Бялыніччына — багаты рэгіён на розныя цікавосткі, з прыгожымі азёрамі, сотнямі старадаўніх курганаў. Нямала на бялыніцкай зямлі каменных крыжоў і камянёў, якія размяшчаюцца ў розных месцах раёна. Бадай самымі вядомымі з іх з’яўляюцца запольскі крыж і падзевіцкі камень-лекар, якія ўваходзяць у спіс сямі цудаў Бялыніцкага раёна.
Менавіта на бялыніцкай зямлі знаходзяцца сярэднявечныя могілкі з вялікім каменем у цэнтры, а вёска Заазер’е сталася Меккай краязнаўцаў, этнографаў і аматараў мінуўшчыны.
Каменныя крыжы — гарманічная частка гісторыка-культурнай прасторы Бялыніцкага раёна. Помнікі такога кшталту з’яўляюцца не толькі цікавымі гістарычнымі, але і мастацкімі аб’ектамі. Наогул камяні і каменныя комплексы — адна з характэрных рысаў ланшафту Бялыніччыны. Яны сустракаюцца на старадаўніх могілках, перакрыжаваннях дарог, пасярод лясоў і на берагах рэк. Адметнымі, загадкавымі і прыцягальнымі аб’ектамі з’яўляюцца запольскі каменны крыж і падзевіцкі камень, які ў народзе лічыцца лекавым.
Каменны крыж у Заполлі: памеры і лакалізацыі
Адным з самых цікавых каменных крыжоў Бялыніччыны, які гісторыкі абмінулі сваёй увагай, знаходзіцца ў вёсцы Заполле. Яшчэ ў 2007 годзе пастановай Cавета міністраў ён быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіёна.
Каменны крыж стаіць непадалёк ад уезду на абочыне цэнтральнай вуліцы Заполля, высечаны з цэльнага каменя. Да крыжа прыкладаецца таблічка, якая апавяшчае яго каштоўнасцю, згодна ўрадавай пастанове. Лакалізуецца аб’ект у 200 метрах на поўдзень ад вясковых могілак і ў 150 метрах на захад ад рэчкі Ліпаўка. Крыж чалавекападобнай формы вышынёй каля аднаго метра, шырынёй — 0,67 м, таўшчынёй 0,15-0,25 м. У навуковай і навукова-папулярнай літаратуры крыж згадваецца нячаста і з’яўляецца маладаследаваным.
Агульны выгляд запольскага крыжа з ахоўнай шыльдай каля яго. Фота: glubinka.by
Адным з першых звярнуў на яго ўвагу бялыніцкі краязнаўца і журналіст Міхась Карпечанка ў сваёй кнізе «Уздоўж стромы». Аўтар краязнаўчага выдання сцвярджае, што ў памяці запольцаў ніякай легенды і звестак пра паходжанне крыжа не захавалася. Адзінай інфармацыяй, якой дзеліцца аўтар кнігі з чытачамі, з’яўляецца першапачатковае знаходжанне каменнага крыжа на беразе рэчкі, што цячэ ля вёскі. Гэтыя звесткі пацвярджаюцца палявымі даследаваннямі магілёўскага археолага В.Ф. Капыціна на пачатку 1990-х гг. У сваім выданні «Археалагічныя помнікі Бялыніцкага раёна» вядомы даследчык дае геаграфічную прывязку крыжу, што першапачаткова знаходзіўся на беразе ракі Ліпаўка. Адметна і паказальна што месца, дзе раней стаяў крыж, у народнай памяці захавалася пад назвай урочышча Крыжы.
Цікавым выглядае і блізкае размяшчэнне археалагічных аб’ектаў каля першапачатковага месцазнаходжання каменнага крыжа. У 0,3 ад р. Ліпаўка на правым яе беразе, на заходняй ускраіне вёскі каля мясцовых могілак знаходзіцца курганны могільнік эпохі Старажытнай Русі ў колькасці 54 насыпаў. У 0,5 км на захад ад курганнага могільніка на бязыменным ручаі (правым прытоку р. Ліпаўкі) размяшчаецца селішча эпохі Старажытнай Русі. Тапаграфічная прывязка курганнага могільніка цудоўна схематычна праілюстравана ў даследаванні археолага Капыціна і дае магчымасць верыфікаваць правільнасць ранейшага размяшчэння каменнага крыжа.
План курганнага могільніка каля Заполля. З кнігі Капыціна В.Ф. «Археологические памятники Белыничского района»
Усе дадзеныя сведчаць пра тое, што напачатку 90-х год каменны крыж быў перанесены ў цэнтр паселішча самімі вяскоўцамі спецыяльна. Больш за тое, раней у савецкі час такая каменная выява не змагла б стаяць у цэнтры вёскі доўга, бо яе б прыбралі або наогул знішчылі б. Аўтары кнігі «Сакральная геаграфія Беларусі» вызначаюць запольскі крыж як прыдарожны, што адлюстроўвае толькі яго цяперашняе месцазнаходжанне. Па сваёй сутнасці і ранейшай лакалізацыі ён ніколі не быў прыдарожным і выконваў іншую функцыю і меў іншае сакральнае значэнне.
