Альбом “Аэрапланы ў вырай” карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі Несьцярэнкі. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні.
Юры Несьцярэнка – асоба ў беларускай музыцы культавая. Свой першы гурт “Апошні шанец” ён заснаваў яшчэ за Брэжневым у школьным узросьце, граў у полацкіх “Тутэйшых”, гурце з чыста позьнесаўковай назвай “Рок-транс-аўта” ды шэрагу менскіх і магілёўскіх праектаў. Таксама ён выдаваў свой часопіс, ладзіў фэсты на ўласным падворку ў Бялынічах, вучыў граць дзетак блюзы і рок-н-ролы ды яшчэ нямала чаго. Дзіва пры гэтым, што ў беларускім кантэксьце яго талент адкрыўся і стаў вядомым параўнальна нядаўна – гадоў зь дзесяць таму, дзякуючы цудоўнаму фіту з “Крамаю” – “Блюз белай ночы”.
Новы альбом Юрыя выйшаў ажно праз восем гадоў пасьля папярэдняга “Сьвята вялікіх дажджоў” і ўвабраў у сябе найлепшыя рэчы выканаўцы за гэты час. І пры ўсёй цудоўнасьці “Сьвята…” і задушэўнасьці ранейшых альбомаў Несьцярэнкі, “Аэрапланы ў вырай” карціць назваць найлепшай працай у дыскаграфіі выканаўцы. У яго ўвайшлі восем трэкаў, падабраныя адзін да аднаго, складзеныя і выкананыя на найвышэйшым узроўні. Матэрыял адшліфаваны да такой ступені, што рэліз адразу можна запісваць у найлепшыя здабыткі беларускага року. Такія ж адчуваньні выклікалі пры першым жа праслухоўваньні, скажам, апошнія альбомы “Крамы” (“Белая вада”), “Грамадазнаўства” Вольскага і “Патас/Попс/Прапаганда” ад Pomidor/off. Юры мае адметны вакал, такі мяккі, далікатны і лагодны. Ён адразу выклікае прыхільнасьць слухача – зь першага слова і першага сола – і настройвае на добры лад. І музыка ягоная знаходзіцца ў поўнай гармоніі з голасам. Аранжыроўкі песень таксама мяккія, ненавязьлівыя і вытанчаныя. Стылістычна альбом вагаецца ад блюзу/блюз-року да року ў ягоным кансэрватыўным разуменьні. Кожная песьня з гэтага дыску здольная забраць з сабою. Асабліва зьвяртаюць на сябе ўвагу неверагоднай пекнасьці баляда, запісаная ў дуэце з Ілонай Карпюк “Восеньскі мінор”, пранізьлівы блюзавы нумар “Мая адзінота”, шыкоўна збудаваная “Сіндром Вавілона”, загалоўны нумар… і такім парадкам можна пералічыць усе трэкі з альбому. Адзінае што трохі дзіўнавата выглядае штучны шум глядзельнай залы, накладзены ў трэку “Адкажы”, надта ўжо ненатуральны эфект псуе трохі ўражаньне ад прыстойнага трэку.
“Аэрапланы ў вырай” не пакліканыя скарыць новую публіку. Гэтая праца зробленая чалавекам, цалкам адданым аднойчы абранаму стылю. І прызначаная найперш для тых, хто ўжо гэтак жа – раз і назаўжды – вызначыўся з сваімі музычнымі прыярытэтамі. Гэта шчырая музыка, зробленая з гонарам і на сумленьне.
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 9
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін
Спампаваць альбом можна тут.