Забытая слава. Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі. Частка 2

Лёс Беларусі вылучаецца сваёй веліччу і трагізмам. Стагоддзі амаль няспынных войнаў, неабходнасць пастаянна адваёўваць у прыроды яе даброты, не выпускаючы з рук мяча, сфарміравалі ў беларуса адметны характар, які выклікае захапленне і здзіўленне адначасова, піша «Народная Воля».


57.jpg

VI

Напрыканцы ХV стагоддзя, калі Маскоўская дзяржава ўвабралася ў сілу і, падбіваючы суседнія землі, у стык падышла да межаў беларуска-літоўскага гаспадарства, вялікі князь маскоўскі Іван III адважыўся на адкрытую экспансію. Чыста захопніцкая палітыка была абгрунтавана тэзісам аб праве Масквы на абшары ўсёй былой імперыі Рурыкавічаў. Абвясціўшы тэрыторыі Беларусі і Украіны сваімі, маскоўскі ўладар падгаварыў крымскага хана актыўней нападаць на Беларусь з поўдня ды ў 1492 годзе распачаў першую вайну супраць Вялікага Княства Літоўскага. Адразу тры вялікія арміі з розных бакоў увайшлі ў беларуска-літоўскае гаспадарства ды хутка занялі шэраг гарадоў. Вільня зусім не чакала інтэрвенцыі і не рыхтавалася да адпору. Вялікае Княства больш як паўстагоддзя наогул не ведала войнаў. Новы гаспадар Аляксандр хацеў залагодзіць канфлікт і накіраваў у Маскву паслоў са скаргамі на беспрычыннае парушэнне міру Маскоўскай дзяржавай ды прапановай спыніць вайну. Яго стараннямі ў 1494 годзе было заключана новае замірэнне, замацаванае дынастычным шлюбам: дачка маскоўскага ўладара Алена выходзіла за вялікага князя Аляксандра і пераязджала ў Вільню.

Чытаць па тэме: Забытая слава. Кароткі агляд ваеннай гісторыі Беларусі

На жаль, сваяцтва манархаў не прынесла спакою ўсходнім межам Беларусі. Спачатку Іван III актывізаваў крымскіх татар, якія штогод нападалі на Вялікае Княства Літоўскае, а ў 1500 годзе сам распачаў чарговую захопніцкую вайну. Вялікі князь Аляксандр спрабаваў ізноў апеляваць да сумлення, пісаў цесцю, што беларуска-літоўская дзяржава не мае аніякай віны перад Масквой, прасіў не праліваць больш хрысціянскай крыві, адзначаў, што адказнасць за ўсё кладзецца на Івана III — парушальніка клятвы. Але марна. Маскоўскае войска тым часам займала новыя землі — Севершчыну, Браншчыну, гарады і воласці Смаленшчыны.

Бараніць межы краіны паспяшаўся князь Кастусь Астрожскі — найвышэйшы гетман (галоўнакамандуючы) Вялікага Княства Літоўскага. Вясной 1500 года ён сабраў у Вільні вершнікаў — каго паспеў — ды хутчэй рушыў праз Мінск да Смаленска. Маскоўскія ваяводы стаялі каля Дарагабужа. Іх аб’яднаныя сілы дасягалі 40 тысяч ратнікаў, а ў Астрожскага мелася толькі 4 тысячы. Здавалася, весці 4 тысячы на 40 — самагубства! Але гетман пасля нядоўгай нарады вырашыў: «Мала ці многа масквічоў будзе, ды толькі, узяўшы Бога ў падмогу, біцца з імі, а не біўшыся — назад не вяртацца».

Сеча адбылася 14 ліпеня пад Дарагабужам. Малалікая конніца Астрожскага спачатку ашаламіла ворага атакай, але потым, сціснутая маскоўскімі палкамі, цалкам прайграла бітву. Загінулі лепшыя вайсковыя сілы Вялікага Княства, сам гетман трапіў у палон. Гэта была першая значная перамога маскоўскага войска над беларуска-літоўскім у полі. Праўда, ваяводы Івана III мала пакарысталіся такім поспехам. Яны займаліся пераважна спусташэннем воласцяў.

