Мінскі рэжысёр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў у свае 26 паспеў зняць некалькі яскравых кліпаў для беларускіх гуртоў, павучыцца ў Маскве і бліскуча дэбютаваць з кароткаметражкай “Адной крыві”, якая не пакідае абыякавымі сябраў журы міжнародных конкурсаў і прадстаўнікоў маладога пакалення гледачоў, а днямі будзе паказаная на фестывалі ў Канах. Чаму на ролю Вітаўта трэба запрасіць Леанарда Ды Капрыа, што за цмок сядзіць у галовах беларусаў і дзеля чаго варта жыць маладому беларускаму творцу, Мітрый разважае ў праекце “Будзьма!” – “Ёсць маладосць!” .
Сёння кожны сам сабе рэжысёр
Кінамастацтва дзякуючы сучасным тэхналогіям сёння даступнае як ніколі. Маладыя рэжысёры не так залежаць ад прадзюсараў. Уласныя фільмы можна з лёгкасцю здымаць на звычайны мабільны тэлефон, а ў якасці пракатчыка выступіць інтэрнэт. Таму здымаюць усе, каму не лянота. У гэтым кірунку — рабіць безбюджэтныя стужкі — рухаецца і незалежнае кіно, часткай якога я і сам ёсць. Аўтарскае незалежнае кіно заўсёды будзе існаваць, у якім бы стане ні знаходзілася эканоміка той ці іншай краіны.
Маладым беларускім рэжысёрам бракуе смеласці ў творчых выказваннях
У сучасных творах маладых кінематаграфістаў адчуваецца востры недахоп цікавых нестандартных ідэй, смелага аўтарскага выказвання. Часта здараецца, што ёсць проста кіно дзеля кіно, а ў галовах гледачоў пасля гэтага пустэча… Хочацца, каб новае пакаленне беларускіх рэжысёраў і сцэнарыстаў не баялася выйсці са змроку і па-новаму пераасэнсаваць і змяніць імідж айчыннага кінематографа, які здатны здымаць толькі фільмы пра вайну і партызан.
“Не забівай у труну апошні цвік”
Я шмат павандраваў па розных міжнародных конкурсах і фестывалях са сваім фільмам “Адной крыві” і заўважыў, што сучасныя маладыя рэжысёры схільныя да адлюстравання розных сацыяльных драм у стылі рэалізму. Але гэта самае простае: нашмат лягчэй прымусіць чалавека плакаць, чым смяяцца. Мая ўласная пазіцыя як творцы грунтуецца на тым, што трэба здымаць так, каб змяніць свет да лепшага. Дзеля гэтага і існуе мастацтва. Не так даўно мы страцілі вялікага чалавека, рэжысёра Эльдара Разанава. Я выпадкова пабачыў сюжэт пра яго пахаванне, і ў ім жанчына, што прыйшла правесці Эльдара Аляксандравіча ў апошнюю дарогу, распавяла цікавую гісторыю з жыцця. Калі ёй было 18 год, яна рассталася з каханым чалавекам і па маладосці вырашыла праз гэта скончыць жыццё самагубствам. Але паглядзела разанаўскую “Карнавальную ноч”, і ўсё ўнутры перавярнулася: з’явіўся пробліск надзеі. Я не хачу сваімі творамі забіваць у труну чалавека, што знаходзіцца на мяжы, апошні цвік. Лепш я падару яму надзею. Дзеля гэтага варта жыць і ствараць.
Сама ідэя хрысціянства — вельмі крутая
Я наўмысна цесна не прывязваў геаграфічна свой фільм “Адной крыві” да падзей у Беларусі, Украіне ці Расіі. Ён найперш пра любоў. Любоў да краіны, родных, сяброў, свабоды… А яшчэ ён пра дараванне, на якое здольны толькі напраўду адданы чалавек. Такі агульнахрысціянскі і агульначалавечы матыў. Таму з героямі “Адной крыві” сябе атаясамлівалі людзі з розных краін, яны ім былі сугучныя. Я не бачу нічога добрага ў тым, што сярод інтэлектуалаў ужо некалькі стагоддзяў модна быць атэістам. Сама ідэя хрысціянства, яго пасыл любіць бліжняга — вельмі круты. Сучаснаму свету, асабліва заходняму, катастрафічна не хапае веры і духоўных каштоўнасцяў.
