• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
17.07.2017 | Гісторыя

Загадкавыя лёсы беларускіх прыгажуняў

У шматпакутным і багатым на гістарычныя падзеі ХХ стагоддзі мы часцей згадваем мужчын. Але нямала было і прыгожых ды таленавітых беларусак. Шмат гадоў шукаю пра іх звесткі, але знойдзена пакуль небагата. Ад некаторых не засталося нават фотаздымкаў.

Гэтыя дзяўчаты вельмі любілі Беларусь, знешне былі прывабныя, лёс некаторых з іх быў звязаны з жыццём і творчасцю беларускіх паэтаў, кампазітараў, музыкаў, артыстаў. Дзе гэтыя нашы прыгажуні? Як склаўся іх лёс? А раптам адгукнецца нехта са сваякоў ці з тых людзей, хто пра іх штосьці чуў?

Яўгенія Чарняўская-Орса

«Слаўная спявачка нашай Бацькаўшчыны» — так у 1930-х гадах называлі маладую беларускую спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса.

Яўгенія была родам з Лідчыны (па іншых звестках, з Навагрудчыны). У сярэдзіне 1930-х вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. Навучанне і жыццё ў Варшаве маладая студэнтка і спявачка актыўна сумяшчала з беларускім рухам у польскай сталіцы. Без яе ўдзелу не абыходзілася ні адна беларуская вечарына, сустрэча, прэзентацыя. У Варшаве Яўгенію Чарняўскую ведалі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, літоўцы: усіх яна зачароўвала сваёй прыгажосцю і голасам.

11 снежня 1937 года ў Варшаве ўкраінская студэнцкая грамада ладзіла вечарыну ў гонар сваёй нацыянальнай паэткі Лесі Украінкі. На мерапрыемства запрасілі і Яўгенію Чарняўскую-Орса. Спявачка выканала некалькі ўкраінскіх песень і сваім звонкім мілагучным голасам, як пісаў часопіс «Шлях моладзі», «здабыла сабе гучныя воплескі шматлікіх слухачоў».

Запрашалі нашу спявачку ўкраінцы Варшавы і на іншыя імпрэзы. Напрыклад, 6 снежня 1938 года яна спявала песні на вечары ўкраінскай паэзіі. А пасля выканання песні «Салавейка» Яўгенію некалькі разоў выклікалі «на біс». Заходнебеларуская прэса пісала, што «воплескам не было канца. І не дзіва: голас спявачкі прыгожы, тэхніка адпаведная, інтэрпрэтацыя высокакультурная, глыбокая, шчыра адчута, сцісла гарманізуецца з створанай кампазіцыяй. Выклікае вялікую ўвагу дыкцыя пясняркі. Чарняўская агулам выканала сваё заданне вельмі добра. Можна спадзявацца, што Чарняўская будзе вялікай спявачкай нашай Бацькаўшчыны».

6 лютага 1937 года ў Варшаве ў зале імя Карловіча мясцовай філармоніі адбыўся беларускі канцэрт-вечарына. У невялікую залу, разлічаную толькі на 250 месцаў, уціснулася больш за 400 чалавек. Многія не змаглі ўжо купіць білетаў.

Канцэрт пачаўся каля 22 гадзін. Першай выступіла беларуская спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса. Яна праспявала песні «Адна, і зноў адна», «А за ліхімі ды марозамі» і «Маладую Беларусь». Музыку да гэтых песень напісаў кампазітар Канстанцін Галкоўскі. Спявала Яўгенія і дуэтам з А.Панько. Пра гэта пісаў у часопісе «Шлях моладзі» Пятро Ластаўка. Паведамляў усё той жа Пятро Ластаўка і пра іншыя выступленні Яўгеніі Чарняўскай-Орса.

4 сакавіка 1938 года Яўгенію Чарняўскую-Орса на канцэрт у Вільню запрасіў Рыгор Шырма і прапанаваў ёй выступіць разам з ягоным хорам. Канцэрт адбыўся ў гасціннай універсітэцкай зале Снядэцкіх. У праграме канцэрта так і было запісана, што адбудзецца канцэрт беларускага хору Рыгора Шырмы і маладой беларускай спявачкі Яўгеніі Чарняўскай-Орса. На гэтым канцэрце быў Максім Танк. У сваіх «Лістках календара» ён пісаў: «Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А.Орса-Чарняўская (маецца на ўвазе Аўгіння. — С.Ч.). Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? І не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала — «Паднімайся з нізін, сакаліна сям’я…». І яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага «Казюка».

Максім Танк не мог не пазнаёміцца з прыгожай беларускай спявачкай. Іх разам нават сфатаграфаваў Янка Шутовіч. «Сёння (маецца на ўвазе 5 чэрвеня 1938 года. — С.Ч.) Я.Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна — любіцельская — зробленая на казюкоўскім фэсце, дзе мы зняліся са спявачкай А.Чарняўскай», — прыгадвае ў «Лістках календара» Максім Танк. На жаль, не ўдалося знайсці гэты фотаздымак.

