Гісторыя кар’ернага сэлфмэйду – даволі распаўсюджаная з’ява сярод творчых прафесій. Асабліва калі гаворка вядзецца пра айчыннае кіно. Інакш і быць не магло, бо сучасная кінаадукацыя ў Беларусі безнадзейна адстае ад патрабаванняў сусветнага кінематографа. Пакуль мы гадуем кадры для “Беларусьфільма” – студыі-манапаліста, якая пакуль існуе па змярцвелых прынцыпах індустрыяльнай эпохі, за мяжой аўтараў вучаць быць больш руплівымі, канкурэнтаздольнымі. Распрацоўваць уласныя ідэі, збіраць здымачную каманду, самастойна шукаць грошы пад праект – то бок разлічваць на свае сілы, а не чакаць, пакуль праца ўпадзе з неба.
Менавіта такім ухабістым быў шлях да творчасці ў Мітрыя Сямёнава-Алейнікава, аднаго з асноўных прадстаўнікоў “новай хвалі” беларускага гульнявога кіно. Нават калі вы не ведаеце гэтае імя, то хутчэй за ўсё бачылі альбо абмяркоўвалі яго працы: правакацыйныя рэкламныя відэа, музычныя кліпы “8 сакавіка” з Вадзімам Галыгіным і Сяргеям Шнуравым, “Слова пацана” рэпера Макса Каржа і інш.
“Ягор”, “Парушэнне спакою” і “Вахцёр”. Трыа грамадскага спакою
Але гэты поспех быў ужо потым, спачатку была адукацыя. Адвучыўшыся на акцёра ў БДАІ, Мітры ў 2011 годзе cкарыў новы фестываль мабільнага кіно Smartfilm. Гэтая перамога, імаверна, падштурхнула яго з’ехаць у Маскву вучыцца ва УДІК на рэжысёра. Вынікам гэтых прыгод стала дыпломная кароткаметражная стужка “Адной крыві”, якая ў 2015 годзе назбірала цэлы мех узнагарод на міжнародных фестывалях, а потым і на радзіме. А ў канцы лістапада ўрэшце з’явілася ў сеціве.
Героямі “Адной крыві” становяцца два браты, якія, мяркуючы па нашыўках сілавікоў, жывуць у Расіі. Але збольшага гэта ўмоўныя межы для постсавецкай прасторы. Малодшы Андрэй (Сяргей Толкач) замест вучобы ў ВНУ ходзіць са знаёмымі хлапцамі кідаць каменні у амапаўцаў. Так юнак ваюе з сістэмай. “Хачу жыць, а не выжываць”, – скажа ён, вярнуўшыся аднойчы з бойкі, у вочы старэйшаму – Максіму (Кірыл Захараў), які яго не хоча зразумець. “Спачатку інстытут скончы, потым пайдзі на працу, а калі грошай будзе мала – на другую. Ты ведаеш такое “хочаш жыць – умей круціцца”?” – дае той парады Андрэю, але паразумення так і не ўзнікае. Гэтую безвыніковую спрэчку нечакана вырашаюць міліцыянты, што адшукалі месца жыхарства маладога бунтара. І тут спрацоўвае моц кроўнай роднасці, якую аўтар у якасці сімвала вынес у загаловак.
Фестывальную ўвагу, якая звалілася на пятнаццаціхвілінную стужку на той момант яшчэ дэбютанта, зразумець няцяжка. Публіцыстычная энергетыка “Адной крыві”, з якой яна разглядае традыцыйна літаратурны канфлікт бацькоў і дзяцей ці двух пакаленняў, добра спрацаваў, трапіўшы ў плынь міжнароднай кан’юнктуры. Натхнёны, па словах стваральніка, падзеямі “Плошчы” і Арабскай вясны, ужо гатовы фільм выйшаў акурат пасля украінскага Еўрамайдана і выступаў у ЕС. І ў гэтым няма нічога дрэннага. Актуальны рэжысёр – гэта амаль заўсёды праніклівы псіхолаг, здольны злавіць і зафіксаваць надзённы грамадскі неўроз, прымусіць яго працаваць на сябе. У дадзеным выпадку ўсё атрымалася.
Тым больш што палітыку стужка наўмысна ігнаруе. Аднаму з асноўных герояў патрэбная абстрактная свабода, а жыць замінае не менш абстрактная сістэма. На гэтым усё, іншых дэталяў для асэнсавання не даецца. Абраная схематычнасць апісання з аднаго боку дадае ўніверсальнасці гісторыі, робіць яе зразумелай на агульначалавечым узроўні. З іншага – стварае ўмовы для зусім непатрэбнага дыдактызму, бо сам аўтар не думае адхіляцца ад падзеяў, застаецца прадузятым. Ён абірае процілеглы бок – супраць рэвалюцыйных пераменаў, гвалту, яскравым пацверджаннем чаго служыць апошні, найбольш драматычны, эпізод.
«Унутры сябе». Сімулякр айчыннага нуару
І тое робіць “Адной крыві” своеасаблівым маніфестам аўтарскага кансерватызму, аднатоннай кампраміснасці. Маўляў, улада, можа, і не самая справядлівая, але вось да якіх вынікаў можа прывесці жаданне гвалтоўных перамен. Тое, што масавыя сходы могуць быць мірнымі, а вырашэнне праблем – негвалтоўным, мала каго турбуе. Толькі полымя, толькі хардкор!
І, што самае цікавае, пазіцыя асвечанага кансерватызму раз-пораз прабіваецца ў іншай творчасці рэжысёра. Яе можна заўважыць у кліпе “8 сакавіка”, дзе адзінокія жанчыны толькі і мараць, што пра сэкс, рэкламным роліку Mark Formelle, у якім намазаныя алеем культурысты шыюць жаночую бялізну. Гэтую спагадлівасць убачылі на кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе Сямёнаў-Алейнікаў нядаўна зняў чорна-белую кароткаметражку “Франка” – драму пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, найлепшую частку альманаха “Вайна. Застацца чалавекам”. Дзяржаўнаму кінематографу, якому цяпер як паветра патрэбная маладая кроў, адсутнасць ідэалагічнай амбівалентнасці ў мастакоў толькі на руку. З такімі людзьмі прасцей знайсці агульную мову, прапанаваць выканаць ідэалагічны заказ. Але ці хочуць самі мастакі трапіць у гэтую пастку, рызыкнуўшы сваёй рэпутацыяй, – пытанне на мільён даляраў.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by