У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра фільмы рэжысёра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава «Забароненая зона» і «Шкодная звычка».
Адзін з выклікаў, з якім вымушаны мірыцца беларускія кінематаграфісты, — гэта хранічная адсутнасць грошай. Асабліва калі гаворка ідзе пра ігравое кіно, якое без фінансавага складніка існаваць ну ніяк не можа. Аўтары па-рознаму шукаюць выйсце з сітуацыі: ствараюць мікрабюджэтнае кіно, абыходзяцца цалкам без грошай, шукаюць увесь час знікаючых спонсараў. Ці выбудоўваюць працоўную бізнес-схему, ствараючы кантэнт пад патрэбы медыйнага рынку Расіі, дзе на фоне вайны і санкцый адчуваецца недахоп забаўляльнага кантэнту.
У апошняй задуме поспеху дасягнуў Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў, выпускнік УДІК (ВГИК) і запатрабаваны мінскі кліпмэйкер, якога ў беларускай кінасупольнасці ведаюць па прымірэнчай кароткаметражцы на тэму вулічных пратэстаў «Адной крыві» і выніковай супрацы з «Беларусьфільмам» над ігравым альманахам «Вайна. Застацца чалавекам». Для яе Мітрый зняў найбольш пераканаўчую ў мастацкім сэнсе драму «Франка».
У 2020-я рэжысёр добра зарэкамендаваў сябе на суседнім кінарынку як «рэжысёр-легіянер» з Беларусі. У яго выйшла два поўнаметражныя фільмы з россыпам расійскіх кіназорак — гістарычны трылер «Забароненая зона», што выйграў конкурс беларускага Мінкульта, і цалкам створаная за расійскія грошы камедыя «Шкодная звычка». Цяпер у вытворчасці знаходзіцца фантастычны серыял «Падлеткі ў космасе», а гэта значыць, што Мітрый шчыльна акапаўся ў вялікай кінаіндустрыі. Што ж за кіно ён здымае для расійскага гледача?
«Забароненая зона»
Кадр з фільма «Забароненая зона». Крыніца: Кінапошук
Канец васьмідзясятых, БССР амаль што на парозе свайго развалу. Пранырлівы фарцоўшчык Моня (Данііл Вахрушаў) арганізоўвае ватагу былых аднакласнікаў на летні сплаў па Прыпяці. У кампаніі — дэмбель-афганец Аляксей (Павел Чынароў) з імпульсіўнымі праявамі посттраўматычнага сіндрому, эмпатычны батанік Артур (Аляксандр Галавін) і яго сумленная дзяўчына Ліда (Дар’я Мельнікава), былая сэкс-супрацоўніца Жанна (Ірына Бязраднава) і валасаты рокер з гітарай Грыша (Сяргей Толкач). На маленькім плыце моладыя людзі заплываюць у самую глухамань Чарнобыльскай зоны, дзе выпадкова забіваюць невядомага хлопца з «калашнікавым» і сумкай савецкіх рублёў. Тады і пачынаецца смяротнае паляванне на заблукалых турыстаў.
«Зону» так і карціць назваць беларускім слэшарам — паджанрам фільма жахаў, у якім невядомы маньяк адзін за адным забівае дурнаватую моладзь, але амбіцыі аўтараў змешваюць усе карты. Стужка хутчэй нагадвае рознабаковы крымінальны трылер, у які ўпіхнулі вайб познесавецкай эпохі, страх перад радыяцыяй і Чарнобылем, меладраму пра любоўны трохкутнік (Ліда сустракалася з Аляксеем да яго службы ў войску) і драму пра выпрабаванне характараў у экстрэмальных умовах.
Класічны набор жанравых клішэ, складзеных у адмысловую гісторыю, якая не сказаць, каб атрымалася захапляльнай. У «Зоны» ёсць адчувальныя праблемы з дрэнна напісаным сюжэтам і персанажамі, цалкам адсутнай экспазіцыяй і прагаворваннем героямі тых момантаў, якія б яны маглі сыграць, калі б патрэбныя сцэны прысутнічалі ў сюжэце.
Але сцэнарысты (сярод іх сам Алейнікаў і Андрэй Курэйчык) выбудоўваннем пераканаўчай драматургіі не пераймаліся. Праз гэта кіно нагадвае паўфабрыкат — недапрацаваны і цалкам прадказальны фільм, які паступова губляе амаль усё сваё жанравае зачараванне. Саспенс раз-пораз спрацоўвае, але ўсе сюжэтныя хады, як у дрэннай покернай партыі, чытаюцца наперад.
Для дэбютнага поўнаметражнага кіно «Зона», магчыма, выглядае і няблага, але з яе мог атрымацца дакладна значна лепшы праект, чым ёсць.
