Экспедыцыя “Будзьмы” знайшла магілу Цмока і даведалася, дзе спалілі апошнюю вядзьмарку на тэрыторыі Беларусі.
Як мы пісалі раней, пачаўся сезон летніх вандровак, і кампанія “Будзьма беларусамі!” выправілася ў экспедыцыю па Беларусі “У пошуках Цмока”. Першы пункт, узяты з ліку пераможцаў галасаванкі, — возера Свіцязь. Адпаведна, і Наваградчына, мясціны Адама Міцкевіча. У склад першай экспедыцыі ўвайшлі цмоказнаўца Глеб Лабадзенка, фатограф Аляксандр “Таранціна” Ждановіч і бізнэсовец Алесь Мазанік. Мы вырашылі так: калі ўжо бізнесовец зацікавіўся пошукамі Цмока, значыць, нам павінна дакладна пашанцаваць. Бо Цмок, паводле легенды, грошыкі любіць!
Мы расселіся ў вялізным “Лэнд Роверы”, ласкава прадстаўленым аўтацэнтрам “Атлант-М Брытанія”, і пакацілі ў бок Наваградка.
Мір: Цмок, пахаваны пад замкам!
Шлях да Наваградка ляжыць праз Мір — ну, як тут не збочыць да замка, які памятае пяць стагоддзяў нашай гісторыі. Цмок падміргвае нам практычна адразу.
— Падкажыце, дзе нам тут Цмока шукаць? — пытаемся ў супрацоўніка замка, які выйшаў на абедзенны перапынак у краму.
— Сам я тут Цмока, папраўдзе кажучы, не бачыў, — загадкава пасміхаецца супрацоўнік. — Але жыў у Міры такі фатограф Шпак, якога я добра ведаў. Дык вось, ён апавядаў, што калі быў дзіцем, бабуля яго пужала: “Не хадзі на замак, пад ім Цмок пахаваны!..” І вы, пэўна, ведаеце легенду пра замкавую сажалку, што некаторы час тут штогод абавязкова патанаў чалавек. Хто ведае, ці не Цмокавы гэта справы?..
Тое, што цалкам верагодна, Цмокавы, нам падказвае прадавачка ў мясцовай гаспадарчай краме.
— Цмокаў шукаеце?.. — весела перапытвае жанчынка. — Дык у мяне во тут два штукі, па 21 тысячы і па 43 — выбірайце!
З гэтымі словамі яна плюхае на прылавак дзве цацкі, на якіх чорным па белым значыцца “Игрушка “Дракончик”.
Вось дык неспадзяванка — да Свіцязі яшчэ не даехалі, а Цмокі ўжо знайшліся!..
Аглядаем з розных бакоў плошчы царкву 1530-х гадоў і касцёл 1599 года ды рухаемся далей.
Турэц: Каменны крыж, які хаваецца ў зямлю
Дарогаю вырашаем збочыць да вёскі Турэц, якая ляжыць пры самай дарозе з Міра на Карэлічы. У Турцы (які так назвалі, бо тут туры вадзіліся) нас цікавіць каменны крыж, які расце з зямлі на падворку Пакроўскай царквы 1886 года.
— Ці можаце што расказаць пра ваш крыж? — пытаюся ў спадара, які стаіць ля царкоўнай брамы.
— Тут, кажуць, князь пахаваны… — падымае ўверх палец спадар Лявон. — А побач меншанькі камень — гэта таксама крыж, там князеў сын. Дзе мы стаім, раней усё ў магілах было, пакуль іх бязбожнікі савецкія не знічтожылі. А гэтыя два крыжы знічтожыць не змаглі. Цяпер крыжы хаваюцца назад у зямлю, бо як я малы быў, дык яны нашмат больш з зямлі выглядалі!..
Спадар Лявон апынаецца царкоўным званаром і ласкава запрашае нас наверх агледзець званы і чароўны краявід наваколля.
— Адна бабка была лезла на званіцу, усунула руку ў нейкую дзюру на лесвіцы, а там у анучцы загорнуты наган! Змазаны ўвесь, як новенькі! Рэвальвер, на 7 патронаў. Дык не паспела яна бацюшку занесці паказаць, як прыехала міліцыя і кажа на бацюшку: “Святы айцец, ну-ка аддавайце, што ў вас там!” І забралі ў бацюшкі наган, мы і агледзець яго толкам не паспелі…
На званіцы спадар Лявон апавядае, як небяспечна быць званаром — двойчы ледзьве не прыбіла!
— Першы раз ад звона, бачыце, кавалак адваліўся і троху-троху не на мяне!.. А другога разу язык ад звона адарваўся, таксама ледзьве адскочыць паспеў!..
