Забытая слава. Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі. Заканчэнне

15.03.2022 Гісторыя

Лёс Беларусі вылучаецца сваёй веліччу і трагізмам. Стагоддзі амаль няспынных войнаў, неабходнасць пастаянна адваёўваць у прыроды яе даброты, не выпускаючы з рук мяча, сфарміравалі ў беларуса адметны характар, які выклікае захапленне і здзіўленне адначасова, піша «Народная Воля».


000.jpg

VIII

Уключаная ў склад Расійскай імперыі Беларусь хутка перажыла новае ваеннае спусташэнне. У 1812 годзе яна стала тэатрам знішчальнай вайны французскай арміі Напалеона супраць Расіі. Дзясяткі тысяч беларусаў былі рэкрутаваны ў расійскія палкі, аднак частка насельніцтва, кіруючыся прынцыпам «вораг майго ворага — мой прыяцель» і спадзеючыся на адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага, падтрымалі Напалеона. Летам 1812 года тут утвараліся свае ўзброеныя сілы ў дапамогу французам — 4 палкі конніцы і 5 палкоў пяхоты. Іх мабілізацыяй займаўся Вайсковы камітэт, у які ўваходзілі Ігнат Тышкевіч, Аляксандр Хадкевіч, Аляксандр Пацей, Павел Сапега ды іншыя вядомыя людзі краіны. Прайграўшы кампанію, французы адступалі зноў праз Беларусь — спустошаны і выпалены край, жыхары якога паміралі ад тыфусу, цынгі і халеры. Беларускія сяляне, якія пакутавалі найбольш, уздымалі бунты, аднак царскі ўрад жорстка распраўляўся з іх рухамі.

Чытайце таксама: Забытая слава. Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі

У лістападзе 1830 года ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. У красавіку 1831 года яно ахапіла Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Свянцянскі, Браслаўскі паветы Віленскай губерні, Вілейскі і Дзісненскі паветы Менскай губерні). Атрады налічвалі па 200–300 чалавек, некаторыя да 1 тысячы і больш. У іх склад уваходзілі прадстаўнікі польскага, а таксама паланізаванага беларускага дваранства, каталіцкае і ўніяцкае духавенства, сяляне, якія спачатку прымкнулі да паўстання, але, убачыўшы, што кіраўніцтва апошняга не ставіць у сваёй праграме адмены прыгоннага права, адышло ад барацьбы.

Павятовыя паўстанцкія ўрады аб’яўлялі рэкруцкія наборы ў паўстанцкае войска. Так, у Вілейскім павеце кожныя пяць душ мужчынскага полу павінны былі паставіць аднаго пехацінца, узброенага «стрэльбай, пікай, касой ці сякерай» і добра абмундзіраванага, а кожныя 20 душ — аднаго кавалерыста з дзідай. Кожны шляхецкі двор павінен быў паставіць аднаго ўзброенага кавалерыста. Толькі ў Свянцянскім і Вілейскім паветах меркавалася стварыць 15-тысячнае войска.

У Віленскай і Мінскай губернях з-за няўзгодненасці дзеянняў паўстанцкіх атрадаў, адсутнасці адзінага камандавання паўстанне напрыканцы мая 1831 года прыйшло ў заняпад. Дробныя паўстанцкія атрады былі разбіты, шмат паўстанцаў забіта, ранена, узята ў палон, шмат дэзерціравалі.

Летам 1831 года каля Вільні адбыўся рашучы бой паміж паўстанцамі Літвы, Беларусі і Польшчы і царскімі войскамі. Паўстанцкія атрады, якія не мелі адзінага кіраўніцтва, добрай зброі, былі разбіты.

Ва Усходняй Беларусі (Магілёўскай і Віцебскай губернях), дзе быў значна меншы працэнт каталікоў, чым у Заходняй Беларусі, паўстанцкі рух не набыў значных маштабаў.

