Ім па 24. Муж і жонка Мікіта Халькоў і Юлія Халькова-Гармаза замест таго, каб праводзіць вечары на канапе перад камп’ютарам, абралі іншы шлях. Яны арганізавалі студыю “Варгін”, дзе кожны ахвотны цалкам задарма можа ўзяць удзел у майстар-класах па беларускіх народных танцах, песнях, навучыцца граць на музычных інструментах і развіць акцёрскія здольнасці ў тэатральных пастаноўках. Юлія і Мікіта – сённяшнія героі нашага праекта “Yёsць маладосць!”.
Вытокі
Мікіта: Мае родзічы па матулінай лініі – з гомельскага Палесся, таму з дзяцінства ў паўсядзённым жыцці я бачыў шмат элементаў, характэрных рысаў традыцыйнай культуры. Бабуля была спявачкай і танцоркай, а дзед – самавук-гарманіст. Калі мне было 10, я сам пайшоў займацца фальклорам, вывучаць танцы і спевы. Пазней скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе на кафедры этналогіі і фальклору вывучаў этнафоназнаўства. Сёння з’яўляюся малодшым навуковым супрацоўнікам музея народнай архітэктуры і побыту.
Юлія: Я таксама вучылася ва Універсітэце культуры і мастацтваў, на кафедры тэатральнага мастацтва. Сёлета скончыла магістратуру па мастацтвазнаўстве, вывучала культуру гарадоў Беларусі ХІХ стагоддзя. Так атрымалася, што да 16 гадоў я не задумвалася, што ў беларускай культуры ёсць нейкія праблемы. З 5 гадоў займалася ў ансамблі песні і танца “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе была спявачкай. Мяне ўвесь час акружалі людзі, якія моцна цікавіліся традыцыйнай беларускай культурай. Таму і падавалася, што ў нас у гэтым плане ўсё добра, моладзь ходзіць на этнавечарыны, усе размаўляюць па-беларуску, ведаюць нашу гісторыю. Але потым пачалося дарослае жыццё…
Мара пра сінкрэтычнасць
Юлія: Адпачатку мне цікавы быў сам працэс фарміравання паважлівага стаўлення да традыцый: чаму мне, дзіцяці з небеларускамоўнай сям’і, беларускасць стала такой блізкай? Што такога магічнага зрабілі мае выкладчыкі, каб яна арганічна ўвайшла ў жыццё? Я пачала вывучаць іх вопыт і паспрабавала звесці атрыманыя вынікі ў сістэму. Так нарадзілася ідэя гуртка для дзяцей, дзе іх можна знаёміць з нашай культурай і заахвочваць, каб самі цікавіліся надалей. Працавала ў ансамблі “Зорачка”, выкладчыкам у цэнтры “Эўрыка” Фрунзенскага раёна. Цяпер працую ў цэнтры “Вікторыя” Партызанскага раёна. Я вельмі ўдзячная адміністрацыі, што нас прынялі з ужо наяўным праектам – студыяй “Варгін”, дазваляюць ладзіць на базе цэнтра лекцыі, майстар-класы. Наш калектыў утварыўся ў 2013 годзе, калі мы працавалі над курсавым спектаклем і сабралі групу аднадумцаў. Пасля ладзілі майстар-класы па танцах, гульнях, рамёствах, пачалі ставіць спектаклі для дзяцей па беларускай мове.
Мікіта: Мая даўняя мара – зладзіць сінкрэтычны праект, які б аб’яднаў танец, музыку, акторства. Усе гэтыя віды творчасці не могуць існаваць асобна. Таму першапачаткова я імкнуўся сабраць многа людзей, якія працуюць у розных кірунках: мастакоў, харэографаў, музыкаў. Мы разам прыйшлі да высновы: калі ладзіць праект, прысвечаны традыцыйнай культуры, трэба браць на сябе смеласць дадаваць крыху інавацый. У нязменным стане застаюцца толькі музейныя фонды. Старыя рэчы паклалі ў скрыню і яны ляжаць на месцы. Але ж жыццё – гэта крыху іншае. Жывёлы, людзі заўсёды рухаюцца. Калі назіраецца вялікі разрыў паміж традыцыяй і навацыяй, то першая будзе адыходзіць у небыццё. Напрыклад, у японскай, кітайскай культурах мы бачым, што традыцыі вельмі арганічна ўпісваюцца ў інавацыйныя рэчы. Таму і мы прыйшлі да высновы, што варта сумяшчаць мінулае і сучаснасць, але так, каб не даводзіць да абсурду.
Юлія: У Бельгіі, Італіі я бачыла, што традыцыя існуе ў сучасным жыцці. Жыхары гэтых краін ганарацца сваімі каранямі, маюць дзядулевы, бабуліны касцюмы, адзяваюць іх на святы. Так атрымалася, што ў многіх краінах традыцыя не стала музейным экспанатам, яна працягвае жыць і развівацца.
У пошуку аднадумцаў
Мікіта: Сёння для моладзі вельмі жорстка стаіць фінансавае пытанне, маладыя людзі не хочуць займацца дабрачыннасцю, працаваць бясплатна, усе імкнуцца атрымаць прыбытак. Мы ж амаль усе свае вольныя грошы ўкладаем у рэквізіт, падтрымку людзей, якія да нас прыходзяць. Імкнёмся неяк стымуляваць жаданне, аддзячыць за працу. Склад удзельнікаў студыі ўвесь час змяняецца, да нас прыходзяць на дапамогу тыя, хто знаходзіцца ў пошуку працы, сябе. Нам з задавальненнем дапамагаюць студэнты ўніверсітэта культуры, прыходзяць у студыю са сваімі ідэямі, праяўляюць ініцыятыву. Чалавек – істота, якая можа абраць цяжкі шлях, каб праз яго стаць лепшым.
