Юры Несьцярэнка сам сабе зрабіў падарунак да 50-годзьдзя і выдаў альбом “Свята на дваіх” у вельмі рэдкім і дужа смачным фармаце – дуэтным. Тут сабраныя самыя важныя, галоўныя і кранальныя рэчы – свае і адна чужая , выкананыя зь вядомымі і ня дужа выканаўцамі.
Пра такіх людзей кажуць – ён на сваім месцы. Юры ўсё жыцьцё грае блюзы і рок-н-ролы, робіць гэта шчыра і сумленна, чым прыцягвае да сябе творчых людзей. Што тут казаць, калі Джон Фогерці і Андрэй Макарэвіч далі яму згоду на выкананьне сваіх песень па-беларуску. Але Несьцярэнка не паразытуе на чужым матэрыяле і на імёнах. У яго багата сваіх песень, і ён сам заўжды рады падтрымаць сваіх маладзейшых калегаў.
Пятро Ялфімаў і Юры Несьцярэнка
“Сьвята на дваіх” – гэта фактычна the best, таму тут няма прахадных нумароў. Пачынаецца альбом з клясыкі – беларускай вэрсіі “Have you ever seen the rain?” гурту Creedence Clearwater Revival, што пяецца зь Ялфімавым. У прынцыпе, у такім олдскульным духу і зроблены ўвесь дыск – як ня мець ніякай інфармацыі, дык можна падумаць, што выйшаў ён дзе-небудзь у 80-х. Але хто сказаў што олдскул – гэта кепска?
Калі казаць пра цьвікі альбому, то гэта, вядома ж, выдатны блюз-рокавы нумар “Блюз белай ночы”, выкананы з “Крамаю”, у якім абыгрываецца назва Бялынічаў, дзе жыве музыка. І неверагоднай прыгажосьці – проста кінематаграфічная баляда “Восеньскі мінор”, запісаная з Ілонай Карпюк. Гэты сьпіс можна доўжыць. Свой непаўторны характар мае наіўная і суворая песьня пра “Два вазы”, да якой далучыўся Алег Хаменка. Хіба што яна трошкі спазьнілася з выхадам – у 90-я яе тэкст яўна бы друкавалі ў песеньніках ды гралі бы падлеткі ў дварах, ну а “Сьвята вялікіх дажджоў” з Натальлей Алёхінай – гэта проста эпічна. Шкада, што яшчэ адна выдатная песьня Юрыя “Знаю столькі пяшчотаў” не была засьпяваная ў дуэце (ну, напрыклад, з Русяй) і не ўвайшла ў гэты дыск. Праграма наогул абрываецца раптоўна і нечакана – на 9-м трэку, фінальнай кампазыцыі, такой “песьні песьняў” на ёй не стае – трэба думаць, Несьцярэнка яе яшчэ піша і выдаць на 55-годзьдзе.
Альбом “Сьвята на дваіх” добра сведчыць пра розныя фарматы, у якім бліскуча можа працаваць гэты выканаўца. Ён можа стварыць лёгкі і запамінальны гіт, просты як зэдлік, а можа мысьліць маштабна, на ўзроўні рок-опэры. І нягледзячы на паважаны ўжо ўзрост, ёсьць адчуваньне, што аўтар гэтага альбому яшчэ зусім не раскрыўся на канца і ўсё ў яго яшчэ наперадзе.
Паслухаць і спампаваць альбом можна на Tuzin.fm
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 8
Запіс: 8
Аздабленьне: –
Сяргей Будкін