Тым часам Вялікае Княства Літоўскае падпісала унію з Полышчай, заключыла дыпламатычны саюз з ордэнам і Заволжскай Ардой і гэтым прымусіла Маскву пайсці на перамовы. У 1503 годзе Масква і Вільня падпісалі дамову аб замірэнні на 6 гадоў. Паводле ўмоў замірэння, беларуска-літоўскае гаспадарства страчвала вялізныя тэрыторыі з гарадамі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Старадуб, Мцэнек, нават Гомель ды іншыя. Але і на гэты раз мір пратрываў нядоўга.

Чарговая, трэцяя па ліку, вайна пачалася ўжо ў 1506 годзе, калі Васіль III кінуў на край два шматтысячныя злучэнні, якія спустошылі Беларусь па Бярэзіну. У 1508 годзе ён прыслаў маскоўскія палкі пад Бабруйск на дапамогу здрадніку князю М.Глінскаму, каб на гэты раз заваяваць Беларусь супольна з бунтаўшчыкамі. Разам яны аблажылі Менск і адсюль рабілі спусташальныя рэйды ажно да Слоніма. Толькі з’яўленне К.Астрожскага, які ўцёк з маскоўскага палону, змусіла 30-тысячную армію непрыяцеля адступаць да Оршы, а пасля, збаяўшыся бітвы, і зусім пакінуць межы Беларусі. Восенню 1508 года маскоўскі манарх падпісаў новае пагадненне аб міры з Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак ізноў нядоўга трываў без вайны.

Ужо улетку 1512 года стала вядома, што вялікі князь маскоўскі рыхтуе чарговую інтэрвенцыю разам з Нямецкім ордэнам. Восенню галоўныя сілы Васіля III аблажылі Смаленск, а іншыя палкі пайшлі на Оршу, Друцк, спустошылі край ажно да Менска і Віцебска. Не авалодаўшы Смаленскам, але страціўшы падчас аблогі нямала жывой сілы, маскоўскі ўладар адвёў войска, а летам 1513 года распачаў новую наступальную кампанію. На гэты раз у дапамогу яму Святая Рымская імперыя прыслала сваю пяхоту і артылерыю. Пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч ратнікаў. Але смаленцы настолькі мужна адбіваліся, што Васіль III праз колькі месяцаў мусіў зняць безвыніковую аблогу. Трэці смаленскі паход быў прызначаны на лета наступнага года. Маскоўская дыпламатыя разам з імператарам Максімільянам утварылі ваенную кааліцыю з сямі дзяржаў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. У Маскве хаўруснікі вырашылі пасля перамогі падзяліць заваяваныя абшары: Васіль III забраў бы беларускія і ўкраінскія землі, а Максімільян I — польскія.

80-тысячнае войска прыйшло пад Смаленск у ліпені 1514 года і пачало няспынны абстрэл горада з 300 гармат. Праз колькі тыдняў абаронцы з палаючых умацаванняў папрасілі спыніць абстрэл, а яшчэ па якім часе згадзіліся капітуляваць на льготных умовах. Акрыленыя поспехам, маскоўскія ваяводы паспяшаліся ўглыбкі Беларусі. Страта галоўнай фартэцыі на ўсходзе ашаламіла Вялікае Княства Літоўскае. Пасля Смаленска паддаліся Мсціслаў, Крычаў, Дуброўна.

Войска Вялікага Княства — каля 35 тысяч — толькі падыходзіла да Бярэзіны. Ваяводы Васіля III, маючы больш чым двайную перавагу ў сіле, вырашылі даць генеральную бітву, каб цалкам разграміць харугвы К.Астрожскага і тады ўжо гаспадарыць у зусім безабароннай краіне. Яны зграмадзіліся за Дняпром на беразе рачулкі Крапіўны, што паміж Оршай і Дуброўнай. На досвітку 8 верасня 1514 года перад імі з’явіліся шыхты войска К.Астрожскага. Пачалася бітва, ад якой залежаў гістарычны лёс беларусаў ды іншых народаў Вялікага Княства Літоўскага.

