Yёsць! Віка Фаміна: “Культурнае жыццё віруе не толькі ў Мінску”

Ёй 20 гадоў. Многія яе аднагодкі яшчэ ні пра што ўсур’ёз не задумваюцца і проста атрымліваюць асалоду ад юнацтва. Наша суразмоўца паспела займець шэсць гадоў працоўнага стажу і досвед паспяховай арганізацыі разнастайных культурніцкіх праектаў. Якія якасці трэба развіваць, каб зрабіцца лідарам у сваёй сферы? Як правільна размяркоўваць час? Чаму, каб стаць патрыётам сваёй малой радзімы, трэба спачатку з’ехаць адтуль? Чаго не хапае нашай моладзі ў параўнанні з яе заходнімі аднагодкамі? Пра гэта ў праекце “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!” мы пагутарылі з менеджарам культурных праектаў Вікай Фаміной.

 

“Не трэба баяцца мадэрнізаваць традыцыйную беларускую культуру”

Чаму я вырашыла, што сфера культуры — гэта маё? Бо праз яе можна прышчэпліваць людзям спрадвечныя каштоўнасці і выхоўваць у павазе да роднага краю, каб потым яны актыўна ўзбагачалі яго і прасоўвалі ў свеце. Беларуская гісторыя і культура — вельмі багатая і насычаная. Апошнім часам з’явілася шмат удалых прыкладаў, калі сучаснае пакаленне беларусаў пераасэнсоўвае культурныя здабыткі сваіх продкаў. Пачынаючы з вышыванак і заканчваючы рознымі музычнымі гуртамі. Не трэба баяцца мадэрнізаваць традыцыйную беларускую культуру, бо гэта вельмі правільна: пашыраюцца межы яе ўжытку, аўдыторыі, якая пачынае цікавіцца ёю. Нядаўна інтэрнэт ускалыхнулі фота вядомай амерыканскай дзівы Дзіты фон Тыз, апранутай ва ўкраінскую вышыванку. І калі мы будзем актыўна пераасэнсоўваць і прасоўваць уласную культурную спадчыну, пра нашу краіну будуць больш ведаць у свеце. Паглядзіце, ужо сёння многія замежнікі вучаць беларускую мову. Пакуль гэта адзінкавыя выпадкі, але праз пэўны час можа стаць звыклай з’явай, як вучаць ва ўсім свеце французскую мову ці нямецкую з японскай.

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/5.jpg

 

“Гаварыць, як усё дрэнна, можа кожны, а ты паспрабуй нешта змяніць да лепшага”

У 15 гадоў я пераехала ў Мінск, паступіла ў ліцэй БДУ. Тады мне, як і многім, хацелася застацца тут жыць назаўсёды. Здавалася, што ў маім родным Віцебску ўсё занадта сумна і нічога цікавага няма: толькі некалькі тэатраў і музеяў, якія мяне зусім не прываблівалі. Не тое, што ў сталіцы — кожны дзень столькі цікавых падзей! Заўсёды мусіць прайсці пэўны час. Вялікае бачыцца на адлегласці. Цяпер я разумею, як памылялася: культурнае жыццё віруе не толькі ў Мінску. Калі я праз два гады скончу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, то, хутчэй за ўсё, з радасцю вярнуся адпрацоўваць размеркаванне на родную Віцебшчыну ці ў які іншы рэгіён Беларусі. Мне будзе цікава рабіць гэта менавіта там, а не ў Мінску — гэта было б занадта проста. Ведаеце, гаварыць, як усё дрэнна, можа кожны, а ты паспрабуй нешта змяніць да лепшага. Я часта важу сваіх сяброў у Віцебск. У нас ёсць праблема, што мы шмат падарожнічаем за мяжой, пры гэтым мала ведаючы сваю краіну. І калі мае сябры ўпершыню адкрываюць для сябе Віцебск, у іх адбываецца “ваў-эфект”, бо яны нават не ўяўлялі, якім крутым можа быць такі быццам звыклы для іх абласны горад, колькі таямніц ён у сабе хавае, якую непаўторную своеасаблівую культурную атмасферу нясе. А цэнтр горада — гэта наогул космас! Подых старых вулачак, што памятаюць постаці Марка Шагала і Казіміра Малевіча. Штораз, калі вяртаюся ў родны горад, ён да слёз мяне прабівае і натхняе…

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/6.jpg

 

“Праблема страты людзей досыць востра стаіць для Віцебшчыны”

У нас пастаянна ідзе адток мясцовых жыхароў. Праблема страты людзей досыць востра стаіць для Віцебшчыны. Адна палова хоча з’ехаць у Маскву і зарабляць грошы, а другая — у Піцер, каб творча сябе рэалізаваць. Потым яны моцна сумуюць па родных мясцінах, па непаўторнай атмасферы Віцебска, па сябрах і родных. І мы павінныя абавязкова нешта рабіць, каб гэта спыніць. Культурныя праекты тут граюць не апошнюю ролю, бо яны дапамагаюць рэгіёну развівацца, прывабліваюць дадатковыя фінансавыя сродкі. Многія краіны ў свеце паспяхова існуюць менавіта за кошт турызму, разнастайных культурных падзей, якія прыцягваюць тысячы турыстаў і такім чынам ствараюць новыя працоўныя месцы. Дарэчы, на маю думку, у Віцебску гэта крыху прасцей рэалізаваць, бо па ўласным досведзе скажу, што тут працуе шмат адэкватных супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў, якія ідуць насустрач і дапамагаюць рэалізоўваць розным культурныя ініцыятывы.

 

“На культурныя імпрэзы ў правінцыі так проста не трапіш — трэба мець там знаёмых”

У Віцебску, як і ў іншых невялікіх гарадах, усе адно аднаго добра ведаюць. Самае дзіўнае, што пры гэтым, напрыклад, на культурныя імпрэзы ў правінцыі так проста не трапіш — трэба мець там знаёмых. Творчы асяродак вельмі вузкі — можна сказаць, закрытая суполка. А сфера культуры мусіць быць адкрытай для ўсіх, каб новыя людзі туды пастаянна прыходзілі. Над чым я са сваімі паплечнікамі праз розныя культурныя праекты і працую. Вось нараджаецца дзіця не ў горадзе, а дзесьці ў вёсцы. Для яго развіцця ёсць два шляхі. Першы — ідэальны: ён у школе сустракае добрага настаўніка, які інтэнсіўна развівае яго культурны сусвет. Другі — праз розныя творчыя праекты, той жа мясцовы Дом культуры, ён дакранаецца да мастацкай спадчыны, развівае свой густ. Так, многія не хочуць працаваць за тыя грошы, што там плацяць. Маладыя спецыялісты прыязджаюць у асноўным толькі каб адпрацаваць размеркаванне. Але яны мусяць усведамляць, што нават за тыя два гады яны могуць праз мастацтва значна змяніць светапогляд мясцовых жыхароў, якія таксама прагнуць культуры.

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/9.jpg

 

“Адзін культурны праект можа цалкам перавярнуць тваё жыццё”

З уласнага досведу ведаю, як адзін культурны праект можа цалкам перавярнуць тваё жыццё. Літаральна за некалькі дзён да свайго ад’езду ў ліцэй БДУ я пазнаёмілася з прадстаўнікамі адкрытай пляцоўкі, прысвечанай віцебскай гарадской культуры, Vitebsk4me. Менавіта яны сваімі цікавымі праектамі, выставамі, кірмашамі змянілі маё ранейшае перакананне, што па насычанае культурнае жыццё трэба ехаць толькі ў сталіцу. Праз іх я нанава адкрыла культурны вір роднага горада. Што і казаць, я прыклала максімум намаганняў, каб далучыцца да пляцоўкі і зрабіць свой істотны ўнёсак. Менавіта там я ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці журналіста.

 

“Чым раней падлетак пачне працаваць — тым лепш для яго досведу”

Вялікая праблема нашай айчыннай адукацыі ў тым, што яна недастаткова прафарыентаваная. Многія маладзёны ідуць у ВНУ і дакладна не ўсведамляюць, чым яны будуць потым займацца. Маўляў, адвучуся дзеля “корачак”, а астатняе неістотна. Я асабіста перакананая, што чым раней падлетак пачне працаваць — тым лепш для яго досведу. А працую я з 14 гадоў. Бярыце прыклад са сваіх заходніх аднагодак і не грэбуйце любой працай, бо яна дае карысны досвед, дапамагае хутчэй уключыцца ў дарослае жыццё, зразумець, колькі грошай вам патрэбна, каб сябе забяспечваць, і чым вы наогул хочаце займацца. Каб потым справа прыносіла вам радасць, а не была цяжарам.

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/12.jpg

 

“Памылка многіх арганізатараў культурных праектаў у тым, што яны ў першую чаргу робяць цікавае ім і не задумваюцца, наколькі гэта цікава астатнім”

Лідарам можа стаць кожны — трэба проста развіваць у сабе адпаведныя якасці і не ленавацца. Я па жыцці перфекцыяніст. Імкнуся пастаянна вучыцца і здабываць новы досвед, у тым ліку праз валанцёрства на разнастайных культурных імпрэзах. Ключавыя якасці для чалавека, які хоча займацца нейкай грамадскай працай, — гэта перш за ўсё нястомная прага да ведаў, уменне назіраць, як працуюць твае калегі, што новага адбываецца ў той сферы, якой ты цікавішся. Памылка многіх арганізатараў культурных праектаў у тым, што яны ў першую чаргу робяць цікавае ім і не задумваюцца, наколькі гэта цікава астатнім. А яшчэ важна быць гатовым у любы момант узяць на сябе адказнасць. Усё можа пайсці зусім не так, як вы спачатку планавалі. Гэта нармальны працоўны працэс. Трэба супакоіцца, узяць сябе ў рукі, прааналізаваць, што рабілі не так, якія памылкі дапусцілі, і пачаць выпраўляць іх.