Мы самі запіхнулі сябе ў пастку абывацельскага ўяўлення пра беларускую мову
У нас, беларусаў, каласальная праблема з самаідэнтыфікацыяй. Наша адметнасць як нацыі сёння вызначаецца штампаванымі вобразамі кшталту буслоў, зуброў, бульбы, талерантнасці і г.д. Усё гэта ўжо набіла аскоміну. Свет гэтым не зацікавіць, трэба шукаць іншыя, больш эфектыўныя маркёры. І пачынаць трэба з мовы. Менавіта праз яе словы-канцэпты праяўляецца наша бачанне свету і саміх сябе. У якую б моўную школу ты ні хадзіў, ты заўсёды будзеш размаўляць на мове, на якой гавораць у тваёй сям’і. У маёй сям’і ўсе гаварылі па-руску і толькі на канікулах у прабабулі ў Беразіно я чуў беларускую мову і нават спрабаваў размаўляць на ёй. Але, па шчырасці, як і многія, думаў, што гэта не “сталічная” руская мова, да якой я прызвычаіўся, а нейкая “вясковая”. І ў гэтым наша трагедыя, што мы самі запіхнулі сябе ў пастку абывацельскага ўяўлення пра беларускую мову. Калі чуеш яе раптам, напрыклад, ад кагосьці ў гарадскім транспарце, адразу інстынктыўна спрацоўвае рэфлекс: “Гэты чалавек — не мясцовы, мабыць, прыехаў з “дзярэўні”. Нават самі вясковыя людзі, прыязджаючы ў горад, саромеюцца сваёй гаворкі. І спатрэбіцца яшчэ шмат часу і намаганняў, каб сітуацыя палепшылася… Я вельмі люблю беларускую мову. Калі вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, большасць нашых выкладчыкаў вельмі прыгожа размаўлялі на ёй. Але беларускамоўнае асяроддзе ў нашай краіне пакуль нешматлікае. Таму калі я зраблю свой фільм па-беларуску, адразу страчу значную частку гледачоў, якіх мой твор мог бы патэнцыйна зацікавіць. Трэба выбіраць. У іншых краінах, у тым ліку і ў расійскіх кінематаграфістаў, тая ж праблема. Калі хочаш зрабіць фільм для сусветнай аўдыторыі і выпусціць у шырокі пракат, пры ўмове, зразумела, што ты — добра вядомы рэжысёр, мусіш зняць яго на ангельскай мове, бо яе разумее вялікая колькасць людзей. У мяне пакуль няма адказу, як палепшыць сітуацыю з нашай культурай і мовай, але я дакладна ведаю, што мы яшчэ чакаем свайго генія, які аднойчы праславіць Беларусь на ўвесь свет. Па прыклады хадзіць далёка не трэба. Атрымала наша пісьменніца Святлана Алексіевіч Нобелеўскую прэмію, і пра нас пачалі часцей пісаць замежныя СМІ, а замежнікі пачалі гугліць: што за краіна такая — Беларусь?
Незалежнае аўтарскае кіно — наш шлях у сусветны кінематограф
Па сюжэтах з гісторыі Беларусі можа зняць шмат цікавых блакбастараў. Калі адштурхоўвацца ад класічнай галівудскай формулы, то, каб наш фільм выбухнуў на ўвесь свет, мы мусім узяць гісторыю жыцця вядомай і яскравай асобы. Напрыклад, князя Вітаўта. Дадаць дастатковую колькасць экшну, моцную драматургію і запрасіць на галоўныя ролі зорак: на Вітаўта — Леанарда Ды Капрыа, на яго жонку — Анжаліну Джалі. Бо гледачы найперш пойдуць на вядомых актораў. Але гэта ўсё фантазіі. Бо наш шлях у сусветны кінематограф можа паспяхова пракласці толькі незалежнае аўтарскае кіно. Каб здымаць касавыя фільмы, у нас няма пакуль дастатковых сродкаў і магчымасцяў. Ды і блакбастар як жанр занадта просталінейны, сціплы і першапачаткова створаны, каб закранаць самыя прымітыўныя чалавечыя эмоцыі і пачуцці: “Ваў! Ух ты як бахнула-жахнула!” Нават яго вынаходнікі амерыканц, цяпер імкнуцца яго пераасэнсаваць і напоўніць глыбінёй, але гэта ў іх не заўсёды ўдала атрымліваецца. Цябе доўга “марынуюць” і інтрыгуюць цягам усяго фільма нейкім патаемным сэнсам, а потым закадравы голас вяшчае табе, што жыццё — яно такае складанае, за час свайго зямнога існавання мы пражываем шмат жыццяў і мусім быць адказнымі за тое, што некалі зрабілі, і бла-бла-бла. Я вельмі не люблю гэтага, бо мяне, гледача, трымаюць за ідыёта, якому трэба ўсё разжаваць і пакласці ў рот, бо сам я не здатны самастойна зразумець іх аўтарскую задуму. Для мяне сапраўднае кіно — калі менш словаў, больш дзеянняў, а самі падзеі ты можаш суаднесці са сваім досведам і маральнымі каштоўнасцямі.
