Даследаванне распавядае, якія формы ціску і якім чынам яны ўжываліся да прадстаўнікоў культурнай сферы. Як менавіта праяўляюцца? Ці сапраўды можна казаць пра ціск на сферу ў цэлым, ці ён мае пунктавы, абіральны характар?
«Сфера культуры — з’ява шматаблічная, яна ўключае мноства інстытутаў, праектаў, узаемасувязяў і суб’ектаў. Для мэт гэтага артыкула мы засяродзімся на частцы, звязанай з арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці, адказнымі за захаванне і трансляцыю аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны (музеі, бібліятэкі, экскурсійныя бюро). Гэты фокус абумоўлены нячастай увагай даследчыкаў і СМІ да пералічаных арганізацый (у адрозненне, напрыклад, ад увагі да стваральнікаў культурнага прадукту — музыкаў, пісьменнікаў і г. д.); слабасцю грамадскіх аб’яднанняў у музейных, бібліятэчных і іншых установах гэтай сферы, якія вялі б уласную статыстыку і адстойвалі правы сваіх працаўнікоў, і разам з тым сур’ёзным уплывам музеяў, бібліятэк і іншых устаноў на фармаванне культурнага далягляду нацыі (напрыклад, у правінцыі яны часта застаюцца адзіным месцам, дзе школьнік можа прыйсці на сустрэчу з пісьменнікам ці іншым дзеячам культуры, пераняць культурны досвед)» — сцвярджаюць аўтары даследавання.
Таксама ў фокус увагі будуць трапляць ВНУ, што рыхтуюць кадры для гэтай сферы (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская акадэмія мастацтваў і г. д.), і тыя, што наўпрост узаемадзейнічаюць з імі (напрыклад, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя доўгі час базавалася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце).
У фокус даследавання трапляюць установы менавіта дзяржаўнага падпарадкавання, трэба ўлічваць, што ў Беларусі мяжа паміж дзяржаўным, грамадскім і прыватным вельмі тонкая: многія дзеячы культуры (музейныя працаўнікі, экскурсаводы, бібліятэкары) адначасова выконваюць ролю і творцаў (паэтаў, мастакоў, дызайнераў і інш.), і ўдзельнікаў сістэмы адукацыі (выкладчыкаў, адміністратараў навучальных устаноў), і сацыяльных менеджараў (узначальваюць культурныя праекты — напрыклад, фестывалі, конкурсы, прэміі). Гэтым тлумачыцца згадванне недзяржаўных формаў культуры побач з дзяржаўнымі.
Згодна даследаванню, самымі распаўсюджанымі формамі схаваных рэпрэсій у сферы культуры за перыяд 2021 года зрабіліся:
Узмацненне адміністрацыйнага кантролю
Маніпуляцыі з нагрузкай і занятасцю
Рэарганізацыя, рэструктурызацыя і інш.
Скарачэнне штатаў
Увядзенне кодэксаў працаўнікоў
Уцягванне ў рэпрэсіі (або перацягванне «са сведкі — у саўдзельнікі»)
Зачыстка недзяржаўных формаў культуры і адукацыі і іншыя.
Асабліва адчувальнымі наступствамі рэпрэсій у сферы культуры і адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці, згодна вынікам даследавання, робяцца наступныя:
Дэпрафесіяналізацыя. Наіўна меркаваць, што культуру і адукацыю можна паставіць на паўзу. Большасць звольненых знойдзе сябе ў іншых сферах або зусім з’едзе, а да пакінутых выстаўляюцца патрабаванні, далёкія ад прафесійных. Замяніць вядучага музейнага працаўніка ўчарашнім выпускніком можна толькі на паперы.
Няроўны доступ да рэсурсаў і поўнае пазбаўленне такога доступу. Культура і культурныя праекты існуюць не ў паветры. Для іх рэалізацыі трэба матэрыяльная база — памяшканні, архівы, друкарні, апаратура і многае іншае. Сюды ж можна аднесці і інфраструктуру — напрыклад, ратацыю на радыё і тэлебачанні, сістэму дзяржзакупак кніг, прымусовыя падпіскі на газеты і часопісы. Дыскрымінацыя паводле прыкметы лаяльнасці будзе толькі нарастаць.
Крызіс узнаўлення кадраў. Акрамя агульных і даўніх праблем, характэрных для сферы культуры і адукацыі, даўно фінансаванай паводле рэшткавага прынцыпу, у найбліжэйшыя два-тры гады ўзмоцняцца дзве тэндэнцыі: звальненне кадраў пенсійнага ўзросту і выцісканне маладых адразу пасля адпрацаванага размеркавання. А для многіх галін (напрыклад, звязаных з рэстаўрацыяй або фалькларыстыкай) перадача жывога досведу, асабістых навыкаў і практык — база прафесіі.
Цалкам з тэкстам даследавання можна пазнаёміцца па спасылцы на сайце ПЭН.