Гетман найвышэйшы, род якога паходзіў з турава-пінскіх князёў, бліскуча скарыстаў сваё тактычнае майстэрства і дазвання разграміў агромністую армію Маскоўскай дзяржавы. Гэтая перамога стала абаронай суверэнітэту краіны. Святая Рымская імперыя адмовілася ад ваеннага блоку з Масквой, і ўвесь небяспечны альянс разваліўся. Пра перамогу К.Астрожскага над Масквой уведала ўся Еўропа. Яе святкаваў сам Папа рымскі, а імператар Максімільян стаў абаронцам інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага на Захадзе. У 1518 годзе, пераконваючы магістра Нямецкага ордэна не дапамагаць Маскве весці захопніцкія войны, ён напісаў: «Цэльнасць Літвы (чытай — Вялікага Княства Літоўскага) карысна для ўсёй Еўропы, магутнасць Масковіі — небяспечная». Славутая бітва на Крапіўне ўвайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі па ваеннай гісторыі як узор перамогі малалікага войска над колькасна пераважаючым ворагам. А на Беларусі Аршанскую бітву апявала гістарычная народная песня, услаўлялі летапісцы. Гетмана К.Астрожскага называлі Сцыпіёнам, Ганібалам, а ягоных ваяроў параўноўвалі са славутымі македанянамі.

Пасля смерці ваяўнічага Васіля III беларуска-літоўскае гаспадарства паспрабавала сілай забраць назад землі, захопленыя Маскоўшчынай у папярэдніх войнах. Яно ўльтыматыўна запатрабавала ад Масквы вярнуць Севершчыну і Смаленшчыну. Калі ж атрымала адказ, вялікі князь Жыгімонт у жніўні 1534 года скіраваў адно войска на Смаленск, другое — на северскія гарады. Але наяўных сіл было замала, каб дамагчыся значнага поспеху. Лепш падрыхтаваная, мабілізаваўшы на вайну ці не ўвесь свой патэнцыял, Маскоўская дзяржава кінула на Беларусь тры арміі — ад Пскова, Смаленска і Старадуба. Абмінуўшы гарады і замкі, яны дайшлі ажно да Браслава і Наваградка, рабуючы і спальваючы, забіваючы і хапаючы ў няволю. Тады налета Вялікае княства правяло новую наступальную кампанію: вызваліла Гомель, затым іншыя гарады, заняло ўсю Северскую зямлю. Але маскоўскія ваяводы ізноў ударылі па Беларусі — спустошылі Полаччыну, Падняпроўе. Войска Вялікага Княства пакінула занятыя землі і вярнулася, утрымаўшы за сабой адзін Гомель. У 1537 годзе дайшло да падпісання пяцігадовага замірэння. Толькі Гомель і быў вернуты Беларусі.

На гэты раз спакой на межах Беларусі з Маскоўскай дзяржавай патрываў даўжэй — некалькі дзесяцігоддзяў. Тая перадышка стала зацішшам перад вялікай бурай. Маскоўшчына рыхтавалася да новых захопаў, і разам з яе сілай раслі яе апетыты: цяпер нават Віленшчына ды інфлянты ўжо абвяшчаліся «вотчынай» маскоўскіх уладароў.