Зычым шаноўнаму званару і далейшага шанцавання ды сядаем у наш цмокавоз-лэндровер.
Наваградак: Спаленая вядзьмарка на Замкавай гары
У першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага нас вітае дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба — дасведчаны гісторык і апантаны краязнаўца, вялікі патрыёт Наваградка.
— Міцкевіч пра Цмокаў не пісаў, таму вы ўжо даруйце нашаму вялікаму паэту!.. — жартуе з парога спадар Гайба.
Спускаемся ў падзямелле музея і падземным ходам трапляем у старадаўнюю кухню. Спадар Мікалай націскае схаваную пімпачку — і на сцяне ўзнікаюць загадкавыя цені.
— Злева вы бачыце слугу Міцкевічаў Блажэя, якога ў сям’і называлі Адысей, — тлумачыць спадар Гайба. — А справа — чацвёра дзяцей, у тым ліку і маленькі Адам. Ад Адысея, а таксама ад нянькі Ганны Гансеўскай будучы класік і пачуў наваградскія легенды і паданні, якія потым паклаў у сваю творчасць. І пра свіцязянак яму, напэўна ж, апавядала нянька. Невядома, ці апавядала пра Цмока, але ў творчасці паэта гэта не адбілася.
У пакоі — рэдкія экспанаты: старадаўнія распісныя талеркі, чыгункі, лыжкі ды відэльцы. Прычым апошнія знайшлі некалькі гадоў таму падчас рамонтных работ на тэрыторыі музея.Цалкам верагодна, што нейкім з гэтых відэльцаў сусветна вядомы паэт умінаў тут у дзяцінстве бульбу з пальцам пханай кілбасой.
— А навошта ў вас відэльцы да стала прымацаваныя? — раптам заўважае наш спадарожнік бізнесовец Алесь Мазанік.
— А што ж вы думалі! — сур’ёзна тлумачыць дырэктар. — Як прыйдзе да мяне 20 малых цмока-школьнікаў, як пачну я апавядаць, адвярнуся — толькі і шукай потым каштоўныя экспанаты!..
Увогуле, як выправіцеся ў Наваградак, абавязкова зазірніце ў гэтае чароўнае месца, дзе прайшлі дзіцячыя гады нашага непараўнальнага паэта Адама Міцкевіча, якога лічаць за гонар залучыць да сваіх ці не ўсе нашыя суседзі!
З музея ідзем да замка: роўна насупраць увахода на валы нас чакае сядзіба мастака Кастуся Качана і сам гаспадар. Трэба сказаць, сядзіба ўражвае: порцік з калонамі, падмурак з камянёў, ажурны гаўбец, ладная мансарда…
— На нулявым і першым паверсе галерэя, на другім — майстэрня і мае пакоі, — запрашае ўвайсці гаспадар.
На сценах — беларускія краявіды і помнікі архітэктуры: Слабодка, Івянец, Менск, Крэва, Любча, Слонім, Солы і, вядома, родны Наваградак. Выходзім з другога паверха на гаўбец і аглядаем чароўны від на замак Міндоўга XIII стагоддзя і Фарны касцёл, дзе ў 1422 годзе браў шлюб 70-гадовы Ягайла з 17-гадовай Соф’яй Гальшанскай.
— Цяпер вы разумееце, чаму родны Наваградак я ні на што не прамяняю?.. — рытарычна пытаецца з-за спіны гаспадар.
Цацачнага Цмока ад “Будзьмы” мастак тут жа ставіць на стол у цікавую кампанію статуэтак.
— Гэта мексіканцы прыязджалі, дык падаравалі мне цэлы набор: Хрыстос, Марыя, Іосіф, тры каралі… А ідэя вашая пра Цмока мне падабаецца! Гэта ж нашая гісторыя, нашыя легенды, нашыя карані!
Ідзем шукаць месца, дзе б нам прыбіць першую шыльду “Тут жыве беларускі Цмок!”, і вешаем яе на плоце перад сядзібай — самае бачнае месца ў Наваградку (пасля ўласна замка)!
— Хай будзе турыстам і такая забаўка — пад Цмокавай шыльдай фатаграфавацца! — усміхаецца Кастусь Качан.
Для ахвочых паглядзець галерэю мастака — ягоны мабільнік 8 029 6769038. Будзеце выпраўляцца ў Наваградак — папярэдне тэлефануйце.
А нас ужо чакае на замку малады, але дасведчаны наваградскі экскурсавод і краязнаўца Сяргей Казак.
— Наваградскі Цмок жыў у пячоры на тэрыторыі Налібоцкай пушчы, — бярэ з месца ў кар’ер Сяржук. — У часы Міндоўга гэта быў адзіны Цмок, які застаўся на тэрыторыі Беларусі! І на яго нават хадзілі паляваць крыжакі — хацелі забіць. А той Цмок еў коней у мясцовых жыхароў, у мясцовай шляхты. І дапёк ён конюха князя Міндоўга. Прыйшоў конюх да нары — і ткнуў Цмоку дзідаю ў жывот, выпусціў кішкі ды забраў яйка Цмока! І прынёс тыя кішкі князю Міндоўгу. За гэта той род назвалі Кішкамі. А яйка Цмока Кішка ўмураваў у падмурак сцяны Любчынскага замка. Яго не так даўно знайшлі пры раскопках і ўмуравалі ў сцяну!
Ад яйка Цмока Сяржук паступова пераходзіць да Шэрай Панды.
— У нясвіжскіх Радзівілаў была ў Смаргоні мядзведжая акадэмія. А Багуслаў Радзівіл вырашыў іх пераплюнуць і прывёз сабе ў Любчу панду! Гэтая панда жыла ў вежы ля каміна, бо ёй было холадна. І ад каміна зрабілася шэрай. Пасля чаго звар’яцела. Яе забілі і закапалі ў парку. З таго часу яна і пужае ўсіх наведнікаў замка!
Каб канчаткова нас уразіць, Сяржук прыгадвае гісторыю пра спаленую на Замкавай гары вядзьмарку.
— Вось практычна на гэтым месцы, дзе мы з вамі стаім, яе і спалілі, — кажа Сяржук так, нібыта прысутнічаў пры вусцішнай расправе. — Яна была жонкаю ятранаўскага святара. І паралельна — вядзьмаркаю, што і зрабілася вядома шырокай грамадскасці. Адбыўся суд, які пастанавіў: вядзьмарку — на вогнішча! Такім чынам у Наваградскім замку адбылася апошняя ў гісторыі Беларусі расправа з вядзьмаркаю.
Спускаемся з Замкавай гары. За страхавой канторай з паркоўкі Сяржук паказвае нам рэшты яшчэ адной замкавай вежы, на якой гадоў сто таму прадпрымальны мясцовы жыхар паставіў свой хлеў. А што, надзейны падмурак для хлява — 600 гадоў прастаяў. На жаль, нам бракуе часу, каб перапытаць у свіней з таго хлява, ці адчуваюць яны сябе па-княску. Ідзем да крыніцы. Знайсці яе нескладана. Калі стаць тварам да замка, то трэба абыйсці яго па вуліцы, што ідзе справа, уніз да касцёла. Каля першай хаты па левым баку пад гарой трэба збочыць налева. Як упрацеся зноў у Замкавую гару, па левую руку і будзе крыніца.
— Цалкам верагодна, што ваду з яе піў яшчэ князь Міндоўг, — падагравае нас Сяржук. — Бо замкі ж якраз і ставілі на тым месцы, дзе была вада. Таму гэтай крыніцы, праўдападобна, можа быць 700 год…
— Вы з газеты?.. — чуем за спінамі голас мясцовай жыхаркі. Леакадзіі Станіславаўне пашанцавала: жыве яна на вуліцы Крывой, пад самым замкам Міндоўга.
— Я, канечне, давольная, што пад такім славутым замкам жыву!.. — пераконвае Леакадзія Станіславаўна. — Але бяда нам ад гэтага: як панапіваюцца хуліганы ўсякія на гары, так мне бутэлькі на дах і кідаюць! Так былі шыфер паразбівалі, што той бок адзін раз ужо перакрывалі цалкам…
Пазнаўшы ў нас журналістаў, спадарыня просіць:
— Вы напішыце, каб мясцовая ўлада траву тут касіла! Бо ідуць людзі да крыніцы, а бур’ян сцяною стаіць! Мы тут сваімі сіламі як можам падкошваем, але ж старыя ўжо… Абавязкова напішыце!..
Непадалёк ад крыніцы на дыбачках смаляць папяросы тры хлапцы, няйначай наваградская шляхта!
— Слыш, сфоткай мяне!.. — міралюбіва знаёмяцца яны з нашым фатографам Аляксандрам “Таранцінам” Ждановічам. Таранціна, не міргнуўшы вокам, шчоўкае мясцовых цмокаў для нашага сайта…
Глеб Лабадзенка, цмоказнаўца
Дзякуем кампаніі “Атлант-М Брытанія”, якая выступіла партнёрам вандровак “У пошуках Цмока”. Дзякуючы магутным джыпам Land Rover нам будзе лягчэй знайсці беларускага Цмока!