З жыцця ліцвінкі, якая не пабаялася кінуць выклік грамадству

Яна была пляменніцай удзельніка паўстання Касцюшкі і сама стала сувязной у паўстанні Каліноўскага, пабывала ў высылцы за свае погляды і дала рады асвоіць самую нетыповую па тых часох для жанчын прафесію. «Салідарнасць» сабрала цікавыя факты з жыцця выбітнага скульптара з Пінска Хелены Скірмунт — жанчыны, якая не пабаялася кінуць выклік грамадству.


Gelena_Skirmunt-1.jpg
Аўтапартэт Хелены Скірмунт

З-за дрэннага зроку ёй забаранілі вучыцца.

Хелена Скірмунт нарадзілася ў 1827 годзе на Піншчыне ў радавым маёнтку Калоднае, які належаў старажытнаму шляхецкаму роду Скірмунтаў. Бацька Хелены Аляксандр Скірмунт быў кіраўніком Пінскага павета, а маці Гартэнзія Орда — сястра знакамітага мастака і кампазітара Напалеона Орды.

Дзяўчынка была жаданым і любімым дзіцем у сям’і. Ужо ў чатыры гады яна пачала праяўляць здольнасці да мастацтва. Але сітуацыю азмрочваў стан здароўя: у малой былі сур’ёзныя праблемы са зрокам: хвароба вачэй, якая выявілася з самага нараджэння, пераследвала Хелену ўсё жыццё.

Разлічваючы на ​​лячэнне, у 13 гадоў Хелена адправілася ў Вільню. Вердыкт лекараў быў несуцяшальны. «Тыя загадалі ад навучання ўсякага адмовіцца, кнігі закрыць. Але дазволілі маляваць, бо гэта не дае такога напружання на зрок», — успамінала пазней Хелена ў сваіх дзённіках «З жыцця ліцвінкі».

Так пачалося яе прафесійнае захапленне маляваннем. У Вільні Хелена бярэ ўрокі ў знакамітага Вінцэнта Дмахоўскага, які быў уражаны здольнасцямі маладой шляхцянкі.

А ў 18 гадоў з сяброўкай маці Канстанцыяй Хелена адпраўляецца ў Еўропу, дзе працягвае вучыцца жывапісу ў розных майстроў. Там яна наведвае свайго дзядзьку Напалеона Орду, які жыве за мяжой з-за ўдзелу ў паўстанні 1830-1831.

Праблемы са зрокам прагрэсуюць, і Хелена вырашае асвоіць новы напрамак — скульптуру. Трэба сказаць, што словазлучэнне «жанчына-скульптар» у тыя часы нават гучала дзёрзка, лэдзі такім рамяством не займаліся, але Хелену гэта не спыніла.

Gelena_Skirmunt-2.jpg

Вярнуўшыся ў Калоднае, яна абсталявала невялікую майстэрню, дзе пачала ствараць свае працы.

Муж публічна адмовіўся ад прысягі на вернасць імператару Аляксандру ІІ.

Хелене Скірмунт быў 21 год, калі яна выйшла замуж за Казіміра Скірмунта (дзядзьку будучага прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта).

Дарэчы, Казімір, як і жонка, таксама займаўся творчай дзейнасцю — ён знакаміты архітэктар Пінска. Так, напрыклад, будынак былой гімназіі, што па вуліцы Леніна, — гэта яго архітэктурная спадчына, якая ацалела да нашых дзён. Казімір Скірмунт выконваў будаўнічыя праекты паводле замоваў князёў Друцкіх-Любецкіх і саміх Скірмунтаў.

Наогул, трэба сказаць, што імёны прадстаўнікоў роду Скірмунтаў упісаныя залатымі літарамі ў гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы. Раман Скірмунт — выбітны грамадска-палітычны дзеяч Беларусі, Канстанцін Скірмунт — міністр замежных спраў Польшчы, Аляксандр Скірмунт — буйны прамысловец, Канстанцыя Скірмунт (дачка Хелены) — знакаміты гісторык і публіцыст, ідэолаг руху «краёўцаў» у Літве і Беларусі, Генрых Скірмунт — паэт і кампазітар.

І, вядома, усе яны былі сапраўднымі патрыётамі. Калі на нашай зямлі палыхнула паўстанне 1863 года, муж Хелены Канстанцін Скірмунт публічна адмовіўся ад прысягі на вернасць імператару Аляксандру ІІ.

Выслана ў Тамбоў за ўдзел у паўстанні

Не цяжка здагадацца, што Хелена і яе муж цалкам падтрымлівалі барацьбу за нацыянальнае вызваленне. Хелена актыўна перапісвалася з лідэрам паўстанцаў у Пінскім павеце Рамуальдам Траўгутам.

У ліпеньскія дні 1863 года каля Калоднага адбываліся жорсткія баі паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Праз палескія балоты на Валынь прабіраўся атрад Рамуальда Траўгута — генерала, аднога з апошніх кіраўнікоў паўстання, які ўзначальваў Нацыянальны ўрад у Варшаве.

