У варшаўскім Цэнтры сучаснага мастацтва «Замак Уяздоўскі» 9 жніўня прайшоў канцэрт Вольнага хору.
Канцэрт адбыўся ў рамках фестывалю «DaVoli». Перад імпрэзай можна было напісаць ліст ці падпісаць паштоўку палітвязням. Арганізатарам выступіла ініцыятыва Інстытут беларускай культуры (ІнБелКульт 2.0). Прагучалі ўжо добра вядомыя кампазіцыі са складанкі «Годныя песні», інтэрпрэтацыя твора «Зямля» Лявона Вольскага і гурта «Мроя», народнай духоўнай псальмы «Да ішлі-прайшлі да тры янгалы» ды іншыя. Прэм’ерай стала песня «Шумныя бярозы» на верш Янкі Купалы і музыку Уладзіміра Тэраўскага.
Два гады беларускай рэвалюцыі, якая для нас не скончылася. Два гады чакання і надзеі. Вольны хор як адзін з сімвалаў пратэстаў. Ён утварыўся ў жніўні 2020-га ў Мінску. Касцяком былі прафесійныя музыкі, супрацоўнікі Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ўдзельнікі іншых мінскіх калектываў. Далучаліся і звычайныя людзі: спачатку ў хоры мог спяваць кожны ахвочы, неістотна, ці мае музычную адукацыю, ці дакладна трапляе ў ноты. Спевакі стыхійна дамаўляліся, стыхійна збіраліся ў публічных месцах Мінска, выконвалі некалькі песень і разыходзіліся. Гучалі творы «Пагоня», «Сцяг», «Муры»…
Першым публічным выступам Вольнага хору лічыцца акцыя ў мінскім гандлёвым цэнтры «Сталіца» 25 жніўня 2020 года. Потым выступленні адбываліся ў іншых гандлёвых цэнтрах, на Камароўскім рынку, у метро, на вакзале, у холе Тэатра оперы і балета, на прыступках філармоніі і проста на вуліцы.
Увосень 2020-га хор шмат удзельнічаў у мінскіх дваровых канцэртах. Гэта было чымсьці падобна да побытавага, несцэнічнага музіцыравання ў беларускіх вёсках, калі людзі спявалі ў застольнай бяседзе, на вяселлі, на вячорках — без сталага складу, але з вядомым усім рэпертуарам, які і яднаў вясковую супольнасць у стыхійныя гурты. Праўда, Вольнаму хору ад пачатку дапамагалі дырыжоры, якія пазней сталі ладзіць праслухоўванні ўдзельнікаў і рэпетыцыі. Хор паступова ператвараўся ў структураваны калектыў, а сілавікі пачалі затрымліваць удзельнікаў, караць штрафамі і соднямі. Склалася практыка выступлення ў масках, каб спевакоў нельга было пазнаць.
Склад калектыву змяняўся, па падліках арганізатараў за ўвесь час у ім спявала больш за 350 чалавек. З адсылкай да брэнду Вольнага хору часам дзейнічалі розныя гурты, напрыклад, хор вольных Бараўлянаў. Праз небяспеку пераследу Вольны хор перабраўся ў Варшаву, дзе з чэрвеня 2021 года працягвае сваю дзейнасць. У апошні год Вольны хор гастраляваў па Польшчы і Германіі, дае ўжо цалкам сабе добра арганізаваныя канцэрты. Выступаў нават у варшаўскім каралеўскім замку. Хор выдаў альбомы «Годныя песні» і «Калядны падарунак». Усяго ў рэпертуары каля 60 песень і гімнаў.
Падчас канцэрта 9-га жніўня гучалі ўспаміны пра пачатак беларускай рэвалюцыі, урыўкі з лістоў палітвязняў. Узгадалі загінулых пратэстоўцаў, беларускіх добраахвотнікаў, якія памерлі, абараняючы Украіну. Мужчына з суседняга крэсла спытаў па-ангельску: «Напэўна, 9-га жніўня для вас сумная дата?» — і паведаміў, што ён з Нідэрландаў. Складана было патлумачыць. І сумная, і святочная. 9-га жніўня 2020-га мы выбралі сваю будучыню і вось ужо два гады за яе змагаемся. Вольны хор стаў адным з сімвалаў гэтага змагання. Верым, можам, пераможам!
budzma. by