Беларуская зорка сусветнай сцэны

14.06.2021 Гісторыя

Мусіць, нямногія беларусы ведаюць Міхася Забэйду-Суміцкага — яшчэ нядаўна знакамітага ў Еўропе спевака і беларускага патрыёта. З нагоды яго нараджэння 14 чэрвеня «Будзьма!» прыгадвае жыццё і творчы шлях славутага спевака.


Веданне беларусамі ўласнай гісторыі і культуры, мабыць, можна прыблізна ацаніць па веданні тых ці іншых асобаў. У першы эшалон трапляюць Вітаўт, Скарына, Міцкевіч, Купала, якіх ведаюць нават тыя, хто ніколі не цікавіўся гісторыяй. Лепшы вынік пакажуць тыя, хто ведае такія прозвішчы, як Дамейка, Судзілоўскі, Ластоўскі і г. д. Па гэтай логіцы Міхась Забэйда-Суміцкі, пэўна, не вядомы шырокаму колу беларусаў, але ад таго не становіцца менш значнай фігурай беларускай культуры і патрабуе большай увагі з боку нашых сучаснікаў. Таму паспрабуем лішні раз згадаць спевака, які дасягнуў еўрапейскай і сусветнай вядомасці, і чалавека з настолькі ж натхняльным і незвычайным, наколькі і няпростым жыццём.

Michaś_Zabejda-Sumicki._Міхась_Забэйда-Суміцкі_(1930-37).jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі, 1930-я гады

Вайна, Кітай і партнёрка Шаляпіна

Будучы спявак нарадзіўся ў 1900 годзе ў беднай сялянскай сям’і трагічнага лёсу: з сямі дзяцей Міхась стаў адзіным, хто выжыў і дарос да сталага ўзросту, а ягоны бацька памёр, калі хлопчыку не споўнілася і двух гадоў. Ужо з дзяцінства малы пачаў дапамагаць маці, з васьмі гадоў працаваў падзёншчыкам у панскім маёнтку. Нягледзячы на цяжкасці, Міхась здолеў атрымаць адукацыю. Спачатку навучаўся ў Зельзінскай школе, потым — у царкоўна-прыхадскім вучылішчы, а пасля — у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, дзе пазнаёміўся з класічнай музыкай і творамі найбольш значных кампазітараў і сам спяваў у семінарскім хоры.

Michaś_Zabejda-Sumicki._Міхась_Забэйда-Суміцкі_(1915).jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі, 1915 год. Крыніца — kuliany.by

Жыццё і планы цалкам змяніла Першая сусветная вайна. З набліжэннем фронту хлопец разам з маці, як і многія іншыя нашы землякі, быў вымушаны эвакуявацца ў Расію. Падзеі тых часоў — Першая сусветная, польска-бальшавіцкая і расійская грамадзянская войны — так і не дазволілі маладому чалавеку з маці вярнуцца на радзіму. У Расіі Міхась некаторы час працаваў настаўнікам (у сяле непадалёк ад Барнаула), арганізаваў Калманскае культурна-асветніцкае таварыства і хор.

Але ўжо ў 1920 годзе праз расійскую грамадзянскую вайну малады чалавек трапіў за мяжу — у Кітай, куды гэтаксама беглі з Расіі іншыя беларусы і расійцы. Тут ён спачатку атрымаў пасаду настаўніка ў школе, выкладаў у Камерцыйным вучылішчы, а ўрэшце трапіў у Харбін, з якім звязаны новы этап яго жыцця.

z_vychniami.jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі са сваімі вучнямі, 1920-я гады. Крыніца — kuliany.by

У Харбіне Міхась атрымаў юрыдычную адукацыю ў мясцовым універсітэце. І, што больш важна, пачаў займацца музыкай. У асяродку расійскіх эмігрантаў ён пазнаёміўся з вядомымі музыкамі і спевакамі, у якіх вучыўся і ад якіх набіраўся досведу. Так, сярод ягоных настаўніц была Юлія Платніцкая, раней — партнёрка па сцэне Фёдара Шаляпіна.

Неўзабаве Міхась Забэйда-Суміцкі вызначыўся як прафесійны спявак. Ужо ў 1929 годзе ён пачаў выступаць у Харбінскай оперы. Ад пачатку талент Міхася звярнуў на сябе ўвагу аўдыторыі і мясцовых СМІ, і ён досыць хутка атрымаў шырокую вядомасць.

Ла Скала і канкурэнт Каруза

Усяго праз некалькі гадоў, у 1932-м, Міхась Забэйда-Суміцкі атрымаў магчымасць пераехаць у Італію і спыніўся ў Мілане. Дзякуючы супольным знаёмым малады чалавек пазнаёміўся з былым оперным спеваком Фернандам Калі, якога лічылі канкурэнтам Энрыка Каруза і які стаў Забэйду-Суміцкаму настаўнікам. У гэты ж час Забэйда-Суміцкі выступаў у міланскай оперы «Ла Скала», дзякуючы чаму стаў вядомым і ў Еўропе. Італьянская прэса вельмі хваліла беларускага спевака і называла адным з найлепшых еўрапейскіх выканаўцаў.

Але многія перспектывы і планы не здзейсніліся, бо Міхась мусіў вярнуцца на радзіму да маці, якую не бачыў паўтара дзясятка гадоў і якая знаходзілася ў цяжкім стане. Так, выканаўца, які яшчэ нядаўна спяваў у найлепшай оперы свету, пачаў ездзіць з выступамі па беларускіх гарадах: Ружаны, Гродна, Брэст і іншыя.

z_molad.jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі на радзіме ў Шэйпічах з вясковай моладдзю, канец 1930-х гг. Крыніца — kuliany.by

Разам з тым у гэты перыяд Забэйда-Суміцкі выступае, працуе не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Так, у сярэдзіне 1930-х ён выступаў у оперы Познані, з якой, праўда, неўзабаве сышоў, бо меў канфлікт з дырэктарам, што прымушаў яго звацца не беларускім, а «вялікім польскім» спеваком. Варта адзначыць, што Міхасю, які пазіцыянаваў сябе беларусам, заўсёды ўключаў у свае выступы беларускія аўтарскія і народныя творы, цярпець такую дыскрымінацыю ў Польшчы даводзілася неаднойчы.

Потым Забэйда-Суміцкі атрымаў працу на варшаўскім радыё. Ягоныя выступы і радыёканцэрты былі настолькі папулярнымі, што іх нават транслявалі ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку. І калі б не вайна, маглі б адбыцца запланаваныя гастролі па Еўропе і Амерыцы.

Прага, Караткевіч і прэзідэнт БНР

У 1940 годзе Міхась Забэйда-Суміцкі атрымаў запрашэнне ў Прагу — на працу ў Нацыянальным тэатры. У Чэхіі Міхась працягваў здзіўляць усіх не толькі сваім талентам, але і здольнасцямі. Так, сярод іншага адметным у яго творчасці было тое, што ён заўсёды спяваў па памяці. Гэта пры тым, што ў ягоным рэпертуары было ажно 16 моваў, на 10 з якіх ён мог спяваць за адзін канцэрт. Перыяд вайны, натуральна, быў складаны і для яго, ды не менш нацярпеўся спявак і ў пасляваенныя гады, калі пасля нацыстаў пачалі цкаваць сталіністы.

systrecha.jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі на вакзале ў Мінску, 1963 год. Падносіць кветкі Ніна Гілевіч. Крыніца — kuliany.by

У Празе Забэйда-Суміцкі жыў і працаваў да канца жыцця. Але быў перыяд, калі зноў з’явілася магчымасць гастраляваць па радзіме, наладзіць і ўзнавіць стасункі з беларускімі культурніцкімі дзеячамі: Танкам, Шырмам, Караткевічам, Брылём, Гілевічам і іншымі. Некаторыя з іх і самі наведвалі беларускага спевака ў Празе.

pahonia.cz.jpg
Міхась Забэйда-Суміцкі ў Празе, 1970-я гады

Міхась Забэйда-Суміцкі памёр у 1981 годзе і быў пахаваны ў Празе побач з прэзідэнтам БНР Васілём Захаркам.

Кірыл Стаселька, budzma.org