У 1558 годзе першы маскоўскі цар Іван IV Грозны распачаў вайну з Нямецкім ордэнам, каб заняць узбярэжжа Балтыйскага мора. Магістр ордэна Кетлер папрасіў дапамогі ў еўрапейскіх дзяржаў, аднак уступіцца за інфлянты пагадзілася толькі Вялікае Княства Літоўскае. Так дайшло да чарговай вайны паміж Маскоўшчынай і беларуска-літоўскай дзяржавай. Ужо на пачатку 1562 года царскія палкі спустошылі Мсціслаўшчыну, ваколіцы Шклова, Оршы, Віцебска, а праз год сам цар з 60-тысячным войскам прыйшоў і аблажыў Полацк. Маленькая полацкая залога два тыдні мужна адбівалася, але драўляныя ўмацаванні гарэлі, а падмогі чакаць не было адкуль: гетман Мікалай Радзівіл меў пад рукой толькі тры з паловай тысячы вершнікаў. 15 лютага Полацк мусіў здацца. Пад акупацыяй апынулася амаль уся паўночная Беларусь. I хоць у студзені 1564 года на полі каля вёскі Іванск, што пад Улаю, 10-тысячны корпус М.Радзівіла дазвання разбіў 30-тысячнае маскоўскае войска, Вялікае Княства Літоўскае заставалася ў складаным становішчы. Акупанты нішчылі занятыя землі, выводзілі ў палон насельніцтва (толькі з Полацка — больш за 11 тысяч), а выбіць іх з Беларусі ды іншых тэрыторый не хапала сіл. Гэта было ці не галоўнай прычынай таго, што Вялікае Княства Літоўскае пагадзілася аб’яднацца на канфедэратыўнай аснове з Польскім каралеўствам. Так у 1569 годзе была ўтворана новая дзяржава — Рэч Паспалітая.

Аб’яднаныя сілы за 1579–1580 гады вызвалілі Полацк, выгналі акупантаў з усіх раёнаў Беларусі і прымусілі Івана Грознага падпісаць у 1582 годзе мірнае пагадненне, якое юрыдычна замацоўвала безвыніковасць агрэсіі. Так, за XVI стагоддзе ў беларускай гісторыі з прыкладна 40 ваенных гадоў каля 35 выпалі на войны з Маскоўскай дзяржавай. І падчас амаль кожнай з іх тэатрам ваенных дзеянняў была Беларусь. Тым не менш народ не толькі вытрымаў гэтае жорсткае выпрабаванне на жыццяздольнасць, але яшчэ і высока ўзняў сваю гаспадарку ды культуру. На Беларусі з’явіліся першыя з усходнеславянскіх друкарняў, на старабеларускай мове друкаваўся Статут Вялікага Княства Літоўскага — адзін з найбольш дасканалых кодэксаў феадальнага права Еўропы, а вырабы беларускіх рамеснікаў карысталіся попытам далёка за межамі краіны.

Пачатак XVII стагоддзя азначыўся новым працяглым канфліктам з Маскоўскай дзяржавай. У 1604 годзе магнаты і шляхта Рэчы Паспалітай скарысталі падтрымку маскоўскага баярства ды ажыццявілі паход на Маскву. Беларусь стала плацдармам ваенных дзеянняў. У 1607 годзе пачаўся другі паход на Маскву, а ў 1609 — кампанія па вяртанні Смаленска. Вярнуўшы гэты горад, войска Рэчы Паспалітай у 1610–1612 гадах валодала самой Масквой і прымусіла ў 1618 годзе царскі ўрад падпісаць пагадненне аб замірэнні, паводле якога Вялікаму Княству Літоўскаму былі вернуты Смаленск, Чарнігава-Северская зямля, гарады Дарагабуж, Мажайск, Вязьма. Так этнічна беларускія землі ўз’ядналіся з асноўнай тэрыторыяй краіны.

Але ўжо ў 1632 годзе маскоўскі ўрад ізноў парушыў замірэнне ды кінуў войска на ўсходнюю і паўночную Беларусь. Галоўнай мэтай гэтай вайны быў захоп Смаленска, але, скарыстаўшы зручны момант (у Рэчы Паспалітай якраз памёр манарх), царскія ваяводы паспелі пагаспадарыць і ў іншых раёнах Беларусі: захапілі Невель, Себеж, Сураж, Друю, Мсціслаў, Крычаў, спрабавалі здабыць Полацк. Невялічкая залога Смаленска (2–3 тысячы) гераічна вытрымлівала аблогу 32-тысячнай маскоўскай раці. Калі ў смаленцаў скончыліся боезапасы і хлеб, ім дапамагалі жыхары Магілёва, якія забяспечвалі абаронцаў порахам, кулямі, усім неабходным. А на восень 1633 года да Смаленска прыйшла нарэшце вайсковая дапамога. У хуткім часе ўся маскоўская армія была акружана і капітулявала. Такое буйное паражэнне царскіх ваявод клала канец вайне. Увесну 1634 года абодва бакі падпісалі замірэнне на 20 гадоў, якое пакідала нязменнымі ўсходнія межы беларуска-літоўскай дзяржавы.

Задоўга да канца вызначаных 20 гадоў замірэння царскі ўрад пачаў актыўную падрыхтоўку да вялікай інтэрвенцыі. За мяжой агромністымі партыямі закуплялася зброя, вербаваліся вайсковыя кадры, у самой Маскоўскай дзяржаве ўтвараліся новыя палкі. І калі ў 1654 годзе царскія ваяводы рушылі з войскам на Беларусь з трох напрамкаў, абараніцца не было як: маскоўскай арміяй, якая з украінскімі казакамі налічвала 100 тысяч, супрацьстаяла войска Вялікага княства ў 10 тысяч ваяроў... Талент вялікага гетмана Я.Радзівіла дазволіў яму з гэтым маленькім корпусам нейкі час стрымліваць ворага і нават выйграваць сутычкі, чыніць значную шкоду, аднак абараніць краіну ён не мог...

Займаючы горад за горадам, царскія войскі за першы год вайны захапілі беларускія землі па Дзвіну і Дняпро, а на наступны год акупавалі амаль усю Беларусь, захапілі сталіцу дзяржавы Вільню. Здаецца, ніколі больш краіна не перажывала такой трагедыі. Царскія ратнікі вялі вайну азіяцкімі метадамі: спальвалі гарады і вёскі, усе рэчы хапалі, людзей забівалі ці выводзілі ў палон. Цар Аляксей Міхайлавіч ставіў праграму масавага вываду людзей з Беларусі ў Маскоўскую дзяржаву на дзяржаўны ўзровень. Планавалі набраць тут 300.000 чалавек. За палоннага была вызначана цана — некалькі рублёў. Іх прадавалі не толькі ў маскоўскіх гарадах, але і на азіяцкіх рынках. Зняволеных беларусаў маскоўскія баяры рабілі халопамі сваіх халопаў. Асобнай задачай царскага ўрада быў вывад беларускіх рамеснікаў.

З 1660 года харугвы рэгулярнай арміі Рэчы Паспалітай разам з партызанамі пачалі крок за крокам выганяць акупантаў з Беларусі. Найбольш значнымі пераможнымі бітвамі былі разгром вялізнага войска маскоўскага ваяводы Хаванскага каля Ляхавічаў і бітва з арміяй Далгарукага пад Крычавам у 1660 годзе, а праз год — разгром таго ж Хаванскага пад Кушлікамі на Полаччыне. Гэта стала пераломным этапам вайны. Жыхарства Беларусі, здавалася, аб’яднана адной мэтай — хутчэй выгнаць з краіны акупантаў. Мяшчане шэрагу гарадоў (Дзісна, Магілёў, Себеж, Гомель і інш.) уздымалі паўстанні і без дапамогі войска знішчалі ці выганялі маскоўскія залогі. Царскі ўрад неўзабаве прапанаваў хутчэй падпісаць замірэнне, але Вялікае Княства Літоўскае дамагалася вызвалення ўсіх сваіх тэрыторый. Пагроза з боку Турцыі і Крымскага ханства паскорыла заканчэнне вайны. Замірэнне, падпісанае ў студзені 1667 года ў Андрусаве паміж Мсціславам і Смаленскам, адлюстравала недавырашанасць канфлікту. Маскоўская дзяржава не змагла ўтрымаць усяго захопленага, Рэч Паспалітая не здолела дамагчыся поўнай перамогі.

Для Беларусі гэтае трыццацігадовае пабоішча стала нацыянальнай трагедыяй. Загінула ці было вывезена больш за палову насельніцтва, гарады і вёскі ператвораны ў папялішчы. Разбураную гаспадарку і дэмаграфічныя страты не ўдалося аднавіць і за стагоддзе. Аслабленая краіна так і не здолела выйсці з таго заняпаду. Знутры яе раз’ядалі рэлігійныя канфлікты, паланізацыя, а звонку цікаваў ды чакаў моманту, каб ухапіць здабычу, драпежны сусед — Расійская дзяржава.

«Народная Воля»