На пачатку жніўня 1831 года шляхецкае паўстанне было падаўлена ў асноўным ва ўсіх паветах Беларусі. У краіне надоўга запанавала рэакцыя царызму. Быў закрыты Віленскі ўніверсітэт, ліквідавана мноства школ, забаронены славуты Літоўскі Статут — кодэкс права беларуска-літоўскага гаспадарства. А ў 1839 годзе была скасавана царкоўная унія — беларусаў ўніяцкага веравызнання гвалтам перавялі ў праваслаўе.

Аднак ідэі вызвалення ад чужога панавання не памерлі. Праз колькі дзесяцігоддзяў жыхары Беларусі паўсталі супраць расійскага царызму трэці раз.

У студзені 1863 года, калі ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць расійскага панавання, яно хутка ахапіла таксама тэрыторыю Беларусі і Літвы. Тут пачалі ўтварацца першыя паўстанцкія атрады пад кіраўніцтвам К.Карэва, Л.Нарбута, Ф.Віславуха і іншых. Яны складаліся з дробназямельнай польскай і беларускай шляхты ды рамеснікаў. Напачатку ў паўстанні на Беларусі брала ўдзел і частка сялян. Часовы ўрад Літвы і Беларусі, у якім галоўную ролю іграў К.Каліноўскі, ставіў на мэце масавае народнае паўстанне, вёў актыўную прапаганду сярод сялян ідэй вызваленчай барацьбы. Аднак падняць палітычна нясмелыя сялянскія масы на арганізаваную ўзброеную барацьбу супраць царызму кіраўнікам паўстання не ўдалося.

Атрады, якімі кіраваў паплечнік К.Каліноўскага В.Урублеўскі, вялі паспяховыя баі з царскімі войскамі. Дзякуючы дзейнасці К.Каліноўскага і В.Урублеўскага ў Гарадзенскай губерні апошняя стала цэнтрам паўстанцкага руху на Беларусі. У Мінскай губерні змагаліся атрады пад кіраўніцтвам С.Ляскоўскага і А.Трусава. Паспяхова дзейнічаў на Брэстчыне атрад Р.Траўгута.

I ўсё ж на пачатку XX стагоддзя, калі Расійская імперыя затрашчала ад нацыянальных і рэвалюцыйных рухаў, знясіленая Беларусь здолела паўстаць да вызваленчай барацьбы і ўласнага дзяржаўнага будаўніцтва.

IX

Ужо на пачатку XX стагоддзя ў колах патрыятычна настроенай інтэлігенцыі Паўночна-Заходняга краю, якая гуртавалася вакол рэдакцый газет «Наша доля» і «Наша Ніва», а таксама ў першых беларускіх палітычных арганізацыях — Беларускай рэвалюцыйнай грамадзе і Беларускай сацыялістычнай грамадзе — выспяваюць ідэі нацыянальнага адраджэння, у тым ліку беларускай вайсковасці.

Рэалізоўвацца яны пачалі падчас Першай сусветнай вайны, калі галоўная апора беларускага руху, нацыянальна свядомая моладзь, аказалася пад ружжом. У маі 1917 года была створана першая Вайсковая беларуская арганізацыя. 18–24 кастрычніка ў Менску праходзіць З’езд беларусаў-вайскоўцаў. Ён абраў Беларускую вайсковую цэнтральную раду на чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім. Ствараецца штаб беларускага войска пад кіраўніцтвам генерала Кандратовіча. Галоўная задача — абарона роднай зямлі і права беларускага народа на самавызначэнне. Паўсюдна, на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі, фарміруюцца беларускія аддзелы (атрады), палкі, дывізіі і нават карпусы (на Румынскім фронце). Фактычна спыняе гэты працэс прыход да ўлады бальшавікоў і разгон імі 1-га Усебеларускага кангрэсу (снежань 1917 года) — першай спробы ўтварэння беларускай дзяржаўнасці новага часу.

Чытайце таксама: Забытая слава. Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі. Частка 2

25 сакавіка 1918 года абвяшчаецца Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). У складзе яе ўрада арганізуецца сакратарства (міністэрства) па вайсковых справах, якое ўзначальвае Кастусь Езавітаў.