Антрапаморфнасць, даціроўка і значэнні крыжа
Асабліва варта звярнуць увагу на пластычную форму крыжа, што надае яму выразную постаць чалавека: верхняя частка падобная на галаву, а яго задняя бакавіна нагадвае спіну і стварае агульнае ўражанне «каменнага чалавека», які нахіліўся ў моманце. Гэта акалічнасць дае падставы для інтэрпрэтацыі каменнага крыжа як помніка дахрысціянскай эпохі, бо як лічыць даследчыца Вольга Лабачэўская «нават нязначная асіметрыя крыжападобных каменных ідалаў свадчыць на карысць стварэння з каменя не крыжа, а менавіта антрапаморфнай формы».
Запольскі крыж з акруглай верхняй часткай, якая нагадвае галаву стода. Фота: orda.of.by
У згаданым грунтоўным выданні «Сакральная геаграфія Беларусі» крыж з вёскі Заполле трактуецца аўтарамі як жаночападобны. Але ніякіх іншых тлумачэнняў і аналіза аўтары грунтоўнага выдання не робяць. Архітэктоніка каменнага помніка можа сведчыць, што ён мог быць перароблены ў крыж з паганскага стода. Пры гэтым візуальна ён спалучае ў сабе крыж і антрапаморфныя рысы язычніцкага балвана.
Зваротны бок каменнага помніка, які падкрэслівае яго антрапаморфныя формы. Фота: orda.of.by
Слушным было б рашэнне археалагічнага даследавання правага берага рэчкі Ліпаўкі на прадмет знаходжання язычніцкага свяцілішча, цэнтрам якога верагодна мог быць запольскі крыж-стод. Не рэдкай з’явай ёсць размяшчэнне культавых камянёў і каменных крыжоў на берагах рэк і азёр. Якраз каменныя крыжы, што знаходзяцца каля вадаёмаў, даследчыкі адносяць да вельмі старажытных. Самы знакаміты святы тураўскі крыж да 1979 года стаяў на могілках на правым беразе Прыпяці каля вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. Сакральным лічыўся каменны крыж на правым беразе ракі Пціч каля вёскі Парэчча Пухавіцкага раёна, каля якога некалі стаяла капліца. Крыжы на берагах рэк вядомы таксама ў Віцебску пры ўпадзенні ракі Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну (Іасафатаў крыж), Азярцы, Пількавічах і Аланцьеве Аршанскага, Янаве Гарадоцкага раёнаў і ў іншых месцах. На беразе Свіслачы стаяў і знакаміты культавы камень Дзед, што ляжаў пад дубам на менскім капішчы яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя.
Мэтазгоднасць археалагічнага даследавання першапачатковага месцазнаходжання запольскага крыжа пацвярджаюцца ранейшымі вынікамі раскопак вядомага навукоўцы Эдварда Зайкоўскага. Гэты даследчык у свой час знайшоў сляды ўшанавання культавых валуноў Сцёп-каменя і «скамянелых валоў», што знаходзяцца блізка да вытокаў ракі Віліі.
Згаданы ўжо аўтар кнігі «Уздоўж стромы» лічыў, што запольскі каменны крыж з’яўляецца сведчаннем барацьбы хрысціянства з язычніцкімі вераваннямі, бо пакланенне камяням-фетышам захоўвалася на беларускіх землях стагоддзямі. Ёсць і іншыя меркаванні наконт паходжання і функцыяў крыжа, але гучаць яны неабгрунтаванымі. Да прыкладу, ёсць меркаванне, што крыж мог пазначаць межы праваслаўных земляў, то бок яго функцыя зводзілася да памежнага знаку, што выглядае малаверагодным.
Яшчэ адно цікавае пытанне — гэта невядомыя выявы на «целе» крыжа, якія таксама ніхто не спрабаваў сур’ёзна даследаваць. На запольскім крыжы, калі прыгледзецца, ёсць нейкія знакі, якія падобны на акенцы, краты, а таксама тры рыскі, быццам льецца вада. Некаторыя краязнаўцы бачаць нават выявы трызубца: уверсе вялікая выява, унізе другая, значна меншая. Гэта нібыта класічныя выявы «кіеўскага трызубца», знак князёў Рурыкавічаў. Але ніякіх сур’ёзных пацверджанняў гэтым меркаванням няма і гучаць яны на сёння хутчэй фантазіяй чым верагодным гістарычным адкрыццём.
Нерасшыфраваныя выявы запольскага крыжа. З кнігі М. Карпечанкі «Уздоўж стромы».
