вітаючы новы дзень. Веру, што ў нашай краіне яно ўжо пачалося.
Цяжка акрэсліць, хто стаў беларусам. Колькі людзей насамрэч з гонарам заяўляе: “Я – Беларус! Но разговариваю по-русски, потому что это удобно”. Яны ўсведамляюць прыналежнасць да свайго народа. Нядзіўна, што падчас перапісу 1999 году 80% насельніцтва назвалі роднай моваю беларускую.
Для большага разумення сваёй беларускасці патрэбныя сябры, нейкае атачэнне, што падзяляе тваю пазіцыю. Яго варта стварыць ці адшукаць сярод знаёмых. Дзякуй Богу, мне тут пашэнціла. Насамрэч шчыра ўдзячны бацькам, якія заўсёды мне дапамагаюць, хоць не ва ўсім разумеюць; сябрам, без якіх жыццё губляе цікавасць; настаўнікам, якія дагэтуль суправаджаюць мяне ў жыццёвым шляху.
Кожная нацыя, кожны народ, як дрэва, мае свае карані. У нас, беларусаў, яны глыбока сягаюць, яны моцныя. Усведамленне беларускасці ёсьць разуменнем адзінства ўсяе структуры дрэва, гэта той сок, што падымаецца ад каранёў і сілкуе лісце.
Юльян Місюкевіч, студэнт БДУ