Беларушчына — цуд, што ніколі не будзе знішчаны, дзякуючы яе ўлюбёным сынам і героям — такім, як Лявон Баразна. Смяротную пагрозу ворагам беларушчыны заўсёды неслі людзі тонкай душэўнай арганізацыі, адчайныя мастакі па прафесіі і па натуры, геніальныя вар’яты, што гатовыя абыйсці паўкраіны пешшу з эцюднікам у руках дзеля замалёвак мясцовых узораў — такія, як Лявон Баразна, піша «Новы час».
Для такіх у камуністычным раі не пакінулі месца. 15 жніўня 1972 года, 50 гадоў таму, імаверна з удзелам КДБ адбылося забойства выбітнага мастака і годнага беларуса.
Лявон Баразна нарадзіўся 4 лютага 1929 года ў вёсцы Новае Сяло Талочынскага раёна. У 12-гадовым уздросце сустрэў вайну, падчас якой маляваў для партызанаў карты і планы. У 50-х 20-гадовы Лявон упершыню трапляе ў разбураны пасляваенны Мінск, атрымлівае адукацыю ў сталічнай мастацкай вучэльні. «Якраз здох Сталін (1953 г.), і ў грамадзкай атмасфэры крыху палягчэла. Лявон купіў капялюш, дажджавы плашч, закінуў за плечы паходны мальбэрт, кайстру з паперай, фарбамі, алоўкамі, узяў у рукі кій і пайшоў пехам па вёсках Беларусі зьбіраць, замалёўваць, фатаграфаваць творы народнай творчасьці і ўжытку (найперш, адзеньне, вопратку, арнамент). Пра хлеб надзённы Лявон не праймаўся, бо лічыў, што ў сваім народзе не прападзе. І не прапаў», — так апісвае трэцяе дзесяцігоддзе жыцця Лявона Баразны яго сябар Зянон Пазьняк на старонках кнігі «Тэрра Дэй».
У фондах мастацкага музея захоўваюцца альбомы малюнкаў Лявона Баразны «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957) і «Беларуская народная вопратка» (1958). Іх часткі экспануюцца ў Раўбічах. Баразна падрыхтаваў таксама альбом «Арнамент Гродзеншчыны» (1960). Замалёўкі дасюль не выдадзенныя.
Далей у «Тэрра Дэй» Зянон Станіслававіч распавядае, як у адной з падобных вандровак па беларускім вёскам Лявон Баразна сустрэў сваю першую жонку. Заночыўшы ў нейкім вясковым доме, мастак нараніцу разгаварыўся з гаспадаром, які меў некалькіх дачок. З адной з іх невярбальны кантакт у героя беларушчыны ўсталяваўся яшчэ з вечара. Гэтая прыгажуня і паехала з Лявонам Баразной у новае і лепшае, як падавалася абодвум, жыццё — як у лепшых традыцыях. Але не ўсё так проста, Пазняк зазначае цікавы кантэкст падзеі: «Для нас, маладых інтэлігентаў-беларусаў, гэта была сапраўдная жыцьцёвыя трагедая банальная і прымітыўная — проста немагчыма было дабраць сабе пару. Пасьля першага яе пытаньня — "почему разговаріваете по-белорускі" — было другое: "зачем этот белорусскій язык?" Пасьля другога трэцяе, такое ж. А потым ужо пачынаўся галаўны боль».
Пазняк называе свайго сябра аптымістычным і рашучым чалавекам, які моцна верыць у свае магчымасці, аднак падкрэслівае, што часам гэтая рыса характару падштурхоўвала мастака на вырашэньне складаных і нават тонкіх задач простымі метадамі.
«У праблеме стварэньня беларускай сям’і ён пратрымліваўся рамантычнай пазыцыі апрашчэньня і вялікіх клопатаў ня бачыў. Галоўнае каб жонка былабеларуска з добрым сэрцам і шанавала сваё. Астатняе набудзецца, не патонем. Можна жаніцца хоць на пастушцы, хоць на даярцы. Калі ў жанчыны ёсьць здаровы беларускі грунт, то жонка будзе такой як зробіш. Шчыра кажучы, мне гэта імпанавала. Я лічыў гэта сапраўдным мужчынскім падыходам», — піша Зянон Пазьняк.
Але на далёкую перспектыву мужчынскі падыход не спрацаваў. Маладыя пераехалі ў Гародню, жылі ў новенькай двухпакаёўцы.