Дабраўшыся да ракі Гарынь, Траўгут загадаў арганізаваць засаду для карнікаў, якія іх пераследвалі. Аперацыя прайшла паспяхова, але, разбіўшы адну групу царскіх жаўнераў, генерал не чакаў, што чакае бой яшчэ з дзвюма ротамі. Падчас другой бітвы паразу ўжо пацярпелі паўстанцы і былі вымушаны адступіць у лес. Карнікам ўдалося схапіць частку параненых патрыётаў.

Хелена Скірмунт узгадвала, што карнікі прывялі да парога яе дома палоннага паўстанца і распаролі яму ва ўсіх на вачах жывот. Доўга смяяліся і здзекаваліся над змучаным целам зрынутага ворага.

Саму Хелену арыштавалі і адправілі на допыт у Пінск. Ёй інкрымінавалі ўдзел у паўстанні ў якасці сувязной, што сапраўды мела месца. У прынцыпе Скірмунт не хавала сімпатый да паўстанцаў, як і да нацыянальна-вызваленчага руху.

Яшчэ за два гады да драматычных падзеяў яна ўвекавечыла на палатне акцыю пінскай моладзі — усталяванне «дэманстрацыйнага крыжа» каля пінскага касцёла ў памяць аб пяці забітых падпольшчыках у Варшаве.

Gelena_Skirmunt-6.jpg

Апроч Хелены, сваю пазіцыю не хаваў і яе муж. За гэтыя ўчынкі царскія ўлады выслалі Хелену ў Тамбоў, а мужа ў Кастраму. Таксама ў якасці пакарання ўлады канфіскавалі іх маёнтак у Калодным.

Толькі вясной 1867 годп сужэнцам дазволілі вярнуцца на радзіму на Палессе. Нейкі час яны жылі ў сваяка, паспяховага прадпрымальніка Аляксандра Скірмунта, паколькі іх маёмасць ім ужо не належала.

Але ўлады не пакінулі Скірмунтаў у спакоі: праз некалькі месяцаў мужа зноў выслалі ў Балаклаву, а ў 1869 годзе туды ж была выслана і Хелена.

Стварыла гістарычныя шахматы дзеля пілігрымкі ў Іерусалім.

Нягледзячы на ​​нягоды ссыльнага жыцця, Хелена ні на хвіліну не пакідала сваёй творчасці. Яна пісала партрэты, ляпіла скульптуры з гіпсу, стварала медальёны.

У Тамбове яе наведвае ідэя стварэння гістарычных шахматаў. Яны павінны былі стаць «білетам у Іерусалім»: на грошы ад продажу партыі Хелена збіралася здзейсніць паломніцтва.

Gelena_Skirmunt-3.jpg

Тэмай гістарычных шахмат Хелена абрала венскі паход Яна III Сабескага, які ў 1683 годзе разграміў турэцкае войска. У польскай партыі прысутнічаюць такія фігуры, як «Пагоня», «Вежа Кракава», «Вежа Жмудзі», фігурка гетмана Станіслава Яблонскага і самога караля.

Gelena_Skirmunt-4.jpg

Хелена Скірмунт стварыла таксама серыю гіпсавых скульптур на гістарычную тэматыку. Сярод персанажаў — заснавальнік і першы кіраўнік ВКЛ Міндоўг, князь ВКЛ Гедымін і многія іншыя вядомыя асобы.

Нажаль, большасць працаў Хелены Скірмунт былі страчаныя падчас вайны і захаваліся толькі ў фотакаталогу 1933 года. Частку прац ацалелі дзякуючы дзядзьку Напалеону Ордзе, які займаўся выданнем каталогаў.

Ужо ў XXI стагоддзі было высветлена, што незадоўга да паўстання Хелена скапіявала ўшанаваны каталікамі і праваслаўнымі ікону Юравіцкай іконы Божай Маці.

Памерла ў Францыі ад дыфтэрыі

Вядома, ссыльнае жыццё не магло не адбіцца на здароўе. Падчас высылкі ў Крым Хелена цяжка захварэла на дыфтэрыю. Родныя ўсяляк спрабавалі дапамагчы маладой жанчыне і нават дабіліся магчымасці вывезці яе на лячэнне ў Францыю.

Але ўжо было позна. Там, у санаторыі Амелі-ле-Бэн, 1 лютага 1874 года Хелена Скірмунт памерла. Ёй было ўсяго 46 год.

Gelena_Skirmunt-5.jpg

Французскія ўлады дазволілі перавезці прах Хелены Скірмунт на радзіму ў Пінск.

Яе магіла захавалася і да нашых дзён. Побач пахаванне Казіміра, які перажыў жонку амаль на 20 гадоў. Тутака ж у 1933 годзе знайшла спачын і іх дачка Канстанцыя.

У вёсцы Калоднае на месцы сядзібы Скірмунтаў у гонар Хелены ўсталяваная арка з плітой.

Пасля смерці мастачкі ў 1876 годзе мастацтвазнаўца Браніслаў Залескі, які ведаў Хелену асабіста, апублікаваў яе дзённік пад назвай «З жыцця літвінкі» — гісторыя моцнай, таленавітай і нязломнай жанчыны.