Ва ўмовах акупацыі спачатку немцамі, потым палякамі, торгу тэрыторыяй Беларусі расійскім Саветам народных камісараў стварыць сапраўднае беларускае войска не ўдалося. Але ў вайсковую гісторыю нашай Бацькаўшчыны назаўсёды ўвайшлі 1-ы Менскі Беларускі пяхотны полк (1917), Беларускі каравульны батальён і Беларуская дывізія ў Адэсе (1918), 1-ы Гарадзенскі Беларускі полк (1919).

За нацыянальную незалежнасць мужна змагаліся «Асобны атрад БНР» і 20-тысячнае беларускае войска пад камандаваннем генерал-маёра Станіслава Булак-Балаховіча, які спрабаваў утварыць Беларускую дзяржаву на Палессі (1920), 10 тысяч жаўнераў Слуцкай брыгады і аддзелаў падполынай арганізацыі «Зялёны дуб» (Слуцкае паўстанне, 1920) і сяляне з аддзела «Белая світка» (Вяліжскае паўстанне, 1934).

На пачатку 20-х гадоў узброеную барацьбу супраць палякаў вялі ў Заходняй Беларусі партызаны. Дзейнічаў Галоўны штаб беларускіх партызан, а затым і Беларускі стралецкі саюз. Беларускія вайсковыя фарміраванні існавалі нейкі час і ў рэгулярных арміях Польшчы, Літвы, Латвіі. (Цікава, што напрыклад, 10 працэнтаў афіцэраў Літоўскага генеральнага штаба валодалі беларускай мовай.)

Беларускія вайскоўцы актыўна выкарыстоўвалі нацыянальную сімволіку: бел-чырвона-белыя штандары, герб «Пагоня», мелі адметнае абмундзіраванне; бэнээраўскай узнагародаю быў ордэнскі шасціканцовы «Беларускі крыж святой Еўфрасінні Полацкай».

Першы беларускі аддзел Чырвонай Арміі быў створаны Беларускім нацыянальным камісарыятам у сакавіку 1918 года з 50 беларусаў-петраградцаў. Тры месяцы у 1919 годзе існавала Чырвоная Беларуска-Літоўская армія. Усяго ў гады грамадзянскай вайны праз Чырвоную Армію прайшло каля 300 тысяч беларусаў.

У 1923–1925 гадах Чырвоная Армія пераводзіцца на змешаны кадравы і тэрытарыяльны (міліцыйны) прынцып фарміравання. Вайсковая рэформа супала з палітыкай беларусізацыі, якая праводзілася тады ў БССР. У дачыненні да вайсковых часцей гэта азначала замену кадравага складу беларусамі і пераход на беларускую мову навучання, каманд і зносін. Першымі нацыянальнымі фарміраваннямі сталі 2-я Беларуская тэрытарыяльная дывізія (1923) і 16-ы Беларускі стралковы корпус.

Камандны склад для беларускіх часцей рыхтавала Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР. Пад кіраўніцтвам Вайсковай камісіі пры Інстытуце беларускай культуры распрацоўвалася беларуская вайсковая тэрміналогія (няшмат людзей ведае нават сёння, што азначае, прыкладам, беларуская каманда «Шыхт зважай! Крокам руш!»), рыхтаваліся на беларускай мове вайсковыя слоўнікі, спеўнікі, дапаможнікі, статуты. Выдавецтвы, найперш Дзяржаўнае ваеннае выдавецтва Беларусі, штогод выдавалі дзясяткі назваў беларускамоўнай спецыяльнай вайсковай літаратуры. На беларускай мове выходзілі акруговая газета «Чырвоная армейская праўда», шэраг дывізіённых і палкавых газет.

Беларусізацыя войска не азначала абмежавання правоў іншых нацый. Бо, напрыклад, у Гомелі быў створаны яўрэйскі тэрытарыяльны полк Чырвонай Арміі, адпаведныя батальёны існавалі ў Менску і Смаленску. Да таго ж нацыянальнай мусіла быць толькі частка войска.