«Лявон уладкаваў сваю з чатырма класямі адукацыі сужэніцу ў вячэрнюю школу, каб вучылася. Пачаў шукаць ёй працу. Але тут яна зацяжарыла, вучобу кінула, а працаваць не хацела. Галоўны яе клопат стаў назіраць, каб муж прыносіў дахаты грошы, каб позна не прыходзіў і даведвацца, дзе быў. А творчаё жыцьцё мастака вядома якое. Ёй жа тое было незразумелае», — пераказвае гісторыю сябра Пазьняк. «Як зьявілася дзіця, у яе сфармавалася асаблівая манера размаўляць з мужам гучным крыкам, так, як крычаць, бывае, вясковыя бабы на мужыка п’яніцу. Калі ёй што не падабалася, яна ня ўмела спакойна пра тое сказаць, не разумела, што значыць стрымлівацца ў словах. Увесь час гаварыла крыклівым голасам. Лявон пробваў ёй тлумачыць, чаму трэба не павышаць голасу, чаму трэба стрымлівацца, чаму трэба казаць абавязковыя словы "дзякуй", » прабач«, «калі ласка», «ці можна?», «калі ты ня супраць» і г. д. Яна слухала, а потым зноў, як заезджаная кружэлка, — " што думаю, тое й кажу" (дакладней, тое і крычу).
Лявон сачыў за яе мовай і тлумачыў, чаму нельга перамешваць мову чужымі словамі. "Мы ўсюды гаворым па-беларуску, бо жывем у сваёй краіне, — казаў ён. — Калі хто чаго не разумее, то ты скажы, што трэба шанаваць родную мову. Прыйдзе час — і ўсё пераменіцца».
Хутка Лявон Баразна зразумеў, што прывёз «ката ў мяшку», але не пакідаў спробаў даць жонцы хоць бы нейкую адукацыю, узяўшы на ўзбраенне падручнікі за пяты клас. Але і тое не атрымалася, шлюб распаўся.
«Увесь час даводзіў ёй, што ня можна зацыклівацца на грошах (тым больш, што на пражыцьцё хапала). Казаў, што трэба вучыцца, разьвівацца, дапамагаць Беларусі, берагчы культуру і г. д. Спрабаваў навучыць яе ткаць беларускія паясы і дываны, швачную машыну купіў. Мала толку. Яны арыентаваліся на абсалютна розныя сістэмы каштоўнасьцяў, у іх быў супроцьлеглы прынцып успрыняцьця каштоўнасьцяў (ідэальна-грамадзянскі і матэрыяльна-бытавы) і ўражлівае несупадзеньне культурных запатрабаваньняў», — тлумачыць сутнасць няўдалай жаніцьбы Баразны Пазьняк.
Развітаўшыся з жонкай, Лявон Баразна адчуў патрэбу ў атрыманні вышэйшай адукацыі, зноў прыехаў у Мінск і паступіў у Мастацкую акадэмію на аддзяленьне ўжытковага мастацтва. З Зянонам Пазьняком мастак дзяліў інтэрнацкі пакойчык. Падрабязней пра першую сустрэчу двух сябраў і адраджэнцаў беларушчыны — зноў жа на старонках «Тэрра Дэй»:
«Нядзельным днём я сядзеў адзін у інтэрнацкім студэнцкім пакоі. У дзьверы пастукалі. Зайшоў чалавек гадоў 35 у сьветлым паношаным бежавым паліто і зялёным капелюшы. » Баразна", — працягнуў ён мне шырокую далонь. Аказалася, што інстытут выдзеліў яму інтэрнат і пасяліў якраз у той пакой, дзе быў паселены я. Гэтак мы пазнаёміліся і сталі сябрамі на ўсё ягонае жыцьцё».
Лёс вырашыў не даць патануць беларушчыне ў балоце жудасных савецкіх лозунгаў, аб’яднаўшы разам стаўпоў нацыянальнага адраджэння. Крыху пазней мастак пазнаёміўся і з Уладзімірам Караткевічам, з якім яны таксама моцна сябравалі.
Каб паважаныя чытачы не пераймаліся за асабістае жыццё Лявона Баразны, зазначым, што ў хуткім часе ў яго закахалася маладая вясковая настаўніца Марыля, разумная і з гумарам. У пары нарадзіліся дзве дачушкі.
У 60-я гады Баразна ствараў сцэнічныя касцюмы для прынамсі 15-ці самадзейных калектываў рэспублікі, напрыканцы 60-х стаў галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР. Лявон Баразна нават быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1963), Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры БССР і БРК прафсаюза працаўнікоў культуры і дыпломамі. Менш чым праз 10 гадоў паплечнікамі ўзнагародчыкаў яго забілі, хоць усяго за 5 гадоў да забойства Лявону Баразне даручылі афармленне сталіцы БССР да свята 900-годдзя. Праўда, варыянты афармлення падаліся Машэраву занадта ўжо нацыянальнымі, і хутка мастак быў пазбаўлены гэтага гонару.
Але не дзяржаўнымі ўзнагародамі і высокімі даручэннямі было найбольш адметнае чацвёртае дзесяцігоддзе жыцця Лявона Баразны. У 1969 годзе Баразна і Пазняк надрукавалі ў маскоўскай газеце «Праўда» сумесны артыкул, у выніку публікацыі якога Машэраў быў вымушаны на 3 гады адкласці знішчэнне будынкаў у цэнтры Мінска, што маюць гістарычную каштоўнасць — Траецкага прадмесця, Высокага Рынка, Ракаўскага прадмесця...
50 гадоў таму, 15 жніўня 1972 года Лявон Баразна быў забіты. Незадоўга да смерці павінна была адбыцца акцыя пратэста супраць разбурэння гістарычнага цэнтру Мінска.
Пісьменнік Адам Глобус узгадваў пра тое, як даведаўся пра забойства выбітнага мастака і прапанаваў сваю трактоўку гэтай трагічнай падзеі:
«Лявон Баразна атрымаў удар нажом. З цёмнай аркі ён, моцна хістаючыся, выйшаў у светлы двор, дзе паваліўся і некалькі гадзін праляжаў на зямлі, непадалёк ад сваёй мастакоўскай майстэрні. Суседзі думалі, што мастак проста перабраў са спіртным, таму не выклікалі дапамогу.
Гісторыю пра забойства Лявона Баразны я чуў ад бацькоў. Адной з прычын ягонага забойства была беларуская мова. Канфлікт пачаўся ў кінатэатры "Перамога", дзе у час дэмастрацыі фільма два бандзюкі прыставалі да маладой жанчыны. Лявон Баразна разам з адміністратаркай кінатэатра спыніў сеанс і выгнаў бандзюкоў з кіназалы. Яны паабяцалі, што пачакаюць Баразну на вуліцыі разбяруцца з ім і з ягонай беларускай мовай. Пасля сеанса яны напалі на мастака каля кінатэатра. Магутны Баразна надаваў кухталёў дробным нахабам. Яны пачалі ўцякаць. Ён пабег за імі. Бандзюкі забеглі ў арку, што на вуліцы Інтэрнацыянальнай. Адзін з іх прабег арку наскрозь, а другі схаваўся за выступ у сцяне, каб ударыць Баразну нажом у спіну. Бандыт здзейсніў свой намер і забіў аднаго з самых яркіх культурных дзеячаў тагачаснай Беларусі.
Для мяне ў бацькоўскім апавяданні вельмі важным было тое, што Лявон Баразна пацярпеў за мову. Яго забілі не толькі за тое, што бараніў жанчыну ад гвалту, забілі за нашу мову».
А вось як тагачасныя падзеі ўзгадвае Зянон Пазняк:
«15 жніўня 1972 года яго забілі ў цэнтры сталіцы, як стала зразумела, у выніку распрацоўкі савецкага КГБ па барацьбе зь беларускім нацыяналізмам. Забойцы — два браты-крымінальнікі, расейцы, дзеці палкоўніка КГБ, які займаўся аховай Дому ураду. Суд і камуністы ўсяляк стараліся выгарадзіць забойцаў, каб прысудзіць ім меншы тэрмін. Асноўны забойца адмовіўся даваць паказаньні і цьвердзіў увесь час толькі тры словы: "Я сын Сталіна". Яго гэтаму падвучылі, інакш бы шмат што адчынілася.
Забойства Лявона Баразны ўскалыхнула тады нас усіх. Гэта была вялікая страта для Беларусі. Яго магіла, як і магіла Каліноўскага, і сотняў іншых ахвяраў Масквы, засталася неадпомшчанай, і гэты сьпіс павялічваецца».
Гэтыя словы былі напісаныя ў 2013 годзе. Ці мог тады Зянон Пазьняк уявіць, што гэты спіс па стане на жнівень 2022 года будзе складаць больш за паўтары тысячы чалавек? Вядомы сваёй празарлівасцю, напэўна, мог. Але ці было б яно так, каб Лявона Баразну не забілі? Ці не змяніў бы ён, натхнёны шчаслівым, хоць і няпростым жыццём і каханнем, вялізным шанцам на перамены ў 90-х, увогуле ўвесь ход гісторыі? На жаль, пра гэта мы ніколі не даведаемся. На сёння маем сумны повад ушанаваць памяць лідара руху нацыянальнага адраджэння, чыю справу працягваем, і паразважаць пра безумоўную каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця.