У гадавіну атрымання Гроднам Магдэбургскага права — 11 ліпеня — «Будзьма» вырашыла звярнуцца да мінуўшчыны і прыгадаць некаторыя цікавыя факты з гісторыі аднаго з найстарэйшых гарадоў Беларусі.
Гродна — адзін з самых старых гарадоў Беларусі. Прынята лічыць, што першая згадка горада адносіцца да 1128 года, што робіць яго старэйшым нават за многія еўрапейскія сталіцы: Стакгольм, Берн, Берлін, Амстэрдам, Капенгаген ды іншыя.
Гродна — не толькі культурніцкая сталіца Беларусі, як яго часам называюць. На працягу ўсёй сваёй гісторыі гэты горад быў адным з найважнейшых дзяржаўных цэнтраў. Так, у 1376 годзе горадам стаў валодаць князь Вітаўт, які зрабіў яго сваёй другой сталіцай. Тут жа ў 1503–1545 гадах чаканілі манеты Вялікага Княства Літоўскага (а таксама з 1706 года). У часы Рэчы Паспалітай кароль і вялікі князь Стэфан Баторый зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй, а кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай праходзіў менавіта ў Гродне. У XVIII стагоддзі тут пачалі дзейнічаць такія дзяржаўныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага, як ваенная камісія, скарбовая камісія, асэсарскі суд і галоўны трыбунал — вярхоўны суд ВКЛ, чые пастановы мелі сілу пастановаў сойма.
Менавіта ў Гродне адбыўся апошні сейм Рэчы Паспалітай, на якім зацвердзілі другі падзел, і менавіта тут адрокся ад трона апошні кароль — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Акрамя таго, што Гродна было неафіцыйнай сталіцай ВКЛ і Рэчы Паспалітай, сюды пераехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі і фактычна была перанесеная сталіца.
З гісторыяй выбітнага горада было ў той ці іншай ступені звязанае і жыццё шэрагу выбітных асоб. Так, вышэйзгаданы Стэфан Баторый не толькі меў рэзідэнцыю ў гродзенскім замку, але і памёр тут (і быў пахаваны), з чым звязанае першае ва Усходняй Еўропе анатамаванне чалавечага цела. Пазней у Гродне жыў і працаваў знакаміты французскі навуковец, натураліст, хірург Жан Жылібер, які заснаваў у горадзе медыцынскую акадэмію, клінічны шпіталь, акушэрскую і ветэрынарную школы.
З Гроднам шчыльна звязаныя і выбітныя творцы. Намінантка на Нобелеўскую прэмію па літаратуры Эліза Ажэшка, хоць і нарадзілася не ў самім Гродне, працавала тут значную частку свайго жыцця, пра якое можна падрабязней даведацца ў яе доме-музеі. Яшчэ адзін гарадскі музей прысвечаны Максіму Багдановічу, які пераехаў сюды са сваёй сям’ёй. Пасля вайны ў газеце «Гродзенская праўда» і ў мясцовых мастацкіх майстэрнях працаваў пісьменнік Васіль Быкаў. Жыў і працаваў у горадзе і Людвіг Заменгоф — стваральнік мовы эсперанта. Яшчэ адным прадстаўніком свету мастацтва, які нарадзіўся ў Гродне, з’яўляецца мастак Леон Бакст.
Для многіх можа стаць нечаканым адкрыццём, што ў Гродне нарадзіўся знакаміты і ўплывовы амерыканскі мафіёзі, канкурэнт Аль Капонэ і адзін са стваральнікаў Нацыянальнага злачыннага сіндыката Меір Ланскі, які, сярод іншага, кантраляваў казіно па ўсім свеце, у тым ліку на Кубе, Багамскіх астравах, у ЗША, Вялікабрытаніі, і быў адным з заснавальнікаў гульнявой індустрыі Лас-Вегаса.
Не менш нечаканым можа стаць факт пра сувязь Гродна з узнікненнем інтэрнэту. Так, ураджэнцам горада з’яўляецца амерыканскі інжынер і вынаходнік Пол Бэран, які працаваў у міністэрстве абароны ЗША і лічыцца адным са стваральнікаў інтэрнэту.
У 1575 годзе Георг Браўн залічыў Гродна да найгалоўнейшых гарадоў свету і ўнёс у свой «Атлас гарадоў зямнога свету» (Civitates orbis terrarum) — першы ў гісторыі атлас гарадоў. Ды і сёння горад застаецца адным з найгалоўнейшых, калі не свету, то Беларусі.
У прыватнасці, гэта адно з нешматлікіх месцаў краіны з найбольшай канцэнтрацыяй нашай гістарычнай архітэктуры: Барысаглебская царква (ХІІ ст.), Касцёл Адшукання Святога Крыжа (XVI ст.), Кафедральны касцёл (XVII ст.), Касцёл Панны Марыі і кляштар брыгітак (XVII ст.), Раства-Багародзіцкая царква і манастыр (XVIII ст.), Стары (ХІ-ХІХ ст.) і Новы замак (XVIII ст.), найстарэйшая аптэка (XVIII ст.) ды іншыя. Спіс (не толькі рэлігійнай, але і свецкай забудовы) вельмі вялікі, пералічваць далей няма сэнсу. Калі вы яшчэ не былі, абавязкова варта наведаць Гродна, каб убачыць і адчуць яго.
Кірыл Стаселька, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!