На жаль, да 1938 года нацыянальныя часці былі паступова зліквідаваны. Прычына тут адна — яны сталі перашкаджаць сталінскай палітыцы ствараць унітарна-таталітарную дзяржаву шляхам генацыду ў адносінах да асобных нацыянальных культур і народаў.

У час Другой сусветнай вайны беларускіх нацыянальных часцей у Чырвонай Арміі не было, хоць шмат мужных беларусаў-вайскоўцаў загінула ў барацьбе супраць фашысцкай навалы. Шырокі размах меў партызанскі рух, які быў сапраўды народным, бо ў ім удзельнічалі каля 400 тысяч беларускіх патрыётаў. (Нездарма вопыт партызан Беларусі спецыяльна вывучалі ў 1980-х гадах афганскія маджахеды.)

Асобная гаворка мае быць пра калабарацыянісцкую Беларускую Краёвую Абарону (БКА) — вайсковую арганізацыю, згоду на стварэнне якой гітлераўцы далі толькі ў 1944 годзе. Налічвала яна каля 100 тысяч чалавек, ці 100 батальёнаў (немцы ўзброілі невялікую частку іх). Былі сярод жаўнераў БКА злачынцы, на руках якіх кроў нашых людзей, былі проста запалоханыя. Але значна болей было там такіх беларусаў, хто бачыў ворага і ў сталінскім камунізме, і ў гітлераўскім фашызме ды хацеў аднаго — шчаслівага лёсу сваёй Бацькаўшчыне. Менавіта яны крыху раней патаемна арганізавалі Беларускую незалежную партыю, якая ставіла мэтай адрадзіць вольную і моцную беларускую дзяржаву.

Скончылася вайна. На эміграцыі беларускую вайсковую чыннасць падтрымліваюць Камітэт сувязі былых беларускіх вайскоўцаў (Канада), Беларускі вызвольны фронт (Аўстралія), іншыя беларускія згуртаванні. Выдаецца беларуская вайсковая перыёдыка (газета «Зважай», часопіс «Баявая Ускалось» і да т.п.).

У Савецкай Беларусі доўга не было амаль нічога. Праўда, у тэксце Канстытуцыі прысутнічаў артыкул 16-б, што БССР «мае свае рэспубліканскія вайсковыя фарміраванні». Але гэта была голая дэкларацыя, абумоўленая членствам рэспублікі ў ААН. 3 апошняй рэдакцыі Канстытуцыі БССР знік і сам артыкул.

I ўсё ж той, хто служыў у Савецкай Арміі, ведае, як цанілі там менавіта прызыўнікоў-беларусаў. Мноства здольных і таленавітых у вайсковай справе беларусаў ёсць сярод афіцэрскага корпусу. Беларусы-афганцы — яшчэ адна трагічная і адначасова гераічная старонка нашай гісторыі.

Паступова адраджаўся і беларускі нацыянальны вайсковы дух. У 1989 годзе ўзнікла першая суполка беларусаў-вайскоўцаў у далёкім Прыазёрску (Казахстан), потым — у Цверы, Маскве, Мінску, Барысаве, Якуціі, на Далёкім Усходзе. 19–20 жніўня падчас путчу ГКЧП утварылася Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ), пачала арганізоўвацца Нацыянальная гвардыя. 12–13 кастрычніка ў Мінску прайшоў 1-ы з’езд БЗВ. А на пачатку 1992 года з’явілася доўгачаканае Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

Спраўджваецца нарэшце прадказанне Янкі Купалы: «Войска беларускае павінна быць, і яно будзе»; заклік Максіма Багдановіча:

Досі ўжо, браты, чужынцам мы
служылі,
Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;
Не сваю — чужую долю баранілі,
Пад чужымі сцягамі ўміралі.

Зноў актуальна гучыць і адозва Беларускай вайсковай камісіі (1920): «Беларусы! Хто хоча незалежнасці нашае Бацькаўшчыны! У кім б’ецца беларускае сэрца, каму неўмагату здзек чужынцаў, хто можа трымаць у руках стрэльбу, запісвайцеся ў Беларускае войска!»