Прыехаўшы ў Варшаву, Яўгенія Чарняўская-Орса разам з сябрамі мясцовага Асветнага таварыства беларусаў пачала збіраць фінансавыя сродкі на кнігу «Пад мачтай» Максіма Танка. Спявачка сабрала і перадала Максіму Танку каля 200 злотых. А рэштку грошай, неабходных на выданне зборніка, даў яшчэ адзін сябра «Таварыства прыхільнікаў навукі». І 20 чэрвеня 1938 года зборнік вершаў «Пад мачтай» Максіма Танка выйшаў з друку.

Пасля заканчэння Варшаўскай кансерваторыі сляды беларускай спявачкі губляюцца. Альбо яна засталася ў Польшчы, альбо выехала далёка на Захад, альбо вярнулася на Радзіму.

Стэфа Лыскавец

У 1943 годзе «Беларуская газета» пісала пра тое, што драматычны гурт Мінскага беларускага тэатра ў колькасці 37 асобаў распачаў гастролі ў Слоніме. Была там і эстрадная група. Яна складалася з гарбаценькага віртуоза-акардэаніста Васіля Савіцкага, балалаечніка Змітра Захара і прыгожай спявачкі-бландыначкі Стэфы Лыскавец. Пасля Слоніма артысты выступалі ў Вілейцы і ў іншых гарадах Беларусі. Разам са Стэфай Лыскавец выступала і Барбара Вержбаловіч — беларуская оперная спявачка, якая пасля 1944 года жыла ў эміграцыі.

Але найбольшыя апладысменты пасля выступлення зрывала менавіта прыгожая Стэфа Лыскавец, якая хораша выконвала беларускія народныя песні. На канцэрце ў Слоніме ў Народным доме прысутнічалі і слонімцы, і немцы. На канцэрт нават асабіста прыйшоў гэбітскамісар са сваёй світай. Спявачка выканала спачатку песню «Вой, ты хлопец кучаравы», а потым — «Lili Marleen», пасля якой яе доўга не адпускалі са сцэны. Дарэчы, песня «Lili Marleen» была на той час даволі папулярнай сярод нямецкіх салдат. Яе спявалі на ўсіх канцэртных пляцоўках Другой сусветнай вайны. Песню выконвалі папулярныя артысты Лале Андэрсен і Марлен Дзітрых. А тут раптам Стэфа Лыскавец сваім выкананнем проста ўсіх зачаравала.

Стэфа Лыскавец

Пасля канцэрта слонімскія сябры Самапомачы (Беларуская народная самапомач (БНС) — грамадская нацыянальная арганізацыя, якая дзейнічала ва ўмовах нацысцкай акупацыі ў Генеральнай акрузе «Беларусь» падчас Другой сусветнай вайны. — С.Ч.) запрасілі мінскіх артыстаў на вячэру ў сваю сталоўку, дзе гасцей можна было спакойна і добра пачаставаць. Сярод прысутных Стэфа Лыскавец вылучалася яркай сімпатычнасцю, каля яе круціліся «донжуаны». За сталом была не толькі гарбатка з салодкімі ласункамі, але і каўбаса з паляндвічкаю, спіртныя напоі. Двое «донжуанаў» падпаілі артыстку. І Стэфа, гледзячы на аднаго гітлераўскага афіцэра, на ўсю сталоўку гучна запыталася, чаму ён не вядзе сваё войска ў лес да партызан.

Нямецкага вайскоўца гэта рэпліка збянтэжыла, а для Стэфы Лыскавец аказалася трагічнай. Яе арыштавалі і на два тыдні пасадзілі ў слонімскую турму. Толькі дзякуючы сябрам Беларускай самапомачы, Стэфу ўдалося вызваліць. Яна хутка вярнулася ў Мінск. Але хадзілі чуткі, што аднойчы на дзяўчыну наехаў нямецкі грузавік і забіў яе на месцы. Які на самай справе лёс спявачкі Стэфы Лыскавец — застаецца загадкай. Невядома таксама, які яе быў жыццёвы шлях, дзе яна нарадзілася, дзе вучылася…

Вера Жгут

Шмат гадоў шукаю звесткі пра беларускага паэта, драматурга, публіцыста, выдаўца Тодара Лебяду (Пятра Шырокава). Ён двойчы быў рэпрэсаваны: у 1936-м — на 5 гадоў і ў 1947 годзе — на 25 гадоў. Беларус прайшоў усе сталінскія лагеры і двойчы вяртаўся дамоў.

У 1936 годзе Тодар Лебяда скасаваў шлюб з Басяй Цыпінай. А ў 1942 годзе ён ажаніўся з Верай Жгут — артысткай Віцебскага драматычнага тэатру. У пачатку 1990-х гадоў я напісаў ліст народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Канапельцы і запытаўся: ці памятае і ці ведала яна артыстку Веру Жгут? Зінаіда Ігнатаўна хутка паведаміла: «Пра артыстку Веру Жгут я ніколі нічога не чула, хоць у Віцебску пражыла і адпрацавала ў тэатры амаль усё жыццё. І калі б яна хоць калі са мной працавала, то я б яе памятала, забыцца не змагла б ніколі…»

Зімой 1992 года я звярнуўся з просьбай у КДБ па Віцебскай вобласці даць якія-небудзь звесткі пра Веру Жгут. 3 лютага 1992 года прыйшоў адказ. У ім паведамлялася, што «Вера Жгут нарадзілася ў 1917 годзе ў Віцебску. У 1942 годзе яна выйшла замуж за Шырокава Пятра. У 1947 годзе Вера Жгут пражывала па адрасе: Літоўская ССР, ст. Лентварыс, Кандуктарская калонія, дом № 2».

Дачка Тодара Лебяды Ала Пятроўна Козел 29 мая 1994 года на маё пытанне пра Веру Жгут напісала: «Вы пытаецеся ў мяне пра Веру Жгут. Так, я памятаю яе. Яна была актрысай Віцебскага драмтэатра. Яна ў нас ніколі не жыла, хаця я ведаю, што была з бацькам у блізкіх адносінах. Разам яны паехалі ў Прусію пасля вайны. Па дарозе ў цягніку ў іх нарадзіўся сын, якога ў дарозе ахрысцілі Васілём. Жыў ён вельмі мала. Пазней, як вярталіся з Прусіі на Радзіму, бацька мой з Верай развіталіся на граніцы. Бацька — здаўся ўладам, а яна вярнулася да сваёй першай сям’і. Казалі, што ў яе муж быў афіцэрам Чырвонай Арміі. У гэты час ён прыйшоў з вайны, у іх быў сын Вадзім на два гады маладзейшы за мяне…»

У Прусіі Вера Жгут і Тодар Лебяда пахавалі маленькага сына. У пісьме да Майсея Сяднёва (копія ліста ў мяне захоўваецца) Тодар Лебяда пісаў: «Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цвікоў нацягалі са сцен і з старых дошак. Яшчэ раз просім цябе — пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч…»

Як склаўся лёс Веры Жгут пасля расстання з Тодарам Лебядой? Ці жыве яна і дзе — невядома.

Новы Час

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Гісторыя Асоба

Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага

31 траўня 1640 году на сьвет нарадзіўся хлопчык, якому наканавана было стаць на чале Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў

Пачалося лета — прыемная пара, калі можна не толькі адпачыць ад урокаў, але і з прыемнасцю пачытаць годную...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Канцэрты, маёўка, кватэрнік, спектаклі,...

valiancina_shauchenka
Вандруем разам

Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя

Гродна лічыцца неафіцыйна культурнай сталіцай нашай краіны, каралеўскім горадам, а яшчэ тут ёсць свая невялічкая «Зыбіцкая»!...

Апошнія навіны

    Гісторыя Асоба
    Няўдалы кароль: кароткае і спрэчнае жыццё Міхала Вішнявецкага
    Літаратура
    Ад Маўра да вяліка: падборка летняй літаратуры для дзяцей і падлеткаў
    Грамадства
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэзаў на 3-4 чэрвеня
    Вандруем разам
    Ад старажытнай царквы да «міні-зыбіцкай». Што варта паглядзець у Гродне на выходныя
    Літаратура
    «Не загаснуць зоркі ў небе»: творцы з усяго свету зладзілі флэш-моб у падтрымку беларускіх пісьменнікаў
    Музыка Музыка
    Гурт «Петля Пристрастия» выступіў з канцэртам у Берліне. Паглядзіце, як драйвова там было
    Грамадства Музыка
    Ёсць, што паслухаць. Падборка травеньскіх беларускіх трэкаў на любы густ і гаманец
    Грамадства Кіно
    Кінафестываль «Паўночнае ззянне» адкрывае Open Call для беларускіх фільммэйкераў
    Грамадства Кіно
    У анлайн-кінатэатры VODBLISK папаўненне — фільм «II» Улады Сяньковай ужо даступны для прагляду
    Культура Літаратура
    Стартавала выдавецкая ініцыятва «33 кнігі для іншай Беларусі»
    Адукацыя
    Чытанкі, аўдыякнігі, размалёўкі, відэаспектаклі. Падборка карыснага кантэнту ад «Будзьма» для дзяцей і бацькоў
    Культура Рэлігія Паганства
    Ульяны, Куста, Рызыгры, Купалле. Што і як беларусы святкавалі ў чэрвені
    Трызуб і Пагоня
    Готы: адкуль старажытныя германцы ў Беларусі і Украіне? Распавядаем у новым выпуску «Трызуба і Пагоні»
    Літаратура
    Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску
    Асоба
    Мелказёраў: я не баюся быць тупаком

Афіша

  • 03.06 — 04.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Фестываль «Культура ў выгнанні» ў Кракаве

  • 03.06 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 03.06 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 03.06 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 03.06 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску
  • 03.06 — 08.06 Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Nothing Left» у Познані
  • 03.06 — 10.06«Past Garden». Выстава Рамана Камінскага ў Варшаве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    • Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
    • Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип