Сто гадоў таму, 11 красавіка 1923 года, у Вільні распачаўся першы з’езд педагогаў беларускіх сярэдніх школ Заходняй Беларусі, які быў скліканы Таварыствам беларускай школы. Давайце паглядзім, што на ім абмяркоўвалі, да чаго дамовіліся і што ў выніку не атрымалася зрабіць.
Адзін з гурткоў Таварыства Беларускай Школы
Увосень 1920 года адбылася знакавая для рэгіёна падзея — генерал Люцыян Жалігоўскі заняў Вільню, прагнаўшы адтуль літоўцаў. Фармальна гэта быў «бунт» верных яму войскаў, а насамрэч хітрая «спецаперацыя», за якой стаяў сам Юзаф Пілсудскі. Палякі ніяк не маглі перадаць горад літоўцам, хаця вымушаныя былі гэта зрабіць паводле мірнай дамовы. Так паўстала так званая Сярэдняя Літва.
Чытайце таксама: Што такое «Сярэдняя Літва»?
Сітуацыяй паспрабавалі скарысталіся беларускія дзеячы, якія мелі прыязныя стасункі з кіраўніцтвам непрызнанай дзяржавы. Браніслаў Тарашкевіч пэўны час працаваў у Дэпартаменце асветы на пасадзе старэйшага рэферэнта. Менавіта дзякуючы яго дбанням увесну 1921 года на абшары непрызнанай дзяржавы ў хуткім часе адкрыецца 186 беларускіх школ.
Браніслаў Тарашкевіч з сям’ёй
Каб хоць неяк аб’яднаць тых настаўнікаў, якія вучылі дзяцей на беларускай мове, было створана Таварыства Беларускай Школы. Статут арганізацыі быў зацверджаны летам 1921 года Дэпартаментам унутраных справаў Сярэдняй Літвы. Галоўная мэта новапаўсталай арганізацыі паводле яго — «пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу».
Акрамя Тарашкевіча да кіраўніцтва ТБШ на пачатку далучыліся многія вядомыя беларускія дзеячы таго часу — Францішак Аляхновіч, Адам Станкевіч, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя. Дзейнасць арганізацыі была абсалютна легальнай і, можна сказаць, лаяльнай да польскіх уладаў. Але ў хуткім часе ўсё памяняецца і перайграецца кардынальным чынам.
Справа ў тым, што ў пачатку 1922 года абыліся выбары ў Часовы Сойм Сярэдняй Літвы. Беларусы і літоўцы гэтыя выбары збольшага байкатавалі — такім чынам пратэставалі супраць магчымай інкарпарацыі Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. Заклікаў да байкоту беларусаў Браніслаў Тарашкевіч — на той момант ён ужо не працаваў у дэпартаменце асветы, а колькасць беларускіх школаў імкліва скарачалася.
Як і чакалася на выбарах, былі абраныя дэпутаты, якія выступалі за далучэнне да Другой Рэчы Паспалітай. Таму зусім не дзіва, што ў лютым 1922 года Часовы Сойм прыняў рашэнне аб далучэнні да Польшчы, якое адбылося ўжо ўвесну. Гэта прывяло да канфрантацыі з Літвой, якая ніяк не магла пагадзіцца на страту Віленскага краю і нават пачала падтрымліваць фінансава нелаяльных да Польшчы беларускіх дзеячаў.
А тыя ўсё болей пачалі арыентавацца на савецкі Мінск, які пачаў бачыцца з эміграцыі такім сабе цэнтрам збірання беларускіх зямель. Пройдзе яшчэ колькі гадоў, і былыя ўцекачы пачнуць пакрысе вяртацца ў БССР, безаглядна паверыўшы ў справу беларусізацыі. Тая распачнецца на афіцыйным узроўні ў ліпені 1924 года.
Галоўная ўправа ТБШ
Каб хаця б неяк захаваць беларускія школы на Віленшчыне, наладзіць каардынацыю паміж настаўнікамі, пад эгідай ТБШ і быў скліканы з’езд педагогаў Заходняй Беларусі, які цягнуўся 4 дні — з 11 да 14 красавіка.
На ім было прынята рашэнне, «каб усе беларускія сярэднія школы перайшлі ў рукі ТБШ, якое з’явіцца такім чынам гаспадаром названых школ у межах Польскай Рэспублікі. Беларуская цэнтральная школьная рада павінна ўзяць на сябе заступніцтва перад школьнымі і іншымі ўладамі за ўсе аб’яднаныя беларускія сярэднія школы, атрыманне дазволу, зацвярджэнне ўладай дырэктараў, агульнае кіраўніцтва і кантроль над унутраным жыццём школ з навукова-педагагічнага боку, правядзенне беларусізацыі там, дзе яна дагэтуль поўнасцю не скончана».
Але такія амбітныя планы так і не ўвасобіліся па цэлым шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў.
З аднаго боку, польскія ўлады аказвалі моцны ціск на ўдзельнікаў — не былі нават прыняты рэзалюцыя з’езду і далейшая праграма дзеянняў. Як памятаем, на той час у Польшчы перамагла канцэпцыя нацыяналістаў, якіх ачольваў Раман Дмоўскі — пабудова монаэтнічнай, монарэлігійнай і монакультурнай польскай нацыі, замест праекта канфедэрацыі народаў былой Рэчы Паспалітай, якую прапаноўваў Юзаф Пілсудскі. На практыцы гэта азначала апалячванне беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў.
Юзаф Пілсудскі і Раман Дмоўскі. Крыніца: ngopole.pl
З іншага боку, беларускія дзеячы праз немагчымасць рэалізацыі сваіх планаў і задумаў пачалі імкліва радыкалізавацца. Увосень 1923 года будзе створана Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, якая ад пачатку будзе знаходзіцца на нелегальным становішчы. У 1925 годзе Браніслаў Тарашкевіч разам з аднадумцамі створыць Беларускую сялянска-работніцкую грамаду — легальную нацыянальную беларускую партыю левага кшталту.
Чытайце таксама: «Дзядзька Тарас! Што чуваць у Вас з беларускай граматыкай?»
І КПЗБ і БСРГ будуць аказваць вялікі ўплыў на дзейнасць ТБШ. Адныя і тыя ж людзі маглі быць адначасова камсамольцамі, «грамадоўцамі» і сябрамі школьніцкага таварыства. Асабліва такая сітуацыя яскрава праяўлялася «на месцах» — у невялікіх вёсках і мястэчках, дзе беларускай моладзі і не было асабліва чым заняцца.
Праз такое імклівае «лявенне» ТБШ частка ранейшых дзеячаў адкалолася ад яго і пачала займацца асветніцтвам і адукацыяй ужо самастойна. Сышоў з ТБШ Адам Станкевіч ды заснаваў з аднадумцамі ўласны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Ён стане ў перспектыве сапраўднай альтэрнатывай ТБШ, але ўжо для людзей правіцы — для хрысціянскіх дэмакратаў.
Адам Станкевіч
Далейшыя сходы педагогаў будуць адбывацца выключна ў межах ТБШ. Ды і тое, калі дзейнасць галаўной управы будзе часова забаронена, то збірацца настаўнікі будуць нелегальна. Пакуль таварыства не будзе канчаткова ліквідавана ў канцы 1936 года.
Такім чынам, праз пераслед польскіх уладаў і розныя палітычныя погляды ў беларускіх дзеячаў не атрымаецца аб’яднаць свае высілкі для супольнай справы. Гісторыя надзённая і вельмі павучальная...
Л. Г., budzma.org