Таксама няма дакладнага датавання каменнага помніка, бо ніводзін даследчык не паспрабаваў гэтага зрабіць, звязаўшы аб’ект з пэўнай гістарычнай эпохай. Нягледзячы на гэта, у банку звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі пазначаецца, што каменны крыж датуецца ХVІІ — ХVІІІ стагоддзямі, хоць на падставе чаго зроблена такая даціроўка невядома.
Як пісаў у сваёй кнізе Міхась Карпечанка, ніякіх легендаў пра каменны аб’ект запольцы не расказвалі. Аднак нягледзячы на гэта перыядычна прыдумваюцца легенды альбо нейкія сумнеўныя звесткі, як то зроблена на сайце мясцовай запольскай сярэдняй школы:
«Яшчэ па адным звесткам пасля прыняцця хрысціянства каменныя крыжы ставілі перад пачаткам паселішча ці перад уваходам на могілкі. Многія жыхары в. Заполле сцвярджаюць, што на гэтым месцы, дзе стаіць камень, былі могілкі. На камені высечаны выявы, якія нагадваюць клінапіс. Расшыфраваць гэты надпіс не ўдалося».
Падзевіцкі камень з лекавымі ўласцівасцямі
У Запольскім сельсавеце Бялыніцкага раёна знаходзіцца вёска Падзевічы, паблізу якой лакалізуецца камень, што валодае лекавальнымі ўласцівасцямі. У наш час камень стаўся шырока вядомы, ён прыхаваўся на палянцы побач з дзвюма магіламі. Тут пахаваны святары, што служылі ў царкве, руіны якой выступаюць з зямлі. Свята-Пакроўская праваслаўная царква была пабудавана ў 1775 годзе. У другой палове ХІХ стагоддзя ў храме знаходзілася 10 абразоў з іканастасам, а таксама знаходзілася званіца з трыма званамі. Прыход наведвала целая тысяча прыхаджанаў. Пры храме была царкоўна-прыхадская школа. Праваслаўны храм быў зачынены ўжо за савецкім часам (у 1930 годзе), пасля смерці апошняга айца Міхаіла Даўгаполава, які памёр ў 1929 годзе. Драўляная царква прастаяла да 1935 года, але ў той год свайго эпагею дасягнула барацьба атэістаў супраць рэлігіі, і мясцовыя бязбожнікі знішчалі царкву.
Свята-Пакроўскі храм. З кнігі У. Караля «Река времени».
Цяпер ад храма засталіся толькі падмуркі, што выступаюць з зямлі. Побач знаходзяцца два крыжы, а вакол лес. Тут ляжаць святары, якія служылі ў храме. Якраз недалёка ад месца, дзе стаяла некалі царква, знаходзіцца камень з адтулінай, які мае лекавальныя ўласцівасці.
Крыж і камяні на месцы знішчанай царквы. Фота: wikipedia.org
Мясцовыя жыхары не ведаюць, калі ён з’явіўся, але дакладна ведаюць, ад чаго ён лечыць. Ён нявялікага памеру і мае наверсе штучную ямку, магчыма, ад жалезнага крыжа. На сайце бялыніцкай бібліятэкі апісваюцца лекавыя ўласцівасці са словаў самых вяскоўцаў:
«Дзяды нашы, бацькі, прадзеды пры дапамозе яго пазбаўляліся ад барадавак і нашчадкам сваім пра гэта паведамілі. Каб вылечыцца, трэба мезенцам левай рукі, памакнуўшы яго ў ваду, што збіраецца ў адтуліне валуна, тройчы памазаць барадаўку. Пры гэтым таксама тройчы неабходна сказаць: «Як гэта чыстая вада, няхай будзе чыстай мая рука (спіна, нага, жывот...)».
Менавіта гэтыя дзеянні дазволяць пазбавяцца бародаўкі. Але вылечыцца згодна народнай традыцыі, можна толькі пасля трохразовага наведвання каменя-лекара. Вяскоўцы засцерагаюць, кажучы, што валун нельга скранаць з месца. Тады ён нібыта адразу ж пазбавіцца сваёй гаючай уласцівасці.
Выгляд падзівіцкага каменя з лекавымі ўласцівасцямі. Фота: slushna.by
Лекавы камень, які знаходзіўся недалёка ад праваслаўнага храма — гэта тыповы прыклад рэгілійнага сінкрэтызма, калі хрысціянскія культы спалучаюцца са старадаўнімі традыцыйнымі вераваннямі. Цалкам верагодна што камень ушаноўваўся разам з жалезным крыжом у ім. Прычым са знікненнем крыжа шанаваны статус каменя нікуда не знік, а займеў яшчэ ўласцівасці лекавання, у якія моцна вераць жыхары вёскі Падзевічы і яе ваколіцаў. Прычым апошнім часам слава пра камень, што валодае гаючай сілай, разнеслася далёка за межы Бялыніцкага раёна і нават Магілёўскай вобласці, бо да яго прыязджаюць з розных рэгіёнаў Беларусі.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org