Юлія: Мы не можам прывязаць людзей да сябе. Нармальна, калі чалавек, прыйшоўшы ў студыю і паспрабаваўшы нашу працу, у выніку робіць выбар не на карысць “Варгіна”, але ж вопыт сумеснай працы, узаемадзеяння застаецца з намі назаўсёды. І ён, напэўна, галоўнае. Імкнёмся пабудзіць чалавека да дзеяння, выклікаць жаданне нешта рабіць. Думаецца, праблема сённяшняга дня ў тым, што многія асобы з вялікім патэнцыялам чамусьці не імкнуцца да развіцця.
Каб культура жыла
Мікіта: У кожнага чалавека свой унутраны свет і свае патрэбы. Усё жыццё я імкнуўся да кнігі, музычных інструментаў, я гэтым жыву і сёння. І не магу сябе лічыць поўнай асобай без жаданне развівацца. Калі жыць толькі матэрыяльным, мы не зможам дакладна сказаць, што будзе ў перспектыве. Людзі часам не разумеюць, што іх акружае вялікі свет, які можна разбурыць неабдуманымі дзеяннямі. Таму варта імкнуцца дадаваць крыху філасофіі ў жыццё, бо ўвесь ранейшы вопыт можа знікнуць.
Юлія: Cёння “Варгін” – гэта той ідэал, які мы імкнёмся як мага найлепш увасобіць у рэчаіснасць. Хочам, каб наша культура жыла. У наш час прасцей мець дадатковую справу, што прыносіць грошы, але таксама ладзіць культурныя і мастацкія праекты. Нам падабаецца тое, чым мы займаемся, мы атрымліваем ад гэтага неверагодную асалоду. Быў час, калі мы, як і многія, проста хадзілі на працу і не ладзілі пастановак. Першы месяц ты радуешся, што не трэба думаць, ламаць галаву, але потым пачынаецца “ломка” і хочаш зноў вярнуцца ў той незвычайны свет. Цяпер мы робім тое, чым доўгі час хацелі займацца. І мы шчаслівыя.
Як гэта працуе?
Мікіта: Я распрацоўваў адукацыйную сістэму навучання ігры на народных інструментах, якая грунтуецца на традыцыйных мадэлях, але і арыентуецца на сучасны вопыт. Калі згадаць работы Нікіфароўскага, то ў даўнія часы на Беларусі існавала строгая сістэма навучання ігры на інструменце. Грунтоўна праводзілася падрыхтоўчая работа. Найперш імкнёмся развіваць фізічныя здольнасці вучняў, рытм, гукаўспрыманне, а ўжо потым можна ўзяць у рукі і сам інструмент. Студыяй “Варгін” мы ладзім інтэрактыўныя праграмы да святаў, спектаклі, майстар-класы, якія таксама грунтуюцца на традыцыйнай культуры, міфах, легендах. Збіраем фальклорны матэрыял і на яго аснове фантазіруем, выкарыстоўваем сучасныя тэхналогіі. Каб атрымаць вопыт, яшчэ больш навучыцца, імкнёмся ўдзельнічаць у многіх імпрэзах.
Юлія: Я не скажу, што мы толькі фантазіруем. Напрыклад, рэканструявалі батлейку ХІХ стагоддзя, у якой прытрымліваліся этнаграфічнага канону. Нашы спектаклі падзяляюцца на этнаграфічныя, якія мы лазім у адпаведнасці з усімі правіламі рэканструкцыі, а ёсць сапраўды фантазіі на тэмы, дзе мы спрабуем уявіць, што магло б адбывацца. Але любы від нашай працы – вельмі каштоўны вопыт узаемадзеяння з людзьмі, арганізацыі. Стараемся працаваць з прафесіяналамі: імкнёмся вучыцца рабіць добра, бо дрэнна кожны зможа.
Работа над памылкамі
Мікіта: Стараемся не рабіць памылак, якія будуць адвабліваць ад вывучэння традыцыйнай культуры. Ёсць стэрэатып, што народнае – непрыемнае. Але ж гэтае меркаванне не ўзнікла само па сабе, яно закладзена ў свядомасць на нейкім узроўні развіцця чалавека. У нас паняцці сапраўднай культуры народа часам скажаюцца масавымі падыходамі. Так, аўтэнтычныя касцюмы многія лічаць горшымі, чым стылізаваныя. Змагацца са стэрэатыпамі вельмі цяжка. Мы ездзім у экспедыцыі, калекцыянуем старыя рэчы, стараемся распавядаць пра свае знаходкі і дзяліцца адкрыццямі.
Юлія: Ёсць суполка “Вконтакте”, дзе можна сачыць за нашай працай, можна звярнуцца ў студыю, калі ёсць нейкія пытанні, атрымаць дапамогу, параду. Мы часта ладзім бясплатныя лекцыі, майстар-класы. Пры гэтым арыентуемся на неафітаў, тых, хто толькі пачынае знаёміцца з традыцыйнай культурай. Выкладаем матэрыял вельмі проста, расказваем простай мовай, адказваем на пытанні, падбіраем літаратуру, даём спасылкі на крыніцы. Мы не навязваем нейкую пазіцыю, а накіроўваем людзей для далейшага развіцця. Пры гэтым не абмяжоўваем сябе толькі фальклорам., ладзім і пастаноўкі на аснове беларускай класікі. Да нас можна звяртацца. Я даўно вывучаю традыцыі, маю сапраўдныя рэчы, якія засталіся ад продкаў у спадчыну.
Марына Весялуха для budzma.by
Фота са старонкі студыі “Варгін” у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”