Я сам падобны да цмока
Як творцу мяне вабяць незвычайныя асобы з беларускай гісторыі: Вітаўт, Усяслаў Чарадзей. Асабліва цікавіць апошні, які згодна з легендамі мог ператварацца ў ваўка. Па гісторыі яго жыцця можна зняць і блакбастар, і трылер, і артхаўсны фільм. Ці ўзяць персанажа шматлікіх беларускіх легенд, цмока. Я і сам да яго нечым падобны: угледзьцеся ўважліва ў мае фота. Жартую. Сусвет містыкі і міфалогіі мне вельмі сугучны. Але да гэтай тэмы трэба падыходзіць далікатна і асцярожна, каб не атрымаўся чарговы трэш кшталту: паглядзіце, як эфектна вялікі цмок-гадзіла змагаецца з беларускімі сялянамі. Самы галоўны беларускі цмок жыве ў нашых галовах і жарэ нас знутры. У нас шмат забабонаў наконт нашай недастатковасці як нацыі, мы аніяк не можам пазбавіцца правінцыйнага мыслення: і краіна ў нас маленькая, і ніхто нас не ведае і вечна блытае з рускімі, і зрабіць мы не можам нічога якасна, як на Захадзе. Усё нам нешта і нехта перашкаджае. Кіна няма, жыцця няма… Усё спрабуем кагосьці дагнаць і перагнаць. Вось такі сюррэалістычны трылер можна зняць. Нам не хапае веры ў сябе, нам заўсёды лепш у іншых мясцінах, акрамя родных. Гэта агульнаславянская рыса. У Маскве таксама людзі сядзяць і разважаюць: “Тут няма жыцця, а вось у Нью-Ёрку ці Лондане ўсё зашыбіся”.
Мы не развучыліся любіць жыццё
Мы, беларусы, сапраўды добрыя і вясёлыя. Хоць і нячаста дэманструем гэта вонкава. Нягледзячы на ўсе ліхалецці, што прайшліся па лёсе нашай краіны і яе насельнікаў, мы не развучыліся любіць жыццё. Гэта самая вялікая надзея для мяне, што мы можам пераадольваць перашкоды без страты інтарэсу да жыцця. Быць беларусам — для мяне перш-наперш любіць. Я вельмі люблю сваю сям’ю і родны горад Мінск. У мяне няма адчування, што тут нельга жыць, а там дзесьці ўсё крута. Я рэальна закаханы ў нашу сталіцу і сумую па ёй. Памятаю, падчас вучобы ў Маскве было вясёлае студэнцкае жыццё, але часам такая настальгія накатвала, хоць воўкам вый!
Калі ты любіш чалавека, ты любіш яго свет, яго культуру, мову, робішся часткай іх. Таму ўжо шмат гісторый пра тое, як замежнікі закахаліся ў беларускіх прыгажуняў і праз гэта пачалі цікавіцца і нават вывучаць беларускую мову. Цяпер я працую над сцэнарам свайго поўнаметражнага фільма. Мару зняць гісторыю пра каханне. Гэта і проста, і складана адначасова — зрабіць так, каб у яе паверылі гледачы і ў вобразах герояў пабачылі сябе. Адно я ведаю дакладна: аднойчы я абавязкова здыму фільм пра жыццё нашых песняроў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Яны прайшлі праз неверагодныя амурныя прыгоды, шматлікія выпрабаванні, войны, цэнзуру, але не здрадзілі сабе. І такая гісторыя будзе цікавая не толькі беларусам, яна зможа захапіць каго заўгодна, калі будзе распаведзеная шчыра і цікава!
Ліна Мілаш
Фота з архіва Мітрыя Сямёнава-Алейнікава
Глядзі таксама:
Yёsць! Віка Фаміна: “Культурнае жыццё віруе не толькі ў Мінску”