Размова ідзе аб выніках раскопак на тэрыторыі паселішча другой паловы І тыс. н.э. каля вёскі Рэчкі Вілейскага раёна. Археалагічныя работы тут вядуць з 2020 года студэнты і супрацоўнікі гістарычнага факультэта БДУ.
Адной са значных знаходак мінулага года сталі фрагменты ювелірнай вытворчасці летапісных крывічоў. Усяго да гэтага комплексу аднесена больш за 100 артэфактаў. Сярод іх тыглі для выплаўлення металу, нарыхтоўкі сыравіны, вытворчыя адходы, упрыгожванні са слядамі браку і пашкоджаннямі, таксама былі знойдзены нажніцы для працы па метале, паведамляецца на сайце гістарычнага факультэта БДУ.
Папярэдні аналіз дазволіў устанавіць, што дадзеная майстэрня датуецца Х стагоддзем і з’яўляецца адзіным ювелірным комплексам крывічоў, знойдзеным на тэрыторыі Беларусі, які адносіцца да пераддзяржаўнага перыяду.
Артэфакты маюць вялікую навуковую каштоўнасць. Яны фарміруюць уяўленне аб рассяленні славянскіх народаў заяўленай эпохі, іх ладзе жыцця і гаспадарчай дзейнасці, побыце, рэгіянальных асаблівасцях, эканамічных адносінах, культуры і традыцыях. Важнасць працы археолагаў БДУ ў гэтым раёне заключаецца таксама ў магчымасці вывучыць этапы засялення рэгіёна на працягу І тыс. н.э., даследаваць культуру летапісных крывічоў праз пахавальныя і пасяленчыя матэрыялы.
На гэты момант гісторыкі ажыццяўляюць лабараторную апрацоўку выяўленых знаходак. Сумесна з фізікамі БДУ плануецца вызначыць хімічны склад вырабаў з каляровага металу. Гэта дазволіць рэканструяваць тэхналогію вырабу ўпрыгожванняў і ўстанавіць больш дакладную дату функцыянавання майстэрні. Раскопкі працягнуцца ў 2025 годзе. Выяўленыя знаходкі папоўняць археалагічную экспазіцыю гістарычнага факультэта.