Цягнуць тут пераважна акторы, сярод якіх расійскія серыяльныя зоркі. Асабліва стараецца цэнтральны дуэт Мельнікавай і Галавіна, але ім тут асабліва няма чаго граць — у сцэнара амаль няма прасторы для дэманстрацыі адценняў іх характараў.
«Зона» атрымалася ідэальным кантэнтам для стрымінгавых сэрвісаў. Прыгожа знятае, камфортнае да фармальнасці кіно, якое не прэтендуе на большае, чым забіць паўтары гадзіны свабоднага часу ўвечары перад тэлевізарам. У кіно ісці на такое жаданне не з’явіцца.
Адзіны пазітыўны момант праекта хаваецца не ў мастацкіх якасцях, а індустрыйных перспектывах.
Стваральнікі фільма прадэманстравалі, што жанравае забаўляльнае кіно можа паўставаць і пад крылом беларускага Мінкульта. А дзяржава можа цалкам прадуктыўна супрацоўнічаць з прыватнымі студыямі, калі іх моцна не кашмарыць і не душыць ідэалогіяй. Цалкам карысны эксперымент, асабліва цяпер, калі такая магчымасць на незразумелы час згублена.
«Шкодная звычка»
Кадр з фільма «Шкодная звычка». Крыніца: Кінапошук
Начную вёску азарае полымя — гэта гарыць хата мясцовага хлопца Васі (Антон Жыжын), які неразлучна жыве са сваім раздалбаем Бацем (Ян Цапнік), які няўдала пакурыў у ложку. Мужчыны застаюцца без роднага кута — і падаюцца ў горад, на пошук лепшай долі. Адпрацаваўшы на аўтамыйцы і дастаўцы харчавання, Вася раптоўна прыходзіць да геніяльнай ідэі, што трэба перабрацца жыць у элітную спартовую залу, якая працуе кругласуткава. Там хлопец адразу становіцца лакальнай знакамітасцю праз завіруселую ў Ціктоку ўласную сістэму трэніровак — «вясковы фітнес».
Пагуляўшыся ў трылер у «Забароненай зоне», Сямёнаў-Алейнікаў спрабуе свае сілы ў новым жанры — сітуацыйнай камедыі. Як і ў дэбютным фільме, тут таксама атрымаўся сумніўны вынік, зноў праз пасрэдную драматургію. Сцэнарый пісала пачынаючая драматургіня Ганна-Ліза Цэхменава, аўтарка кароткаметражных фільмаў і эратычнага серыяла пра эскортніц «Немадэльная агенцыя». Яе майстэрства хапіла толькі на бязладны набор скетчаў пра канфлікт даверлівых і простых вяскоўцаў з нахабнымі і пафаснымі гараджанамі.
«Звычка» хутчэй нагадвае не поўнаметражную гісторыю, а сяк-так адаптаваную пад патрэбны фармат серыяльную нарыхтоўку. Праз адсутнасць паслядоўнага аповеду губляецца сэнс сюжэта. Вось чаму героі заскватавалі трэнажорны цэнтр і ўсімі праўдамі і няпраўдамі не хочуць з яго з’язджаць, хаця маглі б з’ехаць у хостэл? Адказу няма. На гледача проста льецца вадаспад часам забаўных, але ў асноўным бязглуздых гісторый, якім канца-краю не відаць.
Аўтары прыдумляюць героям штучныя выпрабаванні, тыпу наладжвання быту ў нежылой прасторы, сутыкненне з паліцэйскімі, рамантычныя прыгоды с супрацоўніцамі спортзалі. Пры гэтым вартыя ўвагі і раскрыцця сітуацыі пра вечны канфлікт горада і вёскі, неабходнасць сепарацыі ад бацькоў, фармулявання ўласных чаканняў ад жыцця проста павісаюць у паветры. Зразумела, што мэтай было стварыць легкадумную камедыю, але атрымалася зусім ужо павярхоўнае і неабавязковае відовішча.
У касце зноў мільгаюць пазнавальныя твары з тэлебачання, прычым сапраўдныя зоркі (Ян Цапнік, Ірына Пегава, Раіса Разанава) ідуць на другім плане ці ў эпізодах. Уважлівае вока радуюць адно толькі мінскія краявіды — бачна, што фільм часткова здымалі ў сталіцы, на праспекце Незалежнасці і ў «Дана Мол», на Усходзе.
Калі сціснуць зубы і заплюшчыць вочы, «Звычку» можна назваць неблагой аднаразовай камедыяй. Але сумленне няўмольна падказвае, што лепш прайсці міма і пашукаць нешта больш вартае ўвагі.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org