 

“Калі рабіла першы праект, ногі падкошваліся ад страху”

Мне вельмі пашчасціла, бо мая праца цесна звязаная і з будучай спецыяльнасцю — менеджмент рэкламы і сувязь з грамадскасцю. З нядаўняга часу працую ў камунікацыйным агенцтве, якое займаецца розным важнымі для грамадства праектамі, дапамагае арганізоўваць семінары, фестывалі для моладзі, людзей сталага веку і г. д.

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/1.jpg

Мне мала ведаў, што даюць ва ўніверсітэце, таму я пачала ўдасканальваць і пашыраць свой прафесійны досвед праз валанцёрства. Валанцёрыла на такіх вядомых культурных пляцоўках, як “Лістапад”, “Теарт”, “Freaky summer party”, на форуме вулічных тэатраў. Гэта ўсё вельмі дапамагло, калі я прыступіла да рэалізацыі першага ўласнага праекта. У мінулым годзе мне прапанавалі паўдзельнічаць у адукацыйным праекце “Акадэмія першых”, падчас якога нас вучылі, як пісьменна рэалізоўваць свае задумы, знаходзіць пад іх фінансаванне і прыносіць карысць грамадству. Дзякуючы гэтаму я пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых людзей, якія мелі багаты досвед у сферы рэалізацыі разнастайных культурных праектаў і з радасцю дзяліліся ім з іншымі. На “Акадэміі першых” я прадставіла на суд грамадства свой уласны праект “Крокі”, мэтай якога было правесці серыю разнастайных мастацкіх імпрэз і семінараў для моладзі, каб яны ўбачылі, наколькі насычаным і модным ёсць сучасны сусвет беларускай культуры, колькі падзей у ім адбываецца, у якіх можа ўзяць удзел любы ахвочы. Мне пашчасціла: мой праект падтрымалі, і я прыступіла да яго рэалізацыі ў Віцебску. Па шчырасці, калі працавала над ім, ногі падкошваліся ад страху. Усё палохала, здавалася, што я магу ў свае 19 гадоў? Але ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць. У межах праекта “Крокі” мы разам з паплечнікамі прывезлі ў Віцебск спектакль “Білінгвы” Андрэя Саўчанкі, зладзілі выступы Артура Клінава і гурта “Рэлікт”, які на той момант толькі ў другі раз наведаў наш горад. На жаль, з аб’ектыўных прычынаў да нас не даехалі Андрэй Хадановіч і Уладзь Лянкевіч. Але тая вялікая колькасць абсалютна новых людзей, якія ўзялі ўдзел у праекце “Крокі” і праз яго дакрануліся да сучаснага беларускага мастацтва, натхняе мяне рухацца далей. Я зразумела, што ўсё не марна.

“Мае пакаленне, на жаль, больш раз’яднанае”

У маім атачэнні ёсць людзі самых розных узростаў. Да таго ж я выкладаю факультатывы па журналістыцы ў родным ліцэі БДУ. Мне падабаецца, што сучасная моладзь вельмі прасунутая і актыўная. У іх ёсць столькі ідэй, як змяніць гэты свет да лепшага. Адзінае мяне непакоіць, што ўсё ж такі папярэднія пакаленні былі больш аб’яднаныя і ў гэтым была іх моц. Яны гуртаваліся вакол адной ідэі, падтрымлівалі адно аднаго. Гэта я мяркую па ўспамінах сваіх больш дарослых знаёмых. Мае пакаленне, на жаль, больш раз’яднанае, што часам перашкаджае яму сябе больш актыўна праяўляць.

“Нельга жыць у культурнай ізаляцыі”

Я досыць позна, толькі паўгода таму, адкрыла для сябе ўсю радасць вандровак. І чым больш я вандрую, тым больш пераконваюся, што нашай моладзі не хапае міжнароднага досведу, сусветнага размаху. Бо, напрыклад, іх еўрапейскія ці амерыканскія аднагодкі нашмат болей вандруюць пачынаючы яшчэ са школы. Гэта дапамагае ім узбагачаць уласны досвед, пераносіць цікавыя ідэі на ўласную глебу. На жаль, беларусам гэта нашмат складаней зрабіць. Быццам і межы адкрытыя, але патрэбная віза, немалыя сродкі на паездку і г.д. Але радуе, што ёсць інтэрнэт, які дапамагае сціраць межы. Вось некаторыя сёння крытыкуюць сацсеткі за тое, што яны адбіраюць зашмат часу ў сучаснай моладзі. Але кожны плануе свой час па ўласным жаданні. Мне і маім знаёмым сацсеткі вельмі дапамагаюць у прасоўванні нейкіх сваіх ініцыятыў, пошуку аднадумцаў, новых творчых ідэй. Як кажуць, усё можа быць і лекамі, і атрутай — у залежнасці ад дазіроўкі.

 

https://budzma.org/wp-content/gallery/ym_famina/10.jpg

 

 

Ліна Мілаш, фота Ўладзіміра Грыбаедава, budzma.org